Святло зямлі Узбекістана

№ 31 (1418) 03.08.2019 - 10.08.2019 г

Дні культуры Узбекістана ў Беларусі прайшлі з 29 ліпеня па 1 жніўня ў Мінску і Бабруйску. Падзея ўнікальная тым, што адбылася ўпершыню ў гісторыі дзвюх незалежных дзяржаў. Шэраг культурных мерапрыемстваў быў прымеркаваны да першага афіцыйнага візіту Прэзідэнта Рэспублікі Узбекістан Шаўката Мірзіёева ў Рэспубліку Беларусь 31 ліпеня. У гэтыя ж дні ў Мінску праходзіў і Першы беларуска-узбекскі форум рэгіёнаў.

/i/content/pi/cult/756/16352/1.jpg

29 ліпеня ў беларускай сталіцы быў усталяваны помнік-бюст вялікаму паэту, мысляру і дзяржаўнаму дзеячу XV стагоддзя Алішэру Наваі, а 30 ліпеня ў зале Белдзяржфілармоніі прайшла цырымонія адкрыцця Дзён культуры Узбекістана. З вітальным словам да гасцей, сярод якіх былі і ўдзельнікі форума рэгіёнаў, звярнуліся міністр культуры Беларусі Юрый Бондар, першы намеснік міністра культуры Узбекістана Азадбек Назарбекаў і Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Узбекістана ў Беларусі Насірджан Юсупаў.

“Дні культуры, якія мы сёння адкрываем, гэта цудоўная магчымасць пазнаёміцца з новымі гранямі гісторыка-культурнай спадчыны дружалюбнай нам дзяржавы, адчуць яе неардынарны, яркі і самабытны ўсходні характар. Мы супрацоўнічаем па многіх накірунках, але самае галоўнае, што ў нас адна задача, — у мультыкультуральным свеце захаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць”, — сказаў Юрый Бондар.

“Шаноўныя сябры!” — так па-беларуску звярнуўся да ўдзельнікаў мерапрыемства Насірджан Юсупаў. Ён згадаў, што летась у Ташкенце паспяхова прайшлі Дні культуры Беларусі ва Узбекістане, і выказаў упэўненасць, што і Дні культуры Узбекістана ў Беларусі пройдуць гэтак жа.

/i/content/pi/cult/756/16352/2.JPG— Цяпер адбываецца нямала мерапрыемстваў дзеля развіцця гандлёва-эканамічных адносін. А гэтае мерапрыемства скіравана на далейшае збліжэнне нашых народаў. Бо нішто не збліжае так, як культура”, — падкрэсліў Насірджан Юсупаў.

Канцэрт узбекскіх артыстаў на сцэне Белдзяржфілармоніі сапраўды прайшоў бліскуча і суправаджаўся не толькі гарачымі апладысментамі, але і авацыямі. Сцэна зіхацела ўсімі спякотнымі яскравымі колерамі Узбекістана, у першую чаргу дзякуючы разнастайным нацыянальным касцюмам удзельнікаў ансамбля народнага танца “Ташкент зэбалары”. Толькі лепшыя галасы гучалі ў гэты вечар: лаўрэтаў нацыянальных і міжнародных прэмій, заслужаных і народных артыстаў Узбекістана. Ад народных песень у суправаджэнні ансамбля “Мумтоз наво” да опернай і эстраднай музыкі — такі дыяпазон прадэманстравалі артысты Ілёс Арабаў, Ясміна Амар Мун, Умід Ісраілаў, Айгул Надзірава і іншыя. Маладая спявачка, лаўрэат прэміі “Зулфія” Шырым Маматава ўразіла бліскучым выкананнем не толькі славутай і найскладанейшай кампазіцыі “Con te partiro”, але і беларускай песні “Купалінка”. Дарэчы, гэта была не адна беларуская песня ў канцэрце — легендарная група “Ялла” на чале з народным артыстам Узбекістана Фарухам Закіравым акрамя сваіх хітоў праспявала і “Вы шуміце, бярозы” з рэпертуару ансамбля “Сябры”. Выступленне групы “Ялла” было апошнім у святочным канцэрце, і гэткім жа гарачым як прывітанне, якое Фарух Закіраў перадаў беларусам: “Яно сапраўды гарачае, бо ў Ташкенце зараз 50 градусаў у цені, але галоўнае — ад цеплыні сэрцаў узбекістанцаў”.

Перад канцэртам гледачы змаглі пазнаёміцца з фотавыставай “Культурная спадчына Узбекістана” і экспазіцыяй дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На наступны дзень з гэтай жа канцэртнай праграмай артысты выступілі на сцэне Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцынкевіча ў Бабруйску.

Гледачы тэлеканала “Беларусь-3” таксама 3 жніўня змогуць убачыць адкрыццё Дзён культуры Узбекістана ў Беларусі.

Культурнае супрацоўніцтва нашых краін развіваецца і зараз ахоплівае ўсе сферы — музейныя, тэатральныя, кінематаграфічныя, бібліятэчныя і гэтак далей. Прадстаўнікі культуры і мастацтва Узбекістана прымаюць актыўны ўдзел у фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”, Мінскім міжнародным Калядным оперным форуме і іншых
мерапрыемствах. Запланаваны здымкі сумеснага для Беларусі і Узбекістана мастацкага фільма “Ойджамол”, прымеркаванага да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Распачата сумесная з Беларускім культурным цэнтрам “Світанак” праца па стварэнні пераклада паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка” на ўзбекскую мову.

— Узбекскі народ для нас сапраўды братэрскі, — зазначыў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар. — Таму што беларусы не па чутках ведаюць, што такое гістарычная памяць. Мы памятаем пра тую дапамогу, якую аказаў беларусам узбекскі народ у гады Вялікай Айчыннай вайны, калі ўся беларуская творчая інтэлігенцыя расмясцілася ў Ташкенце, памятаем выкладчыкаў беларускай кансерваторыі, якія працавалі ў Ташкенцкай кансерваторыі. Наш народны пісьменнік Якуб Колас у гады ліхалецця таксама жыў у сталіцы Узбекістана і напісаў там нямала выдатных твораў. Мы вельмі ўдзячныя за той помнік-бюст Якубу Коласу, які адкрыты ў цэнтры Ташкента, і за вуліцу, названую імем нашага класіка. Гэта вельмі важна: памятаць пра ўсё тое добрае, што аб’ядноўвае нашы народы.