Аўдыя & Відэа

№ 33 (1420) 17.08.2019 - 24.08.2019 г

Ліпеньскія аўдыя / відэаработы айчынных выканаўцаў рэцэнзуюць музыкант гурта Port Mone Аляксей ВАРСОБА (A.) і спецыяльны карэспандэнт газеты “Культура”, музычны крытык Алег КЛІМАЎ (B.).

АЎДЫЯ

/i/content/pi/cult/758/16397/Harmon_opt.jpegГурт Harmonic Style Project, міні-альбом HSP

А.: Добры праект са сваім тварам — з музыкай, заснаванай на фальклоры. Я думаю, ён упішацца і ў атмасферу любога буйнога святочнага мерапрыемства ў нашай краіне, і ў клубную аўтэнтычную тусоўку. Праўда, складана спрагназаваць, наколькі такая творчасць будзе запатрабавана ў сольным варыянце — для гэтага калектыву трэба абзавесціся цэлай абоймай бяспройгрышных песенных “хукаў”. Зрэшты, заяўкі на іх у дадзеным рэлізе ёсць.

B.: Яшчэ адны інтэрпрэтацыі старадаўніх беларускіх песень. Прызнацца, мяне ўжо крыху стамілі перапрацоўкі аўтэнтычных твораў, у якія выканаўцы імкнуцца напхаць столькі ўсякага-рознага, што першааснову нават прафесійныя даследчыкі беларускай спадчыны пазнаюць з цяжкасцю. Пераасэнсаванне тое мне ў цэлым спадабалася, за выключэннем, быць можа, трэка “Сталы мае”, які выйшаў ну вельмі ўжо прасценькім. Але ёсць на рэлізе і цудоўная кампазіцыя “Озэрэчко” — шырокая і вольная. Ну а “адарвацца” па поўнай папросту можна пад фінальную “Дадому, сваты”.

/i/content/pi/cult/758/16397/Nite_opt.jpegГурт Nite Nite Nite, альбом Blindspot

A.: Быццам бы, перад намі проста-такі выдатна зроблены матэрыял, што называецца, запісаны абсалютна ў канонах пэўнага кірунку. Аднак, мне здаецца, гэтая музыка ў першую чаргу павінна спадабацца тым, хто толькі знаёміцца з электронным саўндам, для мяне ж асабіста гэты жанр — захапленне, якое даўно прайшло. І сапраўдных адкрыццяў у ім за апошні час я нешта не ўзгадаю — нават у сусветных маштабах.

B.: Калі вы любіце Depeche Mode так, як я, то гэты альбом для вас. Не, вядома ж, было б поўным глупствам сур’ёзна параўноўваць беларусаў з брытанцамі, але і тыя, і іншыя вызнаюць агульную музычную ідэю, выконваючы сінці-поп, сінтвэйв. Праўда, у адрозненне ад больш знакамітых калегаў, якія ў сваіх галоўных хітах выглядаюць рокава-рытмічна, мінчане менш агрэсіўныя і такіх ужо заліхвацкіх гітарных рыфаў у іх няма (але асобныя пасажы — гэткія міні-пасажы — добрыя). І яшчэ нашы адкрыта “заточаныя” пад танцполы.

Для плэера выбіраем трэкі Blindspot, Born і Isolation.

Блэкi з Бангі, альбом Life is 7734

/i/content/pi/cult/758/16397/opt.jpegA.: На мой погляд, дадзеная творчасць знаходзіцца ў арбіце таго, што робяць умоўныя Хаскі і Скрыптанiт, — адпаведна, расійскі і казахстанскі рэп-выканаўцы. Гэта значыць, наш артыст выглядае цалкам сабе ў трэндзе таго, што цяпер актуальна на постсавецкай прасторы ў гэтым кірунку. Бяда ж усіх модных хіп-хопераў заключаецца ў тым, што ўспрымаюцца яны нярэдка некалькі саманадзейна, літаральна на роўным месцы выстаўляючы сябе бясхібнымi прарокамі і палымянымі трыбунамі. Далібог, смех разбірае ад такіх трэкаў.

B.: Бессэнсоўна, вядома, патрабаваць ад рэп-выканаўцы большай музычнасці яго трэкаў, але найлепшыя ўзоры сусветнага хіп-хопа як раз ёй і адрозніваюцца. Выснова: перад намі ўзор не лепшы. Але і не ўсё дрэнна ў альбоме, і калі ў кампазіцыях тэма, маўляў, жыццё — гэта пекла, педаліруецца не так акцэнтавана, то рыфмы і строфы трапляюцца даволі ўдалыя. Зрэшты, пекла ў трэках — яно не такое, што проста Пекла, або нават ПЕКЛА, проста выканаўца рэчытатывам апавядае аб тых штодзённых “засадах”, якія спадарожнічаюць жыццю звычайнага чалавека.

ВІДЭА

/i/content/pi/cult/758/16397/pt.jpegГурт Zui, кліп на песню “Тату звольнілі”

А.: Выдатныя песня і кліп! І кампазіцыя чапляе слухача сваім, здавалася б, простым сэнсавым зместам, але такім кранаючым душу, што аж слёзы наварочваюцца. І ўсе гэтыя кранальныя прыродна-вясковыя пейзажы прымушаюць сэрца хутка біцца. Міжволі задумваешся, гледзячы відэа і слухаючы трэк, аб тым, наколькі хуткаплыннае наша жыццё. І як у адно імгненне нешта добрае ў ім можа змяніць дрэннае.

B.: Вось такая назва ў песні... Так здараецца, што дзяцінства часам канчаецца ўраз, і рака жыцця з яе, здавалася б, няхуткай плынню раптам крута мяняе сваё рэчышча. Яшчэ ўчора дзіця марыла паляцець у космас, а сёння яно з усяго размаху ўжо пляскаецца аб зямлю. І наперадзе — перамены, і што заўтра будзе, як заўтра будзе — хто ж яго ведае. Смутак накрыў стары вясковы дом, асобы яго насельнікаў сумныя, прырода панылая, і нават спакой вечнага лесу не радуе вока. Увогуле, усё і ўсе памерлі... У пераносным значэнні гэтага слова. А песня, калі забыцца на тэкст і агульны яе пахавальны настрой, ну ніякая.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"