Юрый ІВАНОЎ: “Ён зірнуў на мяне — і я паспеў ухапіць гэты момант”

№ 33 (1420) 17.08.2019 - 24.08.2019 г

Легендарнаму фатографу Юрыю ІВАНОВУ, якога мы маем маральнае права з гонарам назваць “вечным культураўцам”, не так даўно споўнілася 80. Напярэдадні юбілею СМІ літаральна стракацелі інтэрв’ю з ім. Але мы, шчыра павіншаваўшы шаноўнага калегу, вырашылі наўмысна адкласці гутарку на пазнейшы час — каб атрымалася яна не “дацкай”, а праблемнай, не “паднагоднай”, але актуальнай заўсёды. Балазе, вечных праблем у фатаграфіі хапае.

/i/content/pi/cult/758/16395/9.JPG— Вам было наканавана перажыць тую тэхналагічную рэвалюцыю ў фатаграфіі, якую спарадзіла развіццё лічбавых тэхналогій…

— Так, дасюль памятаю свой самы першы падручнік па фота, які гартаў гадоў у дзесяць. Там было чорным па белым напісана: той вынік, які атрымліваецца ў святле чырвонага ліхтара, заўсёды можа быць непрадказальным. Цяпер такога няма.

 — Ці не настальгіруеце па тых часах, калі ўжо сам працэс здаваўся магічным?

— Шчыра кажучы, не. Калі вы абедаеце, вам не надта цікавы шлях стравы да вашага стала: на якіх плантацыях расла бульба, дзе рохкала мяса, на якой глыбіні здабываюць соль. Галоўнае, каб было смачна, ці не так? Тое самае і з фатаграфіяй. Працэс — гэта дэталі. Галоўнае іншае — тое, што ты пабачыў і адлюстраваў.

— Сёння ўмельства, якое раней было падуладнае “касце далучаных”, стала даступным літаральна кожнаму. Няўжо гэта вас не бянтэжыць?

— Як казаў на маім юбілейным вечары старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу краіны Міхаіл Мясніковіч, сёння ўсе мы фатографы — толькі ў некаторых атрымліваецца лепей. На маю думку, чым болей фотакарэспандэнтаў і фотааматараў, тым жыць цікавей.

— Але калі чагосьці становіцца зашмат, немінуча пачынаецца дэвальвацыя…

— Калі на нейкае мерапрыемства збіраецца сто фатографаў, здымкі ў іх ва ўсіх абсалютна розныя. Бо кожны бачыць па-свойму. Прыкладам, фотакарэспандэнт часопіса “Лайф” адыходзіў убок і здымаў тую ці іншую зорку ў натоўпе іншых фатографаў. І такім чынам выйграваў спаборніцтва. Бо гэта быў ягоны погляд — арыгінальны. Адсюль і мараль: трэба кожны раз шукаць той погляд на жыццё, які адрозніваецца ад усеагульнага.

— Даўняя этычная дылема: фатограф павінен фіксаваць жыццё, не ўмешваючыся ў яго, альбо станавіцца ўдзельнікам падзей? Гэта тычыцца найперш тых, хто здымае войны і катастрофы — але, вядома, не толькі…

— Неяк мне задалі пытанне: ці не хацелі б вы здымаць у гарачай кропцы? Не, не хацеў бы. Ёсць фатографы, якія несупынна шукаюць экстрэмальныя сітуацыі. Я ж хіба раз-пораз трапляю ў іх воляй выпадку. А спецыяльна ў пекла не палезу.

Што да пытання… Пэўна, адказ на яго залежыць ад твайго характару. Ад таго, з якім настроем ты ідзеш па жыцці. Калі б я сустрэў чалавека, які збіраецца скокнуць з моста, дык паспрабаваў бы яго ўгаварыць застацца на сушы. І зусім бы не шкадаваў пра страчаны кадр.

/i/content/pi/cult/758/16395/10.jpg— А ці часта даводзілася шкадаваць?

— Ніколі! Памятаю, у Мінск прыязджаў Брэжнеў, каб уручыць Залатую Зорку Героя Сацыялістычнай працы Машэраву. Як фотакар Агенцтва друку “Навіны”, я быў сярод тых, хто сустракаў яго на вакзале. Чырвоная дывановая дарожка, да вагона падносяць прыступкі, адчыняюцца дзверы... Выходзіць Леанід Ільіч, якога раней я бачыў толькі па тэлевізары, у знак прывітання маша рукой, выклікаючы апладысменты… Я раблю патрэбныя фота. І тут з’яўляюцца чацвёра дзецюкоў, хапаюць яго пад локці і спускаюць на перон — бо сам бы ён ужо тыя прыступкі не адолеў.

— І няўжо ў вас не ўзнікла спакусы ў гэты момант націснуць на спуск?

— Не, не ўзнікла! Калегі потым мяне ўшчувалі: маўляў, ты б мог прадаць такі здымак за шалёныя грошы. Але я проста… не мог яго зрабіць, ні ў якім разе! Я не магу паказваць чыюсьці немач. Не маё гэта.

— Але такое жыццё…

— Мой сябра Арнольд Памазан падараваў мне наступную фразу: “Няважна колькі дзён у тваім жыцці. Важна, колькі жыцця ў тваіх днях”. І якое гэта жыццё, дадам я. Ці тое жыццё ты назіраў і здымаў, якое варта было?

— Савецкіх фатографаў часта абвінавачвалі ў фальсіфікацыі рэчаіснасці. Што вы можаце на гэта адказаць?

— У 50-я гады фотакарэспандэнты насілі з сабой у кофры белы халат, і калі прыязджалі на ферму, апраналі яго на даярак — насамрэч іх адзенне было зусім не белага колеру. І калі ўзяць падшыўку за тыя часы, можна прасачыць, як той халат вандраваў з аднаго раёна ў другі. Але я такога халата не меў. А калі бачыў людзей у бруднай вопратцы, проста іх не здымаў — вядома, калі гэта не нафтавікі альбо рабочыя за станком. Я не ілгаў, дзякаваць Богу. Можа, у нейкіх сітуацыях ішоў на пэўныя кампрамісы, але…

— Аднак хіба тое, пра што вы кажаце — гэта ўжо не прыхарошванне рэчаіснасці?

— Лічу, рэальнасць павінна быць… рэальнай. Іншая справа — якая рэальнасць нас цікавіць. Скажам, калі я здымаў працу хірурга — а мне даводзілася прысутнічаць пры аперацыях некалькі разоў, у прыватнасці, пры перасадцы ныркі — у мой аб’ектыў не траплялі разрэзы на целе. Мяне цікавілі вочы хірурга, тое, як у яго праступае праз маску пот... А ёсць людзі, якіх я бы назваў не фатографамі, а крыміналістамі. Ну і хай сабе. Але мае задачы іншыя — паказаць чалавека, які робіць добрую справу. І я заўсёды такія магчымасці меў. Яшчэ за савецкім часам такія мае фота часта публікаваліся за мяжой. Вядома, я не паказваў на іх трушчобы, бруд… З іншага боку: а навошта?

— Бо яны існавалі.

— У кожнай краіне ёсць трушчобы. Сваю вялікую выставу я назваў “Паміж белым і чорным” — гэта мне, дарэчы, Яўген Рагін падказаў. Праўда, ён прапанаваў “Паміж чорным і белым”. А ёсць людзі, якія бачаць толькі чорны бок ды імкнуцца яго паказаць. І што, няўжо ад гэтага становіцца лепей жыць? Ды наўрад ці. Таму маё крэда наступнае: трэба выявіць такое жыццё, каб людзі да яго імкнуліся. А дрэннае яны і самі ўбачаць.

— Ці павінен фатограф рабіць людзей прыгажэйшымі, чым яны ёсць насамрэч?

— (Паўза, бо звініць тэлефон. З дынаміку чуваць кампліменты таленту фатографа — І.С.) Вось мне толькі што тэлефанавала адна цудоўная лекарка. Мяне прасілі зрабіць яе здымак, і мы з ёю папрацавалі. Якім чынам? Распавяду. Яна заходзіць да мяне ўся ў сваіх справах, з халоднай вуліцы… Якое тут атрымаецца фота? Мне спатрэбілася трохі часу, каб яе разгаварыць, растапіць гэты лёд. А потым я ўбачыў яе цудоўны ветлы погляд — і заставалася толькі націснуць на спуск. Дык вось, пра прыхарошванне… Я не называю сябе фотамастаком — хай іншыя сябе так называюць. Але я і не той фатограф, які здымае на пашпарт. Я паказваю чалавека такім, якім мне яго хочацца бачыць.

— Вы прамовілі слова “папрацаваць”…

— Ну так. Нядаўна я завяршыў вялікі праект — партрэты ўсіх 208 акадэмікаў і членкараў НАН Беларусі. І калі да мяне звярнуліся з гэтай прапановай, прагучала пытанне пра тэрміны. Спярша ў іх разлік быў такі: калі памножыць 208 на 5 хвілін… Я запярэчыў: не-не, на кожнае фота мне трэба мінімум гадзіна! Бо перад сесіяй абавязкова вывучаў біяграфію навукоўцы, яго дасягненні. І задаўшы яму пытанне ў тэму, атрымліваў зусім не той позірк, якім глядзіць у аб’ектыў кліент экспрэс-фота. З многімі нават пасябраваў. І ў выніку працаваў над гэтым праектам недзе паўтара года.

— У мінулым інтэрв’ю вы распавядалі, як “добрыя людзі” з ЦК партыі перашкодзілі вам намінавацца на World Press Photo. Аднак потым гэтую прэстыжную прэмію вы, усё ж, атрымалі за знакамітую “Лятучку”…

— Для мне гэта стала сюрпрызам, бо сам я на яе не падаваў. Памятаю, прыехаў у маскоўскую рэдакцыю і бачу: віншуем нейкага Юрыя Іванова з прысуджэннем прэміі World Press Phоto. Думаю: нічога сабе, колькі ў свеце развялося Івановых!

— Ці бывала ў вас так, што кантакт з героем не наладжваўся? А фота зрабіць патрэбна.

— Правалы, канешне, здараюцца, але не фатальныя. Як казаў Еўтушэнка, “людей неинтересных в мире нет”. Проста на чалавека з дрэнным настроем мне даводзіцца патраціць болей часу. Часам бачыш твар героя — і прапануеш яму: а давайце мы з вамі сустрэнемся заўтра. І назаўтра ён прыходзіць ужо зусім з іншым настроем. Бывае, у выніку ты адчуваеш сябе як выціснуты лімон, трэба неяк аднавіцца. Але такая ўжо праца фатографа.

— Працуючы разам з вамі, неаднойчы бачыў, як суворы чыноўнік дабрэў. Як вам удаецца знаходзіць кантакт нават з самымі складанымі героямі?

— Калі ў 1965 годзе я прыйшоў у АПН (а патрапіў туды бадай выпадкова — мяне запрасілі. Як і заўсёды ў маім жыцці здаралася), атрымаў першае заданне — зрабіць фота прэзідэнта Акадэміі навук БССР Васіля Купрэвіча. А гэта ж глыба пад два метры, былы матрос рэвалюцыйнага крэйсера, знакаміты батанік. Прыйшоў да яго хлапчына гадоў 25 — і неяк разгаварыў. Асабліва акадэміка тады цікавіла тэма геранталогіі, і я пра тое загадзя ведаў.

І вось, праз нейкі час мне трэба было зрабіць фота ягонага намесніка — легендарнага Кандрата Крапівы. Па шчырасці, усе папярэднія яго здымкі не надта адпавядалі… маштабу асобы — і, пэўна, прычына тут не ў фатографах. Я думаў: як бы яго “раскрыць”. Згадаў, што нядаўна ў Купалаўскім была прэм’ера “Брамы неўміручасці”. А там Крапіва высмейваў нейкага ілжэнавукоўца, які пісаў працы па геранталогіі. І я з фотаапаратам напагатоў яго пытаю: скажыце, а ці не Купрэвіча вы мелі на ўвазе? Ён зірнуў на мяне — і я паспеў ухапіць гэты момант. Натуральна, праз секунду пачаў аднеквацца. Але ягоны позірк з хітрынкай ужо быў зафіксаваны.

— Як падаецца, вы ведаеце, у чым сакрэт фатаграфіі…

— Я? Ды не! Сакрэту фатаграфіі я не ведаю. Дагэтуль. І, пэўна не даведаюся. Бо ніякага сакрэту папросту няма.

— Вас цікавіць тое, што робяць маладыя фатографы? Што б вам хацелася ім сказаць пры сустрэчы?

— На маім юбілейным вечары былі два маладзейшыя калегі, якім я імкнуўся дапамагаць праз свой досвед: Віктар Ведзень і Аляксандр Бачыла. Яны зрабілі там бліскучыя фота. І, думаю, гэтыя аўтары яшчэ сябе праявяць. А што я магу сказаць тым, хто толькі прыходзіць у фатаграфію? “Здравствуй, племя младое, незнакомое”. І дадам ад сябе: давайце знаёміцца!