Валёнкі-battle і рэкорд для велікана

№ 34 (1421) 24.08.2019 - 31.08.2019 г

Брэндавыя святы Віцебшчыны
Пагаворым пра ініцыятыву знізу. Пра цікавыя ідэі і не менш цікавую іх рэалізацыю. Чаму для прыкладу абраны пэўныя раёны Віцебшчыны? Па прычынах абсалютна суб’ектыўных. Збольшага мне падабаецца ход думак тамтэйшых клубных работнікаў і спосабы ажыццяўлення тых думак. Пераканаўся ў гэтым на ўласныя вочы за 15 гадоў працы ў “К”. Прыгожыя людзі робяць прыгожыя справы. Вельмі жадаю, каб атрымаўся не проста парад-але мясцовых праектаў. Ёсць спадзяванне, што выкладзенае стане штуршком да дзеяння для тых, хто працуе ў сферы рэгіянальнай культуры збольшага “так, як і ўсе”.

/i/content/pi/cult/759/16423/20.JPGСтарэйшыя калегі мяне вучылі калісьці, што ўменне генерыраваць ідэі — павінна быць прэрагатывай любога творцы. У адваротным выпадку чалавек застаецца сляпым выканаўцам чужых загадаў. Ці варта тады дбаць пра нейкую там творчасць. Іншая справа, што на выпрацоўку такога ўмення часам і жыцця не стае. І любая спроба тут — на вагу золата.

Яны здымаюць кіно

Характэрная асаблівасць работнікаў культуры Полацкага раёна ў тым, што свае творчыя спробы вядуць яны самым шырокім фронтам. Я калісьці быў сведкам, як зараджаўся конкурс грыбнікоў. У кабінеце начальніка аддзела культуры сабраліся кіраўнікі прадпрыемстваў раёна і горада, якія гатовыя былі дапамагчы з правядзеннем другога па ліку грыбнога фэсту. Першы, да слова сказаць, адбыўся на голым энтузіязме (калі так можна назваць пазабюджэтныя грошы раённай культуры). Тым не менш, адбыўся і здолеў давесці, што можа стаць цікавым не толькі для ўдзельнікаў, але і для інвестараў. Але ўразіў не грыбны крэатыў.

Справа ў тым, што сёлета ў Полацку пройдзе ўжо шосты Рэспубліканскі адкрыты конкурс аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча “Я здымаю кіно”. Яскравы доказ таму, што колішні смелы эксперымент пераўтварыўся ў сталую традыцыю, якая робіць гонар полацкай творчай зямлі. Як узнікла ініцыятыва?

У 2007 годзе гарадскія ўлады вызначылі, што ля кінатэатра “Радзіма” будзе ўсталяваны бюст Юрыя Тарыча — заснавальніка беларускага ігравога кіно і ўраджэнца Полацка. У 2010 годзе бюст упрыгожыў горад. Начальнік аддзела культуры Полацкага райвыканкама Алена Астапава згадвае, што ў працэсе ўшанавання знакамітага нацыянальнага кінематаграфіста ў тагачаснага кіраўніцтва кінатэатра, у прадстаўнікоў філіяла рэгіянальнага тэлеканала “Скіф” з’явілася ідэя конкурсу самадзейнага кіно імя Юрыя Тарыча. Каб узняць прэстыж самадзейнай кінавідэатворчасці, каб адшукаць новых асоб у сферы кінамастацтва. Ідэю падхапілі Міністэрства культуры краіны, Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”, Інстытут журналістыкі БДУ… Першы конкурс адбыўся ў 2013 годзе і сабраў каля дзесяці ўдзельнікаў з Наваполацка, Оршы, Баранавічаў, Талачына... На леташнім кінафэсце журы (прафесійныя кінематаграфісты і журналісты) разглядала ўжо больш за паўтары сотні дакументальных і пастановачных фільмаў, ролікаў з сацыяльнай рэкламай і музычнымі кліпамі. З кожным творам можна пазнаёміцца на сайце. На ім адсочваецца і творчы рух удзельнікаў усіх конкурсаў. Я параю наведаць згаданы сайт. Сярод кінаінсіту, абавязковага для аматарскіх конкурсаў, можна знайсці кінаразвагі, зробленыя з максімальнай шчырасцю. Замежныя ўдзельнікі сталі для фэсту нормай. Яшчэ адзін доказ унікальнасці і адзінкавасці мерапрыемства. З ім можа параўнацца хіба што Міжнародны каталіцкі фэст хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм на Глыбоччыне (яму, наколькі ведаю, не надта шанцуе з фінансаваннем). Калі можна, натуральна, параўнаць, шчыра кажучы, прафесійную творчасць з самадзейнай. Адно не выклікае сумневу: карысць полацкага кінафэсту у якім бяруць удзел і дзеці, і пажылыя, пераацаніць немагчыма. Прыём конкурсных работ ажыццяўляецца да 15 кастрычніка. А адбудзецца ён у снежні. Інвестыцыйная небяспека мерапрыемству пакуль не пагражае.

Усе ў “… разгуляй”

Праектаў у Полацкім раёне шмат. Я ўжо казаў, што мясцовыя работнікі культуры дзейнічаюць па прынцыпе: прыдумаў — зрабіў. Штосьці прыжываецца, а штосьці не. Заканамерны працэс творчага пошуку. Існуе ў раёне праект “З народнай скарбонкі Полаччыны”. Назаву толькі некалькі прыкладаў мясцовых ініцыятыў, звязаных з нацыянальнай абрадавасцю. Вось як вясковыя ўстановы культуры “намацваюць” сабе брэнды.

Этнавечарына “Агледзіны нявесты” ладзіцца ў Гаранах. Кожная дзея заснавана на мясцовых вясельных традыцыях. Вельмі дарэчная акцыя. Калі гэтым займацца сістэмна, можна спарадзіць моду на тое, каб шлюбам брацца толькі па-беларуску. Прыклады таму адзінкавыя (на Пружаншчыне ды на Любаншчыне), але гэта зусім не азначае, што “Агледзіны нявесты” — бесперспектыўныя.

Наступны “скарб” раёна, як распавядае намеснік кіраўніка Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка, ладзіцца ў вёсцы Багатырскай на Стары Новы год. Гэта — “Калядны разгуляй”. Аснова ўсіх святочных шчыраванняў — шчодрыкі. А вось калядны антураж уласцівы толькі Багатырскай. Сапраўды, дзе яшчэ арганізоўваюць бойку валёнкамі?

У аграгарадку Палата вырашылі засяродзіцца на вобразе цешчы. Яна тут — зусім не нагода для крыўдных жартаў. Матываванае шанаванне цешчы прыпадае на Масленіцу. Увесну жанчын толькі і віншаваць. Была б у мяне цешча, я яе абавязкова даставіў бы з усёй урачыстасцю на свята ў Палату.

Як пугі не стае!

Юр’я — земляробскае свята. Але ў вёсцы Блізніцы віншуюць яшчэ і пастухоў ды аператараў машыннага даення. Каша для іх гатуецца непасрэдна на пашы. Такое свята — сацыяльная з’ява: знікае свойскі статак, архаікай становіцца такое паняцце як “пастух”. А не хацелася б. Памятаю, той пастух, якога я ведаў у дзяцінстве, з пятнаццаці метраў збіваў пугай цыгарэтны пачак з плота. А як ляскала тая пуга, і якія бізуны з сырамятнай скуры плёў дзядзька Мірон!

Ля Заазер’я ёсць цудоўны бярозавы гай. Светлы, узнёслы, як храм. У гэтай святарнай засені і нарадзілася веснавое свята добрасуседства. Гасцей сустракаюць бярозавікам, ладзяць карнавал вясковых вуліц, танцуюць на бярозавых калодках…

Застаецца згадаць піг-шоу ў аграгарадку Кушлякі. Пра спартыўныя забегі свінак я згадваў у адным з аглядаў пісьмаў. Вельмі відовішчны атракцыён. І ніводная жывёліна пры гэтым не губляе пачуцця ўласнай годнасці. Грэх не сказаць і пра курыныя імяніны ў Кузьмінках на Кузьму ды Дзям’яна. Але на ўсё цікавае ды адмысловае проста месца не хопіць… Літаральна некалькі слоў пра яшчэ адзін агульнараённы праект “Смачнае падарожжа Надзейкі”. Ці не ў кожнай клубнай установе дзейнічаюць аматарскія аб’яднанні нацыянальнай кухні. А ў РЦК працуе метадыст Надзея Зайцава, якая згаданыя аб’яднанні курыруе. Адсюль і назва праекта. А мэта — стварэнне кнігі рэцэптаў. Першы том быў выдадзены летась. Сёлета Надзейка вандруе, каб скласці том другі. Кніжка таксама абяцае стаць бестселерам.

Каб падвесці рысу пад праектамі Полаччыны, я пагаварыў з дырэктарам Полацкага цэнтра культуры Наталляй Дзёмінай. Як фінансуюцца праекты? Наталля Іванаўна распавяла, што ў кастрычніку — лістападзе план работы на наступны год абараняецца ў аддзеле культуры, пасля зацвярджэння райвыканкам выдаткоўвае на рэалізацыю кожнага брэндавага праекта па 200 — 350 рублёў. Астатнія грошы выкарыстоўваюцца з пазабюджэту.

Хто тут сапраўдны Гулівер?

Летась у Віцебску быў усталяваны помнік Фёдару Махнову (1878 — 1912) — самаму вялікаму чалавеку Еўропы. Кажуць, рост яго складаў 285 сантыметраў. Нарадзіўся Фёдар на Віцебшчыне, працаваў, натуральна, цыркачом… Мяне аднойчы вадзіў па Віцебску адзін са старажылаў, распавядаў: вось у гэтым завулку жыў чалавек, які прыдумаў медыцынскую шыну, а вось з гэтай вуліцы паходзіў фізік-тэарэтык, які паспяхова абверг тэорыю Энштэйна… А вы мне пра тое, што Віцебск — горад мастакоў. Тут і апрача іх столькі асоб-брэндаў, што хопіць не толькі на абласны цэнтр.

Словам, Фёдара Махнова законна забрала сабе вёска Малыя Лётцы Віцебскага раёна, дзе гэтым летам ладзіўся ўжо другі адкрыты раённы фэст “Волаты Прыдзвіння”. Вакол нешараговай брэндавай постаці ствараюцца нешараговыя мерапрыемствы, якія прывабліваюць турыстаў здалёк. Да прыкладу, конкурс інсталяцый на зададзеную “гуліверскую” тэму. У імправізаваным парку мініяцюр з’явіліся копія падворку велікана, а ў парку веліканаў — двухметровыя ваза і стул, вялізныя акуляры і школьная парта.

Удзельнікі фэсту адчулі сябе ліліпутамі. Асабліва калі прымяралі пінжак, штаны і абутак чалавека ростам амаль у тры метры. Цыркавы настрой стваралі акрабаты, жанглёры. Жывыя скульптуры нагадвалі пра неверагодную фантастычнасць жыцця беларускага Гулівера. А ў рэальнасць удзельнікаў “веліканскага” фестывалю вярталі ўдзячныя сваякі Фёдара Махнова, якія прыехалі з Расіі: Разані і Масквы. Сёлета на фэсце заведзена кніга “гуліверскіх” рэкордаў. Самым высокім пакуль застаецца старшыня Віцебскага райвыканкама Генадзь Сабыніч.

Замест заканчэння

З уменнем ствараць свята не толькі для сябе — не нараджаюцца. Гэтае ўменне выношваецца, выгаблёўваецца, адточваецца. Тэрмін засваення дадзеных ведаў і выніковасць іх практычнага выкарыстання наўпрост залежыць ад любові да прафесіі і землякоў, якасць жыцця якіх павялічваюць намаганні сельскага работніка культуры. Ці ўсе з іх пра гэта ведаюць?

 

Фота з архіваў Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і Полацкага РЦК

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"