Іконы не гараць

№ 34 (1421) 24.08.2019 - 31.08.2019 г

Чарговая, на гэты раз “палымяная”, навіна з маёй роднай Веткі. Намеснік дырэктара мясцовага музея па навуковай рабоце Галіна Нячаева піша: “Сярод сотняў абразоў Божай Маці, славутых у праваслаўным свеце, ёсць толькі адзін з пунсовым абліччам, у чырвоным мафорыі. Вогненны вобраз — адна з таямніц веткаўскай іканаграфіі. Мудрасць Божай Маці — нібы Сафіі — выяўляецца праз кінаварнае ззянне твару! Некалі меркавалі, што “стараабрадцы ажывілі дамангольскую іканаграфію”. Потым ішла гаворка пра недапушчальнасць адвольнасці жывапіснага вырашэння. Цяпер думка пра старажытнасць паходжання вобраза вяртаецца”.

/i/content/pi/cult/759/16421/17.JPGГаліна Нячаева згадвае афонскую легенду пра кінутую ў агонь ікону, што не згарэла, а толькі абпяклася, таму лік Божай Маці стаў пунсовым. Да пачатку XVIII стагоддзя такая іканаграфія Марыі ў славянскім свеце невядомая. Альбо страцілася? І толькі на стараабрадчай Ветцы тэма ўзнаўляецца для вобраза і абраза. Цэнтр стараабрадніцтва, заснаваны на тэрыторыі ВКЛ, нараджае вобраз “Агнявіднай” і за вальнадумства двойчы выпальваецца царскай уладай. У гомельскім філіяле Веткаўскага музея працуе выстава, прысвечаная “палымяным абразам”. Прэзентуецца да 20 артэфактаў. Дотык да веткаўскага старасвецкага мастацтва для мяне заўжды як глыток свежага сожскага паветра.

Яшчэ адна ўнікальная навіна. Даслала яе галоўны бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Светлагорскай раённай сеткі бібліятэк Валянціна Расошанка. Днямі ў гарпасёлку Парычы адкрылі помнік землякам, загінулым падчас Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх беларусы, рускія, яўрэі, татары… Праект рэалізаваны за народныя грошы. Ідэя належыць ураджэнцу Казлоўкі Віктару Муралю, дзяцінства і юнацтва якога прайшло ў Парычах. Гэты неабыякавы чалавек ішоў праз жыццё з лозунгам “Парычане ўсіх краін, яднайцеся!” Менавіта Віктар Рыгоравіч стварыў сайт “Парычы”, распачаў акцыю “Парк памяці” (з устаноўкай помніка). Быў адкрыты дабрачынны рахунак. Адгукнуліся не толькі мясцовыя парычане, але і тыя, што жывуць у Амерыцы, Расіі, Ізраілі, Казахстане. Пасля заўчаснай смерці Віктара Мураля, справу яго працягнулі ўдава Людміла Канстанцінаўна і бібліятэкар Казлоўскай сельскай бібліятэкі Валянціна Пятрова. Былі ўстаноўлены 199 прозвішчаў. Эскіз помніка жанчыны зрабілі самастойна. З добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі дапамаглі кіраўнікі ПМК-72, лясніцтва, дарожна-рамонтнага ўпраўлення, унітарнага прадпрыемства “Светач”. Карацей, інфармацыя — пра добрую справу і добрых людзей.

У мастацкай галерэі “З’ява” Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Каладзеева працуе выстава жывапісу Наталлі Царык “Мой улюбёны колер”. Барысаўская ЦРБ — установа больш чым прэстыжная, таму персанальныя выставы ў “З’яве” — этапная падзея ў творчасці любога мастака. Загадчык аддзела галерэйна-выставачнай дзейнасці (такі аддзел — дый у кожную раённую ўстанову!) Барысаўскай бібліятэкі імя Івана Каладзеева Таццяна Кірылава распавядае, што Наталля Царык абараніла кандыдацкую дысертацыю як мастацтвазнаўца, працуе ў Барысаўскай дзіцячай мастацкай школе. Карціны творцы — пра шчасце жыцця, пра захапленне прыродай. З колерам яна абыходзіцца лёгка і натуральна. Працуе ў жанрах пейзажу, партрэта, нацюрморта і сюжэтнай кампазіцыі. Вобразы і падзеі яна ўвасабляе менавіта праз колерадынаміку. Наведайце выставу, паглядзіце, якога колеру ў Наталлі шчасце.

Аўгустоўскі канал пераўтварыўся ў мора. Якім чынам? Спачатку згадаем словы намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктара Лісковіча пра тое, што першую пешаходную экскурсію на канале правялі 110 гадоў таму, а ў 1920 годзе на шлюзе Дамброўка ўпершыню адзначылі свята мора. Яго ўзнавілі і ладзяць некалькі гадоў запар. Пэўныя мерапрыемствы сталі выключна папулярнымі. Маецца на ўвазе балотны футбол і заплыў “На чым папала”. Але апошнім часам з’явіўся і эксклюзіў: да прыкладу, візіт караля польскага і вялікага князя літоўскага Стэфана Баторыя. Вельмі пераканаўчы, трэба сказаць, вобраз атрымаўся. А яшчэ былі: катанне з мыльнай горкі, магчымасць “замачыць” суседа, пірацкія эстафеты, марская бібліятэка, літаратурная рыбалка. А падчас заплыву ўсіх уразіў галоўны інжынер канала Ігнат Прандзінскі, які ўзначаліў імправізаваную флатылію на… водным кані. Пра марскія акцэнты канала распавялі прадстаўнікі Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра.

Рэха Мядовага Спасу. Дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская паведаміла, што ў аграгарадку Усялюб прайшло мерапрыемства “Мядовы вальс”. Галоўнай падзеяй стала выстава-продаж прадукцыі пчалярства.

Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Вольга Коршун разам з доктарам юрыдычных навук Валянцінай Бібіла вывелі формулу паспяховасці. Справа ў тым, што Валянціна Мікалаеўна яшчэ і член Навукова-кансультатыўнага савета пры Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Савета па абароне дысертацый, сябра рэдкалегіі шэрагу беларускіх часопісаў, аўтар больш за 200 навуковых і метадычных работ. Валянціна Бібіла прыйшла да супрацоўнікаў і наведвальнікаў Гудзевіцкай сельскай бібліятэкі-цэнтра нацыянальнай культуры. Вольга Мікалаеўна сама з гэтых мясцін, таму з задавальненнем гаварыла пра ўласнае жыццё. А яе сястра, Ганна Мікалаеўна, чытала свае вершы. Мерапрыемства супала з 70-годдзем Валянціны Бібіла. А адбылося яно ў рамках бібліятэчнай акцыі “Формула поспеху”.

Наступныя дзве навіны — таксама бібліятэчныя. Лета — сезон актыўнага чытання, час працы з чытачамі, час творчасці, фантазіі, сцвярджае загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Вольга Бойка. Вось і ў гэтай установе колькасць юных наведвальнікаў у летні сезон значна павялічылася. А ў шэрагу бібліятэчных мерапрыемстваў з’явілася яшчэ адно: супрацоўнікі ўстановы прапанавалі малым чытачам напісаць пажаданні героям упадабаных кніг. Такім чынам у аддзеле абслугоўвання і інфармацыі “вырасла” Дрэва кнігачытача”. На яго кроне — процьма пялёсткаў з пажаданнямі: утульнага дома, клапатлівых бацькоў, верных сяброў, добрых школьных адзнак, неверагодных прыгод, гатоўнасці да спагады і дабрыні.

Кожная бібліятэка стараецца падтрымаць сацыяльна неабароненыя катэгорыі насельніцтва. Падтрымка бывае адаптацыйная, інфармацыйна-прававая. Загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Юлія Міхайлава распавяла: “Ёсць у нас праектная ініцыятыва “Павышэнне якасці жыцця пажылых людзей Жалудоцкага сельсавета”. Ініцыятыва з’яўляецца часткай праграмы “Месца сустрэчы  — дыялог”. Каардынатарам тут выступае Жалудоцкая гарпасялковая бібліятэка. У ёй ладзяцца курсы “Асновы валанцёрскай дзейнасці”, “Гісторыя роднага краю”, “Права на кожны дзень”. Мы арганізавалі экскурсію ў Мінск. Пры ўдзеле аматарскага аб’яднання кветкаводаў-аматараў прайшоў фэст кветак “Мой родны край, ты для мяне — адзіны”, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі і заснавання Гродзенскай вобласці. Сёлета камп’ютарныя навыкі атрымалі 17 састарэлых людзей. Навучанне адбывалася не толькі ў Шчучынскай райбібліятэцы, але і ў Жалудоцкай гарпасялковай і Васілішкаўскай сельскай”. “А ёсць яшчэ, піша Юлія Міхайлава, сацыякультурны праект “Клопат”. Для Астрынскай гарпасялковай бібліятэкі гэта інфармацыйна-пазнаваўчы і валанцёрскі кірункі дзейнасці, для Куляшоўскай сельскай бібліятэкі-музея — краязнаўчы, для Лядскай і Каменскай СБ — здаровы лад жыцця. Шчучынская раённая працуе ў рамках мэтавай праграмы “Нашым людзям — наш клопат”. Праведзены ўжо Дні праваслаўнай кнігі і сям’і, вернісаж ваеннай кнігі.

Дырэктар Палаца культуры Ліды Ірына Тур паведамляе “К”, што 10 жніўня на адкрытай пляцоўцы ля галоўнай гарадской установы культуры ладзілася сямейнае свята “Мой адрас — горад Ліда”. Тут сабраліся не толькі дзеці, але і іх таты з мамамі, дзядулі з бабулямі. Пагадзіцеся, было не вельмі лёгка дагадзіць кожнаму з іх хаця б з той прычыны, што ў кожнага ўзросту — свае запатрабаванні. Але, сцвярджаюць мясцовыя работнікі культуры, заўважаны былі толькі задаволеныя твары. Адкрыў свята кавер-бэнд “Пост-Фактум”. Потым распачалася гульнявая праграма “Сігнал” па пажарнай бяспецы і прафілактыцы траўматызму на дарозе. Раённыя аддзелы па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў прапанавалі выставу спецыяльнай тэхнікі. Можна было пазнаёміцца з абсталяваннем, прымерыць баявое адзенне і адчуць сябе сапраўдным выратавальнікам. Галоўным мерапрыемствам свята стаў “Тата-фэст”. Сем’ям давялося пахвалявацца за сваіх гаспадароў, якія дэманстравалі ў конкурсах спрыт, эрудыцыю і творчыя здольнасці. Важкі статус бацькі быў пацверджаны ў чарговы раз. Цягам імпрэзы выступалі творчыя калектывы лідскага Палаца культуры. Гасцямі свята сталі самадзейныя артысты Ваўкавыскага гарадскога Дома культуры. Уяўляеце, колькі сямейных здымкаў было зроблена ў той дзень?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"