Псеўданім і псеўданімб: знайсці адрозненні або захаваць асобу

№ 32 (850) 09.08.2008 - 15.08.2008 г

Аліна, Ангеліна, Берта, Караліна, Гера, Венера, “Віялета энд Ніна”, Лючана, Мілана, Марыэль, Юліяна, Катрын... Гучыць, бы дзіцячая лічылка, напоўненая слоўцамі на замежны манер, што быццам дапамагаюць спрычыніцца да свету дарослых. А між тым, усё гэта — псеўданімы артыстаў. Нашых, беларускіх...

Калі імя вымагае...

Цікавая ўсё ж такі рэч — псеўданім. Для кагосьці гэта — магчымасць “схаваць” сваё сапраўднае імя, для кагосьці — “схаваць” разам з ім і асобу. А для кагосьці — магчымасць больш ярка выявіць асаблівасці сваёй творчасці, даўшы тым псеўданімам-эпіграфам разгадку да яе таямніц. Цікава, што, распаўсюджаныя ў пісьменніцкім і мастацка-артыстычным асяроддзі, псеўданімы практычна не закранулі кампазітараў. Здавалася б — парадокс! Хто, як не стваральнікі музыкі, павінны адчуваць дзівосную гармонію ці, наадварот, яе парушэнне ў спалучэнні літар і гукаў? Ажно не! Асабіста я, колькі ні ўзгадвала, не змагла знайсці псеўданімаў ні сярод нашых сучаснікаў, ні ў шэрагу імёнаў сусветнай класікі. З кампазітарамі ўсё было наадварот: сваёй музыкай яны надавалі сваім нават немілагучным прозвішчам зусім іншае гучанне.

Між тым, у сучасным шоу-бізнесе без псеўданімаў — ні туды і ні сюды. З адказнасцю і асцярожнасцю раяць бацькам абіраць імёны для сваіх немаўлят. А тут — у дарослым узросце раптам — бац! — і... А яшчэ ж, здараецца, з аднаго псеўданіма пераходзяць на другі! І ўсе гэтыя новыя імёны раз-пораз друкуюцца, бясконца паўтараюцца з эстрады, экранаў тэлевізараў, СМІ. Гэта ж якая энергетыка! Ці задумваўся хто, да чаго яна вядзе?

З усімі гэтымі і многімі іншымі пытаннямі мы і звярнуліся да нашых артыстаў. А пачалі з вядомага прадзюсера Юрыя САВАША:

— На маю думку, псеўданім для артыста — неабходны. Але толькі ў двух выпадках. Першы — калі прозвішча сустракаецца надта часта і таму не “чапляе” слых, спараджае блытаніну. Да прыкладу, Іваноў, Пятроў, Сідараў...

— Але ў той жа Беларускай оперы працуюць адразу два Пятровы — Яраслаў і Уладзімір, і ніхто іх не блытае.

— Шоу-бізнес жыве па іншых законах. Каб спявак “раскруціўся”, трэба папраўдзе гучнае імя, якое добра запамінаецца і выклікае пэўныя асацыяцыі. Таму другі выпадак, калі артысту проста неабходны псеўданім,— гэта імя, якое цяжка вымаўляецца. Уласна кажучы, з’яўленне псеўданіма накіравана выключна на тое, каб спрасціць і зрабіць больш таннай піар-кампанію. Сапраўдны прафесіянал зможа “раскруціць” усё што заўгодна — пытанне, колькі сіл і грошай на гэта будзе пакладзена і ці трэба гэта ўвогуле, калі можна дасягнуць таго ж меншымі намаганнямі. Салістам таго ж Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі (як, дарэчы, і той жа Нацыянальнай оперы) псеўданімы наўрад ці патрэбны, бо іх “ахоўвае” агульны брэнд калектыву — куды больш высокі, чым адно імя. А вось тым, хто пачынае ўласныя творчыя праекты, трэба канкурыраваць, і гучнае імя становіцца дадатковым плюсам на іх карысць.

— А для Ірыны Дарафеевай вы ніколі не задумваліся над псеўданімам?

— Ёй пашанцавала. У яе і так цудоўныя прозвішча і імя, а іх спалучэнне ўвогуле гучыць, быццам песня. А вось для той жа Юліі Барыла, што працуе ў нашым калектыве, я прыдумаў псеўданім Забава. Гэта старадаўняе славянскае імя, гучыць, яно дастаткова інтрыгуюча, адразу выклікае разнастайныя музычна-забаўляльныя асацыяцыі. Салістка згаданага Нацыянальнага канцэртнага аркестра Алеся Дзяржавец стала Агніяй. У ёй сапраўды ёсць штосьці вогненнае, каларытнае. Сапраўднае ж яе прозвішча выклікала зусім іншыя асацыяцыі, і замяніць яго псеўданімам трэба было хаця б дзеля таго, каб не даваць журналістам дадатковую нагоду шукаць у ім патаемны сэнс.

— Дый ваш сын Дзіма, наколькі я ведаю, стаў Дэрвішам. Сам піша музыку, песенныя тэксты, працуе гукарэжысёрам, дзі-джэем, і з-за гэтага псеўданіма амаль ніхто не здагадваецца, што ён — не проста ваш малодшы калега. А як вы ставіцеся да моды на замежныя імёны?

— Многія не разумеюць, што гэта ім не дапамагае, а перашкаджае. Тымі ж імёнамі, да прыкладу, на французскі манер мы не набліжаемся да Еўропы, а, наадварот, аддаляемся ад яе. Тая ж палячка Бася: ці “раскруцілася” б яна ў Еўропе, каб узяла сабе псеўданім, да прыкладу, “Элізабет”? Ніколі! Бо прывабіла менавіта сваёй нацыянальнай характарнасцю. Таму беларускім спевакам я параіў бы ўважліва перагледзець, найперш, беларускія, стараславянскія імёны — там яшчэ шмат цікавага і пакуль не задзейнічанага ў нашай эстрадзе.

Не адмаўляць, а — дапаўняць

Сярод артыстычнага асяроддзя, калі паназіраць ды пацікавіцца, стаўленне да псеўданімаў рознае. Хтосьці з лёгкасцю мяняе адзін на другі, у кагосьці гэта выклікае непрыняцце. Той жа Віталь Гардзей (гл. “К” № 27 за 2008 г.) нехоча развітвацца са сваім прозвішчам Ефіменка і пры ўсялякай магчымасці згадвае яго побач з псеўданімам. Але, па заўвагах бліжэйшага асяроддзя, псеўданім сапраўды змяніў яго ў лепшы бок: ён стаў ці не больш ганарлівым, што для артыста — рыса немалаважная.

Ганна Тоўсцікава пад час працы ў тэатры Ірыны Дарафеевай была вядомая як Аніка. Гэты псеўданім прыдумаў ёй не Юрый Саваш?

— Я, наадварот, ад яго адгаворваў. Бо “Ніка” перакладаецца як “перамога”, а дадатак “а” знішчае гэты сэнс, і ўсё імя цалкам тую перамогу адмаўляе. Тым не менш, з гэтым псеўданімам яна стала лаўрэатам міжнароднага конкурсу. А пазней — як выйшла замуж — замест псеўданіма ўзяла прозвішча мужа і стала проста Ганнай Благавай.

Выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Таццяна Сідарэнка, узяўшы шлюб, стала Таццянай Пятроўскай. Пад гэтым прозвішчам яе ведаюць як дзі-джэя “Новага радыё”. На эстрадзе ж яна — PRIMA-VERA:

— Я брала гэты псеўданім не для таго, каб ён мне штосьці прынёс. Проста хацелася аддзяліць сольную кар’еру ад усяго астатняга. Само слова “primavera” перакладаецца як “вясна”. У мяне і сапраўды ў жыцці шмат што звязана з вясной: дзень нараджэння ў мяне — 1 красавіка, у маёй маці — 3-га, усе дзявочыя летуценні, рамантычныя спатканні пачыналіся ў мяне таксама ў гэтую пару года. Мабыць, не толькі з-за вясновага прыліву сіл (у кагосьці, наадварот, увесну бывае адно авітаміноз ды алергія), але і з-за таго, што з вясны для мяне заўсёды пачыналася новае летазлічэнне. Зімовы Новы год заставаўся проста святам, а новы жыццёвы віток пачынаўся — з вясны.

— Але вы невыпадкова пішаце псеўданім праз злучок? Сапраўды, у такім выглядзе, быццам складзенае з двух слоў, яно азначае яшчэ і веру ў першынство.

— Гэтая гульня слоў дадае мне ўпэўненасці. Для мяне псеўданім азначае нават не чалавека, а субстанцыю, новую энергетыку. Дзякуючы яму, я быццам адначасова пражываю два жыцці.

 /i/content/pi/cult/172/1640/Pseudanim.jpg
Паляпшэнне ўнутранага стану,
звязанае са зменай імя на псеўданім, адзначае ДАРЫЯ:

— Псеўданім мяне быццам бы гарманізаваў, зрабіў больш пластычнай, “плаўнай”, лаяльнай да іншых. Можа, справа ў тым, што ў ім, у параўнанні з іменем, больш галосных.

— Але ж спачатку вы паспяхова выступалі пад сваім сапраўдным прозвішчам, перамагалі з ім на конкурсах.

— Але мяне ўвесь час турбавала, што яго звычайна блыталі, вымаўлялі і пісалі з памылкамі: я была і Дар’яй Урызчанка, і Урышчанка, і націск немаведама куды ставілі. Я прыйшла параіцца да кампазітара Алены Атрашкевіч: з яе эстраднай студыі ў Маладзечне пачыналася мая спеўная кар’ера. Яна пагадзілася, што “Дарыя” — неблагі варыянт. А калі я даведалася, што Дарыя — гэта першапачатковая форма стараславянскага імя, якая пазней ператварылася ў Дар’ю, дык і зусім супакоілася. Бо дзякуючы псеўданіму я не аддалілася ад сваіх вытокаў, ад чагосьці сутнаснага ўва мне самой, а, наадварот, — наблізілася да яго.

Сутнасць артыста або дызайн “этыкеткі”?

Гэтак жа пакінула адно сваё імя без прозвішча Жанэт. А вось Саша НЭМА прызвычаіўся да свайго псеўданіма не адразу. У Нацыянальным канцэртным аркестры Беларусі, салістам якога і дагэтуль з’яўляецца, ён доўгі час выступаў пад сапраўдным прозвішчам — Аляксандр Яфімік. А калі пачаў рабіць сольныя праекты, яму параілі знайсці больш гучны псеўданім.

— Спачатку новае імя рэзала мне слых. Перабудоўвацца было даволі цяжка, увесь час адчуваўся нейкі дыскамфорт. Але зараз такое адчуванне, быццам я заўсёды толькі такім і быў.

— Асабіста мяне ваш псеўданім у свой час таксама ледзь не шакіраваў. Бо “Нэма” выклікала асацыяцыі не толькі з героем Жуля Верна, але і з... маўчаннем.— Што ж, тады прыемна здзівіць, што “нямы” яшчэ і спявае. Але ж для мяне псеўданім застаецца ўсё-такі не маёй другой сутнасцю, а толькі прыгожай “этыкеткай”. Трэба заставацца самім сабой — гэта і ёсць галоўнае.

Заўважым толькі, што дызайн этыкеткі часцей за ўсё распрацоўваюць, каб лепш “прадаць” той ці іншы тавар.

Сярод самых апошніх змен псеўданіма — Іван Вабішчэвіч, які пасля некалькіх гадоў у статусе Ван Хельсінга нечакана для ўсіх стаў ДЗЯДЗЕМ ВАНЕМ. Менавіта пад такім псеўданімам ён выступіў на Міжнародным конкурсе “Новая хваля-2008” у Юрмале, атрымаўшы ў выніку прыз А.Пугачовай “Залатая зорка Алы” (гл. “К” № 31 за 2008 г.):

— Гэты псеўданім узнік раптоўна і для мяне самога. Гэтая ідэя, што не прыйшла да мяне на працягу трох гадоў, за тры хвіліны нарадзілася ў галоўнага рэжысёрасвята Аляксандра Рэўзіна, які і прапанаваў мне выступіць пад новым псеўданімам.

— Але ж ваш герой атрымаўся поўнай супрацьлегласцю чэхаўскаму.

— Гэты вобраз вельмі шматпланавы і гнуткі. У кагосьці ён выклікае асацыяцыі з аднайменнай п’есай Чэхава, а для кагосьці гэта проста свойскі хлопец з нашага двара. Адпаведна, у яго могуць быць і сур’ёзныя песні, і не вельмі. І патрыятычныя, і філасофскія, і жартоўна-парадыйныя.

— А што далей? Зноў вернецеся да “Ван Хельсінга”? Ці так і застанецеся “дзядзькам”? Асабіста мне і ваша сапраўднае прозвішча падабаецца: яно папраўдзе прываблівае, а ягонае “-шчэвіч” сведчыць пра беларускае паходжанне.

— Я вырашыў: застануся з двума псеўданімамі — будзе Дзядзя Ваня і гурт “Ван Хельсінг”.

Што ні кажыце, тым жа Радзівілам было прасцей. Бо, нягледзячы на паўторы іх імёнаў, кожны меў мянушку: быў сярод іх і Пані Каханку, быў і Рыбанька, быў і Гетман Кларнет. Дый даваліся тыя мянушкі не проста так, а за тое, што адлюстроўвала пэўныя рысы характару і дзейнасці. А ў сучасных артыстаў часцей бывае наадварот: спачатку — псеўданім, а потым намагаюцца яго “апраўдваць”. Ці — апраўдвацца?..

Надзея БУНЦЭВІЧ