Шпацыр на… колах

№ 32 (1419) 10.08.2019 - 17.08.2019 г

Куды вядуць шляхі велаэкскурсій
Сёння набіраюць усё большую актуальнасць ідэі пашырэння здаровага ладу жыцця і клопату пра прыроднае асяроддзе. Сістэмы пракату веласіпедаў і самакатаў дазваляюць знайсці і арандаваць такі экалагічны транспарт амаль у любой кропцы горада. Тым не менш, у Мінску экскурсіі на веласіпедах ладзіць на пастаяннай аснове толькі адна невялікая група энтузіястаў. Мы паспрабавалі разабрацца, якія выклікі і перспектывы паўстаюць сёння і могуць паўстаць у будучыні перад арганізатарамі велаэкскурсій і турыстамі, якія хочуць спалучаць любоў да паездак на веласіпедзе са спасціжэннем гісторыі горада і даследваннем цікавых мясцін.

/i/content/pi/cult/757/16376/8.JPGЯк яны да гэтага дакаціліся

Стваральнік праекта “Менскі велашпацыр” Раман Абрамчук пачаў займацца экскурсіямі, бо яму заўжды падабалася паказваць людзям свой горад і вандраваць па іншых мясцінах і краінах. Пачыналася з таго, што праводзіў па цікавых кутках Мінска сваякоў, якія прыехалі пагасцяваць, а скончылася тым, што пайшоў і здаў экзамен на права працаваць экскурсаводам — было тое ў 2007 годзе. Але яшчэ сем гадоў пасля гэтага ён вадзіў пешыя экскурсіі, і толькі потым наважыўся спалучыць любімую працу з катаннем на веласіпедзе.

Хаця ідэя праводзіць у Беларусі менавіта велаэкскурсіі прыйшла да Рамана ўжо даўно — падчас падарожжаў па Еўропе, дзе ў вялікіх турыстычных цэнтрах стала ладзяцца экскурсіі на самых розных відах транспарту — не толькі на звычайных веласіпедах, але і на тандэмных, якімі могуць кіраваць двое і больш чалавек, а таксама на самакатах, гіраскутэрах і так далей. Тым часам, у Мінску яшчэ пяць гадоў таму адбываліся толькі пешаходныя і аўтобусныя экскурсіі. Гэта здзіўляла і спараджала мары аб велаэкскурсіях.

Калі ў 2013 годзе адна з прыватных кампаній хацела праспансіраваць велаэкскурсіі па нашай сталіцы, то арганізатары сутыкнуліся з тым, што гатовых да гэтага экскурсаводаў папросту не знайшлося — усе гіды адмаўляліся ад удзелу ў такім праекце. Пагадзіліся толькі Раман Абрамчук і Павел Каралёў — і за месяц правялі дзясяткі экскурсій, якія карысталіся вялікім попытам.

Акурат тады Раман усур’ёз задумаўся над магчымасцю арганізоўваць велаэкскурсіі пастаянна і распрацоўваць для іх сталыя маршруты. Час да наступнай вясны прайшоў за планаваннем, падрыхтоўкай і стварэннем інтэрнэт-сайта, а ўвесну 2014-га, акурат з пачаткам чэмпіянату свету па хакеі, распачаў сваю дзейнасць “Менскі велашпацыр”. З тых часоў і да сёння ён застаецца адзіным праектам, у межах якога экскурсіі на веласіпедах ладзяцца на пастаяннай аснове.

Карысць для розуму і цела

Арыентаваліся перадусім на публічныя экскурсіі — то бок, публікавалі іх спіс на месяц. Такім чынам “ Менскі велашпацыр” працуе і сёння.

Адным з першых з’явіўся маршрут “Мінскія хіпаны”, прысвечаны субкультурам горада 1970 — 1980-х. Карыстаюцца папулярнасцю праекты, звязаныя з гісторыяй нацыянальных меншасцяў: “Мінск мусульманскі”, “Мінск яўрэйскі”. “Менскі велашпацыр” прапаноўвае зірнуць на горад з самых розных ракурсаў падчас экскурсій “Мінск кінематаграфічны”, “Мінская конка”, “Велагісторыя сталіцы”. Ажно тры экскурсіі прапаноўваюць па Лошыцы: дзённую, начную і сезонную — зімовую. Усіх маршрутаў і не пералічыш, іх ужо больш за 30. Публічныя экскурсіі “Мінскі велашпацыр” ладзіць не толькі па горадзе, але і ў ваколіцах Заслаўя, Ракава, Волмы, Вязынкі, Раўбічаў, Барысава... Для замежнікаў яны праводзяцца на французскай, польскай і англійскай мовах.

Сёння, калі пашыраюцца і набіраюць папулярнасць сістэмы шэрынгу веласіпедаў ды самакатаў, і знайсці ды арэндаваць сабе “колы” можна проста з дапамогай смартфона, удзел у велаэкскурсіях робіцца яшчэ больш зручным і даступным.

Перад пачаткам экскурсіі з удзельнікамі праводзяць інструктаж і азнаёмліваюць з вытрымкамі з правіл дарожнага руху. Усе маршруты перад іх запускам старанна правяраюць на бяспечнасць, а падчас экскурсій гід заўжды мае пры сабе аптэчку са сродкамі аказання першай медыцынскай дапамогі. У адпаведнасці з патрабаваннямі ПДР, дзеці да 14 гадоў могуць удзельнічаць у велаэкскурсіі толькі з прысутнасцю бацькоў, а да 18 — ужо і без бацькоў, але з іх пісьмовага дазволу.

Акурат у гэтыя дні “Менскі велашпацыр” запускае экскурсіі па Мінску на электрасамакатах, а таксама часам яны ладзяцца на лыжах альбо байдарках. Праўда, самакат у параўнанні з веласіпедам мае як свае плюсы, так і мінусы. Паездка на веласіпедзе патрабуе актыўных рухаў нагамі, што больш спрыяе здароўю і амартызуе ўздзеянне глебы — а на самакаце чалавек, фактычна, проста стаіць, прымаючы на сябе ўсе ўдары і штуршкі. Да таго ж, самакат, з-за сваіх малых колаў, патрабуе даволі роўнай паверхні, што вельмі абмяжоўвае магчымасці перасоўвання. Але з іншага боку, едучы на веласіпедзе, экскурсант вымушаны больш засяроджвацца на кіраванні транспартным сродкам, чым на экскурсіі — а вось на самакаце прасцей сканцэнтравацца акурат на тым, што гаворыць і паказвае экскурсавод. Так ці іначай, усе праекты “Мінскага велашпацыру” заснаваныя на імкненні палепшыць экалагічны стан наваколля і спрыяць прапагандзе здаровага ладу жыцця.

Стартаваць на Зыбіцкай

Сёння ў планах у “Менскага велашпацыра” — абзавесціся ўласным павільёнам, дзе будзе захоўвацца ўвесь неабходны рэквізіт: ровары, інструменты для іх абслугоўвання і рамантавання, аптэчкі, гукаапаратура... Месца было абранае ў цэнтры горада, бо менавіта адсюль зазвычай стартуюць экскурсіі праекта. Некаторы час арганізатары спрабавалі адшукаць памяшканне на першых паверхах дамоў у цэнтры горада, але безвынікова — і тады вырашылі займець для гэтай мэты свой фургон. Калі пачалі раіцца з мастакамі, прыйшлі да высновы, што фургон усё ж таксама будзе не найлепшым рашэннем, і тады з’явілася ідэя паставіць павільён, аформлены належным чынам, так, каб ён упісваўся ў атмасферу гістарычнага цэнтра. У выніку гэтая ідэя была ўхваленая Мінгарвыканкамам, які рэкамендаваў арганізаваць мэтавы аўкцыён за права арандаваць пляцоўку на вуліцы Зыбіцкай .

Стваральнік “Менскага велашпацыра” падкрэслівае, што на Зыбіцкай сёння багата аб’ектаў грамадскага харчавання, але перадусім гэта частка гістарычнага цэнтра, і там нарэшце мусіць з’явіцца элемент, які будзе падкрэсліваць турыстычны характар месца, звязаны з экалагічнасцю і здаровым ладам жыцця. Эскіз павільёна выканаў дызайнер Максім Осіпаў, які ўжо вядомы сваім рэалізаваным праектам афармлення леташняга каляднага кірмашу на мінскай плошчы Свабоды. На даху павільёна будуць змешчаныя фігуры знакамітых мінчукоў на веласіпедах — дакладна вядома, што сярод іх і граф Чапскі, астатнія кандыдатуры яшчэ абмяркоўваюцца.

На думку Рамана Абрамчука, адна з галоўных праблем Мінска сёння заключаецца ў тым, што гарадская прастора арыентаваная на тое, каб зручна было перадусім аўтамабілістам, а не пешаходам — а ў ідэале пажадана, каб сталася наадварот. Як кажа экскурсавод, у гістарычны цэнтр горада варта закрыць доступ для масавага аўтатранспарта, каб гэтыя кварталы былі месцам для адпачынку і цішыні, дзе можна ўратавацца ад стрэсу і забруджанага паветра.

Застаецца спадзявацца, што павільён для велаэкскурсій з’явіцца ў гістарычным цэнтры Мінска і стане для мінчукоў і гасцей сталіцы адпраўным пунктам на шляху да экалагічнага спазнання горада.