Хто бліжэй да ісціны?

№ 33 (1420) 17.08.2019 - 24.08.2019 г

Два погляды на будучыню каранёвай культуры
Шукаючы ў вёсцы Сянькова адзіную ўстанову культуры, я звярнуўся на дапамогу да старэнькай бабулі, якая з чымсьці корпалася ў сваім двары. “Што-што шукаеце? — перапытала яна мяне. — Культуру? Ды колькі яе ў нас засталося... Ды і не патрэбна яна цяпер нікому”. Але як прайсці — патлумачыла. І адправіўся я па ўказаным маршруце — увесь такі ў роздумах…

/i/content/pi/cult/758/16402/17.JPGЭканомная культура

— Калісьці ў вёсцы выступалі артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Коласа, — уздыхае загадчыца Сянькоўскага клуба-бібліятэкi Любоў Марынская. — А потым яе жыхары пачалі эканоміць на культуры, білеты сталі прадавацца горш і апошнія “зорныя” гастралёры былі ў нас гадоў 15 таму.

Тое, што эканомія закранула і жыццё самой установы, якую Любоў Іванаўна ўзначальвае 36-ты год, відаць няўзброеным вокам — капітальны рамонт будынку вельмі неабходны. Дванаццаць гадоў таму СКБ пераехаў у памяшканне дзіцячага сада, з тых часоў яно латалася толькі сіламі яго супрацоўнікаў. Існуе патрэба ў новых касцюмах для творчых аб’яднанняў, патрабуе абнаўлення рэквізіт.

У клубе-бібліятэцы — пяць фарміраванняў. У рукадзельнай майстэрні займаюцца дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам — напрыклад, па вясне збіраюць матэрыял для фларыстыкі, а ўвосень робяць кветкі з лісця кукурузных пачаткаў; вырабляюць лялькі-
абярэгі, розныя прадметы з пап’е-машэ... Гурток гульнявых праграм “Батлейка” ладзіць прадстаўленні кожную (!) нядзелю, прычым паўторы з рэмейкамі здараюцца рэдка, а ў многія iмпрэзы дададзеныя элементы тэатралізацыі. Народны фальклорны калектыў “Сяньковіца”, якому больш за 40 гадоў, выконвае ў асноўным чыста мясцовую аўтэнтыку, а дзеткі з фальклорнага гурту-спадарожніка “Галасы вякоў” з’яўляюцца пераемнікамі сваіх старэйшых таварышаў па спевах. Гурток жа “Кракавяк” спецыялізуецца на тутэйшых старадаўніх пабытовых танцах.

— Мы ўдзельнічаем у розных конкурсах, — распавядае спадарыня Марынская. — І перамагаем на іх, становімся прызёрамі, а ва ўзнагароду звычайна атрымліваем нейкія патрэбныя для працы ўстановы прадметы. Але галоўнае на такіх фестывалях — зносіны з калегамі. Бачым, што каранёвая культура не памірае, адкрываем для сябе яе асаблівасці, характэрныя для той ці іншай мясцовасці, і гэта дае нам новыя сілы, каб тварыць і далей, захоўваць спадчыну. Моладзь у нашу вёску паволі вяртаецца — тая, якая не змагла ўладкавацца ў гарадах. У нас і жыллё можна знайсці, і праца ў саўгасе знойдзецца. І ў клубе-бібліятэцы ёсць тое, што трэба людскім душам. А пакуль жывая душа народа, будзе жыць і фальклор.

І кніга. Стабільна бібліятэку наведваюць 38 чытачоў (усяго ў вёсцы пражывае пад 200 чалавек). Дзеючае пры ёй аматарскае аб’яднанне “Кнігалюбы” збіраецца раз у квартал. Мерапрыемствы самыя разнастайныя — ад простых вячорак у гутарках за кубкам гарбаты і святкавання дня нараджэння аднавяскоўца да тэматычных вечароў, прысвечаных юбілею якога-небудзь літаратара або абмеркаванню новага твора.

— Пастаянны фонд у нас, як бачыце, бедненькі, — прызнае відавочнае загадчыца. — Частка яго наогул практычна “мёртвая” — гэта тычыцца кніг па школьнай праграме і для маленькіх дзяцей. За новымі паступленнямі ездзім у Верхнядзвінск альбо іх нам дастаўляе бібліёбус. Прачытаюць людзі кнігі — вяртаем назад. І так увесь час. А яшчэ з папаўненнем нам дапамагаюць дачнікі. І спецыяльна прывозяць, і пакідаюць, што бралі з сабой пачытаць на адпачынак з горада. У гэтым годзе адна жанчына падарыла 96 выданняў — раманчыкаў, дэтэктыўчыкаў — і ўсе новенькія! Мы нават правялі акцыю “Падары бібліятэцы кнігу!” — вельмі многія на яе адгукнуліся.

Пра тое ж, у чым мае патрэбу беларуская культура і ў цэлым, і ў прыватнасцях, у Любові Іванаўны меркаванне пэўнае — у дадатковым фінансаванні. “Сарамнавата, але што рабіць, — крыху збянтэжана кажа загадчыца. — І кнігі просім, і бясконца рады, калі які-небудзь жыхар дорыць нам нешта з ужо непатрэбнай яму тэхнікі. Дзякуй за гэта!”

У пошуках артэфактаў

У каментатары сянькоўскай “культурнай рэчаіснасці” я ўзяў не проста знакавую асобу для Верхнядзвінскага раёна, але і добра вядомага ў навуковых і творчых колах усёй краіны чалавека. Антон Бубала нарадзіўся ў вёсцы Гісялёва Асвейскага раёна (існаваў у складзе БССР у 1924 — 1959 гадах). Падчас Вялікай Айчыннай вайны яна была спалена фашыстамі. Зусім яшчэ маленькім дзіцём апынуўся ў саласпілскім канцлагеры... У 1963-м годзе скончыў фізіка-матэматычны факультэт Даўгаўпілскага педагагічнага інстытута, а ў 1972-м — геаграфічны факультэт педагагічнага інстытута Камсамольска-на-Амуры. Выкладаў у школе. Гэты краязнаўца, пісьменнік і паэт, журналіст і перакладчык ужо шмат гадоў з’яўляецца старэйшым навуковым супрацоўнікам Верхнядзвінскага гісторыка-краязнаўчага музея.

— Каханне да роднага краю я нясу праз усё сваё жыццё, — кажа Антон Францавіч. — Але па вялікім рахунку займацца краязнаўствам, даследуючы геаграфію, гісторыю, культуру паўночнай Беларусі, я пачаў, напэўна, годзе ў 1972-м — у 30-гадовым узросце. Тады ж сур’ёзна стаў займацца журналістыкай і пісьменніцтвам. А адзін час нават “руліў” культурай у Верхнядзвінскім райвыканкаме. У Верхнядзвінску зараз і жыву, але і ў Сянькова ў мяне ёсць дом, наведваюся туды рэгулярна.

І не проста наведваецца, а працягвае хадзіць турысцкімі сцежкамі па ўсім рэгіёне, а то і пракладае новыя маршруты. “Ёсць яшчэ артэфакты, якія так і просяцца, каб іх знайшлі, — дзеліцца мой суразмоўца. — Ды і чалавечы рэсурс яшчэ не вычарпаны — далёка не ўсе бабулі і дзядулі падзяліліся са мной апавяданнямі пра мінулае гэтай тэрыторыі, пра свае лёсы…”

Каментарый Антона БУБАЛЫ:

— У сянькоўскім клубе дыскатэкі праходзяць больш крута за гарадскія — столькі народу на іх прыходзіць, прыязджаюць нават з бліжэйшых населеных пунктаў! Ды і наогул на любое мерапрыемства людзі ахвотна адгукаюцца. А асабліва шмат іх збіраецца, калі ў клубе спяваюць. На гэтай жа тэрыторыі асаблівыя спевы, жанчыны як зацягнуць песні, дык здаецца, што птушкі ў лесе іх падхопліваюць, настолькі яны працяглыя. Аднак раней на імпрэзах публікі ўсё ж больш было — з’язджаюць жа з вёскі, хоць хтосьці і ў зваротным кірунку рухаецца. Пасля таго, як закрылі школу, паменшылася і падсілкоўванне юнымі артыстамі клубных фарміраванняў, што займаюцца фальклорам. І падобнае можна назіраць не толькі ў дадзеным раёне. Таму я ў пэўным сэнсе песіміст у адносінах да каранёвай культуры. Але яна, вядома, у вёсках зусім не знікне, пакуль жывыя энтузіясты — захоўвацца і развівацца будзе. А там, дзе не застанецца клубаў, бібліятэк, яе варта як бы закансерваваць — у выглядзе, да прыкладу, матуліных хатак, хатніх калектываў, якія можна запрашаць выступаць туды, дзе працуюць дамы культуры.

Як вы пераканаліся, у Любові Марынскай і Антона Бубалы погляды на каранёвую культуру некалькі адрозніваюцца. Калі гаворка заходзіць пра тое, што яе чакае наперадзе, загадчыца Сянькоўскага клуба-бібліятэкi выглядае вялікім аптымістам. Можа таму, што яна сутыкаецца з фальклорам кожны дзень, і кожны дзень шукае тых, хто яшчэ стане ягоным папулярызатарам. І знаходзіць! І пакуль гэтыя яе пошукі будуць паспяховымі, значыць, і жыць яму на вёсцы далей. З іншага боку, знакаміты краязнаўца куды больш, чым Любоў Іванаўна, назірае за сельскай культурай, што называецца, у яе нетаропкім працэсе, адсюль і яго не такое пазітыўнае меркаванне. Пажывём — пабачым, хто апынецца бліжэй да ісціны.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"