Казачны дом для брэсцкай лялькі

№ 34 (1421) 24.08.2019 - 31.08.2019 г

Амаль дзесяць гадоў брэсцкія лялечнікі туліліся на ўскрайку горада ў памяшканні былога кінатэатра, пакуль у цэнтры ішло грандыёзнае будаўніцтва — узводзіўся гмах тэатра лялек. Я добра памятаю стары дамок, які таксама не быў ідэальным, бо калісьці калектыў прыстасаваў пад свае патрэбы жылы будынак. Тады тэатр не мог пахваліцца прасторным фае, не было дзе захоўваць дэкарацыі, не ставала нават элементарных кішэняў сцэны. Архітэктар Валерый Кескевіч пакінуў ад былога толькі адну сцяну, упісаўшы яе ў масштабны праект. У 2012 годзе каля гэтых рэшткаў узнік катлаван пад фундамент доўгачаканай мары. Далей усё, як на арэлях: праект то ўзрастаў фасадамі, то застываў на неакрэслены час з-за недахопу фінансавання. Нарэшце ўсе хваляванні ў мінулым: артысты і тэатральныя службы пачалі абжываць доўгачаканы дом. Новы тэатр лялек павінен стаць сапраўды сямейным культурным цэнтрам Брэста.

/i/content/pi/cult/759/16407/1.jpgВада, мармур і прастора

Новы будынак бачыш здалек: трэба сысці з цягніка і не так многа прайсці па вуліцы Леніна, каб прыкмеціць над верхавінамі дрэў знаёмую эмблему Брэсцкага тэатра лялек. Яшчэ некалькі дзясяткаў крокаў — і адчыняецца раскошная тэатральная панарама: насупраць даўно вядомага сілуэта Акадэмічнага тэатра драмы ўзвышаецца авангардная будыніна лялечнага панавання. У адрозненне ад папярэдняга дамка, у гэтым гмаху налічваецца каля паўсотні памяшканняў.

У цэнтральны ўваход мы прайсці не змаглі, бо ў тэатры ідуць завяршальныя працы па падрыхтоўцы да адкрыцця. Аднак гэтае месца ўжо прыцягвае дзяцей: малеча з задавальненнем скача па прыступках параднай лесвіцы, лазіць па высачэзных парапетах.

— Хутка да мармуровых абшараў дададзім кветкі, каб прастора выглядала больш утульна, — распавядае наш сённяшні экскурсавод, ролю якога ўзяла на сябе заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Тамара Тэвасян. — З другога боку лесвіцы архітэктарам Валерыем Кескевічам была задумана безупынная “рэчка” — гэткі спакойны фантан без залішніх усплёскаў. Сістэма падрыхтавана. Спадзяемся, што ў першыя дні верасня, калі гледачоў запросяць на першы спектакль, вада забруіцца па гэтых камянях.

Спускаючыся з лесвіцы, прыкмячаю тэхнічныя паглыбленні, быццам спецыяльна пакінутыя для таго, каб тут нешта ўсталявалі. Пазней мастацкі кіраўнік тэатра Міхаіл Шавель падцвярджае маю згадку: налета тут павінны з’явіцца скульптуры скамарохаў.

/i/content/pi/cult/759/16407/2.jpg— Звычайна ля дзіцячых тэатраў ставяць нейкіх персанажаў, мы ж хочам увекавечыць памяць тых, хто рэальна існаваў. З гістарычных хронік вядомы імёны скамарохаў, якія працавалі на гэтай зямлі ў 1566 годзе, — Ціт, Герасім і Герман. Па сутнасці, яны — родапачынальнікі тэатральнага мастацтва на Берасцейшчыне.

Пакуль жа мы праз скрыжаванне з вуліцай Будзёнага рушым да службовага ўвахода. Па дарозе спынемся на прасторнай пляцоўцы, якая відавочна стане паркоўкай для аматараў тэатральнага мастацтва. Нарэшце бацькі перастануць кідаць, як гэта было раней, машыны ўздож вуліцы Леніна, а змогуць цывілізавана прывезці сваё дзіця на спектакль. Дарэчы, магчымасцям новабуду мусяць парадавацца і людзі з асаблівымі патрэбамі: для іх тут прадугледжаны безбар’ерны асяродак, маюцца пандусы, ліфты, спецыяльныя прыбіральні.

Невычэрпнае адчуванне сцэны

Унутраны тэатральны дворык накрыты празрыстым дахам, такім чынам можна не хвалявацца, што ў непагадзь дэкарацыі падчас перамяшчэння з майстэрняў да сцэны намокнуць. Да таго ж, на свежым паветры прасцей працаваць, калі неабходна рэзаць па металу, займацца зварачнымі работамі, апрацоўваць дрэва.

/i/content/pi/cult/759/16407/3.jpgМы заспелі момант, калі запрошаны з Санкт-Пецярбурга мастак Марына Заўялава рыхтавала цэнтральную частку дэкарацыі да спектакля, якім тэатр у верасні адзначыць пярэбары. Побач з кубачкам кавы сачыў за працэсам добра знаёмы брэстчанам галоўны рэжысёр Вялікага тэатра лялек Руслан Кудашоў. З гэтым калектывам ён паставіў нямала спектакляў, якія прынеслі брэсцкаму тэатру перамогу і добразычлівую крытыку на мностве міжнародных фестываляў. Для адкрыцця ён прапанаваў класіку беларускай літаратуры — аповесць Васіля Быкава “Сотнікаў”.

/i/content/pi/cult/759/16407/4.JPG— У наш час, які схільны да віхлянняў партый, рэлігій, грамадскіх настрояў, Быкаў надзвычай актуальны. Ён прыпарыруе чалавека, каб зразумець, што ўплывае на выбар асобы, які стаіць на мяжы здрады. Магчыма, спектакль трапіць у афішу пад назвай “Невычарпальная яснасць быцця”, бо Сотнікаў разам з тымі, хто з ім ідзе на смяротнае пакаранне, спасцігае гэта разуменне.

Пецярбургскі рэжысёр зазначае, новая лялечная каробка сцэны магла ашчаслівіць любы драматычны тэатр. Аднак ён не збіраецца звужаць прастору, а мусіць працаваць з усім тым аб’ёмам, які яна прапануе. Насамрэч уражваюць не толькі габарыты новай тэатральнай пляцоўкі (пад тры дзясяткі метраў у вышыню!), але і незвычайнае архітэктурнае рашэнне: глядацкія шэрагі расстаўлены на супрацьлеглых баках сцэны. Пасярод яе будуць апускаць спецыяльную заслону, якая падзеліць вялікую і малую залы. Для кожнай з іх прадугледжана свая гукавая і светлавая рубкі, паасобку працуюць сафітныя вежы і аўтаматызаваныя пад’ёмнікі мяккіх дэкарацый і куліс. А пры жаданні пад адмысловы праект можна будзе задзейнічаць усю плошчу.

Як распавяла Тамара Тэвасян, светлавое і гукавое абсталяванне ўжо ўстаноўлена. Зараз ідзе наладка. Малую залу, разлічаную на 70 месцаў, плануецца аддаць у тым ліку пад эксперыментальныя праекты. У вялікай адначасова можна змясціць 190 гледачоў у партэры і каля 30 — на балконах. Што парадавала асабліва мяне, дык гэта крэслы. Нарэшце ў дзіцячым тэатры з’явіліся трансформеры: у складзеным выглядзе яны дазваляюць сядзець малечы вышэй, быццам у аўтамабільным бустары, тым самым гучныя выклікі пасярод дзеяння “мама, мне не бачна!” павінны сысці ў мінулае.

/i/content/pi/cult/759/16407/5.JPGА вось засмучае, што сэрца тэатра патачыла аптымізацыя. У 2014-м годзе ў інтэрв’ю “К” Міхаіл Шавель распавядаў: “Сцэна будзе падымацца на два метры і на столькі ж — апускацца. Нават авансцэну можна апусціць на ўзровень падлогі глядзельнай залы”. Планавалася мець шэсць рухомых планшэтаў, аднак за дзесяць гадоў будавання не аднойчы пераглядаліся фінансавыя каштарысы, штосьці для чыноўнікаў падалося занадта дарагім. У выніку адзіны планшэт сцэны ў 2019-м годзе атрымаў усяго некалькі люкаў правалу і схаваныя сейфы для захоўвання адзення і мяккіх дэкарацый… Праўда, усё ж абяцаюць паставіць тут фуру з паваротным колам.

— Затое ў новым будынку з’явіліся вялізныя кішэні сцэны, балетны клас з уласнай распранальняй, рэпетыцыйная зала, асобныя пакоі пад швейны, пасціжорны, касцюмерны, шпалерна-драпіравальны цэхі, кабінеты для спецыялістаў і многае іншае. У нас нарэшце адчыніцца музей! Пад яго адведзена больш за 100 квадратных метраў. Шчыра кажу: ужо хочацца тут рэпеціраваць і працаваць напоўніцу! — узрушана прамаўляе спадарыня Тамара.

Свята кожны дзень

Тамара Анатольеўна вядзе нашую экскурсійную міні-групу ў грымёркі. У памяшканні, разлічаным на чатырох, месцяцца вялікія люстры з прафесійнай падсветкай. У невялічкім калідорчыку стаіць спецыяльная шафа для рэчаў, а побач… Вось тут шчыра пазайздросцяць амаль што ўсе лялечнікі краіны: у кожнай брэсцкай артыстычнай усталявана душавая кабіна! Цяпер не трэба ламаць галаву, што рабіць, калі ты выходзіш пасля спектакля ўвесь мокры, ці як зняць грым, калі ў фарбу закатана практычна ўсё цела.

Артыстычныя занялі два паверхі ў адным са службовых крылаў. Над імі — гатэльныя нумары для запрошаных рэжысёраў ці мастакоў. Да таго паўсюль шмат невялічкіх зон адпачынку. Працаваць у новым будынку відавочна будзе больш камфортна.

— На жаль, на сёння тэатр застаўся без галоўнага рэжысёра, — засмучаецца спадар Шавель. — Мы на ростанях, але, спадзяюся, знойдзем. Пакуль што вядзем перамовы як з мясцовымі пастаноўшчыкамі, так і з прадстаўнікамі блізкага замежжа.

Па-іншаму паглядзець на тутэйшы тэатр лялек мусяць гараджане. Для іх створаны камп’ютарны клас, памяшканне для гульняў памерам са спартыўную залу, пакой імянінніка. Як зазначае Міхаіл Шавель, гэтыя дадатковыя паслугі будуць прапаноўвацца на платнай аснове, значыць, дапамогуць тэатру зарабляць. Хто ўзначаліць новыя напрамкі? Магчыма, з’явяцца супрацоўнікі на дагаворах падраду. Увогуле, у такім гмаху могуць працаваць да 150 чалавек. Пры неабходнасці сённяшнюю трупу ў 16 чалавек магчыма пашырыць да 55-ці. Калі будынак тэатра прымуць, кіраўніцтва зможа падумаць над новым штатным раскладам. Гэта ўсё — справа часу.

Хутка ж гледачы з’явяцца ля кас з вялізнымі маніторамі, ажыве гардэроб, загучаць галасы ў тэатральных кавярнях, што размясціліся не толькі на кожным паверсе, але і на даху аднаго з тэатральных карпусоў. Дзеці заскачуць у прасторным фае, дзе ўжо не будзе праблемы паставіць калядную елку. Бацькі пойдуць на “хары”, каб зверху сачыць за дзецьмі ды вывучаць партрэты артыстаў тэатра, або выйдуць на балкон над цэнтральным уваходам, каб паназіраць, як збіраецца публіка ў новы будынак. Які, між іншым, стаў першым з 1983 года, узведзеным у Беларусі адмыслова для тэатра.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"