“Аўтарская экскурсія — тэатр аднаго акцёра”

№ 31 (1418) 03.08.2019 - 10.08.2019 г

Апошнім часам усё часцей у Беларусі ўзнікаюць аўтарскія экскурсійныя праекты ды наогул заўважна расце колькасць экскурсаводаў. Што прывяло да такога ўсплёску цікаўнасці да гэтай прафесіі і як захаваць якасць працы ва ўмовах высокай канкурэнцыі, “К” пацікавілася ў гісторыка і краязнаўцы Цімафея АКУДОВІЧА. Ён праводзіць экскурсіі ўжо амаль 15 гадоў, а сёлета адкрыў яшчэ і ўласны праект “Набліжэнне” з аўтарскімі маршрутамі.

/i/content/pi/cult/756/16366/15.jpg“На тое, што побач, людзі амаль не звярталі ўвагі”

— Як ты пачаў прафесійна займацца экскурсіямі?

— Пачалося ўсё ў 2000-х. Я вучыўся на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. А туды акурат прыйшоў выкладаць Васіль Грынь — таксама выпускнік БДПУ, які ўжо меў сваю турфірму, ладзіў тады ў Заслаўі фэсты сярэднявечнай культуры. І вось ён стварыў на гістфаку краязнаўчы гурток “Дыярыюш”, дзе пачаў рыхтаваць экскурсаводаў. Мы шмат падарожнічалі, распрацоўвалі новыя маршруты, вазілі сваіх аднагрупнікаў у вандроўкі па Беларусі і навучаліся прафесіі экскурсавода. Ужо на чацвёртым курсе я пачаў так зарабляць.

На той момант гэта ўсё было незвычайным, бо тады экскурсійнай справы ў Беларусі амаль што не было. Нават не праводзілася атэстацыя гідаў, таму зазвычай экскурсіі вялі толькі сталыя людзі, якія мелі досвед працы яшчэ з савецкіх часоў. Першая атэстацыя экскурсаводаў у незалежнай Беларусі адбылася толькі ў 2007 годзе. Такая сітуацыя склалася таму, што раней у нас амаль не было турыстаў з замежных краін. Атрымалася, што падрыхтаваныя Васілём Грынём у “Дыярыюшы” гіды сталі аднымі з першых маладых экскурсаводаў новага пакалення.

— Вялікі штуршок развіццю прафесіі ў Беларусі даў Фэст экскурсаводаў. Як з’явіўся гэты праект?

— Пры Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры тады дзейнічала гісторыка-краязнаўчае таварыства “Этна”, і праз “Дыярыюш” я пазнаёміўся з яго сябрамі, у тым ліку з Паўлам Каралёвым. Мы звязаліся з беларускім камітэтам ICOMOS, і яго тагачасны старшыня Уладзімір Гілеп падказаў нам ідэю адзначыць нейкім чынам 18 красавіка — Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін. У 2008 годзе мы зладзілі шэраг валанцёрскіх ініцыятыў па ўладкаванні помнікаў, прывядзенні іх у належны выгляд, а ўжо налета, у 2009-м, у Паўла Каралёва з’явілася незвычайная ідэя, якую я спачатку не надта падтрымаў — зладзіць Фэст экскурсаводаў, дзе экскурсіі праводзіліся б бясплатна.

Мы ставілі за мэту прыцягнуць увагу людзей да помнікаў, якія яны штодзень бачаць навокал сябе. Тады была зусім іншая сітуацыя з асвятленнем краязнаўчай тэматыкі ў СМІ. Мясцовыя экскурсіі таксама выглядалі незвычайна — людзі звыклі ездзіць некуды далёка, а на тое, што побач, амаль не звярталі ўвагі. Калі ў першы год на Фэсце адбылося каля 30 экскурсій, то сёлета, праз дзесяць гадоў, — ужо больш за 300, у тым ліку за межамі Беларусі. Асаблівасць Фэсту таксама ў тым, што тут могуць паспрабаваць свае сілы ў ролі гіда людзі, якія не маюць атэстацыі, але, паводле маіх назіранняў, на кожным Фэсце адзін — два чалавекі разумеюць, што хочуць займацца экскурсіямі, і на наступны год ужо прыходзяць атэставанымі.

/i/content/pi/cult/756/16366/16.jpg“Маршрут не паводле тэрыторыі, а паводле сюжэту”

— Ты сам займаешся экскурсіямі даволі працяглы час, але праект аўтарскіх экскурсій “Набліжэнне” вырашыў запусціць толькі цяпер. Чаму?

— Гэтая ідэя выспявала доўга. У апошнія некалькі гадоў я з цікавасцю сачыў за поспехамі калег, якія пачалі рабіць аўтарскія экскурсійныя праекты — Рамана Абрамчука (“Менскі велашпацыр”), Паўла Дзюсекава (“Вандроўкі ў мінулае”), Паўла Каралёва (“Вандруйма разам”) і гэтак далей. Таму вырашыў, што прыйшоў час рабіць нейкі праект ад свайго імя. То бок, я заўважыў, што з’явілася цэлая хваля такіх праектаў, і проста далучыўся да яе. Ідэя “Набліжэння”, як падказвае яго назва, у тым, каб засяродзіцца на пэўных тэмах і глыбей разгледзець іх падчас экскурсій.

— Патлумач падрабязней, што такое аўтарская экскурсія і ў чым яе адрозненне ад іншых?

— Аглядная экскурсія — гэта, хутчэй, рамяство: ты возіш людзей па даўно знаёмым і адпрацаваным маршруце. Вельмі часта такія замаўляюць замежныя турысты, проста каб пабачыць пэўнае месца і “паставіць птушачку”, што яны там былі. Экскурсавод зазвычай мусіць патлумачыць і пракаментаваць, што сам турыст бачыць вакол сябе ў гэтай вандроўцы. Аўтарская экскурсія — гэта ўжо тэатр аднаго акцёра: тут экскурсавод мусіць раскрыць зусім па-іншаму тое, што людзі і так бачаць штодзень, правесці іх па знаёмых мясцінах, паказаўшы іх з іншага боку.

Падыход да складання такой экскурсіі можа быць розны. Напрыклад, я ў сваім праекце арыентуюся на тое, каб выбудоўваць маршрут не паводле пэўнай тэрыторыі, а паводле сюжэту. Скажам, першая экскурсія была прысвечаная Мінску ХVIII стагоддзя — тэма мне блізкая, бо я займаўся ёй і ў навуковым плане. Мне хацелася паказаць Мінск часоў магдэбургскага права і шляхецкіх вольнасцяў. Наступная ідэя — “сабраць” на адным маршруце мясціны, звязаныя з ураджэнцамі Мінска, якія сталі вядомымі ў свеце. Так з’явілася экскурсія “Я нарадзіўся тут”. Таксама плануецца серыя экскурсій “Мінскі лікбез” — шэраг аповедаў пра розныя мінскія прадмесці. І пачну я з Траецкай гары. Планаў і задум яшчэ багата, хочацца ахапіць шмат раёнаў і прывабіць больш людзей. Экскурсіі будуць і па-за Мінскам — трэба ўзяцца за нераскручаныя напрамкі, за мясціны, куды ніхто іншы экскурсіі не возіць.

Пакуль працую над гэтым праектам адзін, але з часам хачу падключыць людзей, якія таксама ведаюць нешта цікавае пра Мінск, вывучаюць яго і маюць што распавесці. Сёння з’яўляецца багата цікавай інфармацыі і даследаванняў па гісторыі Мінска, і я адзін проста не магу раскрыць усе гэтыя тэмы — немагчыма ж ведаць абсалютна ўсё. Экскурсія ж — гэта не толькі тое, што ты ведаеш, але і што адчуваеш, прапускаеш праз сябе.

“Мусіць з’явіцца ўзаемны кантроль прафесіяналаў”

— Часам экскурсавод сутыкаецца з вострымі сітуацыямі, калі нейкія тэмы выклікаюць рознагалоссі, пярэчанні ў групы. Як сябе варта паводзіць у такіх выпадках? Ці існуюць нейкія нязручныя ці забароненыя тэмы?

— Я намагаюся абыходзіць такія вострыя куты — не хаваць, а проста спрабаваць паказаць, што, калі зірнуць з іншага ракурсу, іх проста няма. Шчыра кажучы, напэўна, часцей праблемы ўзнікаюць з людзьмі, якія часам лічаць, што ведаюць гісторыю лепш за экскурсавода. А забароненых тэм, на маю думку, няма — ёсць складаныя, але тым цікавей пра іх размаўляць.

— Якім чынам экскурсавод можа падтрымліваць свой узровень ведаў і сачыць за актуальнасцю і адэкватнасцю інфармацыі, якую ён даносіць да слухачоў?

— Экскурсавод мусіць максімальна адсочваць актуальныя крыніцы інфармацыі па сваіх тэмах. Цяпер гэта даволі проста, асабліва дзякуючы інтэрнэту. Але, з іншага боку, трэба таксама ўсведамляць, што ведаць усё немагчыма, і заўжды будуць заставацца нейкія рэчы, пра якія ты яшчэ мусіш даведацца. Важна развівацца.

— Часам здараецца, што ўсё ж гід можа памыліцца, падаць не зусім дакладную інфармацыю, прыхарошыць ці перабольшыць нейкія факты.

— Гэтыя памылкі можна пачаць выпраўляць толькі праз аўтарытэтную грамадскую арганізацыю, якая будзе аб’ядноўваць экскурсаводаў. У межах такой арганізацыі мы зможам звярнуць увагу калегі на пэўныя недахопы ці недакладнасці. Ніхто не хоча хлусіць — экскурсаводы проста шукаюць нейкія цікавыя “фішкі”, часам ахвяруючы дзеля іх гістарычнай дакладнасцю. Пакуль сітуацыя такая, што яшчэ рана ацэньваць іншых — трэба развівацца самім. А рэгулятар раней ці пазней з’явіцца — мы самі ўсе разам станем ім. Мусіць з’явіцца ўзаемны кантроль прафесіяналаў. Наогул жа цяпер адбываецца вялікі прыток людзей у прафесію, што звязана з ростам патоку замежных турыстаў у нашу краіну.

— Якія планы ці задумы ты маеш па развіцці праекта “Набліжэнне”?

— Між іншага, хачу зрабіць экскурсію па гісторыі Мінска часоў Вялікай Айчыннай вайны, магчыма, звязаную з гісторыяй падполля. З гэтай тэмай дзіўная сітуацыя, бо нібыта не скажаш, што яна ўвогуле забытая грамадствам, але ж экскурсій такой тэматыкі няма. Апошнія распрацоўваліся яшчэ ў савецкія часы і, вядома, ужо не могуць адпавядаць патрабаванням сучаснасці. Тое ж тычыцца не толькі Мінска, але ўвогуле Беларусі — калісьці ж быў выдатны цыкл экскурсій па партызанскіх мясцінах, падчас якіх людзі з заплечнікамі ішлі ў лясы і там шукалі сляды партызанскай дзейнасці. Вельмі шкада, што такая цікавая тэма ў нас пакуль практычна не раскрытая, і гэта варта выпраўляць.