Змяненні ў Законе аб аўтарскім праве: чаго чакаць?

№ 33 (1420) 17.08.2019 - 24.08.2019 г

У мінулым засталіся спрэчкі ўсіх датычных да пытанняў інтэлектуальнай уласнасці: 15 ліпеня быў афіцыйна абнародаваны дакумент, згодна з якім у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб аўтарскім праве і сумежных правах” уносяцца змяненні. Большасць з яго артыкулаў уступяць у моц праз дзесяць месяцаў пасля апублікавання. Аглядальнік “К” высветліў у кіраўніка Цэнтра па калектыўным кіраванні Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Аляксандра ДЭНІСМАНА, да якіх змен у правілах гульні трэба рыхтавацца аўтарам.

/i/content/pi/cult/758/16393/images (15)_opt.jpeg25 працэнтаў і бездань чутак

Новыя папраўкі, што былі прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі, адразу сталі падставай для ўзрушэння сацсетак. Творцаў занепакоіла норма закона, паводле якой 25 працэнтаў ад сумы ўзнагароджання мусіць накіроўвацца ў фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва: талака вырашыла, што гэтыя грошы мусяць “адмінусоўваць” са сваіх аўтарскіх фізічныя асобы. Хутка высветлілася, што бура на прасторах сеціва ўзнята дарэмна .

— У сувязі са змяненнем Закона Рэспублікі Беларусь “Аб аўтарскім праве і сумежных правах” прадугледжана: арганізацыя па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі абавязана накіроўваць у фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва 25 працэнтаў ад сумы ўзнагароджання, якую кожная канкрэтная арганізацыя збірае за кожны справаздачны год. У дадзеным выпадку зборам вызначанай сумы зоймецца грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства аўтараў, выканаўцаў і іншых праваўладальнікаў”, — падкрэслівае спадар Дэнісман.

Што гэта значыць на практыцы? Здавён вядзецца размова пра так званы “падатак на балванкі”. Меркавалася, што вытворцы і імпарцёры флэшак, дыскаў, камп’ютараў і іншага абсталявання, на якім можна ўзнаўляць музыку і відэа, ад яго адпускнога кошту будуць адлічаць пэўную суму. Лічбы вар’іраваліся ад 0,1 да аднаго працэнта ад сабекошту. Аднак для ажыццяўлення гэтага пачынання не хапала нарматыўнай базы. Па сутнасці, праз дзесяць месяцаў нарэшце павінен запрацаваць закон, датычны гэтага параграфа. А ўжо акумуліраваўшы фінансавыя адлічэнні ад юрыдычных асоб, Беларускае таварыства аўтараў, выканаўцаў і іншых праваўладальнікаў пачне раз на год перапраўляць 25 працэнтаў ад агульнай сумы ў Фонд па падтрымцы культуры і мастацтва. Самі праваўладальнікі нікому нічога дадаткова адлічаць не будуць.

Як патлумачыў “Комсомольской правде” кіраўнік Таварыства Сяргей Кухто, мяркуецца, што тыя 25 працэнтаў пасля будуць размяркоўвацца на рэалізацыю культурных праектаў, стварэнне сацыяльных грантаў, падтрымку маладых выканаўцаў і заслужаных майстроў мастацтва. Яшчэ 50 працэнтаў ад першапачаткова сабранай сумы спадар Кухто паабяцаў паквартальна размяркоўваць сярод аўтараў. Справаздачу мяркуецца размяшчаць на адмысловым сайце.

Не буду зараз спыняцца на пытанні, ці своечасова з’явілася гэтая юрыдычная норма. Аднак зазначу, што ў аўтараў і праваўладальнікаў у любым выпадку застаецца выбар. Яны могуць уступаць у вышэйназванае таварыства, каб пасля звяртацца ў яго для атрымання ўзнагароджання за ўзнаўленне ў асабістых мэтах іх аўдыявізуальных твораў і твораў, увасобленых у фанаграмах. А могуць наўпрост працаваць з інтэрнэт-пляцоўкамі, крамамі, падпісваць з імі дагавор на ўзаемавыгадных умовах. І той, і другі шлях цалкам законны.

Знізіць у дзесяць разоў

У 2017 годзе найбольш спрэчным пытаннем падавалася прапанова Вярхоўнага суда знізіць памер кампенсацыі за незаконнае выкарыстанне аб’ектаў аўтарскага права амаль у дзесяць разоў.

Былы кіраўнік Цэнтра па калектыўным кіраванні Аляксей Бічурын тады гаварыў, што не разумее матывіроўкі, навошта памяншаць сфарміраваную гадамі мінімальную тарыфікацыю кошту парушэння — дзесяць базавых велічынь. Кіраўнік аддзела даследаванняў у сацыяльнай сферы Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь Сяргей Лосеў парыраваў тым, што суды завалены позвамі ад аўтараў-літаратараў і аўтараў музычных твораў, якія злоўжывалі сваімі правамі.

“К” у № 19 за 2017 год прыводзіла ў прыклад грамадзяніна, які цягам 2016-га падаў 23 позвы на выдавецтвы, што выкарысталі для школьных падручнікаў па чатыры — восем радкоў яго твораў. Сяргей Лосеў быў узрушаны такой “дзейнасцю”: “У агульным аб’ёме хрэстаматыі чатыры радкі каштавалі б аўтару некалькі капеек. Калі ў кожнага выдаўца адсудзіць па дзесяць базавых, дык можна ўвогуле не працаваць”.

— Згодна з сёлетнім змяненнем памер кампенсацыі за парушэнне выключнага права на аб’ект аўтарскага права ці сумежных правоў будзе складаць ад адной базавай велічыні, — даводзіць Аляксандр Дэнісман.

Аляксандр Міхайлавіч просіць улічыць пэўны нюанс: кампенсацыю нельга будзе прад’яўляць аператарам электрасувязі і пастаўшчыкам паслуг электрасувязі, калі тыя распаўсюджваюць тэлепраграмы, якія ўваходзяць у агульнадаступны пакет. Падкрэсліваецца, што выпуск у эфір такіх тэлепраграм мусіць быць абавязковым паводле патрабаванняў заканадаўчых актаў, а яны самі транслююцца без змянення формы і зместу.

На словах і на справе

Яшчэ адным краевугольным каменем для заканатворцаў было пытанне адчужэння аўтарскага права. Спадар Дэнісман тлумачыць:

— Паводле заканадаўства, ліцэнзійны дагавор па агульнаму правілу трэба заключаць у пісьмовай форме. Выключэнне — камп’ютарныя праграмы ці базы дадзеных. З імі іншая гісторыя: пачатак карыстання праграмай ці базай дадзеных азначае згоду на заключэнне дагавора. Дзякуючы юрыдычнаму дапаўненню з’явіцца яшчэ адно выключэнне: аўтар зможа заключаць ліцэнзійны дагавор, каб яго твор выкарыстоўвалі ў друкаваных сродках масавай інфармацыі, у вуснай форме.

У Законе захавалася магчымасць уступкі выключнага права праз заключэнне дагавора. Аднак нарэшце юрыдычна замацаваным стане ўжыванне на практыцы адкрытай ліцэнзіі.

— Адкрытая ліцэнзія дазваляе аўтару ці іншаму праваўладальніку ў спрошчаным парадку перадаць простую (невыключную) ліцэнзію на выкарыстанне аб’екта аўтарскага права і сумежных правоў, — тлумачыць кіраўнік ЦКК. — Усе ўмовы дагавора павінны быць змешчаны такім чынам, каб чалавек меў магчымасць перад пачаткам выкарыстання твора азнаёміцца з імі.

Праваўладальнік загадзя абвяшчае ўмовы, на якіх ён згодны прыняць і распаўсюджваць твор аўтара, агаворвае, бязвыплатным ці не будзе адчужэнне правоў (першапачаткова любы грамадзянскі дагавор па механізме адкрытай ліцэнзіі прадугледжваецца бязвыплатным). Пачатак выкарыстання будзе лічыцца згодай на прыняцце ўмоў адкрытай ліцэнзіі. Па такім спрошчаным механізме два дзясяткі гадоў працуе некамерцыйная арганізацыя Creative Commons. У многіх краінах свету — у тым ліку ў Беларусі — дзейнічаюць яе тыпавыя ліцэнзіі для легальнага і вольнага распаўсюджвання і выкарыстання твораў.

Аляксандр Дэнісман лічыць важным, што пасля ўнясення змяненняў ліцэнзійны і аўтарскі дагаворы будуць юрыдычна аб’яднаны.

Калі нікчэмнасць на карысць

Па меркаванні кіраўніка ЦКК, вельмі важна новая юрыдычная ўстаноўка, паводле якой дамова аб стварэнні і выкарыстанні аб’екта аўтарскага права і сумежных правоў, складзеная не ў пісьмовай форме, будзе прызнавацца нікчэмнай. Што гэта азначае? Бывае, аўтару неабходна даказаць, што дамова на выкарыстанне яго твораў насамрэч несапраўдная. Каб гэта зрабіць, праваўладальніку даводзілася марнаваць час на доўгія судовыя разборкі. Зараз жа звяртацца ў суд не будзе патрэбы: калі дамова складзена не ў пісьмовай форме, яна прызнаецца нікчэмнай, іншымі словамі, несапраўднай з моманту заключэння.

У Законе таксама з’явілася палажэнне, згодна з якім аўтар аўдыявізуальнага твора не мае права перашкаджаць вытворцы аўдыявізуальнага твора яго абнародаванню ці адклікаць свой твор, калі не было дадатковых пагадненняў у дамове паміж ім і вытворцам. З 2020 года пачнуцца карэкціроўкі ў радыёэфіры: неабходна будзе ўказваць імя аўтара, калі яго твор выкарыстоўваецца ў радыёпраграме.

Пашыраюцца магчымасці вольнага доступу невідушчых людзей, асоб з паслабленым зрокам ці абмежаванымі магчымасцямі ўспрымаць візуальную інфармацыю да твораў, якія ахоўваюцца аўтарскім правам. Раней размова ішла толькі пра выданні з рэльефна-кропкавым шрыфтам. Зараз жа ў рэчышча закона трапляюць спецыялізаваныя тактыльныя выданні, спецыяльныя аўдыёфарматы і іншае. Чаму ў новым Законе гэтыя спосабы дэталізаваныя? Бо было пашырана кола суб’ектаў, якім неабходны доступ да літаратурных, музычных твораў, вучэбных дапаможнікаў. Сярод гэтых асоб значацца не толькі невідушчыя, аднак і асобы з абмежаванымі магчымасцямі ўспрымаць інфармацыю.

— Акрамя таго, зараз магчыма выкарыстанне твораў у перакладзе для стварэння спецыяльных дапаможнікаў, а самі творы могуць змяшчацца ў сеціве. Зазначу, у апошнім выпадку творам неабходна забяспечыць абмежаваны доступ, каб імі не змаглі скарыстацца людзі, на якіх спецыяльныя дапаможнікі не разлічаны.

Змянілася стаўленне да малааб’ёмных твораў: зараз іх можна будзе цалкам цытаваць у падручніках. У вучэбныя выданні, якія выкарыстоўваюцца ў адукацыйных мэтах, змогуць патрапіць і часткі правамерна абнародаваных твораў. Складальнікам вучэбных дапаможнікаў трэба пераправерыць, ці пазначаны на іх старонках імёны аўтараў і крыніц, з якіх твор запазычваецца — па новых правілах гэтае патрабаванне становіцца абавязковым.

Калі ад пытанняў у сферы аўтарскага права галава ідзе кругам, творца можа перадаць усе клопаты па атрыманні ўзнагароджання арганізацыі па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі. Сёння Закон дапоўнены нормай пра тое, што дагавор аб кіраванні маёмаснымі правамі на твор ці аб’ект сумежных правоў заключаецца на неабмежаваны тэрмін.

Аднак можа прыйсці час, калі праваўладальнік перастане адчуваць неабходнасць у такім супрацоўніцтве. Тады ён мае поўнае права адмовіцца ад выканання дагавора з арганізацыяй ці можа вырашыць разарваць дамову не цалкам, а толькі ў дачыненні пэўных твораў ці аб’ектаў сумежных правоў у адпаведных сферах кіравання. Каб зрабіць гэты крок, кіруючыся новым заканадаўствам неабходна будзе пісьмова паведаміць пра гэта арганізацыі не менш чым за шэсць месяцаў да спынення ці змянення дагавора.

— Хачу папярэдзіць тых аўтараў, што не могуць знайсці магчымасці дайсці па свае ганарары. З 2020 года тэрмін звароту ў арганізацыю па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі знізіцца з пяці да трох гадоў, — дадаў спадар Дэнісман. — Праз 36 месяцаў нявыпатрабаванае ўзнагароджанне будзе пералічвацца ў даход рэспубліканскага бюджэту.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"