Прадзюсар рокавых традыцый

№ 33 (1420) 17.08.2019 - 24.08.2019 г

14 жніўня сустрэў сваё 40-годдзе Віталь СУПРАНОВІЧ — адзін з тых, хто ставіў на рэйкі ў Беларусі так званы “альтэрнатыўны шоу-бізнес”, выпускаючы рэлізы і праводзячы канцэрты артыстаў, якія да эстраднай музыкі дачынення не мелi. Пачынаў ён гэтую сваю добрую дзейнасць бліжэй да сярэдзіны 1990-х, калі яму яшчэ і 20 гадоў не было! Але і не толькі рок з авангардам рухаў ён у масы, а шмат намаганняў прыклаў і да таго, каб пабачылі свет архіўныя аўдыяматэрыялы з запісамі незаслужана забытых і напаўзабытых айчынных выканаўцаў, якія працавалі ў самых розных жанрах. Зараз госць “К” па-ранейшаму ладзіць выступы беларускіх музыкантаў, аднак справядлівасці дзеля варта сказаць, што вялікая частка мерапрыемстваў, якія праводзяцца ім, ужо даўно звязаная з гастролямі артыстаў замежных, за што ён у свой час быў неміласэрдна крытыкаваны заўзятымі фанатамі роднай музычнай альтэрнатывы. Мы ж не будзем крытыкаваць Віталя, а пусцімся з ім ва ўспаміны і пагаворым пра дзень сённяшні.

/i/content/pi/cult/758/16404/19.JPGСлухаць сваё

— Калі ты зразумеў, што беларускамоўныя песні табе менавіта жыццёва неабходныя?

— У пачатку 1990-х гадоў, калі я пачуў гурты “Бонда”, “Мроя”, “Мясцовы час”, ULIS, потым былі “Крама”, N.R.M. Тады іх запісы яшчэ шырока не прадаваліся, але па радыё песні тых гуртоў часам гучалі, і я запісваў іх на свой касетны магнітафон. Даваў абвесткі ў часопісах, маўляў, шукаю таго, хто захапляецца беларускай музыкай. Грамадзянская пазіцыя, што была заяўлена ў тэкстах гэтых выканаўцаў, нейкія сацыяльныя тэмы, якія яны закраналі, адпавядалi і маім думкам — думкам маладога чалавека постперабудоўнага перыяду, калі наша краіна здабыла незалежнасць. У 1996-м годзе мы з маім прыяцелем Сяргеем Сахаравым стварылі пры “Таварыстве беларускай мовы” суполку (яе з гадамі людзі сталі называць хто як — і лэйбл, і кампанія, і неяк яшчэ), што стала займацца правядзеннем канцэртаў беларускамоўных выканаўцаў, выпускам іх пласцінак. Калі не блытаю, першы канцэрт, які мы правялі ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце, дзе вучыўся Сахараў, быў гурта N.R.M. Ну і так усё пайшло-паехала. У 1998-м у Мінску далі старт серыі клубных канцэртаў “Вольныя танцы”, па выніках якой быў выдадзены зборны дыск “Вольныя танцы: слухай сваё!” — першая ў гісторыі сучаснай айчыннай музыкі кампіляцыя з кампазіцыямі на беларускай мове альтэрнатыўных выканаўцаў (выключэннем стала толькі адна рускамоўная песня гурта “Нейро дюбель”).

— А як здарылася, што ваш лэйбл звярнуўся да малавядомай і непапсовай беларускай музычнай спадчыны?

— Асноўным генератарам ідэі — серыі кампакт-дыскаў “Беларускі музычны архіў” — быў журналіст Вітаўт Мартыненка. Ён распрацаваў агульную канцэпцыю — аж да афармлення вокладак пласцінак, шукаў і падаваў матэрыял (у тым ліку інфармацыйны), вызначаўся з тым, альбомы з творамі якіх выканаўцаў павінны выйсці і ў якой паслядоўнасці. Далучыў ён да гэтай справы і свайго сябра журналіста Анатоля Мяльгуя. У задачы ж лэйбла ўваходзілі падрыхтоўка дыскаў да выдання, іх рэклама і продаж. (Але, вядома, менавіта дзякуючы Вітаўту і Анатолю я вельмі і вельмі многае даведаўся не проста пра гісторыю беларускай музыкі, а аб гісторыі нашай краіны наогул.) І гэтымі пласцінкамі, і ўсёй аўдыяпрадукцыяй пад маркай нашай суполкі мы гандлявалі цалкам легальна і з захаваннем усіх аўтарскіх правоў.

— Якімі сваімі праектамі ты больш за ўсё ганарышся?

— Серыямі дыскаў “Вольныя танцы...” і “Беларускі музычны архіў”. Пласцінкамі з нашымі метал-выканаўцамі — атрымалася ў выніку энцыклапедыя беларускай “цяжкай” музыкі (спачатку яна называлася Hard Life / Heavy Music, а потым Metallection,
выйшла чатыры такіх тэматычных кампакта з песнямі на беларускай мове). Альбомам “Легенды Вялікага Княства”, прысвечаным музыцы Сярэднявечча і Рэнесансу. Праектам “Генералы айчыннага року” — дыскам з песнямі вядучых беларускіх рок-выканаўцаў і канцэртнай прэзентацыяй яго, што прайшла ў 2004-м годзе ў сталічным Лядовым палацы на вуліцы Прытыцкага. Кнігай “222 альбомы беларускага року і ня толькі”, якую напісалі Мартыненка і Мяльгуй. Выставай карцін музыкантаў “Музыка без межаў”…

— Прабач за такое пытанне: і добра вы зараблялі на канцэртах, рэалізацыі пласцінак? Машыну хоць бы прыдбаў?

— Ды якое там! Для Захаду наклад дыска ў тысячу асобнікаў наогул не лічыцца бізнесам. Мы займаліся, калі ўжо гучна казаць, асветніцкай дзейнасцю — праз дыскі, канцэрты. Атрыманыя грошы ішлі на правядзенне новых акцый, на запіс і выпуск новых рэлізаў. А машыны ў мяне няма... У жонкі ёсць…

У тую ж раку ў другі раз

— У 2014-м годзе ты абвясціў, што выпускам пласцінкі “Белая вада” гурта “Крама” ваша суполка спыняе сваё існаванне…

— Дакладней, спыняе выданне дыскаў — у гэтым жа была наша асноўная дзейнасць. Бізнес па выпуску дыскаў да таго часу ў Беларусі амаль памёр, яго адолеў інтэрнэт (ды і ва ўсім свеце індустрыя па выданні кампакт-дыскаў цяпер ужо знаходзіцца ў заняпадзе). Напрыклад, у Мінску засталася адна, ну, можа, дзве крамы, якія спецыялізуюцца на гандлі пласцінкамі. А тое, што выпускаецца самімі артыстамі, у сваёй асноўнай масе мінімальна па тыражы і ўяўляе з сябе не заводскія асобнікі, а так званыя “самарэзы”. Хіба што такія, як Лявон Вольскі, Віктар Шалкевіч, Зміцер Вайцюшкевіч, гурт “Стары Ольса”, могуць сабе дазволіць выдаваць творы прыстойнымі накладамі, бо маюць аншлагавыя канцэрты і вялікае кола сваіх прыхільнікаў. Аднак сёлета мы зноў пачалі выдаваць дыскі, заводскія, выпусціўшы двайны альбом у шыкоўным дзігіпаку “Праўда ў віне” / “Сыны старадаўняй Літвы” музыканта гурта “Стары Ольса” Алеся Чумакова. Але ці будзе гэта працягвацца — паглядзім.

— І яно табе трэба, калі перспектыў у такога бізнесу няма?

— Мы палічылі, што павінны папрацаваць з Алесем, бо тыя творы, якія ён складае, запісвае, практычна не транслююць ні па радыё, ні па тэлевізары, дзе іх лічаць “нефарматам”. Мы ж перакананыя, што творчасць Чумакова з’яўляецца здабыткам у музыцы i яна павінна быць матэрыялізаваная на аўдыяносьбітах. Да таго ж, такая музыка будзе дакладна запатрабаваная за мяжой, таму і выдалі яе ў дзігіпаку, каб не было сорамна.

— Ці шмат крыўдных слоў у свой адрас пачуў пасля таго, як стаў ладзіць канцэрты замежных музыкантаў, кшталту, “прадаўся Супрановіч”?

— Тут трэба размежаваць маю дзейнасць. Суполка наша працягвае жыць. I існуе агенцтва, якое займаецца канцэртамі і беларускіх, і замежных выканаўцаў. I гэта таксама мая праца. Мае погляды на беларускую музыку, беларускую культуру, на ўсё беларускае ніколькі не змяніліся, і калі ёсць магчымасць зрабіць нешта патрэбнае для нашай краіны — няважна, у якой галiне, я заўсёды на тое адгукаюся ці ж сам ініцыюю розныя праекты. А крытыка, вядома, спачатку крыўдзіла. Крыўдзіла неразуменне людзей, напэўна, занадта прынцыповых, радыкальна настроеных. У мяне таксама ёсць прынцыпы, але калі мне трэба будзе супрацоўніцтва з чалавекам, з якім існуюць кардынальныя разыходжанні па якіх-небудзь пытаннях — не працоўных, я на час гатовы забыцца на iх. У гэтым выпадку прыярытэтным для мяне з’яўляецца наша сумесная праца — яна павінна быць выканана добра. А потым, дапусцім, мы можам спрачацца і лаяцца з ім у сацыяльнай сетцы.

Пораху не шкада!

— Як, на твой погляд, змянілася тая музыка, што ты раскручваў?

— Зараз даводзіцца змяняць свае падыходы да працы, бо як спяваў Вольскі: “Я рок-музыкант старых традыцый, гэта не прызванне, гэта пазіцыя…” Трэба быць у трэндзе. Так як беларускай музыкай я цяпер займаюся не надта шмат, то пра тое, што адбываецца з яе непапсовым складнікам, ведаю мала. Раней яна — натуральна, беларускамоўная — праз мяне праходзіла амаль уся, цяпер я нешта адсочваю, аднак вельмі выбарачна. Але бачу, што, напрыклад, пад які-небудзь буйны фестываль, для яго развіцця, сёння ў краіне выканаўцаў няма. Можа, толькі гурт Dzieciuki адказвае майму ўяўленню аб сучасным беларускамоўным року.

— Няўжо і новыя дыскі нашых рок-мэтраў не слухаеш?

— Спецыяльна не… Хаця стараюся быць у курсе. З таго, што безумоўна зрабіла на мяне ўражанне апошнім часам — гэта двайны альбом Віктара Шалкевіча “Такая доўгая зіма” / “Балады. Найлепшае”.

— Ёсць сёння сілы, а галоўнае — жаданне, каб замахнуцца на буйную канцэртную акцыю — накшталт тых жа “Генералаў...”?

— На дадзены момант, хутчэй, што не. Ну і заўсёды хацелася рабіць нешта, што было б на прыступку вышэй. Зараз у краіне праводзіцца шмат фестываляў, на жаль, беларуская рок-музыка не
заўсёды займае на іх належнае месца. Але ж былі ўдалыя спробы рабіць фестывалі цалкам з беларускім лайн-апам, спадзяюся, новае пакаленне арганізатараў канцэртаў працягне гэтую справу. А я пры патрэбе гатовы падключыцца -- вопыт назапашаны каласальны, пораху яшчэ трохі ёсць. 40 гадоў -- гэта не фініш для мяне, аднак я ўсё ж такі шмат у чым застаўся ў тым музычным часе. Ён быў выдатны, дзіўны, цікавы, багаты на адкрыцці і падзеі ў музыцы. І 2010-я гады, вядома, таксама для кагосьці сапраўды такія ж па адчуваннях.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"