Узіраемся ў “Лічбы…”

№ 34 (1421) 24.08.2019 - 31.08.2019 г

27 жніўня ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрыецца часовая мастацкая экспазіцыя. Будзе экспанавацца серыя карцін знакамітага народнага мастака Беларусі і СССР Міхаіла Савіцкага “Лічбы на сэрцы” з фондаў галерэі вялікага Майстра.

/i/content/pi/cult/759/16426/91f85e30fc84990a3d4c5b_opt.jpegМіхаіл Андрэевіч Савіцкі яшчэ пры жыцці лічыўся класікам. І не толькі беларускага мастацтва, але савецкага ўвогуле. Ягоная “Партызанская мадона” — прызнаны шэдэўр гуманістычнай культуры, выразны сімвал пакут і подзвігу народа ў часе сусветнай бяды. Усё жыццё мастака прайшло пад знакам Вялікай Айчыннай вайны. У дзевятнаццаць гадоў Міхаіл — баец Чырвонай Арміі, змагаецца за Севастопаль. Потым быў у ягоным лёсе палон і пакуты ў нацысцкіх канцлагерах. Аляксандр Кішчанка — калега і сябар Міхаіла Андрэевіча, асоба роўная яму па таленце, характарызаваў Савіцкага як чалавека, які пераадолеў наканаванасць лёсу. Па ягоных словах, тое, што Савіцкі стаў мастаком, трэба ўспрымаць як цуд. Бо, каб выжыць на вайне і ў канцлагеры, патрэбны тыя якасці, тыя рысы характару, якія ў творчасці, на думку Кішчанкі, толькі замінаюць. А Міхаіл Андрэевіч усё ж такі стаў мастаком, да таго ж — мастаком выбітным.

Цыкл “Лічбы на сэрцы” створаны ў 1974 — 1979 гадах, дапрацаваны ў 1987-м. Эфект гэтых твораў на тагачасную культурніцкую грамаду можна назваць выбуховым. А вось ацэнкі розніліся дыяметральна. Ад захаплення смеласцю мастака і трактоўкі “Лічбаў…” як творчага подзвігу да сцвярджэння, што адыход ад брутальнай пластыкі “суворага стылю”, на якім Савіцкі падняўся як творца, у бок, так бы мовіць, маньерызму тэме не адпавядае. І што ўвогуле такі паварот у творчасці мэтра наўдрад ці можна лічыць прагрэсам. Усялякае гаварылі… Адно што, абыякавых не было. А тое і ёсць адзнака сапраўднага мастацтва. Несумненна гэты жывапісны цыкл нацыянальнай культуры — знакавы. Ён — факт асэнсавання гісторыі вачыма сведкі з пазіцыі жыццёвага досведу, што праведзены праз сэрца. Кожнае новае пакаленне беларусаў будзе прачытваць “Лічбы…” ды і ўсю творчасць Міхаіла Савіцкага па-новаму.

Выставу можна наведаць да 26 верасня.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"