Спадчына ўсяго чалавецтва

№ 31 (1418) 03.08.2019 - 10.08.2019 г

29 ліпеня у мінскім скверы на скрыжаванні вуліц Свярдлова і Кірава адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка ўзбекскаму паэту, філосафу і дзяржаўнаму дзеячу Алішэру Наваі.

/i/content/pi/cult/756/16353/3.JPGВа ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Марыяна Шчоткіна, першы намеснік старшыні Сената Олій Мажліса Узбекістана Садык Сафаеў, намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Узбекістан Элёр Ганіеў, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар, першы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Узбекістан Азадбек Назарбекаў, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Крэпак і аўтар помніка — скульптар Максім Макарэвіч.

— Ён быў не толькі паэтам, але і вялікім гуманістам, — адзначыла намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Марыяна Шчоткіна. — Яго працы перакладзены на многія мовы свету. Сваёй глыбокай філасофіяй, разнастайнасцю вобразаў ён і сёння прыцягвае мноства людзей да сваіх твораў. Можна смела сказаць, што гэта спадчына ўсяго чалавецтва.

Першы намеснік старшыні Сената Олій Мажліса Узбекістана Садык Сафаеў ад імя народа Узбекістана выказаў шчырую ўдзячнасць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку, мэрыі і грамадскасці Мінска за праяўленую павагу да памяці вялікага продка.

— Алішэр Наваі займае асаблівае месца ў сэрцы кожнага ўзбека, — падкрэсліў спадар Сафаеў. — Яго творчасць пакінула глыбокі след у гісторыі і культуры нашага народа. З неперасягненай паэтычнай сілай ён апеў найлепшыя чалавечыя якасці, пачуцці, любоў да сваёй радзімы і народа, роднай мовы. Алішэр Наваі быў першым выбітным паэтам, які адкрыў свету маляўнічы, незвычайную вобразнасць узбекскай мовы, яе багацце, вытанчанасць. Але ён быў і геніяльным асветнікам, выбітным дзяржаўным дзеячам сваёй эпохі, падтрымліваў навукоўцаў, мысляроў, мастакоў, на ўласныя сродкі пабудаваў 380 грамадскіх будынкаў. Ён пакінуў значную духоўную спадчыну наступным пакаленням, якая належыць не толькі ўзбекскаму народу, але і арганічна ўпісваецца ў сусветную культуру.

Пад гукі беларускай і ўзбекскай народнай музыкі ўдзельнікі дэлегацый Першага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана ўсклалі першыя кветкі да помніка Алішэру Наваі.

Валянціна КРАСОЎСКАЯ

Фота Ганны ШАРКО