“З братняй ўдзячнасцю і назаўжды, Васіль Быкаў”

№ 30 (1417) 27.07.2019 - 02.08.2019 г

19 чэрвеня народнаму пісьменніку Беларусі Васілю Быкаву споўнілася б 95 гадоў. Да гэтай даты прымеркаваны шэраг адмысловых мерапрыемстваў, што ладзяцца ў розных кутках краіны. Адно з іх — выстава “Васіль Быкаў. Пункціры жыцця” ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Тут да верасня можна ўбачыць кнігі з арыгінальнымі аўтографамі класіка — асоба пісьменніка раскрываецца праз простыя подпісы на памяць сябрам, калегам, знаёмым, лісты ды паштоўкі.

/i/content/pi/cult/755/16350/21.JPG“Пункціры жыцця” — назва “далітаратурнай біяграфіі” Васіля Быкава, яго першага мемуарнага твора.

— Кожны аўтограф тут — як паўнавартасны твор-прысвячэнне. Гэта своеасаблівы штрых на лёсе чалавека. З такіх штрыхоў можна скласці лінію жыцця аўтара, — лічыць Вольга Гулева, загадчыца навукова-экспазіцыйным аддзелам музея і адначасова куратар выставы.

Сапраўды, уласнаручныя подпісы класіка, як і фотаздымкі, зафіксавалі яго ўнутраны стан у пэўныя моманты. Кожны стэнд — нібыта яшчэ адна рыска на контуры яго біяграфіі.

Галоўнымі экспанатамі сталі кнігі, якія Быкаў падарыў і падпісаў самым блізкім сваім сябрам — Алесю Адамовічу, Рыгору Барадуліну, Валянціну Болтачу, Генадзю Бураўкіну, Аляксею Карпюку, Пімену Панчанку...

Большасць з кніг апынулася на выставе, дзякуючы сваякам іх першых уладальнікаў. Яны перададзены ў музей часова для экспазіцыі. Але ёсць і тыя кніжкі, якія аўтар сам пакінуў для фонду — у 1994 годзе адбылася адзіная прыжыццёвая выстава, за год да якой Быкаў ахвяраваў музею каля тысячы экзэмпляраў сваіх выданняў. На іх захаваліся сціплыя подпісы: “Музею гісторыі беларускай літаратуры”.

“З упэўненасцю ў будучым і павагаю да мінулага”

Выстава нагадвае і пра Гродна, дзе Васіль Уладзіміравіч жыў з 1947 па 1978 гады. Вольга Гулева дадае: “У “Доўгай дарозе дадому” Быкаў пісаў, што калі выбіраў горад, Гродна неяк яго прыцягнуў, прывабіў сваёй архітэктурай. Несумненна, месца стала для пісьменніка блізкім і родным, падарыла добрых прыяцеляў. А для нас было важна паказаць у экспазіцыі акурат тыя адносіны, якія прайшлі праз усё жыццё пісьменніка”.

З гарадзенскіх часоў у Быкава засталося два надзейных чалавека: Аляксей Карпюк і Валянцін Болтач. Сёння перад наведвальнікамі ляжаць кнігі, разгорнутыя на форзацах, па якіх прыгожым, акуратным почыркам выведзена: “Аляксею Карпюку, нязломнаму чалавеку, сябру, пісьменніку гучнага голасу, з упэўненасцю ў яго будучым таксама як і з павагаю да яго мінулага”. Ці: “Міламу Валянціну з даўняй гарадзенскай прыязнасцю”.

/i/content/pi/cult/755/16350/22.JPG“Ад бегуна-праўдзіста”

— Калі кніжка — гэта значная падзея ў творчасці пісьменніка, то аўтографы на ёй — гэта ў першую чаргу старонкі яго асабістага жыцця, — кажа куратар выставы.

Перагортваем яшчэ адну такую старонку — Алесь Адамовіч. Яны абодва прайшлі праз вайну, потым разам змагаліся за праўду, падтрымліваючы адзін аднаго, нават творчыя шляхі ў іх падобныя. Аляксандр Міхайлавіч — адзін з найлепшых сябраў Быкава: “Алесю Адамовічу, самаму, самаму... для мяне ў сэнсе таленту, розуму і сумлення. З братняй ўдзячнасцю і назаўжды, Васіль Быкаў”. А вось іншыя прасякнутыя сардэчнасцю і пяшчотай радкі: “Алесю Адамовічу — наўздагон за праўдай і Адамовічам, але хіба іх абодвух дагоніш! І ўсё ж... Ад бегуна-праўдзіста В. Быкава”.

“З пажаданнем не хварэць”

Экспазіцыя дапаўняецца рэдкімі фотаздымкамі Яўгена Коктыша, на якіх Васіль Быкаў у асяроддзі сваіх прыяцеляў: Ніла Гілевіча, Ігара Лучанка, Валянціна Тараса, таго ж Адамовіча, Рыгора Барадуліна. Апошні таксама адыграў вялікую ролю ў жыцці пісьменніка. Зямляк і другі найлепшы сябар, ён сказаў калісьці: “Лёс мой пазначаны: Бог, Мама, Васіль”. З уласных барадулінскіх архіваў у музей патрапілі яго лісты за мяжу да Быкава і, канешне ж, кнігі самога пісьменніка з подпісамі Барадуліну. На “Доўгай дарозе дадому”, напрыклад, такі: “Дарагому Рыгору, беларускаму песняру і герою гэтага эпасу, з нязменнымі абдымкамі”.

Увогуле кажуць, што сваю апошнюю прыжыццёвую кнігу Быкаў паспеў падпісаць толькі самым блізкім сябрам. Таму на стэндах так шмат экзэмпляраў менавіта яе. Магчыма, самы кранальны і, здаецца, апошні па часе ў экспазіцыі інскрыпт на “Дарозе…” ён пакінуў для дачкі Адамовіча: “Мілай Наташы Адамовіч ад хворага Быкава з пажаданнем не хварэць. 17.VI.03”. Праз пяць дзён Быкаў памёр.

“Каб цябе Бог мілаваў ад апошняй”

Да прыкладу, наадварот адзін са старэйшых аўтографаў — гэта падзяка пісьменніцы і літаратуразнаўцы Лідзіі Арабей, з якой у класіка таксама склаліся прыязныя стасункі: “Рэдактару гэтай кніжкі, першаму чытачу і крытыку, шаноўнай Лідзіі Львоўне. Са шчырасцю і ўдзячнасцю, Васіль Быкаў”. Так у 1968 годзе падпісаў “Альпійскую баладу” аўтар.

Гэты твор звязвае Васіля Уладзіміравіча з яшчэ адным чалавекам. У 1967 годзе на сцэне опернага тэатра адбылася прэм’ера аднайменнага балета, музыку да якога напісаў кампазітар Яўген Глебаў. Нягледзячы на тое, што Быкаў з недаверам ставіўся да падобных акцый, ён палюбіў пастаноўку і самога Глебава. Захаваліся прысвячэнні і яму. А яшчэ на выставе ёсць цікавы фотаздымак, дзе творцы ўдвух стаяць на фоне сталічнага Палаца спорту падчас нейкага свята.

Цікава таксама ўчытвацца ў хвалісты почырк Пімена Панчанкі, які адпраўляў Быкаву паштоўкі з віншаваннямі ў дзень нараджэння, сачыць, як развіваліся адносіны з Генадзем Бураўкіным — ад аўтографа 1964 года да лістоў з Нью-Ёрка пачатку 1990-х. Дарэчы, Генадзь Мікалаевіч, у адрозненне ад Пімена Емяльянавіча, пісаў вельмі роўным і нават строгім почыркам.

Жывы сябар Быкава і ў нейкім сэнсе яго былы паплечнік — гэта Сяргей Законнікаў. “Дарагі Сяргей, каб ведаў: воўчая зграя не страшнейшая за чалавечую. Каб цябе Бог мілаваў ад апошняй”, — напісаў аўтар на падоранай кніжцы. Сяргей Іванавіч усяляк дапамагаў Быкаву. Калі рыхтаваўся да выдання тэкст “Знака бяды”, Законнікаў ездзіў у Маскву замовіць за яго слова.

Гэта далёка не ўсё, што прадстаўлена ў экспазіцыі. Ёсць тут прысвячэнні і перакладчыку Валянціну Тарасу, і загадчыцы бібліятэкай Саюза пісьменнікаў Марыі Хайноўскай, і фатографу Уладзіміру Сізу, і пісьменніку Івану Чыгрынаву, і шмат каму яшчэ.

Хочацца падзякаваць людзям, якія ахвяравалі для стварэння экспазіцыі гэтыя каштоўныя для іх саміх ці жыцця іх блізкіх артэфакты. Некаторыя радкі, напісаныя рукой Васіля Быкава, вельмі кранаюць — у іх так шмат асабістага. Як аказалася, паказаць дарчыя подпісы — надзвычай цікавы і прыстойны спосаб ушанаваць памяць народнага пісьменніка і пазнаёміць з ім бліжэй.

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Фота Ганны ШАРКО