Усе цыркі — у госці да нас!

№ 33 (1420) 17.08.2019 - 24.08.2019 г

У верасні ў Мінску пройдзе Міжнародны фестываль цыркавога мастацтва — ужо другі па ліку. Аб тым, што значыла правядзенне гэтага форуму для нашага цырка, чым ён жыве цяпер і чаго гледачам чакаць ад маючай адбыцца падзеі, мы размаўляем з мастацкім кіраўніком Белдзяржцырка Вітаўтасам ГРЫГАЛЮНАСАМ.

/i/content/pi/cult/758/16392/6.jpg— Вітаўтас Альгердавіч, чым “адгукнуўся” вам першы фестываль?

— Мы атрымалі сапраўднае прызнанне — былі прынятыя ў Міжнародную асацыяцыю цыркаў. Удзельнікі фестывалю адзначылі добрую арганізацыю і сам узровень мерапрыемства. І два прынцыповыя моманты: да традыцый форуму ўжо можна аднесці тое, што ў ім прадстаўлены пяць кантынентаў, і запрашаюцца на яго пакуль не вельмі вядомыя шырокай публіцы, але цікавыя артысты. Невыпадкова людзі, якіх хацелася бачыць у журы, — а гэта самыя вядомыя персоны ў цыркавым свеце, калі азнаёміліся з фестывальным прадстаўніцтвам, з задавальненнем пагадзіліся прыехаць і на другі форум. Ёсць новыя асобы, натуральна, але касцяк журы застаўся ранейшым. Назаву вам яго членаў. Урс Пілс — віцэ-прэзідэнт Міжнароднага фестывалю цыркавога мастацтва ў Монтэ-Карла (Манака), Максім Нікулін — дырэктар Маскоўскага цырка на Цвятным бульвары (Расія), Жэніс Матабаш — прэзідэнт Міжнароднага цыркавога фестывалю “Залаты клоўн Жыроны” (Іспанія), Пітэр Фекеце — міністр культуры Венгрыі, Ерык Жолжаксынаў — дырэктар Сталічнага цырка (Казахстан), Людміла Шаўчэнка — прэзідэнт Міжнароднага моладзевага цыркавога фестывалю “Залаты каштан” (Украіна), Пётр Дубінскі — дырэктар кампаніі Firebird Production (ЗША), Фабіа Мантыка — прэзідэнт цыркавога фестывалю City of Latina (Італія), Гія Эрадзэ — мастацкі кіраўнік Расдзяржцырка (Расія), Уладзімір Шабан — дырэктар Белдзяржцырка.

— Спадар Пілс не занадта любіць засядаць у журы — з-за таго, што, як ён кажа, на фестывалях звычайна выступаюць адны і тыя ж артысты…

— Адны і тыя ж — гэта не пра нас! Мы рады, што з Урсам Пілсам усталяваліся і сяброўскія, і дзелавыя кантакты. Урс — чалавек-легенда, які ведае пра цырк усё. І прыязджае ён з відавочным прыцэлам запрасіць наш нумар — паветраных гімнастак — праз два гады ў Монтэ-Карла. Яшчэ Пілс плануе дамовіцца з нашым балетам аб яго ўдзеле ў тым жа фестывалі, але які пройдзе ўжо ў будучым студзені. Наогул, беларускія артысты адчулі, што ў іх можа быць цікавае фестывальнае жыццё — яны пачалі працаваць менавіта на яго, рыхтуючы новыя нумары, а тыя, звычайна, вельмі высокага класа.

— Як прайшоў адбор удзельнікаў?

— Спакайней — у параўнанні з форумам 2017-га года, калі на нас абрынулася лавіна заявак: камісія не паспявала разглядаць інфармацыю, якая прыходзіла, і адглядаць відэа нумароў. Аднак частка была вызначана нізкай якасці, таму з’явілася асцярога за ўзровень фестывалю. Паток схлынуў літаральна за паўтара месяца да заканчэння прыёму заявак, і тады ўжо сталі паступаць прапановы больш сур’ёзныя. На гэты ж раз усе прэтэндэнты, — а такіх аказалася звыш трохсот, нам жа было трэба ўсяго 25 — 26 нумароў, — загадзя ведалі, што іх чакае не нейкі прахадны фестывальчык, дзе можна проста “засвяціцца”.

— А якія краіны выступяць на форуме?

— Ізраіль, Малдова, Бразілія, Расія, Чылі, Паўднёвая Карэя, Украіна, Кітай, Таджыкістан, Румынія, Туркменістан, Эфіопія, Італія, Іарданія, Казахстан, Германія, Беларусь, Манголія... Пацверджанні ад усіх атрыманы. Зараз гастрольны аддзел прапрацоўвае лагістыку, спосабы распаўсюджвання білетаў, сістэму праходжання мытні і гэтак далей.

25 — 26 нумароў праграмы — удвая больш звычайнага прадстаўлення, але нашы тэхнічныя магчымасці дазваляюць працаваць з такой колькасцю выканаўцаў. Важна, што на фестывалі прадстаўлена так шмат краін, артысты ж потым па ўсім свеце будуць распавядаць і пра беларускі цырк, і пра Мінск, і пра Беларусь наогул!

— І калі пачнуць з’язджацца госці?

— Фестываль стартуе 19-га верасня, артысты стануць прыязджаць 14 — 15-га. Спачатку нашы службы выпрабуюць рэквізіт, а з 16-га пойдуць рэпетыцыі. 19-га днём пройдзе генеральны прагон для прэсы, а ўвечар форум афіцыйна і адкрыецца.

— Многія праграмы Белдзяржцырка сюжэтныя. Фэст можа такім быць?

— Ды практычна дзве траціны — сюжэтныя пастаноўкі. І гледачам яны падабаюцца, што адбілася на павелічэнні наведвальнасці. Памятаю, неяк да нас прыязджаў якуцкі цырк з шоу “Цяпло вечнай мерзлаты” — у ім былі проста нумары, але артысты апрануліся ў вельмі прыгожыя касцюмы, гучала арыгінальная музыка. І сюжэтныя лініі напрошваліся самі сабой, мы і прыдумалі казку. Атрымалася гісторыя кахання — пра якуцкіх Рамэа і Джульету, якіх іх бацькі — чорны і белы шаманы — хацелі разлучыць. У выніку на ўваходзе ў цырк людзі “стралялі” лішнія білеты, я такога з савецкіх часоў не бачыў! Нават скаргі пісалі — чаму няма білетаў!

На жаль, фармат фестывалю не дазваляе пабудаваць сюжэтныя праграмы. Аднак ёсць яго цырымоніі адкрыцця і закрыцця — у адрозненне ад многіх форумаў, якія на гэты конт не напружваюцца. Першы фэст адкрываўся маляўнічым тэатралізаваным прадстаўленнем, тое ж самае было з фіналам. Так будзе і сёлета. А наогул, на Другім мінскім міжнародным фестывалі цыркавога мастацтва пакажуць дзве праграмы: А пройдзе 19-га і 21-га верасня, Б — 20-га і 21-га, заключнае гала-шоу — 22-га.

Журы стане судзіць кожны выступ па дзесяцібальнай сістэме і па васьмі паказчыках. (На іншых аналагічных мерапрыемствах звычайна ставяць адну ацэнку. І часта ўдзельнікі атрымліваюць аднолькавыя сумы балаў, пачынаюцца спрэчкі, лаянка, разборкі.) Ёсць грамадскае журы, у якое ўвойдуць вядомыя, паважаныя людзі, не абавязкова са свету мастацтва, i дадуць эмацыйную ацэнку нумарам, узнагародзіўшы “сваім” прызам. Пакінулі і дзіцячае журы. “Прыз глядацкіх сімпатый” уручаць па выніках галасавання гледачоў — яны змогуць запоўніць анкеты і апусціць іх у адпаведныя скрыні.

Першая iмпрэза была прысвечана Беларусі — яе культуры, самабытнасці — і 950-гадоваму юбілею Мінска. У другога фестывалю — свая тэма, аб якой публіка даведаецца толькі на прадстаўленні.

— Ці будуць адрознівацца цэны на фэставыя білеты ад звычайных?

— Не, пакуль нічога не мянялі. Тым жа, хто не зможа патрапіць на форум, не варта моцна перажываць. Лепшыя, на наш погляд, і, спадзяемся, прызавыя нумары мы вырашылі пакінуць у Мінску ў праграме “Брава”, якая будзе ісці з 27-га верасня па 8-е снежня. Увогуле, чакаем усіх аматараў цырка на фестывалі і, вядома, пасля яго!

Аляксей АЛЯКСАНДРАЎ