Захар КУДЗІН: “Ружовы — гэта новы чырвоны”

№ 35 (1422) 31.08.2019 - 06.09.2019 г

Колеры і рысы Vulica Brazil
“Жоўты гігант” ад братоў OSGEMEOS з Сан-Паўлу, “Той, хто жыве ў лесе” ад Hyper з Белу-Арызончы, вялікі сад ад Bruno Big з Рыа-дэ-Жанэйра… Ужо сёння плён фестывалю урбан-арта Vulica Brasil бачны здалёк, а вы яшчэ ўлічыце камерныя праекты. Калі чароўная Criola з Рыа-дэ-Жанэйра распачынала пяты сезон знакамітага форуму Пасольства Бразіліі ў Рэспубліцы Беларусь на старонках “К”, то завяршыць яго мы хочам асвятленнем удзелу ў праекце беларускіх мастакоў. Балазе, шукаць іх творы доўга не выпадае — дастаткова толькі завітаць на вуліцу Кастрычніцкую, што сталася, дзякуючы бразільска-беларускаму фестывалю, адкрытай “галерэяй” стрыт-арту.

/i/content/pi/cult/760/16438/pages-8-9-copy-SSS.jpg

Побач з работамі бразільцаў — творы, роспісы беларускіх аўтараў, што не саступаюць калегам у задуме і ўвасабленні. Дворык галерэі “У нескладовае”. На сцяне будынка мяне сустракае “аптэчная” шыльда са змяёй, што віецца вакол кубка. У інтэрпрэтацыі Уладзіміра Грамовіча знаёмы сімвал пераўтвараецца ў самастойны арт-аб’ект, поўны “лінчэўскай” тагасветнасці. Іду трошачкі далей. Alexei Antony з Магілёва і яго праца на Мінскім станкабудаўнічым заводзе, так званым “МЗОРЫ”. Мастак зрабіў свой мурал “Гармонія” на сутыку двух будынкаў, злучыўшы два пачаткі інь і ян. Яго твор можна назваць адначасова нахабным і ювелірным — “Гармонія” суседнічае з іншымі мураламі, і ўмудраецца іх “не пасварыць”.

Шпацыр у бок рэчкі прыводзіць мяне да самага нечаканага аб’екта — будынка МЗОРу, які рапісвае Захар Кудзін. “Ледзяны палёт. Гарачы космас” — так называецца яго работа, і гэта, сапраўды, тое, чаго мы яшчэ не бачылі.

— Я ставіў за мэту трансфармацыю архітэктуры, прасторы праз жывапіс, — ахвотна раскрывае “мэсэдж” свайго муралу мастак. — Я нават не называў бы работу стрыт-артам, гэта больш дакладна манументальны жывапіс.

На маіх вачах шэры і непрывабны заводскі цэх пераўтвараецца ў белы простакутнік, нават палатно з чорнымі лініямі, зігзагамі на ім. Злева бела-чорны “ледзяны палёт” ураўнаважвае ружовая паласа.

— Можна сказаць, што метафарычна і сэнсава я выбудоўваю мост паміж першабытным мастацтвам, пячорным жывапісам і мастацтвам ХХІ стагоддзя, — працягвае расповед аўтар. — Чорны і белы — гэта колеры фундаментальныя, спалучаныя з вечнасцю: мы ўспрымаем свет на кантрасце. А ружовы — гэта колер ХХ і ХХІ стагоддзя: тут і тэхнічныя моманты, і сімвалічныя дасягенні апошніх вякоў. Можна сказаць так, што ружовы сёння — гэта новы чырвоны, — смяецца Захар, выдаючы афарызм. — Менавіта гэты колер дае нам пэўны зрэз часу, у якім мы жывём.

Некалькі слоў пра аўтара. Захар вядомы сваімі падарожжамі па свеце. У прыватнасці, ён вывучаў мастацтва ў Нью-Ёрку, з’яўляецца прыхільнікам абстрактнага экспрэсіянізму, аднак далучае сябе да прадстаўнікоў нейрамастацтва, дзе колер мае вялікае значэнне — эмацыйнае і сэнсавае. Удзел у такім праекце як Vulica Brasil, прызнаецца ён, для яго і пэўны выклік, і — вялікае задавальненне.

— Я размаўляў з бразільскімі мастакамі пра іх традыцыю вулічных выказванняў, роспісаў, — дзеліцца мастак. — Бразілія з’яўлялася калоніяй Партугаліі ажно да ХІХ стагоддзя. Каланізатарам належала музейная прастора з іх “высокім” мастацтвам, а мясцоваму люду былі даступныя толькі сцены іх дамоў. Таму яны вымушаны былі выносіць свой боль і пакуты на вуліцу. Адтуль усё і пайшло.

Для беларускага мастака яго мурал — гэта магчымасць выказвання на многіх узроўнях, у тым ліку, і задзел на будучыню. Тут і праца з прасторай — сыход ад плоскасці ў аб’ём, рашэнне архітэктурных задач. Таксама Захар улічвае стомленасць гараджаніна ад візуальнага шуму, яго застрэсаванасць. Белы завод — гэта і своеасаблівы адпачынак для вачэй, рэлаксацыя. Ды яшчэ росчыркі чорнага па белым могуць нагадаць камусьці кантрастнасць прыродных з’яваў — прысутнічае і нечаканы лірычны матыў.

— Вярнуўшыся дадому пасля падарожжаў, я стаў чэрпаць натхненне ў наваколлі, у беларускай прыродзе, — прызнаецца Захар Кудзін. — Такіх аблокаў, як у Беларусі, я нідзе не бачыў. Сваё натхненне я пераўтварыў у пэўны культурны код. Мой вобраз, можна сказаць, закадзіраваны, але ён абсалютна не перашкаджае гледачу ствараць свае асацыяцыі.

Мастак падкрэсліў, што Vulica Brasil — гэта не толькі выдатная пляцоўка для ўзаемадзеяння з іншымі мастакамі, рэалізацыі сваіх ідэй, а прыклад для пераймання культурнай дыпламатыі.

— На жаль, беларускія творцы такога праекта не маюць. А, пагадзіцеся, гэта была б выдатная магчымасць прасоўваць нашу культуру ў такім эфектным фармаце, — падсумоўвае ён.

“Ледзяны палёт. Гарачы космас” быў завершаны літаральна на гэтым тыдні. Пабачыць мурал можна па адрасе: вул. Кастрычніцкая, 16, к.3. Найлепшы выгляд адкрываецца з боку рэчкі.

Фота Юліі САВІЧ і Захара КУДЗІНА

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"