Дадзіёмаўская місія

№ 32 (1419) 10.08.2019 - 17.08.2019 г

Днямі доктару мастацтвазнаўства, прафесару Вользе Дадзіёмавай споўнілася 64 гады. Дата не юбілейная, але значная. Бо гэтая лічба спалучаецца яшчэ з адной: знакамітая даследчыца старадаўняй беларускай музыкі заканчвае працу над сваёй 17-й кнігай — пры тым, што ранейшая выйшла з друку зусім нядаўна, літаральна некалькі месяцаў таму — і адразу разышлася пры тыражы ў 500 асобнікаў (дададзім, што сур’ёзныя навуковыя выданні пра айчынную класіку звычайна друкуюцца ў значна меншых аб’ёмах).

/i/content/pi/cult/757/16385/2-IMG_20190806_144605_opt.jpegНекалькі гадоў таму Вольга Уладзіміраўна цяжка захварэла. Але гэта толькі ўзмацніла яе жаданне як мага хутчэй падзяліцца ўсім знойдзеным і назапашаным: яна пачала працаваць яшчэ больш інтэнсіўна. Раптам яе паралізавала. Але і ў такім складаным стане, калі чалавек, здавалася б, вырачаны на бездапаможнасць і патрабуе пастаяннага нагляду сядзелкі, яна не здалася. І на ўсе ахі-вохі калег толькі жартуе: “У мяне ж дзейнічаюць адно вока і адна рука — акурат, каб набіраць на камп’ютары. Што яшчэ трэба для плённай працы? Хіба галава!”

Калі не ведаць пра хваробу, ніколі не здагадаешся, з якімі выпрабаваннямі давялося ёй сутыкнуцца. Бо голас па тэлефоне — заўжды бадзёры. А мяркуючы па выдадзеных за гэты час працах і падрыхтаваных дакладах для міжнародных навуковых канферэнцый, у Дадзіёмавай — чарговы пік творчай дзейнасці і ўзлёт навуковай актыўнасці. Калі раней яна больш займалася збіраннем матэрыялаў, пошукам нотных крыніц у замежных біблітэках і архівах, дык цяпер асэнсоўвае ўсё гэта, вылучае самыя смелыя гіпотэзы і прыводзіць пераканаўчыя прыклады, доказы.

Усё гэта бачна па яе 16-й кнізе “Музычная культура Беларусі: гістарычны лёс і творчыя сувязі”, выдадзенай пры падтрымцы знакамітага IT-прадпрымальніка і мецэната Юрыя Зісера. Адно тое, што рэцэнзентамі выступіла прафесура трох краін: з Мінска, Масквы і Варшавы, — сведчыць пра фундаментальнасць узнятай праблематыкі, вырашанай з усёй навуковай дакладнасцю і карэктнасцю.

Першая частка кнігі прысвечана агульным пытанням вывучэння айчыннай музычнай культуры да ХХ стагоддзя, у тым ліку найбольш актуальным перспектывам даследавання, асэнсаванню Беларусі ў цэнтры музычнай Еўропы, развіццю музычнай культуры беларускіх земляў ва ўсёй супярэчнасці перарваных працэсаў і сувязей гісторыка-стылёвых эпох.

Другая частка ўтрымлівае артыкулы пра сусветна вядомых музыкантаў: Міхаіла Глінку, Пятра Чайкоўскага, Фрэдэрыка Шапэна, але з пункту гледжання іх сувязяў з беларускім мастацтвам.

Сярод унікальных фактаў развіцця нашай культуры даследчыца вылучае, да прыкладу, тое, што “беларускія землі з’яўляюцца самым заходным арэалам усходнеславянскага праваслаўя і самым усходнім — каталіцызму і, такім чынам, размешчаны на “падвойным” рэлігійным памежжы. Ці што беларускі этнас “не сфарміраваўся як маналітная цэласнаць [тут і далей вылучана аўтарам — Вольгай Дадзіёмавай]. Для яго была характэрна вельмі глыбокая (куды больш глыбокая, чым у іншых краінах) саслоўная дыферэнцыяцыя, замацаваная падзяленнем канфесійным і моўным. Іначай кажучы, розныя саслоўныя групы насельніцтва Беларусі мелі розную этнакультурную арыентацыю”. Таму “як культура памежнага тыпу (падобна сербскай, швейцарскай, бельгійскай ды іншым, размешчаным на мяжы этнаканфесійных сусветаў) — не мела ў мінулым магчымасці рэалізаваць нацыянальна-стваральныя працэсы ў сферы пісьмовых форм музычнага мастацтва. Яна была прызвана выканаць надзвычай важную і жыватворную місію аб’яднацеля, донара і перакладчыка ў міжкультурным дыялогу”.

Што ні кажыце, а чытаючы ўсё гэта, лепей разумееш многія сучасныя з’явы. Да прыкладу, тое, што цяперашняя роля нашай краіны як міратворцы мае глыбокія гістарычныя перадумовы. Што гэта папраўдзе наша беларуская місія ў свеце.

Усяго Вользе Дадзіёмавай на сённяшні дзень належыць больш за 300 навуковых і вучэбна-метадычных публікацый — неверагодная колькасць, асабліва калі ўлічваць, што сярод іх ёсць і асобныя артыкулы, і маштабныя манаграфіі, вучэбнікі, хрэстаматыі. А да ўсяго гэтага трэба далучыць яшчэ яе асветніцкую дзейнасць: тыя ж тэле- радыёпраграмы, вядзенне канцэртаў (дакладней, навуковыя каментарыі да іх), распрацоўку канцэпцый шматлікіх фестываляў беларускай музыкі, што ладзяцца Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга.

Шаноўная Вольга Уладзіміраўна! Культураўцы зычаць вам як мага больш хуткай перамогі над хваробай — і далейшых навукова-гістарычных адкрыццяў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"