Музей ва ўласным двары

№ 32 (1419) 10.08.2019 - 17.08.2019 г

Днямі па дарозе дадому без дай-прычыны завітаў у Асмалоўку. Наогул, люблю туды завітваць цягам вось ужо многіх гадоў. Ціха, атмасферна. І вечарам там зазвычай — ні душы. Гэта мне нават падабаецца, а вось іншым — мяркуючы па ўсім, не надта. Пакуль што мантра пра турыстычны патэнцыял гэтага ўтульнага раёнчыка, якая доўгі час несупынна вымаўляецца ўсімі “неабыякавымі грамадзянамі”, турыстаў Асмалоўцы не дадала. Яно зразумела: на сёння ім там проста няма чаго рабіць.

Што ні кажы, але ўсеагульная ўвага да гэтых дворыкаў была абумоўленая найперш весткай пра іх хуткі знос. Пасіянарныя жыхары і актывісты ў справе аховы спадчыны зладзілі маштабную кампанію, якая ўключала мноства карысных складнікаў. Даследаванні, экскурсіі, сюжэты і артыкулы ў СМІ, прысвечаныя архітэктуры гэтых мясцін… Рост “нізавой” актыўнасці насельнікаў раёна, якая вылілася ў шчырыя і цёплыя дваравыя святы… Асмалоўка займела нават своеасаблівую міфалогію. Ды, уласна, і сваю назву таксама — хаця сёння яна ўжо здаецца спрадвечнай.

У выніку, бадай усіх удалося пераканаць, што зносіць гэтыя кварталы нельга. І як шчаслівы фінал — сёлетняя пастанова аб наданні большай частцы гістарычнай забудовы статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Ды, на жаль, пасля гэтага і ўвага, і актыўнасць прыкметна знізіліся.

Але проста захаваць — гэта замала. Таму спыняцца на дасягнутым ніяк не выпадае. Як падаецца, Асмалоўка павінна і надалей заставацца платформай для прагрэсіўных (хай сабе, і камерных) урбаністычных праектаў і лакальных ініцытываў.

Што ж можна зрабіць сіламі “простых смяротных”? Ды яшчэ ўлічваючы адпачатную канцэпцыю: не парушаць атмасферу побытавай утульнасці. Адпаведна, без тлумных лавак і кавярань, без глянцу і “Зыбіцкай”.

Думаецца, сёе-тое можна. Прыкладам, у Львове ёсць даволі ціхі і атмасферны раёнчык Падзамча — куды больш старажытны за цяперашні цэнтр. У ліку яго адметнасцяў — не толькі першыя ў горадзе храмы, якія датуюцца XIII — XIV стагоддзямі, але і два “дваровыя” музеі. Адзін з іх, Двор-музей СССР, мае даволі простую ідэю: усе ахвотныя прыносяць туды непатрэбныя рэчы прамінулай эпохі. Другі куды больш прачулы — Музей забытых цацак. Насяляюць яго дзясяткі плюшавых і пластмасавых львоў, мядзведзяў, катоў ды розных іншых персанажаў, гаспадары якіх даўно ўжо выраслі.

Такія музеі ўражваюць не звышкаштоўнымі артэфактамі або эфектнай экспазіцыяй, але чалавечай цеплынёй. Бо стваралі іх самі мясцовыя жыхары, не абазнаныя ў метадалогіі і, зразумела ж, не абцяжараныя бюджэтам. Стваралі найперш для сябе, у сваё задавальненне. І яно відаць. Ды прываблівае.

Без сумневу, падобных ініцыятыў можа быць процьма, рэсурсаў для ўвасаблення яны патрабуюць зусім небагата. Але пры гэтым надаюць не надта “выразнаму” ў плане сваіх адметнасцяў раёну прывабныя ды інтрыгоўныя для людзей старонніх “рысы твару”. І развіваюць той вобраз Асмалоўкі, які ўжо ўдалося стварыць у грамадскай свядомасці.

Сапраўды, вельмі важна каб праект “Асмалоўка” несупынна меў развіццё — як гэта адбываецца, напрыклад, з фестывалем месца Sprava і ўвогуле ініцыятывай “перазагрузкі” колішняга Чарэйскага графства. Бо калі развіцця мы не дачакаемся, тады абяцанні ператварыць “састарэлую” забудову ў гарадскую адметнасць выканаць не ўдасца…

І наступным разам грамадскасці будзе куды складаней пераканаць прагматычных дзядзькоў у тым, што нейкае іншае “гістарычнае ламачча” варта захоўваць, а не зносіць у пень ды забудоўваць вызваленае месца шматпавярховікамі.

Без сумневу, праект “Асмалоўка” — пілотны. І ад яго поспеху шмат што залежыць.