ЛІТАРАльна супер!

№ 32 (1419) 10.08.2019 - 17.08.2019 г

Задоўга да Дня беларускага пісьменства, якое пройдзе напачатку верасня ў Слоніме (летась сталіцай свята было Іванава) сярод яго месцічаў быў абвешчаны конкурс на слоган і сімвал знакавага рэспубліканскага мерапрыемства. Слоган прыдумалі мясцовыя ідэолагі (каму як не ім гэтай пачэснай справай займацца!).

Вось зыходны адмысловы варыянт гэтага слогана: “ЛІТАРАльна наш Слонім”. А вось яго вытворныя: “ЛІТАРАльна наша мова”, “ЛІТАРАльна наша свята”… Супрацоўнікі дзіцячага садка прапанавалі талісман Дня пісьменства. Ім стала львянё з сімпатычнай мянушкай Лявон. Менавіта леў, як вядома, адлюстраваны на гербе старажытнага Слоніма.

Начальнік аддзела культуры Слонімскага райвыканкама Галіна Данільчык распавяла “К”, што да Дня беларускага пісьменства ў горадзе даводзяцца да ладу і аб’екты культуры: капітальна рамантуюцца цэнтральная бібліятэка і краязнаўчы музей. Фасады дамоў упрыгожваюцца графіці. Больш камфартабельнай стала мясцовая гасцініца. Абнаўляюцца храмы. Пачышчаны Аўгустоўскі канал, добраўпарадкоўваюцца яго берагі. На цэнтральнай плошчы, насупраць драмтэатра, узнік пастамент, на якім неўзабаве будзе ўсталяваны помнік канцлеру Вялікага Княства Літоўскага і слонімскаму старасце Льву Сапегу. Стварылі яго мінскія скульптары пад кіраўніцтвам народнага мастака Беларусі Івана Міско, які нарадзіўся на Слонімшчыне.

Свята, па словах кіраўніка мясцовага аддзела культуры, пройдзе на 15 разнажанравых пляцоўках, у тым ліку і ў Жыровічах. Рэжысёрская канцэпцыя мерапрыемства была абмеркавана 8 жніўня на пасяджэнні рэспубліканскага штаба па арганізацыі і правядзенні Дня беларускага пісьменства. Больш падрабязна была прапрацавана канцэпцыя і месцазнаходжанне кожнай з пляцовак. Сярод іх — сярэднявечная, фальклорная, турыстычная, кніжная, дзіцячая фестывальная, спартыўная… Тут запланавана праца выстаў, пройдуць фестываль кнігі і прэсы, фінальны этап рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”, пісьменніцкі “круглы стол”. Пераможцы атрымаюць Нацыянальную літаратурную прэмію.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"