Выстава чатырох: усяго пакрысе

№ 34 (1421) 24.08.2019 - 31.08.2019 г

Сталічная галерэя “Універсітэт культуры” вядомая ў мастацкіх і калямастацкіх колах сваім дэмакратызмам. Тут можа выставіцца і студэнт, і дыпламаваны прафесіянал, і знаны майстар, і той, хто бавіць з алоўкам вольны час. Галоўнае, каб аўтару было што сказаць.

/i/content/pi/cult/759/16420/15.jpgЗараз у залах галерэі адбываецца групавая выстава. Яе ўдзельнікі — чатыры мастакі, якія прадстаўляюць Беларускую гільдыю майстроў і рамеснікаў. Утворана гэтая арганізацыя ў 2015 годзе. Паводле статута мусіць займацца папулярызацыяй мастацтва ўвогуле і народнага — пераважна. Мяркуючы па біяграфіях аўтараў, мастацкая творчасць для іх — занятак не асноўны. Пры тым, што двое з іх маюць сярэднюю спецыяльную мастацкую адукацыю.

/i/content/pi/cult/759/16420/16.jpgТаццяна Гершгорына скончыла Гомельскую мастацкую вучэльню. Мае паводле дыплома спецыяльнасць выкладчыка малявання. Пэўны час працавала па прафесіі. Сёння — індывідуальны прадпрымальнік.

Святлана Каласкова-Чаплінская скончыла Каўнаскі тэхнікум прыкладнога мастацтва. Змяніла шэраг творчых спецыялізацый. Зараз працуе як візажыст.

Аляксей Наважылаў веды пра мастацтва і навыкі атрымаў у мастацкай школе. На хлеб зарабляў будаўніком.

У Сяргея Каўрыгі вышэйшая тэхнічная адукацыя. Паралельна наведваў мастацкую студыю. На працягу сямі гадоў браў удзел у рэстаўрацыі храмаў.

Апантаны дылетант, для якога мастацтва не сродак да існавання, а толькі форма самавыяўлення і пошук душэўнай раўнавагі, можа калі-нікалі быць шчаслівейшым за прафесіянала, які мусіць падпарадкоўвацца густам публікі і дбаць пра рынкавую кан’юнктуру. Тым больш, што глядзіць ён на свет незамуленым вокам і звяртае ўвагу на тое, што спрактыкаваны адмысловец можа і не заўважыць. Гэтыя акалічнасці і робяць творчасць аматараў прывабнай для даволі шырокай грамады. Прыемныя для вока і душы моманты знойдзе глядач і на гэтай выставе. Ёсць тут і казкі для дарослых, і своеасаблівае разуменне “фэнтэзі”, і містыка Усходу, і брутальны тэхніцызм Захаду — гэта калі ўважліва ўгледзецца. Маё ж вока спынілася на іконах работы Сяргея Каўрыгі. Рэч у тым, што іх аклады зроблены не з высакароднага срэбра, а з жалезных дэталяў — ідэал у несамавітай абалонцы. Пагадзіцеся, цікавы вобраз. Бадай, заўжды надзённы.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"