Ад гісторыі — да “Гісторыі”

№ 35 (1422) 31.08.2019 - 06.09.2019 г

Напярэдадні Месяца фатаграфіі
Тэма — гісторыя, імёны — Сяргей Гудзілін, Рамуалдас Пажэрскіс, Тыгран Хачатр’ян, Маша Святагор, Сяргей Брушко, Аляксандр Гронскі, Юлія Цімафеева, Майсей Напельбаўм… 10 верасня распачынаецца Месяц фатаграфіі ў Мінску, які прапануе прыхільнікам фатаграфіі і мастацтва з тузін выстаў і праектаў, што будуць змяняцца цягам цэлай восені. Напярэдадні вялікага форуму, “К” адабрала пяць падзей, якія варта не прапусціць у шэрагу імпрэз.

/i/content/pi/cult/760/16434/pages-8-9-copy-3-S.jpg

Галоўная экспазіцыя

“Галоўны праект Месяца фатаграфіі — 2019 будуецца вакол ідэі “гісторыя”, таго, як яна ўздзейнічае на нас, наша сацыяльнае і літаральна фізічнае цела. Як мы ўключаемся ў гістарычны працэс”, — сябра каманды фестывалю, куратарка, даследчыца фатаграфіі Ганна Самарская распавядае пра цэнтральную экспазіцыю, што будзе сёлета ў галерэі “У нескладовае”. На выставе мы ўбачым фотаздымкі замежных і беларускіх фатографаў, што адлюстроўвалі гістарычныя падзеі ХХ стагоддзя (ды робяць гэта зараз), і паспрабуем наноў асэнсаваць медыум фатаграфіі і яго выкарыстанне.

Напрыклад, у экспазіцыі будзе прадстаўлена культавая выява “Штурм Зімняга палаца”, што па адной з версій з’яўляецца пастановачным кадрам да фільма Мікалая Яўрэінава 1920-га года, а не гістарычным дакументам.

Мы таксама патрапім у майскія падзеі 1968 года, дзякуючы фотаздымкам французскіх журналістаў агенцтва FRANCE-SOIR.

Як выглядаў знакаміты Балтыйскі шлях дапаможа ўявіць Рамуалдас Пажэрскіс — літоўскі фатограф, які задакументаваў знакавую падзею.

Эпоху перабудовы з яе масавымі рок-канцэртамі ўзнавіць беларускі фатограф Сяргей Брушко.

“Антаніна Сцебур, куратар выставы, адмыслова падбірала праекты, якія маляўніча распавядаюць пра гістарычныя дзеі, бо, у прыватнасці, адна з падтэм экспазіцыі — сацыяльная харэаграфія”, — удакладнае Ганна Самарская.

Тыгран Хачатр’ян, Майкл Крыстафэр Браўн, Максім Ясінскі ды іншыя. Усяго ў галоўнай выставе фестывалю будуць задзейнічаны творы больш за пятнаццаць аўтараў.

/i/content/pi/cult/760/16434/pages-8-9-copy-2-SS.jpg“Шпацыр у шэрым. Верш”

25 верасня ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча працягне форум фатаграфіі выстава беларускай паэткі і перакладчыцы Юліі Цімафеевай. Аўтарка, вядомая сваімі літаратурнымі творамі, выдатна фатаграфуе, — і тое зусім не патуранне. Работы Юліі Цімафеевай вылучаюцца эмацыйнай трапнасцю і выкшалцонай выразнасцю, — перад намі адметны аўтар са сваім светапоглядам. “Мінск і яго паэтычны патэнцыял зрабіліся асноўнай тэмай фотаздымкаў паэткі”, — пазначаецца ў анатацыі да яе праекта “Шпацыр у шэрым. Верш” у музеі. Гэта ўжо не першая выстава літаратаркі; творы Юліі Цімафеевай экспанаваліся ў Патсдамкім універсітэце, у Беларускім Доме Варшавы, друкаваліся ў беларускіх і замежных часопісах. Мяркую, што праект стане адной з цікавейшых імпрэз фатаграфічнай і, выбачайце за банальнасць, паэтычнай восені.

“Майсей Напельбаўм. Партрэт эпохі”

Аўтар хрэстаматыйных партрэтаў Уладзіміра Леніна, Ганны Ахматавай, Усевалада Меерхольда, Аляксандра Блока, Максіма Горкага, Дзмітрыя Шастаковіча… нарадзіўся ў Мінску. Калі вы не знаёмы з яго пакручастым лёсам і выбітнымі творамі — вам, дакладна, на выставу слыннага партрэтыста ў Нацыянальны гістарычны музей краіны. Арганізатар мерапрыемства — Цэнтр беларуска-габрэйскай спадчыны — прадставіць на суд публікі каля ста партрэтаў знакамітага фотамайстра. Большая колькасць работ — з Borodulin Collection. “Таксама будуць паказаныя асабістыя дакументы і раннія работы мінскага перыяду з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага гістарычнага архіва ды асабістая камера Напельбаўма, прапанаваная “РУСС ПРЕСС ФОТО” (г. Масква)”, — абяцаюць арганізатары. Чакаецца і прысутнасць на выставе спадкаемцаў фотамастака. Да слова, менавіта сёлета адзначаецца 150-годдзе Майсея Напельбаўма, спадчына якога належыць тром культурам — гарбрэйскай, беларускай і расійскай. Куратарам выставы выступіць Майя Кацнельсон.

Міндаўгас Ажушыліс: ад шчасця да…

Што беларусы ведаюць пра маладую літоўскую фатаграфію? Мяркую, не шмат. Запоўніць гэты прагал прапануе выстава Міндаўгаса Ажушыліса, магістра фатаграфіі і медыя-мастацтва з Вільнюса, які сёння з’яўляецца адным з прызнаных у суседняй краіне і за мяжой талентаў. У рамках Месяца фатаграфіі ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў 26 верасня будзе прадстаўлены тры праекты маладога творцы, што раскрываюць сферу яго інтарэсаў і падыходы да фатаграфіі.

У прыватнасці, адзін з праектаў Міндаўгаса мае назву “Шчасце ў Літве”: у ім аўтар даследуе ўяўленні маладых літоўцаў пра шчасце — у матэрыяльным і ментальным сэнсах. Ад геданізму — да трагедыі. Другі праект фатографа — “Аварыя” — ужо фіксуе, вывучае дзіўную эстэтыку дарожных катастроф. На фотаздымках Міндаўгаса няма анічога эксплуатацыйнага — крыві, пажараў, ахвяр, на адбітках часам — адно пакарэжаныя машыны. Аднак выява не адмяняе таго, што здарылася: “гэта парадокс шлюбу паміж прыгажосцю і жахам”, — апісваюць яго работу крытыкі. Маскулінасць, геданізм, дарожныя здарэнні, сіла выявы — нядрэнны набор для маладога фатографа, што рушыць літоўскую фатаграфію наперад.

Партфоліа-рэвю і майстар-клас

Кожны Месяц фатаграфіі ў Мінску — гэта шэраг карысных і цікавых сустрэч. Аднак сёлета арганізатары пайшлі далей і зладзілі міжнароднае партфоліа-рэвю. Нагадаю, што партфоліа-рэвю — гэта такі фармат кансультацый, падчас якіх аўтар можа атрымаць рэакцыі на свае работы ад рознай колькасці адмыслоўцаў. Кароткія сесіі з экспертамі — вядомая практыка для свету фатаграфіі, асабліва ў замежжы, аднак у нас партфоліа-рэвю ладзяцца вельмі рэдка. Першае рэвю адбылося роўна дзесяць гадоў таму — рабіў яго Цэнтр фатаграфіі, сёлета ў рамках Месяца чакаецца другая падобная па маштабе падзея. Сярод экспертаў будучых сустрэч — мастацкі дырэктар Трыенале фатаграфіі ў Гамбурге, сябра камітэта фотафестывалю ў Лодзі Кшыштаф Цандаровіч, выдавец з Францыі, генеральная сакратарка мастацкага камітэта фестывалю Circulation Эмануэль Халкін, дырэктар фотафестывалю ў Рызе Арніс Балчус, нямецкі фатограф Сімон Мэнэр… Беларускую фотасупольнасць будзе прадстаўляць дырэктар Месяца фатаграфіі ў Мінску, фатограф і куратар Андрэй Лянкевіч ды арт-крытык і выкладчыца Вольга Бубіч. “Гэта сапраўды тыя эксперты, што курыруюць, аналізуюць і прасоўваюць фатаграфію на міжнародным рынку”, — падкрэсліла іх статус Ганна Самарская.

Сярод цікавостак Месяца вылучу і майстар-клас Максіма Сарычава і Сімона Мэнэра “Архіў паміж дакументам і фікцыяй”. Што адбываецца сёння з рэальнымі сямейнымі і віртуальнымі архівамі? Эксперты прапануюць “адкрыць” вядомыя альбомы з новага боку.

Бонус. Кніга па гісторыі фатаграфіі

“Гісторыя” — менавіта з такой назвай рыхтуецца зараз да выдання кніга-альбом, прысвечаная беларускай фатаграфіі. Да яе стварэння мае непасрэднае дачыненне Месяц фатаграфіі ў асобе Андрэя Лянкевіча, аднак галоўнымі куратарамі і аўтарамі канцэпцыі збору з’яўляюцца Антаніна Сцебур і Ганна Самарская. Праект мае быць амбіцыйным: ахоплівае перыяд гісторыі белфота — ад ХІХ стагоддзя да 2000-х гадоў і прадугледжвае тамы на беларускай і англійскай мовах. “Праца над кнігай вядзецца ўжо два гады, — удакладняе Ганна Самарская. — Гэта даследчы праект з наноў праведзеным аналізам матэрыялу, што ёсць. Ужо напісана больш за 50 артыкулаў рознымі аўтарамі. І я мяркую, што гэта будзе сапраўдны прэтэндэнт для беларускай сітуацыі”, — пераканана аўтарка. Фармат выдання акрэсліваецца як “аналітычная энцыклапедыя”.

Папярэдне планавалася, што прэзентацыя кнігі адбудзецца ў рамках Месяца фатаграфіі, але потым падзею было вырашана вынесці за яго межы. Тым не менш, выхад “Гісторыі” адбудзецца ўжо ў гэту восень.

Можам падсумаваць, што фатаграфічная восень пачынаецца з занурвання ў гістарычныя падзеі Еўропы і свету, і завершыцца даследаваннем імёнаў і феноменаў гісторыі ўжо сваёй — гісторыі беларускай фатаграфіі.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"