Эпікрыз чытання

№ 33 (1420) 17.08.2019 - 24.08.2019 г

Навацыі бібліятэкі Мураванай Ашмянкі
Прыдумаць новае гэтак жа складана, як адмовіцца ад старога. Тым больш у сферы сельскай культуры, дзе кадравая праблема на сёння паўстае як ніколі востра. І бібліятэчная справа ў гэтым плане — найбольш паказальная. Маладыя гуманітарыі з хранічнай залежнасцю ад кнігі і чытання калі і трапляюць у вёску, якую дагэтуль не бачылі, дык толькі на два гады адчапнога. Тэрмін гэты ніяк не пасуе стварэнню базы крэатыўных ідэй. Рэй за бібліятэчнай кафедрай па-ранейшаму вядуць пенсіянеры ці “перадпенсіянеры”. Час ужо ім помнік адліваць за прафесійную непахіснасць.

/i/content/pi/cult/758/16403/18.JPGЯ не буду цяпер пра тое, што “мэтавікі” сітуацыі не выправяць, бо іх ужо няма адкуль браць (хоць пэўная праблема прафарыентацыі існавала і існуе). Я пра тое цяпер, як насуперак усяму рэалізуюцца ў бібліятэчнай справе праекты развіцця. А нагодай для публікацыі стала пісьмо метадыста аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ашмянскай раённай бібліятэкі Алены Гушча. Яна паведаміла, што па выніках XVII Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” першае месца ў намінацыі “За навацыі” атрымала сельская ўстанова аграгарадка Муравана Ашмянка. Закарцела кожную навацыю разабраць па костачках. Для, так бы мовіць, складання больш-менш аб’ектыўнага эпікрызу мясцовай бібліятэчнай справы.

Пры наяўнасці адсутнасці

Медыцынская тэрміналогія артыкула — невыпадковая. Прыгадаю для карысці агульнага паразумення, як у адным з сібірскіх пасёлкаў бібліятэкар заводзіла чытацкі фармуляр на кожнае толькі што народжанае дзіця. У выніку кожны жыхар быў чытачом. Так, не лічыўся, а быў. Немаўля, зразумела, нават не ўсведамляла пакуль сваё чытацкае прызначэнне. А вось бібліятэкар уласную адказнасць разумела: яшчэ да родаў вяла гаворку з будучай маці пра тое, якія кніжкі будзе чытаць яе дзіця. Рабіла такія абходы пастаянна і сістэмна. Так хатні доктар назірае цягам жыцця за станам здароўя падшэфнай сям’і. Сёння не трэба асабліва даводзіць, што чытанне станоўча ўплывае на здароўе, і маральнае, і фізічнае. Не варта шмат разглагольстваваць і пра тое, што сённяшняе грамадства неабходна лячыць. Вось кропка прыкладання сіл для маладых, крэатыўных ды амбіцыйных! Але пры наяўнасці адсутнасці…

Бібліятэкару з Мураванай Ашмянкі Таццяне Ціхановіч — 40 гадоў. Гэта вельмі сціплая жанчына. Сціплая ў дадзеным выпадку — тактоўная і выхаваная. А бібліятэцы — 70 гадоў. Тут, натуральна, і традыцый шмат, і гісторыя — адмысловая. Толькі практык з немалым стажам можа ацаніць такі расклад. Пра ўсё гэта мы будзем гаварыць. Але галоўнае пакуль тое, што Таццяна, як і той хатні ўрач, пастаралася аб’яднаць чытачоў у сям’ю, дзе справа знайшлася і старым, і маладым. Бібліятэчнае аматарскае аб’яднанне — мабільнае: пастаянна выязджае ў райцэнтр, іншыя вёскі, бо супрацоўнічае са шматлікімі аб’яднаннямі сельскіх бібліятэк. Пасяджэнні адбываюцца таксама ў клубах, у лесе і на полі.

Мой родны “КУТ”

Ціхановіч не выдумляла ровар. Ровары прыдбала кіраўніцтва. Для чаго? Першымі на гэтае пытанне адказалі бібліятэкары Кальчуноў, досвед якіх потым быў выкарыстаны і ў Мураванай Ашмянцы. “К” не раз пісала ўжо пра тое, што аднаго бібліёбуса на раён цяпер — недастаткова. Тым больш у Ашмянскім раёне, дзе спрадвеку культывавалася хутарское гаспадаранне. Адзін — два пенсіянеры (іх на сёння — больш за 20 працэнтаў) на вялікай адлегласці ад раённага цэнтра — справа звыклая. Аўтабібліятэка да кожнага не паспявае фізічна. Хтосьці прапаноўвае заводзіць другі бібліёбус. Хтосьці шукае іншыя варыянты. Мы зараз — пра варыянт Кальчуноў і Мураванай Ашмянкі.

Першая навацыя, на мой погляд, — у стварэнні клуба старастаў вёсак. Кожны з іх — своеасаблівы пазаштатны, так бы мовіць, работнік культуры. І ў дапамогу да кожнага прыйшлі валанцёры (старшакласнікі) на роварах. Кожны з пенсіянераў аддаленых вёсак адчуў увагу да сябе. Вельмі рэдкі, лічу, прыклад для рэспублікі, калі сельская бібліятэка, выкарыстоўваючы шырокія магчымасці мясцовага самакіравання, упэўнена бярэ на сябе місію пасрэдніка паміж насельніцтвам і ўладай.

Праект “Стварэнне клуба старастаў вёсак “КУТ” (культура управления территорией) фінансаваўся Еўрасаюзам у рамках праграмы міжнароднай гуманітарнай дапамогі. Галоўная задача праекта — арганізацыя інфармацыйна-культурнага абслугоўвання насельніцтва, наладжванне валанцёрскага руху, актывізацыя сацыяльных магчымасцяў сельскай бібліятэкі. У выніку пры сельскай установе Мураванай Ашмянкі дзейнічае клуб вясковых старастаў “КУТ”, якім кіруе Аліна Лыскойць — стараста вёскі Мураваная Ашмянка. Пенсіянерка ў свой час працавала тут бібліятэкарам, ведае, як задаволіць чытацкія патрэбы.

Пазаштатныя работнікі культуры

Збольшага старасты вёсак — людзі пенсійнага ўзросту. Усе яны цяпер — не проста чытачы, але і пазаштатныя бібліятэкары, сацыяльныя работнікі, псіхолагі… Словам — хатнія ўрачы. Таццяна Ціхановіч можа не хвалявацца за стан бібліятэчных спраў на аддаленых ашмянскіх хутарах. Туды заўжды прыедуць з кнігамі валанцёры.

А старасты не дадуць вяскоўцам заснуць ад суму. Да прыкладу, Данута Матусевіч кіруе ў вёсцы Швабы, ладзіць для пажылых вечарыны. Стараста вёскі Цімуты Яніна Маркоўская зрабіла бібліятэку з уласнай хаты. Кожная ведае сваіх юбіляраў, кожная трымае на кантролі сітуацыю з асвятленнем і водазабеспячэннем вёскі.… Дый ці шмат тут іншых пытанняў, вырашэнне якіх магчымае толькі намаганнем грамады?

Старасты ладзяць сустрэчы насельніцтва з інфармацыйнай групай мясцовага сельскага савета, арганізоўваюць конкурсы сярод дзяцей і дарослых. Адзін з іх называўся “Добрая справа”. У выніку была зроблена ў скверы добраўпарадкаваная зона адпачынку, а ў сельскім клубе ўзнік цэнтр творчасці для дзяцей і моладзі. Ідэя мясцовага самакіравання — старая як свет. Але ці паўсюль вясковыя бібліятэкі бяруць на сябе адказнасць гэтую ідэю рэалізоўваць разам з чытачамі?

На ім сіва грыва…

Нехта можа падумаць, што пры клубе вясковых старастаў бібліятэкар Таццяна Ціхановіч спіць сабе паціху ў шапку. Ды не. Яна — галоўны хатні ўрач з правам апошняга слова ў выпісванні рэцэптаў чытання. Цяжка назваць навацыяй сумленнае стаўленне да бібліятэчнай справы. Але зыходзячы з сённяшняй кадравай сітуацыі, пра якую казаў на пачатку артыкула, такое стаўленне — далёка не агульна прынятае. Дый урэшце новае — гэта забытае старое…

Няхай не крыўдуюць на мяне жыхары раёна, але Ашмяншчыну называюць апендыксам Гродзеншчыны. Аднак гэта той апендыкс, які не выдаляць трэба, а даглядаць ды пеставаць. (Зноў без дбайнага ўрача не абысціся.) Хаця б з той нагоды, што Літва побач, а ў дачыненні да Мураванай Ашмянкі — увогуле ці не за плотам. Турыстаў тут заўжды шмат. І цікавіць іх асоба Крыштафа Монвіда Дарагастайскага — дзяржаўнага дзеяча ВКЛ, пісьменніка, аўтара кнігі “Гіпіка, альбо Кніга пра коней”, уладальніка першай на тэрыторыі сучаснай Беларусі друкарні. І турысты гэтыя хочуць паглядзець не толькі на месца, дзе калісьці друкарня месцілася. Цягне іх у бібліятэку, бо чуткі пра яе дасведчанасць у справе жыццяпісу Дарагастайскага і за мяжу распаўсюдзіліся. Гаворка — пра чарговую навацыю: бібліятэчны музей этнаграфіі і краязнаўства.

Музей — я калісьці на ўласныя вочы пераканаўся — вельмі грунтоўны. І вядучае месца тут, зразумела, займаюць звесткі пра знанага аматара коней. Да прыкладу, сабраны ўсе, падаецца, літаратурна-інфармацыйныя матэрыялы пра знакамітага земляка: крытычныя, навукова-папулярныя, гістарычныя дакументы, рэкламна-інфармацыйныя буклеты, сама “Гіпіка…” і шмат яшчэ чаго. Вялікая і калекцыя этнаграфіі: посцілкі, ходнікі, рушнікі, працоўны рыштунак…Так што ў музейным пакоі — заўжды завозна: гісторыяй і культурай краю цікавяцца альбо турысты-вандроўнікі, альбо экскурсанты-школьнікі.

Вось і ўсе, па сутнасці, навацыі Таццяны Ціхановіч. Мая б воля, я змяніў бы трошкі намінацыю Рэспубліканскага бібліятэчнага конкурсу, у якой вызначылася ўстанова Мураванай Ашмянкі: “За сумленнае выкананне прафесійнай справы”. І няхай маладым спецыялістам будзе сорамна. Цікава, ці знойдуцца такія ў сельскіх бібліятэках краіны?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"