Напярэдадні

№ 32 (850) 09.08.2008 - 15.08.2008 г

Напярэдадні Алімпійскіх гульняў народны мастак Беларусі Іван Міско наведаў у Стайках прадстаўнікоў зборнай Беларусі. Што пажадаў скульптар беларускім спартсменам?

У народнага мастака Беларусі Івана Міско любоў да ўсяго новага. І ў прыватнасці — да вольнай барацьбы. Разам з карэспандэнтам “К” за два дні да пачатку Алімпійскіх гульняў ён наведаў Стайкі, дзе рыхтавалася група беларускіх спартсменаў.

У далёкія 1960-я Міско пазнаёміўся з Аляксандрам Мядзведзем, героем яго будучых скульптурных кампазіцый, у прыватнасці, медаля спаборніцтваў на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна.

Зацікавіла Івана Якімавіча жаночая каманда па вольнай барацьбе. Прычым гэтая зацікаўленасць аказалася ўзаемнай. Спартсменкі Вольга Хілько і Алена Філіпава даведаліся шмат цікавага пра работу скульптара. Іван Міско распавёў пра паездку ў Чэхаславакію, дзе ён у маладосці пакінуў галерэю жаночых партрэтаў, напісаных на ватмане зялёнкай — фарбаў на той час пад рукамі не аказалася. Галоўны трэнер каманды Анатоль Ярмак у гутарцы з народным мастаком Беларусі адзначыў, што жаночая зборная па вольнай барацьбе — вялікая, але менавіта дзве гэтыя спартсменкі паказалі найлепшыя вынікі на перадалімпійскіх спаборніцтвах.

— Я спадзяюся, што жаночая каманда па вольнай барацьбе без медаля не вернецца! — рэзюмаваў Іван Міско.

***

Наш фотакарэспандэнт Юрый Іваноў пад час наведвання Стаек зняў і некаторых іншых алімпійцаў. Сярод іх — капітан беларускай зборнай, штурхальнік молата Іван Ціхан і штурхальнік ядра Юрый Бялоў.