Ці дзіва, што народны артыст Расіі Генадзь Завалокін у 2000 годзе, шукаючы для тэлеперадачы “Грай, гармонік любімы”, абраў на “Дажынках” у Шклове менавіта “Весялуху”?
“На праслухоўванні мы не паспелі ўзяць двух акордаў,— узгадвае Валянціна Іванаўна, — як пачулі каманду “Сядайце ў аўтобус!”
Доўга шукалі натуру. Здымкі прайшлі на фоне сялянскай хаты. “Весялуха” выконвала народную песню “У садзе гуляла”. Завалокін папрасіў Фралову падарыць словы і ноты ягонаму ансамблю “Прыпеўка”. А сам прэзентаваў Валянціне Іванаўне з дзесятак уласных песень. Вырашылі праз год зноў сустрэцца ў Магілёве, каб абмеркаваць праект сумеснага канцэрта. Трагічная смерць артыста парушыла планы. Але песні завалокінскія па-ранейшаму жывыя. У адным з канцэртаў перад жыхарамі Колпінскага раёна Санкт-Пецярбурга, як толькі “Весялуха” распачала выконваць “Ад печкі да печкі”, зала разам з ансамблем праспявала песню.Сёння “Весялуха” — на піку творчасці. Канцэрты чакаюць ва ўсіх райцэнтрах і аграгарадках Магілёўшчыны. У рэпертуары — мноства беларускіх народных песень менавіта нашага, Магілёўскага рэгіёна. Асаблівую папулярнасць набыла канцэртна-лектарыйная праграма для дашкольнікаў “Звяры і птушкі ў славянскім фальклоры”. Артысты з дапамогай музыкі распавядаюць дзецям пра жывых істот.
Шмат канцэртных праграм для працаўнікоў вёскі, ветэранаў вайны. Валянціна Фралова лічыць, што калі на канцэрт прыйшоў нават адзін чалавек — для яго трэба спяваць. Але ў “Весялух” на канцэртах — заўжды аншлагі.
Людміла МАЦКЕЛА
Магілёў
На здымку: Генадзь Завалокін разам з удзельніцамі “Весялухі”.