Цяжка быць жонкай генія

№ 32 (1419) 10.08.2019 - 17.08.2019 г

Кожны год у Санкт-Пецябургу ладзіцца міжнародны фестываль краін СНД і Балтыі “Сустрэчы ў Расіі”, на якім я сёлета прысутнічаў. Звычайна ў яго праграме — спектаклі рускамоўных калектываў з былых савецкіх рэспублік. Сёлета галоўнай разынкай праграмы стала пастаноўка “Рускі раман”, якую літоўскі рэжысёр Аскарас Каршуновас ажыццявіў у Рускім тэатры Літвы. Беларусам, што плануюць свой адпачынак праездам праз Вільнюс ці ў ім самім, можна ўнесці гэты спектакль у план абавязковых наведванняў.

/i/content/pi/cult/757/16379/10.jpgП’есу “Рускі раман” напісаў Марыс Івашкявічус, адзін з вядучых літоўскіх драматургаў. Яе падзеі адбываюцца ў апошнія месяцы жыцця Льва Талстога. Але ў цэнтры твора не славуты
расійскі пісьменнік, а яго жонка Соф’я Андрэеўна. У 2017-м рэжысёр Міндаўгас Карбаўскіс увасобіў гэтую п’есу на сцэне Маскоўскага тэатра імя Маякоўскага. Вынік атрымаўся шыкоўны — тры “Залатыя маскі” (у тым ліку Івашкявічусу за “лепшую працу драматурга”). Неўзабаве сваю трактоўку п’есы прапанаваў славуты Каршуновас.

Сцэнаграфія Ірыны Камісаравай пераносіць дзеянне ці то ў залу чакання, ці то ўласна ў вагон цягніка. І нездарма: менавіта ў апошнім Талстой назаўсёды з’ехаў з Яснай Паляны — ад жонкі і насустрач смерці. Праз сцэну пракладзеная чыгуначнае палатно, якое сыходзіць у неба. Не дзіва, што сваякі Льва Талстога размаўляюць з ім як з небажыхаром, звяртаючыся ўверх. Хоць класік рускай літаратуры памірае ў фінале, фактычна спектакль — гэта размовы з пісьменнікам ужо пасля яго смерці.

А вось падзеі, што адбываюцца на сцэне, нагадваюць ці то чысцец, ці то часам нават пекла. Лаўкі, якія стаяць па баках сцэны, увогуле нагадваюць труны, у якіх не хапае толькі вечак. Па агульнай танальнасці спектакль успрымаецца як падарожжа на той свет. Пастаноўка Каршуноваса — велізарнае эпічнае палатно, створанае майстрам. Рэжысёр ювелірна пераключае ўвагу гледача з адной лініі на другую і акрэслівае самыя розныя праблемы (ад узаемаадносінаў бацькоў і дзяцей да стасункаў паміж геніем і тымі, хто нібыта знаходзіцца ў цені, але ў рэальнасці сілкуе іх і стварае глебу для творчасці).

Канфлікт паміж Львом Мікалаевічам і Соф’яй Андрэеўнай не ў апошнюю чаргу тлумачыцца ідэямі талстоўства, да якіх урэшце прыйшоў ён і якія ў выніку не прыняла яна. У першай дзеі “Рускага рамана” Каршуновас таленавіта і тонка паказвае перадумовы ўзнікнення гэтага канфлікту. Тут адчуваецца знакамітая талстоўская простасць, а таксама рэжысёрская моц і пераканаўчасць, якой крыху не хапае ў другой дзеі.

Там на першы план усё больш выходзіць Чарткоў (акцёр Вітаўтас Анужыс), сябра пісьменніка і лідар талстоўства. Пакрысе ён усё больш і больш набывае відавочна дэманічныя рысы. А дзеянне ўсё больш набліжаецца да фантасмагорыі. Напрыклад, бліжэй да фіналу ёсць выдатная парадыйная сцэна, калі паплечнікі Талстога запісваюць яго словы, пры гэтым спрабуючы залезці як мага вышэй на чыгуначнае палатно, стаць бліжэй да бажаства.

Акцэнты крыху змяшчаюцца і атрымліваецца, што ў канфлікце паміж пісьменнікам і яго жонкай (моцная акцёрская праца Нэлі Савічэнка) вінаваты менавіта Чарткоў. Гэта крыху спрашчае агульную рэжысёрскую задуму, хоць Каршуновас падчас абмеркавання спектакля даказваў аўтару гэтых радкоў адваротнае. Маўляў, Чарткоў сапраўды сыграў у жыцці Талстога злавесную ролю.

Дадам, што акцёр Вітаўтас Анужыс, які ўвасабляў ролю Чарткова, насамрэч неверагодна абаяльны, таму акцэнты ссоўваюцца. Тады назіраць за канфліктам не так цікава, бо гледачу хутка падказваюць, хто мае рацыю, а хто вінаваты, хто ахвяра, а хто кат.

У канфлікце, у цэнтры якога Талстой, сімпатыя стваральнікаў спектакля на баку Соф’і Андрэеўны. Але калі ўсё і так зразумела, то вельмі складаныя канструкцыі (у тым ліку сюжэтныя — да прыкладу гульні дзяцей Льва Мікалаевіча), часам пачынаюць здавацца лішнімі, відавочнымі, зразумелымі, якія не патрабуюць такой дэталёвай прапрацоўкі.

Зрэшты пры ўсіх спрэчных момантах спектакль Каршуноваса на галаву вышэй большасці спектакляў, якія даводзіцца бачыць у Мінску цягам сезона. Спадар Аскарас — даўно лічыцца жывым класікам. А хто казаў, што класікі (што пісьменнікі, што рэжысёры) не маюць права на неідэальны твор?

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ

Фота з сайта Рускага драматычнага тэатра Літвы