Думкі — “базарныя”, справы — нямарныя

№ 31 (1418) 03.08.2019 - 10.08.2019 г

Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” заўжды становіцца не толькі святам. Ён выклікае доўгі шлейф разваг — і пра тое, чым быў адметны чарговы форум, і пра фестывальны рух увогуле. Якім жа стаў сёлетні 28-ы форум?

/i/content/pi/cult/756/16355/-WPEPbWdyHM_opt.jpegРух да мастацкасці?

Будзем шчырымі: у далёкім пачатку 1990-х “Славянскі базар у Віцебску” задумваўся, каб скарыстаць Летні амфітэатр, пабудаваны для фестывалю польскай песні, які перастаў праводзіцца. Новы фестываль пачынаўся як важная акцыя палітычнага кшталту, ён павінен быў падкрэсліць сяброўства краін-суседак — былых савецкіх рэспублік. А з цягам часу ўсё больш стаў набываць рысы забаўляльнасці — вядома, у спалучэнні з ідэалагічным складнікам, які ніхто не адмяняў.

Такі разлік на забаўляльнасць адпавядаў агульным тэндэнцыям у постсавецкім мастацтве: гледачы галасавалі рублём. Калі ў жыцці ўсё было так незразумела і няпэўна, калі ў ім хапала зломаў і трагедый, мастацтва выступіла буферам.

Вядома, на віцебскім фестывалі неаднойчы ўзнікалі моцныя мастацкія памкненні. Але ўрэшце перамаглі фінансавыя паказальнікі, выкліканыя імкненнем да самаакупляльнасці. Уласна кажучы, грашовае і мастацкае вымярэнні далёка не заўсёды знаходзяцца ў прамой залежнасці. Але разлік адно на здабыванне грошаў — таксама шлях у нікуды, асабліва пры ацэнцы тых ці іншых з’яў культуры.

Сёлета на “Славянскім базары ў Віцебску” зноў намеціўся відавочны ўхіл да мастацкасці. Наколькі ён захаваецца ў далейшым і ці стане прыярытэтным, пакажа час. Але нельга не заўважыць некаторыя змены.

Перавага і ледзь не татальнае панаванне так званай папсы разбаўляліся ў той ці іншай прапорцыі і раней. Але сёлета ўспрымаліся не проста пашырэннем фестывальных межаў, а свядомым курсам: з аднаго боку — на рок і джаз, з другога — на класіку і фольк. Пералічу хаця б некаторыя прыклады.

Прэзідэнцкі аркестр Беларусі на чале з Віктарам Бабарыкіным неаднойчы выступаў з праграмамі накшталт “ад рока да барока”, у тым ліку ў Віцебску. Але сёлета такі канцэрт быў з гонарам падкрэслены, быццам вынесены на авансцэну — і праз назву (“Уверцюра да фестывалю: ад класікі да рока”), і праз месца правядзення (Летні амфітэатр), і праз зорны склад салістаў, дзе былі сабраны айчынныя і сусветныя знакамітасці.

А чаго каштуе сёлетняя джазавая праграма! Адзіны філарманічны канцэрт “Сусветны джаз з Леанідам Пташкам” быў дапоўнены некалькімі начнымі рандэву Jazz nicht marathon — закрытымі для публікі, але адкрытымі для ўсіх акрэдытаваных асоб. Падобныя джаз-клубы былі на некалькіх першых фестывалях, але там выступалі запрошаныя салісты і калектывы з падрыхтаванай праграмай, якая часцяком паўтаралася. Джэм-сейшн узнікаў хіба ў фінале, як вынік. А тут — усе начныя выступленні былі на гэтым пабудаваны. Штосьці неверагоднае! З аднаго боку, такім чынам “рэпетавалася” філарманічная праграма. З другога — гэта быў сапраўдны майстар-клас для музыкантаў-слухачоў, бо можна было ўбачыць усю “кухню” — рэцэптуру і паслядоўнае прыгатаванне выкшталцонай музычнай стравы.

У эстрадным кірунку сёлета абіраліся артысты з больш сур’ёзным, змястоўным рэпертуарам. Гэта і сольнік Аляксандра Панаётава — упершыню на “Славянскім базары”, і юбілейная вечарына “Акрыляй” Ірыны Дарафеевай, і “Я вярнуся…” Валерыя Лявонцьева. Вядома, “у дадатак” да гэтага — шэраг выступленняў і канцэртаў сумнеўнага густу, але з неверагодным попытам на іх.

Тое ж памкненне да мастацкасці і змястоўнасці назіралася і ў “Тэатральных сустрэчах” (гл. № 30 “К”), і ў сферы гумару, куды сёлета запрасілі “Клуб вясёлых і знаходлівых”, а не “Аднойчы ў Расіі”, і ў шансоне, дзе сёлета была праграма “Нічога не шкада” Дзяніса Майданава, хай і ў дадатак да ўжо традыцыйнага гала-канцэрта і сольніка Стаса Міхайлава. А ўключэнне ў “Лялечны квартал” маладзечанскага спектакля Яўгена Карняга “Сёстры Грайі” — увогуле зварот да эксперыментальнасці, да прынцыпова новай эстэтыкі і тэатральных прыёмаў.

Бяром!

Разам з адзначанай мастацкасцю намецілася і трывожная дэталь — менш запоўненыя залы. У некаторых выпадках (добра, што не ва ўсіх) — ну проста зваротная прапарцыянальнасць! Чым менш мастацкай значнасці, тым большыя аншлагі.

Гледачы пайшлі не тыя? Але ж кожны фестываль узрошчвае сваю публіку. І ў тым, што так атрымалася, ёсць і яго віна. На пэўным этапе ён “забуксаваў”: адныя і тыя ж артысты, часта з той жа праграмай, хіба песні ў іншым парадку, разлік на забаўляльнасць — усё гэта адсеяла інтэлігенцыю, людзей з добрым густам. І прыцягнуць іх нанова не атрымаецца імгненна: такія рэчы робяцца спакваля.

Магчыма, наступным годам фестываль прывабіць іншыя катэгорыі насельніцтва? Бо павінен жа спрацаваць сёлетні паварот да мастацкасці: сарафаннае радыё адмяніць немагчыма.

Пакуль жа мастацкасць трымаецца, у асноўным, на свядомасці калектываў. Вельмі многія ўдзельнікі (эстрадныя зоркі — не ў разлік, у іх свае райдары, з куды большымі “выкрунтасамі”) прыязджаюць на гэты фестываль, што называецца, за ідэю. Кагосьці вабіць прэстыж: “Славянскі базар у Віцебску” — добра раскручаны брэнд, і ўдзел у ім спрыяе далейшай кар’еры. Хтосьці задавольвае свае амбіцыі: для заробку грошай — расійскія карпаратывы, для павышэння самаацэнкі і прафесійнага прызнання — буйнамаштабны фестываль. Хтосьці скарыстоўвае сваё выступленне як магчымасць паглядзець на сам фестываль, слава пра які даўно разнеслася па свеце.

Гэтае жаданне фестывалю зэканоміць спрыяе і “амалоджванню” ўдзельнікаў: некаторыя праекты ўвогуле трымаюцца найперш на творчай моладзі навучальных устаноў, якая працуе без ганарараў. Ды бясконца так працягвацца не можа. Бо пагоня за самаакупнасцю можа прывесці да вымыванню папраўдзе цікавых і вельмі важных рэчаў.

Ад яе пакутуюць і беларускія ўдзельнікі. Добра памятаю тыя першыя фестывалі, калі на канцэрты ў амфітэатры спачатку праходзіла публіка па квітках, а потым на вольныя месцы прапускалі ўсіх ахвотных. Потым тое выхаванне ўтрыманскіх настрояў перапынілася. Але пацярпелі ад гэтага найперш беларускія ўдзельнікі. Сёлета, да прыкладу, не былі прададзены квіткі на “Рэвізора” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы — той спектакль, які на іншых фестывалях ішоў на "ўра" і пры поўных аншлагах. Справа, думаю, не толькі ў тым, што яго паказ супадаў па часе з канцэртам адкрыцця. Проста колькі ні адкладалі б грошы віцябчане на “Славянку”, як любоўна называюць фестываль гараджане, на ўсё не хопіць. І абіраць даводзіцца не па прынцыпе, што больш цікавіць, а з разлікам, ці магчыма будзе ўбачыць гэта потым. Ну а тое, што нашымі нацынальнымі праектамі амаль цалкам перасталі цікавіцца расійскія журналісты, ужо ўвайшло ў звычку. Вось і атрымліваецца, што беларускае адкладаецца “на потым”.

Але не ўсё і не заўсёды! Згаданы канцэрт Дарафеевай ішоў адначасова з Лявонцьевым — і сабраў поўную залу. А сольнік Панаётава, што супадаў з 50-годдзем “Песняроў”, праходзіў пры напаўпустым партэры, нягледзячы на віцебскі фан-клуб спевака, які рыхтаваў да яго песень некалькі кранальных флэш-мобаў з папяровымі анёламі і сэрцам у далонях.

Спакуйце, калі ласка

Яшчэ адну сёлетнюю тэндэнцыю фестывалю можна ўмоўна назваць — курс на “карцінку”. Імкненне да відовішчнасці выяўлялася і раней, але сёлета яшчэ больш візуальна прыцягальнай і пры тым ненадакучлівай стала сцэнаграфія амфітэатра, больш кідкімі па афармленні — вечарыны ў Канцэртнай зале “Віцебск”. Дый упрыгожванне конкурсных выступленняў падтанцоўкамі балета “Тодэс” — з той жа серыі.

Больш сталі дбаць пра свой знешні выгляд і самі канкурсанты. Не таму, што яны такія “прасунутыя”, а таму, што большасць мае прадзюсараў, якія пра гэта клапоцяцца, запрашаюць прафесійных стылістаў. Колькі часу таму гэтаму садзейнічалі і ўсталяваныя паабапал сцэны вялізныя экраны, на якіх добра відаць нават дробныя дэталі касметыкі.

Што ж да эстрадных зорак, дык расійскія артысты даўно робяць стаўку найперш на візуальнае ўспрыняцце. А нашы — часам застаюцца быццам у палоне ўяўленняў пра тое, што сапраўдная прыгажосць на той жа сцэне хаваецца выключна ўнутры, а ніяк не звонку. Асабліва заўважна гэта было на гала-канцэртах — на тым жа закрыцці фестывалю, дзе Сафія Ратару выглядала нашмат маладзейшай за многіх сваіх калег. Але ж калі знешні выгляд — па сутнасці, прыцягальная “ўпакоўка” для любога з артыстаў, дык і ставіцца да яе трэба адпаведна: не ігнараваць, не накладаць касметыку навобмацак, у манеры канца ХХ стагоддзя, а рабіць усё прафесійна.

Танцуюць усе!

Харэаграфія як від мастацтва была на сёлетнім “Славянскім базары ў Віцебску” і “ўпакоўкай” для конкурсу, як адзначалася вышэй, і самастойнай адзінкай, прадстаўленай у самых разнастайных праектах.

Фрагмент з адноўленай “Кармэн-сюіты” Валянціна Елізар’ева стаў адной з мастацкіх кульмінацый канцэрта адкрыцця (яшчэ адной вышэйшай кропкай, дарэчы, было выступленне Святочнага хору Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра). Сольнае аддзяленне “Тодэса” ўразіла не толькі майстэрствам, але і зваротам да розных стыляў і нацыянальных культур. А вось Дзяржаўны балет на лёдзе Санкт-Пецярбурга з “Лебядзіным возерам” і “Папялушкай” здзівіў ніякавасцю, асабліва пасля грандыёзных тэлевізійных шоу з адметнымі па характарнасці, сюжэтных паваротах і, зразумела, харэаграфіі нумарамі. Багата было харэаграфіі і ў разнастайных вулічных праектах — ад конкурсаў да інтэрактыва “Час танчыць”.

Такое пашырэнне танцавальнай стыхіі было прадугледжана свядома і як нельга лепей укладаецца ў новыя фестывальныя рэаліі. Бо танец — гэта відовішчнасць. Рух, што стасуецца са спортам: невыпадкова з самага ранку перад правядзеннем конкурсу Dream dance fest, складзенага з некалькіх стылёва-жанравых блокаў, арганізатары прыдумалі правесці ўсеагульную зарадку. Адзін з самых запатрабаваных у моладзі трэндаў, на які працуюць і конкурсныя шоу, і гэткі тэлевізійны ўсепрасвет, калі праз экран імкнуцца навучыць усіх жадаючых. Працяг фальклорных традыцый: невыпадкова у час фестывалю праводзіўся Адкрыты турнір нацыянальных танцаў. Нарэшце, гэта яшчэ адзін добра раскручаны брэнд самога Віцебска, дзе з канца 1980-х, яшчэ да нараджэння “Славянскага базару…”, пачаў праводзіцца Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC), сёння вядомы ва ўсім свеце.

Вуліца “руліць”

Фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах” адзначыў свой першы юбілей: праходзіў у пяты раз. За гэты час стала асабліва відавочна, наколькі ён паўплываў на само аблічча “Славянскага базару ў Віцебску”. І прыцягнуў у горад шматлікіх турыстаў. Некаторыя прыязджаюць проста на выходныя, нават на адзін дзень: паблукаць па цэнтры, паглядзець чараду вулічных імпрэз, прыдбаць штосьці ў Горадзе майстроў, у шматлікіх палатках прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў, зрабіць безліч фотак і выкласці іх у сацсеткі. А гэта ўплывае на развіццё гарадской інфраструктуры. Невыпадкова сёлета, як ніколі, павялічылася фестывальная фотазона: гарадскія ўлады зрабілі некалькі адметных скульптур, лавачак, ліхтароў у выглядзе музычных інструментаў. Да раяля, зробленага з кветак і ўсталяванага ля амфітэатра, увогуле выстройваліся чэргі па сто і болей чалавек.

Сёлета вуліца яшчэ больш звязала творчасць з вытворчасцю. Па дарозе ад вакзала да цэнтра, дзе і раней ішоў гандаль, раскінуўся кірмаш “Славянскі калейдаскоп”: усе палаткі былі расфарбаваны цаглінкамі, імітуючы хаткі. На плошчы Перамогі, якая сёлета віравала не адно ў Дзень моладзі, а цягам усяго фестывалю, прайшоў Дзень маладзёжнага брэнда, дзе ў святочнай атмасферы і з мастацкімі выступленнямі-прэзентацыямі адзначылі прадпрыемствы, чыя прадукцыя карыстаецца, паводле сацыяльных апытаў, найбольшым попытам у моладзі. Чым не дадатковая рэклама? Так і трэба раскручваць лепшых айчынных вытворцаў.

Надвор’е вулічным імпрэзам спрыяла, як ніколі. Таму ўсё ішло без аніякіх збоеў, паводле раскладу. У “Лялечным квартале” пасля кожнага спектакля “прыручалі Цмока”, які танчыў разам з дзецьмі. На Пушкінскай плошчы ў адзін з позніх вечароў разгарнулі сярэднявечны вогненны спектакль “Казка пра цмока” — беларускамоўны, багата аздоблены старадаўняй музыкай, спевамі, танцамі ды іншымі нацыянальнымі элементамі. А вось на плошчы Перамогі з яе размаітай праграмай не ўсё падалося слушным. Выстава аўтамабіляў і байкаў? Цудоўна. Няблага было б яшчэ і веласіпеды дадаваць, бо месца на ўсіх хопіць. А чэмпіянат па аўтагуку — не ведаю, наколькі гэта неабходна. Затое акцыя “1000 пацалункаў” ператварыла Пушкінскі мост у Пацалункавы. І як нельга лепей упісалася ў добразычлівасць, сардэчнасць фестывальнай атмасферы. Дый самі вулічныя мерапрыемствы, у рэшце рэшт, гэта адно з лепшых увасабленняў на практыцы ідэі яднання народаў і культур, прычым ужо не толькі славянскіх, але і ўсяго свету. Ідэі, якая стала самай галоўнай фестывальнай “фішкай”.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"