Узнесены над Часам

№ 35 (1422) 31.08.2019 - 06.09.2019 г

Сёлетні Дзень пісьменства будзе памятны Слоніму ўжо тым, што, дзякуючы яму, горад узбагаціўся выдатным помнікам. У цэнтры горада паўстала бронзавая постаць Льва Сапега — асобы, чый унёсак у гісторыю беларускай дзяржаўнасці цяжка пераацаніць. Аўтары помніка скульптары Іван Міско, Уладзімір Піпін, Сяргей Логвінаў. Напярэдадні афіцыйнага адкрыцця помніка наш карэспандэнт пагутарыў са старэйшым у аўтарскім калектыве. Найперш ён папрасіў Івана Акімавіча распавесці пра тое, як ён, творца, што зрабіў сабе імя на ваеннай і касмічнай тэмах, прыйшоў да асэнсавання гісторыі беларускай дзяржаўнасці.

/i/content/pi/cult/760/16435/KULT S.jpgПаводле слоў мэтра, працаваць над вобразам Льва Сапегі ён пачаў па просьбе жыхароў Слоніма пятнаццаць гадоў таму. Сам скульптар — ганаровы грамадзянін гэтага горада. Слонімшчына — ягоная малая радзіма. Так што працу разглядаў як ганаровы абавязак, як вяртанне доўгу зямлі, што яго ўзгадавала.

За тыя пятнаццаць гадоў змянілася тры старшыні райвыканкама. Кожны з іх спрабаваў неяк паспрыяць справе, але невырашаным заставалася пытанне фінансавання праекта. Сваю дапамогу скульптару абяцалі таксама палітычныя і грамадскія арганізацыі, аднак зноў жа ўсё ўпіралася ў грошы, якіх не было. Іван Акімавіч лічыць: помнік паўстаў, дзякуючы таму, што патрэбу ў ім адчувала грамада, і пры тым шчасліва склаліся абставіны. Дапамагла добрая традыцыя, паводле якой горад, дзе ладзіцца Дзень пісьменства, атрымлівае ў падарунак манументальны твор на культурна-гістарычную тэматыку. Вось і Слонім дачакаўся сваёй “зорнай гадзіны”. На Дзень пісьменства ў горадзе паўстаў помнік натхняльніку і стваральніку шэдэўра беларускай палітычнай думкі — Статута Вялікага Княства Літоўскага.

/i/content/pi/cult/760/16435/pages-4-5-S.jpg“Не было б Дня пісьменства, не было б помніка Льву Іванавічу Сапеге”, — канстатуе Іван Міско. Скульптар распавядае, што напачатку хацеў прадставіць Сапегу не як дзяржаўнага дзеяча, бо кожны адукаваны чалавек ведае гэту ягоную іпастась, а як чалавека, блізкага па духу і характару навакольнаму люду. Маўляў, хоць ён і вялікі чалавек, але пры гэтым — адзін з нас. Скульптар збіраўся зрабіць Льва Сапегу сідзячым, а каля ягоных ног  — сабаку. Дарэчы, якраз сабака і гаварыў пра сацыяльны статус асобы, бо ў Сярэднявеччы мець пса, як сёння казалі б, “фірменнай пароды” было раскошай, даступнай толькі эліце. Але ў выніку Іван Акімавіч вырашыў, што лепей будзе не ставіць Льва Сапегу на зямлю, па якой ён хадзіў, а ўзняць над Часам.

У часе конкурсу Іван Міско скаапераваўся з аўтарамі, якія трымаліся такой жа думкі і прыйшлі да пластычнага рашэння, аналагічнага таму, якое было ў мэтра. Постаць Льва Сапегі вельмі пасуе ідэі Дня пісьменства, хоць ён не паэт і не пісьменнік. Але менавіта ў створаным ім Статуце мова беларускага народа сцвярджаецца як мова вялікай дзяржавы, ды і сам Статут — помнік гэтай мовы.

Іван Акімавіч згадвае, што ў Слоніме помнік выклікаў шмат эмоцый. Калі скульптуру ўсталёўвалі на плошчы, сведкі гэтай падзеі крычалі: “Сапега вярнуўся! Сапега вярнуўся!” — гэта ішло ад душы.

Як прафесіянал Іван Міско канстатуе, што помнік цудоўна “сеў” у маштаб. Аказаўся не вялікім, не маленькім, а менавіта такім як трэба. “Мы аўтарскім калектывам вярнулі Сапегу апранутым у бронзу, і, мабыць, на вякі. Ён хадзіў па гэтай зямлі, працаваў на ёй, жыў дзеля тутэйшага люду. Засталіся на зямлі адбіткі ягоных слядоў і памяць у народзе. Мы тую памяць апранулі ў бронзу”, — кажа скульптар.

Працу ў калектыве Іван Акімавіч лічыць вельмі плённай, калі творцы — каманда аднадумцаў. Цёпла гаворыць мэтр пра сваіх маладзейшых суаўтараў. З імі ж мяркуе распачаць у бліжэйшы час працу над рабочай мадэллю помніка Якубу Коласу. А яшчэ на мэце — стварэнне помніка Надзі Лежэ ў яе на радзіме і помніка беларускаму навукоўцу Казіміру Семяновічу — піянеру ракетнай тэхнікі, які жыў у Сярэднявеччы, але ў пошуках нашмат апярэдзіў свой час.

А да выставы ў гонар юбілею Перамогі Іван Міско рыхтуе кампазіцыю “Вясна Сорак пятага” — салдат-сейбіт. Франтавік, заняты мірнай працай.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"