Шукшынскія светлыя душы

№ 34 (1421) 24.08.2019 - 31.08.2019 г

Свой 93-ці сезон Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа завяршыў прэм’ерай “Яшчэ раз пра каханне” паводле апавяданняў Васіля Шукшына.

/i/content/pi/cult/759/16418/13.jpgСёлета літаратурны свет адзначае 90-годдзе з дня нараджэння выдатнага расійскага пісьменніка, сцэнарыста, рэжысёра, акцёра. Коласаўскі тэатр звяртаецца да яго спадчыны, увасабляючы яе ўжо ў трэці раз: яшчэ ў 70-я гады былі “Энергічныя людзі” ў пастаноўцы Валерыя Мазынскага, некалькі сезонаў таму — “Да трэціх пеўняў” Міхася Краснабаева. І вось — новае прачытанне.

Добра вядомы віцебскаму гледачу расійскі рэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі Юрый Пахомаў абраў для інсцэніроўкі толькі адну тэму з размаітай палітры творчасці Васіля Шукшына — каханне, аб’яднаўшы некалькі вядомых апавяданняў у адзін спектакль. Для аўтара яна істотная, бо дазваляе раскрыць багаты духоўны свет — светлыя душы яго герояў-дзівакоў.

Мастак-сцэнограф Андрэй Жыгур выбудоўвае прастору такім чынам, што вялікі доўгі плот перагароджвае чаротку белых бярозак — адзін з улюбёных вобразаў Шукшына. На першым плане няхітрая вясковая драўляная надоба — лаўкі, зэдлікі, стол. За імі кабеты могуць абмяркоўваць чуткі, мужчыны — свае сардэчныя справы. Тут можа быць рэдакцыя раёнкі альбо сельскі клуб, адбывацца недарэчнае сватанне альбо праводзіны ў апошні шлях. Як гэта найчасцей і бывае ў пастаноўках паводле Шукшына, актыўную ролю ў дзеянні адыгрывае масоўка, свайго роду хор, ад чыёй асобы і ідзе расповед.

Амаль кожны артыст выконвае ў спектаклі некалькі роляў, а ўсе яны разам яшчэ апавядальнікі. Так Георгій Лойка ў першай навеле (“Раскас”) выходзіць у вобразе цэнтральнага героя Івана Пеціна, якога няверная жонка ахрысціла “пяньком”, а ў апошняй (“Восенню”) ён жа — Павел, які ўсё жыццё адпакутаваў нялюбым мужам у сваёй горача каханай ім Мар’і (заслужаная артыстка Беларусі Галіна Букаціна). Дзве гісторыі і два розныя (у першым выпадку трагікамедыйны, у другім — драматычны) характары, няпростыя лёсы.

/i/content/pi/cult/759/16418/14.jpgАрцём Блахін у навеле “Беспальцы”, скарыстоўваючы цэлую палітру фарбаў, бліскуча ўвасобіў вобраз Сярогі Бязменава — шчыра-непасрэднага, блазнаватага ў пачатку і спапялёнага шалёнай, бязмежнай жарсцю ў фінале. А ў “Раскасе” ён ужо выконвае ролю рэдактара раёнкі Агеева — тактоўнага, добразычлівага, але няздольнага зразумець вясковага дзівака, выяўляючы ў гэтым аднамернасць свайго мыслення, сваёй натуры.

Хочацца адзначыць відавочны творчы рост яшчэ аднаго маладога артыста Арцёма Герака, які выконвае ролі Сцёпкі ў “Сцёпкавым каханні” і сына Мар’і з навелы “Восенню”. Акцёр пашырае свае рамкі лірычнага героя, спрабуючы сябе ў вобразе ўпартым, непахісным у дасягненні сваёй мэты, у нечым дзівацкім, але па-мужчынску надзейным, вельмі сапраўдным у сваёй юнацкай, чалавечай чысціні.

Рэжысёр Юрый Пахомаў імкнуўся захаваць і тую іранічную інтанацыю, што закладзена ў апавяданнях Шукшына, і пяшчотны лірызм, а таксама стварыць аб’ёмныя нешараговыя характары. Дапамагае яму ў гэтым пластычныя (харэограф Дзіяна Юрчанка), візуальныя, медыа- сродкі. Напрыклад, у расповедзе “Раскас” заўзятарка клубных рэпетыцый, летуценніца Людміла (Наталля Аладка) распачынае гламурнае танга са сваім новым кавалерам (Уладзіслаў Жураўлёў), а потым танец дубліруецца на экране адпаведным данс-урыўкам з фільма “Дзяўчына маёй мары”. Навела ўдала завяршаецца кінавыявай Чарлі Чапліна. Пластычны малюнак пераважае і ў створаным гэтай жа актрысай вобразе прадавачкі з “Боцікаў” — злоснай, хамаватай, зайздрослівай кабеты. У дадзеным выпадку ён праўдзіва перадае ўнутраную сутнасць не проста характару, а нейкага маральнага вывіху.

Але ж перамагаюць светлыя душы. Такія, як Сяргей Духанін (Яўген Бераснеў) з апавядання “Боцікі”, які валодае народнай мудрасцю. Згодна з яго жыццёвай філасофіяй трэба рабіць сабе і блізкім радасці, пакуль гэта магчыма. Ён набыў дарагі падарунак жонцы Клаўдзіі (Вікторыя Шамардзіна) і гэтая падзея падштурхнула яго ўспомніць крыху заглухлыя ў штодзённай руціне пачуцці да жонкі. Каханне ізноў з нечаканай сілай асвятліла іх душы.

У апошняй навеле “Восенню”, якая рэзка кантрастуе з папярэднімі, ужо зусім няма той ігравой лёгкасці, знешняй вынаходлівасці, якой, магчыма, і грашыць сучасны тэатр. Стары паромшчык Піліп Цюрын (Пятро Ламан) жыве пастаяннымі ўспамінамі пра першае каханне — Мар’ю Ярмілаву. У маладосці яны разышліся толькі праз ягоную ўпартасць: не захацеў Піліп вянчацца, бо быў прыхільнікам новай улады і іншых поглядаў на бацькоўскія традыцыі. Мар’я выйшла за другога, а пасля і Цюрын сам ажаніўся. Яны бачыліся ўсяго некалькі разоў за жыццё. Асабліва кранальная сцэна апошняй сустрэчы Піліпа і Мар’і. Колькі пяшчоты ў іх словах і рухах, дотыках адно да аднаго, спачування, шкадавання аб незваротным!

І вось лёс карае Піліпа за дурны малады ўчынак: ён бачыць, як Павел — муж Мар’і — вязе былую каханую ў апошні шлях... Артыст Пятро Ламан вельмі дакладна перадае вялікую ўнутраную драму свайго героя. У нейкія моманты ён імкнецца апраўдаць сябе, абвінаваціць Паўла ва ўсім, але ўзнікае адчуванне, што тым самым ён імкнецца заглушыць свой душэўны боль. Час раскідваць камяні, час іх збіраць. Вось гэтая біблейская мудрасць ляжыць у аснове фінальнай часткі спектакля.

Юрый ІВАНОЎСКІ

Фота Наталлі ЛАВІЦКАЙ-ЯРМОЛАВАЙ