Прывід без справы не застаўся

№ 32 (1419) 10.08.2019 - 17.08.2019 г

Не мной сказана, што Беларусь — краіна замкаў і палацаў. А які прыстойны старасвецкі маёнтак без штатнага свойскага прывіду? Словам, ці не ў кожным мястэчку чую “страшылкі” пра зданяў, якім няма спакою сярод сівых замкавых муроў. Дык ці не час навесці тут належны парадак і накіраваць жахлівыя шчыраванні ў спакойнае рэчышча стваральнай аніматарскай творчасці? Вось, як паведамляюць з Лідчыны, у аграгарадку Бердаўка штосьці падобнае ўжо з поспехам ажыццяўляецца.

/i/content/pi/cult/757/16383/15.jpgМаёнтак міравога суддзі Лідскай судова-міравой акругі, магілёўскага губернатара, краязнаўцы і ініцыятара стварэння гісторыка-этнаграфічнага музея ў Магілёве Аляксандра Дамбавецкага стаў цэнтрам брэндавага свята. Толькі вядучыя пачалі распавядаць пра таямнічую гісторыю палаца, як сярод гасцей у прысядзібным парку нечакана з’явіўся прывід паненкі Дамбавецкай. І з’явіўся не для таго, каб напалохаць, а каб правесці сярод сучасных дзяўчат урок этыкету. Важнай крыніцай даходу маёнтка Дамбавецкіх было льнаводства. Таму на свяце прэзентаваліся “льняное дэфіле”, стравы з насення гэтай сельгаскультуры. У конкурсе гумару бралі ўдзел самадзейныя артысты Беліцкага, Ганчарскага, Дварышчанскага, Пескаўскага, Мажэйкаўскага, Крупаўскага дамоў культуры, Бердаўскага і Мінойтаўскага культурна-дасугавых цэнтраў. Лепшымі гумарыстамі прызнаны супрацоўнікі Ганчарскага ДК.

Яшчэ раз нагадаю, што галоўная якасць работніка культуры — уменне прыдумваць і здзіўляць. Вось у Кальчунах, што на Ашмяншчыне, клубнікі прыдумалі Дзень… кола і здзівілі ўсіх вясковых уладальнікаў ролікаў, самакатаў, гіраскутараў, ровараў, байкаў і машын. Уяўляеце, які стракаты і шумны натоўп сабраўся ля мясцовага ДК.

Рэдактар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ала Бялькевіч распавяла, што ў гарадскім парку Свіслачы прайшоў IV рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”, які аб’яднаў прыхільнікаў фальклорнай спадчыны Прынёманскага краю. Выконваліся песні, побытавыя танцы, абрады, ладзіліся выставы твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прапаноўваліся стравы нацыянальнай кухні, прэзентаваліся элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, занесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Аўтар допісу сцвярджае, што падобнага фэсту, дзе традыцыйная культура была б прадстаўлена настолькі шматбакова, у краіне больш няма. А загадчык аддзела метадычнай работы Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Шпакоўская дадае: “Аддзел рамесніцкай дзейнасці Карэліцкага дома рамёстваў стаў на згаданым фестывалі лаўрэатам першай ступені ў намінацыі “Лепшае прыгатаванне традыцыйнай стравы” і лаўрэатам другой ступені ў намінацыі “Аўтэнтычны рэгіянальны строй”.

Піша кіраўнік раённага цэнтра рамёстваў Баранавіцкага раёна Сяргей Седач. “К” неаднаразова расказвала пра тое, што знаходзіцца памянёная ўстанова ў вёсцы Русіно, дзе спрадвеку ўмелі прыдумваць ды здзіўляць. Дык вось, шаноўны Сяргей Сяргеевіч паведамляе: “Пры фінансаванні аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі адрамантавана выставачная зала нашага цэнтра рамёстваў. Тут цяпер працуюць дзве выставы. Першая прысвечана куфрам Баранавіччыны і Магілёўшчыны. Знойдзеныя куфры былі адноўлены мастаком-рэстаўратарам Мікалаем Былічам. У сваёй рабоце ён арыентаваўся на традыцыйны роспіс Агоўскіх куфраў (вёска Агова Іванаўскага раёна). На другой выставе паказаны беларускі арнамент. На прыкладзе насценнага роспісу (аўтар — мастак РЦР Юлія Плескацэвіч) можна пазнаёміцца з такімі элементамі арнаменту як “Дрэва жыцця”, “Жытняя баба”, “Хрэшчык”, “Лапа на дванаццаць растоў.” Аўтар дадае, што рэстаўрацыя прайшла і ў зале традыцыйнага побыту, дзе прадстаўлены рэчы хатняга ўжытку, прылады працы і тэкстыль беларусаў.

Мір Карэліцкага раёна знакаміты не толькі мясцовым замкавым комплексам. Тут здаўна шчыльна знітаваліся культуры самых розных народаў. Гэтай шматэтнічнасці і быў прысвечаны фестываль “Мястэчка”. Вось чым скончыўся конкурс нацыянальных падворкаў. За выразную праяву традыцый лепшым прызнаны Мірскі ГДК (польскі падворак), за крэатыў у афармленні адзначаны Красненскі Дом культуры (цыганскі падворак), лепшым у раскрыцці тэмы стаў Цырынскі ДК (беларускі падворак), нацыянальнай кухняй здзівілі Турэцкі Дом культуры і Малюшыцкі СДК (татарскі падворак), лепшы нацыягальны абрад прадэманстраваў Жухавіцкі Дом культуры (яўрэйскі падворак).

4 жніўня трэці год запар на Ваўкавышчыне прайшло свята “Ятвезьскія суседзі”. Вёска Ятвезь — адна з самых населеных у раёне. У знак сяброўства і ўзаемапавагі было пасаджана дрэва Добрасуседства. А пудзіла Злога Суседа, па традыцыі, было спалена.

Некалькі анонсаў. Фестываль-кірмаш “Кераміка Крэва” пройдзе 17 жніўня ў аграгарадку Крэва Смаргонскага раёна. У праграме: выстава твораў керамістаў, майстар-класы па ганчарстве, рыцарскія турніры, выстава зброі, канцэрт сярэднявечнай музыкі, выступленне вулічнага тэатра, вандроўка па Крэўскім замку ў фармаце 3D рэальнасці (мясцовы дабрачынны фонд “Крэўскі замак”). Пра гэта напісала намеснік дырэктара раённага цэнтра культуры Людміла Барахоўская.

З 30 жніўня па 1 верасня Полацк стане сярэднявечным. Тут у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Павышэнне канкурэнтаздольнасці і ўстойлівасці турызму ў сферы культуры, садзейнічанне захаванню, даступнасці і развіццю нематэрыяльнай культурнай і гістарычнай спадчыны ў Латвіі, Літве і Беларусі” адпаведна Праграме трансгранічнага супрацоўніцтва названых краін пройдзе Міжнародны фэст “На шляху з вараг у грэкі”. Праект фінансуецца Еўрасаюзам. Як і стагоддзі таму, у Полацк з’едуцца госці са шматлікіх краін. Іх чакаюць кірмаш, спектаклі вулічных акцёраў, майстар-класы, паказ развіцця еўрапейскай сярэднявечнай моды, кулінарныя дэгустацыі… А на Заходняй Дзвіне ваяры на дракарах
прадэманструюць майстэрства воднага бою.

У аграгарадку Мазалава Віцебскага раёна прайшло свята крыніцы. Андрэй Струнчанка паведамляе, што дзея адбывалася ля крыніцы, тэрыторыя вакол якой была добраўпарадкавана падчас рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза і фонду “Еўразія”.

Гісторык Аляксей Шалахоўскі піша, што нядаўняе свята паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета — 2019” сабрала каля тысячы аматараў прыгожага слова. На літаратурна-музычнай імпрэзе выступалі паэты, музыканты, а таксама гурты “Гарадскі вал”, “Балцкі субстрат”.

3 жніўня аграгарадок Неўда, што ў Навагрудскім раёне, стаў месцам правядзення дзіцячага свята “Салодкая феерыя”. У свята цукерак ёсць свой спонсар — індывідуальны прадпрымальнік Ігар Бабоўскі. Так што ўсе карамельныя і шакаладныя мары дзятвы былі ажыццёўлены.

Аліна Санюк піша пра свята “Радасць сустрэчы пад покрывам Святога Ільі”. Адбылося мерапрыемства ў вёсцы Міхайлоўшчына Ашмянскага раёна. Свята традыцыйна прымяркоўваецца да дня Прарока Ільі, які ў праваслаўным календары прыпадае на 2 жніўня. Аўтарка распавядае: “Больш за сотню гадоў стаіць у вёсцы храм, асвечаны ў гонар праваслаўнага святога, які з Божай ласкі аберагае месцічаў ад нягод. У Міхайлоўшчыне пражывае каля 150 жыхароў. Вёска старэе. Але на свята збіраюцца ўнукі і праўнукі вяскоўцаў… Пасля богаслужэння быў канцэрт, падрыхтаваны сіламі работнікаў культуры”.

Напрыканцы — весткі з бібліятэк. Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Марына Бортка распавядае, што сёлета Раклевіцкая сельская ўстанова па выніках Рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” атрымала дыплом другой ступені ў намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання”. Далей ідзе аналіз дзейнасці бібліятэкара Таццяны Цыгель. Папулярызацыю чытання яна пачынае з дзіцячага садка. Акцыя вельмі трапна называецца “Расці з кнігай”. Адначасова вывучаюцца гісторыя і культура роднага краю. Дзеці прызвычаіліся і да буктрэйлераў. Таццяна Канстанцінаўна спадзяецца, што мода на чытанне набудзе неўзабаве масавы характар.

На Гродзеншчыне абвешчаны конкурс макетаў “Архітэктурныя помнікі малой радзімы”. Ашмянская раённая бібліятэка зрабіла макет помніка архітэктуры канца XIX стагоддзя — будынка сінагогі Ашмян. Аўтарам макета стаў мастак РЦК Станіслаў Лапушэўскі. У будынку цяпер захоўваюцца музейныя фонды. А яго галоўная асаблівасць — вітражнае акно-ружа над галоўным уваходам.

Пішыце пра цікавае! Сустрэнемся праз тыдзень!