Краявіды як партрэты блізкіх людзей

№ 31 (1418) 03.08.2019 - 10.08.2019 г

Два тыдні ў сталічным Палацы мастацтва працавала выстава памяці Віктара Сташчанюка (1933 — 2007). На ёй былі прадстаўлены ўзоры творчасці самога мастака, а таксама — работы ягоных сяброў і паслядоўнікоў, створаныя на пленэрах, што ладзіліся ў гонар творцы.

/i/content/pi/cult/756/16363/10.JPGМаладыя гады мастака прайшлі ў Наваградку. Тут ён скончыў гандлёвы тэхнікум і атрымаў прафесію, якая, здавалася б, гарантавала жыццёвую стабільнасць і сякі-такі дабрабыт. Але вабіла Віктара іншае. Сутнасцю ягонай натуры была творчасць. Таму і паступіў ён у Тэатральна-мастацкі інстытут, які скончыў у 1970 годзе. Вучыўся на кераміста, а яго дыпломнай работай была аздоба аднаго з грамадскіх будынкаў Наваградка. Да тэмы свайго горада ён не аднойчы звяртаўся і потым. Невыпадкова тое, што ягоная першая персанальная выстава адбылася менавіта ў Наваградку.

/i/content/pi/cult/756/16363/11.JPGАдна з асаблівасцей творчай працы ў тым, што часта па жыцці атрымліваецца рабіць не тое, што ў дыпломе запісана. Вось і Віктар Сташчанюк, кераміст паводле адукацыі, творча сцвердзіўся найперш як графік. Яму было даспадобы працаваць не з формай і фактурамі, што з’яўляецца зместам керамікі, а з гістарычнай канкрэтыкай, з матэрыяльнай культурай беларускага Сярэднявечча, рэканструяваць страчанае аблічча беларускіх гарадоў. Менавіта графіка, як мастацтва аператыўнае, мабільнае, гэтаму найлепшым чынам пасуе.

Віктару Сташчанюку мы абавязаны пераканаўчымі гістарычнымі рэканструкцыямі Наваградка, Вільні, Полацка… Сёння бадай ніводная кніга па гісторыі нашай сталіцы не абыходзіцца без ягоных малюнкаў, дзе спалучаны гістарычная дакладнасць, мастацкая вобразнасць і пачуццёвасць. Так, менавіта пачуццёвасць, бо гістарычныя краявіды ён рабіў, як партрэты блізкіх яму людзей. Ілюстраваў Віктар і кнігі, зноў такі тэматычна і сюжэтна звязаныя з нашай гісторыяй.

Віктар Сташчанюк плённа працаваў у галіне, якая ў прафесійным асяродку графікаў лічыцца вышэйшым пілатажам — гэта стварэнне паштовых марак. Яму належыць аўтарства шэрагу так званых стандартаў, на якіх змяшчаюць выявы, якія сімвалізуюць, скажам так, базавыя каштоўнасці краіны на дадзеным этапе. Гэтыя паштовыя мініяцюры ўжо сталі часткай гісторыі нашага графічнага мастацтва, а таксама — гісторыі пабудовы нашай дзяржаўнасці. Яны былі адзначаныя на міжнародным ўзроўні і высока цэняцца калекцыянерамі.

Мне давялося ведаць спадара Віктара. Справу ён рабіў вялікую, а чалавекам быў сціплым. І, як мне падаецца, самотным. Ягоная маленькая кватэра на вуліцы Ленінградскай, у якой я быў толькі аднойчы — у дзень пахавання мастака, запомнілася мне сваім аскетычным абліччам. Яе “спартанская” абстаноўка хутчэй адпавядала майстэрні, чым жытлу. А нішто так не гаворыць пра чалавека, як ягоная хата. На тым пахаванні мне чамусьці згадаліся словы пра Максіма Багдановіча (якога Віктар Сташчанюк вельмі шанаваў): “Жыў самотны, памёр самотны. І хавалі амаль без людзей…”

Віктар Сташчанюк — асоба вартая ўдзячнай памяці. Добра, што сёння мастакі ладзяць ў ягоны гонар пленэры ў мясцінах, якім спадар Віктар вярнуў іх гістарычнае аблічча.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"