Страшэнны сон у яркіх фарбах

№ 32 (1419) 10.08.2019 - 17.08.2019 г

131-шы тэатральны сезон у Магілёўскім абласным драматычным тэатры завяршыўся прэм’ерай. Спектакль “Дзядзькаў сон” па аднайменнай аповесці Фёдара Дастаеўскага паставіў рэжысёр Міхаіл Лашыцкі. Яркія, амаль кіслотныя колеры, трыгерныя пасылы да гледачоў, экзістэнцыйныя, страшныя пытанні і адчувальная ўнутраная пустата змяшаныя ў пастаноўцы хаатычна, як фарбы на палітры мастака.

/i/content/pi/cult/757/16380/11.jpgГероі Дастаеўскага ў спектаклі не выходзяць за межы звыклых для нас паняццяў і пачуццяў у кантэксце ўласцівага аўтару светаўспрыняцця: нейтральная, на першы погляд, атмасфера ў доме Маскалёвых аказваецца нацягнутай, як струна. Самі персанажы, з твараў якіх не сыходзяць усмешкі, на працягу двух актаў агаляюць сапраўдныя пачуцці ад істэрыкі да шчырай нянавісці і пагарды. Крыўда, зайздрасць, крывадушша і ганарыстасць — бачна, што жыхары Мардасава, невялікага павятовага гарадка, ведаюць аб іх не па чутках.

Падзеі разгортваюцца на фоне імглістай далячыні, а дэкарацыі, якія імітуюць, здаецца, зараснікі балотных траў, займаюць усю глыбіню сцэны. Глыбіня больш належыць снам, у якіх жыве князь, чым рэальнасці. Таму ў спектаклі яна амаль не выкарыстоўваецца, што даволі незвычайна. У пачатку першага акта Мар’я Аляксандраўна (Алена Крыванос) палівае пано — сэрца з руж, якое апускаецца зверху. У цэнтры яго — невідавочная адтуліна, якая па форме нагадвае след ад нажа. Незагойная рана на сэрцы дачкі Зіны (Вераніка Баранава) абернецца потым супраць яе самой і ўсяго дома Маскалёвых. Пад націскам маці дзяўчына пагаджаецца на ўчынак, які заслугоўвае вымовы, хоць і пакутуе ад гэтага сама. Князь жа, ролю якога выдатна выконвае артыст Магілёўскага абласнога тэатра лялек, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Мікалай Сцешыц, існуе ў паралельным свеце, прычым даволі даўно, і нават не можа адрозніць сон ад рэальнасці. Наогул, ён больш нагадвае экспанат, чым персанаж. Урыўкі ўспамінаў і страх — адзіныя, што могуць на яго паўздзейнічаць, але ў прыняцці ім рашэнняў няма адэкватнасці.

Касцюмы герояў і сцэнічнае афармленне (за іх адказны сам рэжысёр) зроблены ў яркіх колерах. Акрамя таго, зал рэагуе шчырай усмешкай на ўсе больш-менш камічныя моманты, і, дарэчы, жанр пастаноўкі пазначаны як трагікамедыя, але ўжо да завяршэння першага акта мы разумеем, што на сцэне адбываецца сапраўдная драма. Пужае менавіта тое, наколькі адчувальна і эмацыйна героі перажываюць свой боль, і наколькі смешным гэта падаецца гледачам. Усмешкі персанажаў аказваюцца істэрычным ашчэрам.

Першы акт, асабліва прыезд князя ў Мардасаў, — даволі зацягнуты. Не вельмі ўдалай падалася сцэна, дзе Зіна (Вераніка Баранава) выконвае раманс для князя, — выкананне, якое па задуме рэжысёра павінна быць прасякнута напругай і ўдушэннем ад слёз, на жаль, выклікае недавер. Аднак жа музычнае афармленне спектакля, кампазітарам якога з’яўляецца вядомая аматарам тэатра рэжысёр Кацярына Аверкава, удалае, у некаторыя моманты яно суправаджае агульны настрой дзеяння, а ў некаторыя — дапамагае яго стварыць.

Амаль увесь другі акт адбываецца на фоне вялікага надпісу, які ўспрымаецца даволі неадназначна. Апускаецца сэрца з адтулінай, якое маці Зіны палівала ў першым акце, яно застаецца на заднім фоне, на пярэднім жа знаходзіцца надпіс памерам ва ўсю сцэну — “я гэты горад”, а па абодвух баках з’яўляюцца львы, адзін у адзін падобныя да тых, што ўпрыгожваюць Магілёўскі мост. Таму надпіс можа быць прачытаны як іранічнае “я люблю гэты горад”, актуалізаванае для магілёўскага гледача, але, хутчэй, счытваецца як страшнае “я — гэты горад”, а значыць, я — частка ўсіх падзей, якія тут адбываюцца, намераў яго жыхароў, бо я — такі ж жыхар.

Вынаходзіць сваё праяўленне — уласцівая Міхаілу Лашыцкаму сімвалічная, метафарычная гіпербалізацыя. Напрыклад, Мазглякоў скача па сцэне ў касцюме тоўстага ярка-ружовага асла, пакуль здзяйсняецца яго помста. Выглядае смешна, але ў гэты момант падкрадаецца нейкі невытлумачальны жах, які стаіць камяком у горле. І ён толькі павялічваецца з кожным камічным момантам спектакля.

Канцоўку рускага класіка рэжысёр змяняе. Зіна не бяжыць да ўлюбёнага Васі, які памірае. Калі раз’юшаны натоўп жыхароў Мардасава зрывае з князя парык, і яго, амаль страціўшага розум старога, усяго ў слязах, кладуць у свой ложак, героі знікаюць са сцэны, Зіна — з чамаданам у руках. Застаецца толькі грамафон і гісторыя няшчаснага кахання, якую князь перажыў у маладосці і пасля якой яму так і не ўдалося канчаткова ачуняць. Дзяўчына, з якой ён марыў пабрацца шлюбам у Ніццы, знікае разам са сваімі бацькамі без усялякіх тлумачэнняў.

Прыглушанае святло. Толькі грамафон у ім на сцэне. І вялікі жах. І пустата, якая аглушае. Страціўшы каханне, чалавек страчвае наогул усё сваё чалавечае. Менавіта гэта эсэнцыя свету, гэтае пачуццё адсутнічала ў герояў, прывяло да непапраўнага, разбурыла жыцці. Гэтая адсутнасць, на месцы якой застаецца паглынальная прорва, з’ядае знутры. І менавіта яна абазначае: толькі каханне здольна выратаваць душу ад пагібелі. Жудасна ўсведамляць, як страшна і небяспечна страціць яго ўнутры сябе, бо толькі што ўбачыў наступствы.

Алена БЫКАВА

Фота Наталіі РАСІНАВАЙ