Гнёзды і пакаленні

№ 32 (1419) 10.08.2019 - 17.08.2019 г

Самы першы Спас жніўня — Мядовы, які адзначаюць у народзе 14 жніўня. Можна лічыць, што гэта свята і працавітых пчолак, для дабрабыту якіх, так бы мовіць, шчыруюць людзі… “Лясное бортніцтва Беларусі” было ўнесена ў Нацыянальны інвентар Беларусі ў лістападзе 2017 года, калі пасля шматгадовых экспедыцый выявілі, што ў Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці гэты старадаўні лясны промысел як пачатковая форма культурнага пчалярства захаваўся ў сваім архаічным выглядзе, перадаецца з пакалення ў пакаленне і налічвае больш за сотню бортнікаў, якія практыкуюць гэты промысел і звязаныя з ім рамёствы пастаянна.

/i/content/pi/cult/757/16388/18.JPGУбарцкае Палессе — запаведная тэрыторыя бортніцтва

Бортніцтва — развядзенне і догляд лясных пчол (іх называюць бароўкі, бо ў большасці яны селяцца ў барах — густых сасновых лясах) — узнікла і развілася з дзікага пчалярства або збіральніцтва, калі чалавек выпадкова, а пазней свядома знаходзіў пчаліныя гнёзды ў дуплах дрэў, знішчаў агнём пчол і забіраў мёд. Упэўніўшыся, што знішчаць пчол нерацыянальна, чалавек перайшоў да першага этапу культурнага пчалярства.

Як від ляснога промыслу бортніцтва прайшло тры этапы развіцця: ахова і догляд дзікіх пчол у знойдзеных дуплах, свядомае ўтрыманне адселенага рою ў прыстасаваных пад борці натуральных дуплах, развядзенне і ўтрыманне рою ў спецыяльна зробленых борцях, якія ўмацоўваюць на дрэве. У найбольш архаічным варыянце гэты промысел захаваўся на тэрыторыі Убарцкага Палесся, дзе працякае рака Убарць. Вучоныя ўстанавілі, што людзі на гэтай тэрыторыі сяліліся з эпохі неаліту, а значыцца, на гэтай тэрыторыі прайшлі ўсе этапы развіцця гэтага старажытнага промыслу.

Дзікія пчолы селяцца ў дуплах векавых дубоў і соснаў

Можна заўважыць, што словы борць, бортнік, бортніцтва, назва ракі Убарць, якая паходзіць ад слова “уборок” — мясцовасць каля бору, маюць агульны корань — “бор”. Сапраўды, лес і сёння займае большую частку Лельчыцкага раёна, сярод якога шмат балот, рэк і рачулак. А гэта самыя неабходныя ўмовы для існавання пчол. У раёне пражывае больш за 100 бортнікаў, якія практыкуюць бортніцтва і звязаныя з гэтым промыслам рамёствы. Да іх далучаюцца тыя спадчынныя бортнікі, якія выехалі з родных мясцін у пошуках працы, але спецыяльна прыязджаюць два разы на год (вясной і ўвосень), каб дапамагчы бацькам і сваякам даглядаць пчол у лесе. Рамантуюць старыя і падвешваюць новыя вуллі-калоды, якія з дапамогай бензапілы рабіць цяпер значна прасцей і лягчэй. Амаль усе з іх захоўваюць і выкарыстоўваюць адмысловыя прылады працы (лезіва, жэнь, пешня, барта) і традыцыйныя тэхнікі догляду пчол у сем’ях і вясковай супольнасці.

Лельчыцкія пчаляры захоўваюць традыцыі продкаў

Промысел звязаны з паважлівым стаўленнем да навакольнай прыроды, пчол, пэўнымі традыцыямі і рытуаламі (бонда, сябрына, талака, замовы). Захоўваецца своеасаблівае звычаёвае права ўласнасці на бортнае дрэва (тое, на якое ўмацоўваюць вулей-калоду). Яго, як і вулей на ім, нельга чапаць нават у тым выпадку, калі гаспадар памёр і не перадаў яго нікому. Бортніку ў яго працы дапамагае жонка, дзеці або іншыя старэйшыя або малодшыя сямейнікі, якія шануюць пчалу, выкарыстоўваюць у сваім побыце мёд і пчолапрадукты як сродак народнай медыцыны, захоўваюць адметныя кулінарныя традыцыі. Мёд і воск — абавязковыя складнікі каляндарных і сямейных абрадаў і звычаяў. Пчаляры асноўныя віды работ у лесе выконваюць два разы на год: вясной да свята Міколы 22 мая (чыстка вулляў і прывабліванне пчол у перыяд раення) і ўвосень на пачатку кастрычніка (чыстка і ўцяпленне вулляў, выразка сотаў). Мёд ад пчол бортнік бярэ толькі ўвосень, большую частку пакідаючы ім на зімоўку. І толькі ў тым выпадку, калі вулей поўны, а ўсе соты заліты мёдам і запячатаны. Калі гэта не так, пчаляр толькі назірае за станам пчол. Бывае год багаты на мёд, а бывае, што пчаляру і зусім няма чаго ўзяць. Часам з 50 калод заселены пчоламі толькі дзесяць. Павесіць пчаляр новую калоду, але гэта зусім не значыць, што пчолам яна спадабаецца і яны паселяцца ў зроблены чалавекам домік. А вось калі пчолы раяцца і ляцяць у вуллі, у бортніка свята — значыцца, ён усё зрабіў “па законе” і будзе з прыбыткам. Лясныя пчолы збіраюць нектар і твораць мёд усё лета, таму па сваіх якасцях гэты мёд самы карысны і смачны.

Сучасная адметная рыса лельчыцкіх бортнікаў — настаўніцтва: кожны вопытны пчаляр навучае не толькі блізкіх сваякоў, але і тых маладых людзей, хто цікавіцца гэтым заняткам. Таму колькасць бортнікаў у Лельчыцкім раёне расце год ад года. Гэты промысел, у адрозненне ад рамачнага пчалярства, не мае камерцыйнага характару. Яго захоўваюць як традыцыю продкаў. У кожнай сям’і ёсць або былі бортнікі. Існуе старадаўні звычай дзяліцца мёдам і воскам са сваякамі, суседзямі, сябрамі. Не толькі да пчол, але і ў цэлым да лесу бортнікі ставяцца беражліва, бо гэта тое асяроддзе, сярод якога яны нарадзіліся, выгадаваліся і працягваюць жыць. Таму і займаюцца такой небяспечнай справай, якую продкі перадаюць нашчадкам. Выдатны прыклад адзінства чалавека і прыроды, яркі прыклад служэння сваёй малой Радзіме!

Дзеля захавання пчол

Асобныя бортнікі ёсць і ў іншых рэгіёнах Беларусі, але большасць на Палессі. Лельчыцкі раён і ў прыватнасці Убарцкае Палессе ў плане захавання бортніцтва — тэрыторыя запаведная для ўсёй Еўропы. Традыцыя тут, як і на смежнай тэрыторыі Украіны, дзе таксама працякае рака Убарць, не перарывалася ніколі. Вякамі мясцовыя жыхары даглядаюць пчол у лесе, змагаюцца са шкоднікамі, бо разумеюць, якую карысць прыносяць маленькія працаўніцы: без іх не будзе ў лесе грыбоў і ягад, а ў садзе і на агародзе пладоў многіх раслін, не будзе такога карыснага і лекавага прадукту для чалавека, як мёд, не будзе іншых пчолапрадуктаў, якімі спрадвеку лячыліся продкі. Магчыма, што менавіта ў гэтых лясах захаваецца папуляцыя палескай пчалы, што важна для ўсяго чалавецтва.

Зараз ва ўсім свеце пчолы гінуць, і для сельскай гаспадаркі гэта вялікая страта. У 2018 годзе ўпершыню адзначаўся Сусветны дзень пчол, аб’яўлены ААН з мэтай звярнуць увагу на такую пагрозу і садзейнічаць захаванню гэтага высокаарганізаванага насякомага, сімвала працавітасці. Калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, лельчыцкія бортнікі займаліся звычайнай веснавой працай у лесе: рамантавалі і чысцілі вуллі, націралі іх унутры пэўнымі раслінамі, каб прывабіць пчол, усцягвалі высока на дрэвы новыя калоды. І потым усе дарослыя назіралі: ці выжывуць пчолы? Выжывуць пчолы — выжывуць і людзі.

Перажылі гэтую бяду. На жаль, апошнія гады, акрамя хімізацыі палёў, узнікла яшчэ адна вялікая пагроза для пчол і бортнікаў — гібель лесу з-за нашэсця караеда. Лельчыцкія бортнікі, каб выратаваць свае вуллі, рызыкуюць жыццём, перавешваючы калоды ніжэй. Такія спробы часам заканчваюцца калецтвам. Але гэта не спыняе моладзь, для якой экстрэмальны промысел — выпрабаванне ўласных сіл і розуму, вернасць традыцыям. У многіх у лесе вісяць вуллі, зробленыя яшчэ рукамі дзядоў і прадзедаў, якія завяшчалі берагчы пчол і займацца іх доглядам. Бортнікамі, як правіла, становяцца, адслужыўшы ў войску. Лічыцца, што сямейны чалавек павінен забяспечваць сям’ю і з дапамогай лясных промыслаў. Таму той, хто прывучаны лазіць на дрэвы змалку, лягчэй служыць у войску, а хто не меў такіх навыкаў, пасля службы таксама праяўляе цікавасць да бортніцтва, бо добра падрыхтаваны фізічна.

Пераемнасць традыцый — наш агульны клопат

Некаторыя рамёствы, звязаныя з бортніцтвам, засвойваюцца з дзяцінства: дрэваапрацоўка, пляценне кашалёў з сасновай дранкі, суканне свечак, выраб напояў і страў з мёду і іншыя. На жаль, толькі адзін каваль у Мілашавічах умее вырабляць металічныя інструменты, і толькі некаторыя прадстаўнікі старэйшага пакалення ўмеюць вырабіць лезіва і жэнь (прыстасаванне для фіксацыі бортніка каля вулля-калоды на дрэве, сплеценае са скуры, асобныя часткі якога зроблены з дрэва), мала хто зробіць сёння лазбень — кораб з накрыўкай для збору і захавання мёду ў сотах. Для таго, каб аднавіць гэтыя рамёствы, трэба спланаваць і наладзіць навучанне дзяцей у школах рамёствам з прыродных матэрыялаў.

Не дзіўна, што пра неабходнасць гэтага гаварыў напярэдадні Сусветнага дня пчол на свяце “Мядовы фальварак” настаяцель праваслаўнага храма ў аграгарадку Сіманічы протаіерэй Іван Палын: сам ён займаецца пчалярствам і як мясцовы жыхар разумее каштоўнасць гэтай традыцыі для духоўнага станаўлення дзяцей і моладзі. Ён жа прапанаваў стварыць у пустой сядзібе Музей бортніцтва і каб экскурсаводамі там былі вучні мясцовай школы. Я выдатна памятаю нябожчыка гаспадара гэтай сядзібы Мікалая Хваціка, выдатнага расказчыка, вопытнейшага бортніка, чалавека энцыклапедычных ведаў, калі можна так казаць пра пчаляра, які валодае ўсімі тонкасцямі традыцыйнага промыслу. Будзем спадзявацца, што і старшыня Сіманіцкага сельсавета, і кіраўніцтва райвыканкама падтрымае гэтую ініцыятыву.

Пра тое, што ў Лельчыцкім раёне выяўлена столькі пчаляроў, якія займаюцца гэтым лясным промыслам, яшчэ мала вядома нават у нашай краіне. За два апошнія гады разам з Польшчай Беларусь падрыхтавала дакументы і дакументальны фільм пад назвай “Культура бортніцтва Беларусі і Польшчы” як транснацыянальную намінацыю, што была сёлета разгледжана ў Каралеўскім замку ў Варшаве на сумесным пасяджэнні Беларуска-польскай кансультатыўнай камісіі па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны і пададзена на разгляд Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO. Пытанне вырашыцца ў канцы 2020 года.

Рэгіна ГАМЗОВІЧ