Забыты геній?

№ 30 (1417) 27.07.2019 - 02.08.2019 г

Каля адной з мазаік Аляксандра Кішчанкі, што ўпрыгожвае праспект Незалежнасці (раён Нацыянальнай бібліятэкі), з’явілася агароджа, за якой шчыруюць рабочыя. Пачалася доўгачаканая рэстаўрацыя манументальных шэдэўраў. На пачатковым этапе прадуглежданы шчыльнае даследаванне стану мазаічнай паверхі, выяўленне фрагментаў, што ненадзейна трымаюцца за аснову. Таксама рабочыя зоймуцца стыкамі паміж асобнымі сегментамі. З таго, што ў свой час на стыкі скарысталі не той матэрыял, што трэба, і пачалася карозія. Што пагражала самому існаванню манументальнага твора. Пачатак доўгачаканай рэстаўрацыі - падзея хоць і станоўчая, але наводзіць на сумныя думкі наконт праблем захавання творчай спадчыны Аляксандра Кішчанкі.

/i/content/pi/cult/755/16345/13.jpgЯ не стану аспрэчваць тэзу, што мастацтва належыць народу, але мушу дадаць, што для асноўнай масы насельніцтва яно не з’яўляецца прадметам першай неабходнасці. У звычайнага чалавека да кніжнай шафы рукі даходзяць толькі пасля таго, як запоўнена лядоўня. А карціны на сценах ягонага жытла з’яўляюцца не раней за мэблю. А калі ўжо казаць пра мастацтва высокага гарту і такога ж высокага кошту, дык яно ўвогуле раскоша. Калекцыянаваць яго здольныя хіба што людзі з кола эстэтаў, якія, паводле распаўсюджанай думкі, не ведаюць, на што грошы змарнаваць (маўляў, “у мяне ў пад’ездзе лямпачка не ўкручана, а ў яго габелен за мільён даляраў”), альбо дзяржава, якая мусіць дбаць пра сваю годнасць і культурны чыннік іміджу.

Шанаваць сваё, бо іншага няма

Шэдэўры калекцыі Луўра, Дрэздэнскай галерэі, Прада, Эрмітажа — важныя чыннікі вобразу Францыі, Германіі, Іспаніі, Расіі. Беларусь па зразумелых прычынах ў гэты шэраг не трапляе. Няма ў нашых музейных зборах твораў майстроў класу Рафаэля, Рэмбрандта, Веласкеса. І малаверагодна, што ў агляднай перспектыве нейкі дабрадзей ашчаслівіць краіну падобнымі падарункамі, ці знойдуцца сродкі, каб прыдбаць шэдэўры сусветнага мастацтва на міжнародных аўкцыёнах. Так што будаваць культурны імідж краіны нам давядзецца з мясцовага матэрыялу. Гэта значыць — прапагандаваць лепшыя ўзоры нацыянальнага мастацтва.

/i/content/pi/cult/755/16345/12.jpgХто ад нас у “шорт-лісце”?

Відавочна, што беларускае мастацтва ўпісана ў еўрапейскі кантэкст, а праз гэта і ў сусветны, аднак не варта перабольшваць ягоную ролю ў культурных працэсах ў рэгіёне, кантыненце, свеце. Скажу прасцей, ці ёсць нам чым свет здзівіць? Што мы маем такога, што ёсць толькі ў нас і нідзе болей? Сам запытаўся, сам адкажу: ёсць. Тыя ж Шагал з Суціным, і Казіміра Малевіча з Маркам Ротка сюды ж. Але мусім браць да ўвагі, што гэтых творцаў лічаць сваімі не толькі беларусы… Дык вось, на маю думку, творца, чыя беларускасць не падлягае сумневу, і які мусіць прастаўляць нашу краіну ў сусветным “шорт-лісце” сучаснага мастацтва, гэта Аляксандр Кішчанка. Калі ягоны жывапіс — гэта ментальная рэвалюцыя ў беларускім мастацтве, дык ягоныя габелены — з’ява маштабу значна вышэйшага. Такога нідзе ў свеце больш няма. Спасылаючыся на творчасць Кішчанкі, мы можам сцвярджаць, што сама з’ява “манументальны габелен” — беларускае вынаходніцтва. Мемарыяльны музей Аляксандра Кішчанкі, дзе будзе грунтоўна і панарамна прадстаўлена ягоная творчасць, стаў бы для Беларусі такім жа брэндам, напрыклад, як для каталонцаў ўсё звязанае з імем Антоніа Гаудзі. І, канешне, цэнтральным экспанатам гэтага музея мусіць быць славуты “Габелен Стагоддзя”.

Час не трывае…

Дадам, што такі праект не варта адносіць на далёкую перспектыву. Рэч ў тым, што ўжо сёння частка знакавых твораў Кішчанкі ўжо страчана, частка знаходзіцца у неспрыяльных умовах захоўвання, а частка — увогуле немаведама дзе.

З гэтым сутыкнуўся падчас працы над кнігай пра Кішчанку мастацвазнаўца Барыс Крэпак, які быў сябрам Аляксандра Міхайлавіча і сёння з’яўляецца найлепшым знаўцам ягонай творчасці.

Так, пры рэканструкцыі нашага Вялікага тэатра са сцен фае знялі шэсць тэматычных габеленаў Кішчанкі. Тры з іх потым аказаліся ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Дзе яшчэ тры — невядома. Не здолеў мастацтвазнаўца высветліць, дзе знаходзяцца габелены, што ўпрыгожвалі Дом ЦК КПБ (зараз Адміністрацыя Прэзідэнта). Мусім пагадзіцца з думкай Барыса Аляксеевіча, што нельга лічыць нармальнай сітуацыю, калі творы, што складаюць цэлую эпоху ў беларускім мастацтве, якія маглі б упрыгожваць інтэр’еры будынкаў грамадскага прызначэння альбо музейныя экспазіцыі, аказаліся сёння нікому не патрэбнымі.

Пра тое ж гаворыць і ўдава мастака Ніна Кухарэнка. Яна згадала, што “Габелен Стагоддзя” быў тэмай для судовай справы, і зараз мае трох ўладальнікаў. Адна траціна належыць ёй, другая — дзяржаве ў асобе Нацыянальнага мастацкага музея, трэцяя — фірме, якая ўклала грошы ў стварэнне габелена. На думку спадарыні Ніны, было б добра, каб яго цалкам выкупіла дзяржава. Тым больш, што габелену нададзены статус гістарычна-культурнай каштоўнасці, і ён не можа патрапіць за межы Беларусі. Пры тым, што ёсць цікавыя прапановы па дэманстрацыі гэтага манументальнага твора ў замежжы. Спадарыня Ніна не разумее, чаму ў часе рэканструкцыі інтэр’ераў Опернага тэатра нельга было пакінуць на сценах габелены Аляксандра Кішчанкі. “Палова з іх некаторы час аздабляла сцэну навучальнага тэатра нашай Акадэміі мастацтваў, — кажа Ніна Уладзіміраўна, — гэта вельмі кепска адбівалася на іх захаванасці”. Дзе другая палова, спадарыня Кухарэнка не можа даведацца ні ў дырэкцыі тэатра, ні ў тых, хто займаўся аздобаю інтэр’ераў Опернага. “Мяне гэта вельмі непакоіць, бо я памятаю, як спарахнела зробленая Аляксандрам Міхайлавічам габеленавая заслона для сцэны тэатра. Яе занеслі ў падвал і забыліся пра яе”.

Пра захаванне спадчыны Аляксандра Кішчанкі ягоная ўдава гаварыла з Паўлам Латушкам, калі той быў міністрам культуры. Тады больш верагодным уяўлялася стварэнне залы Кішчанкі ў Нацыянальным мастацкім музеі. Але і гэта, на жаль, не спраўдзілася. Сёння захаванне спадчыны мастака цалкам на плячах ягонай ўдавы.

Барыс Крэпак нагадаў, што пэўныя ідэі наконт творчай спадчыны Кішчанкі ёсць ў дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова. Побач з “музейным кварталам”, які ўтворыцца пасля таго, як на тэрыторыі музея скончацца будаўнічыя працы, ён хацеў бы прыдбаць яшчэ адзін будынак і ў ім разгарнуць экспазіцыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Галоўным жа экспанатам там мусіць стаць “Габелен Стагоддзя”.

Завод у музей?

Пагаварылі мы і з Уладзімірам Пракапцовым. Так, сапраўды побач з музеем ёсць некалькі будынкаў, якія маглі б быць уключаны ў музейны квартал. Калі нейкі з іх рэканструяваць такім чынам, каб у ім можна было экспанаваць “Габелен Стагоддзя” (а з-за яго велізарных памераў гэта магчыма далёка не паўсюль), гэта было б рашэннем праблемы.

Дарэчы, дырэктар Нацыянальнага мастацкага нагадаў, што далейшае захоўванне габелена на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва ўяўляецца праблематычным. Камбінат — банкрот. Яму нават няма чым плаціць за электрычнасць, патрэбную для падтрымання спрыяльнай тэмпературы захавання “Габелена Стагоддзя”, і за хімікаты, якімі рэгулярна апрацоўваюць габелен, каб яго не з’ела моль. Кіраўніцтва камбіната папярэдзіла дырэкцыю музея, што яно не ўпэўнена, што зможа пралангіравать дамову паміж установамі па захаванні твора. Музею ж захоўваць велізарны габелен няма дзе…

Зазначу, што Аляксандр Кішчанка мастак, які сваім жыццём і творчасцю рэальна ўвасабляе адзінства лёсаў трох усходнеславянскіх народаў. Нарадзіўся ў Расіі, вучыўся на Украіне, творча сцвердзіўся ў Беларусі. Гэта яшчэ адна з прычын для таго, каб годна ўшанаваць ягоную памяць.

Ад фанатаў творчасці Кішчанкі я чуў і такую думку. У Мінску не першы год ажыццяўляецца праграма вынасу за гарадскую рысу прамысловых прадпрыемстваў. Магчыма штосьці з гэтага шэрагу можна было б перапрафіляваць пад культурную ўстанову — музей Аляксандра Кішчанкі. Нагадаю, што парыжскі Музей Арсэ (аснову калекцыі складаюць работы імпрэсіяністаў і постімпрэсіяністаў), трэці па папулярнасці ў Парыжы і дзясяты ў свеце, размешчаны ў будынку колішняга чыгуначнага вакзала. Праўда, той вакзал зыходна быў архітэктурнай каштоўнасцю… Сёння былыя прамысловыя будынкі часцяком перарабляюць ў гандлёвыя цэнтры. А, відаць жа, магчыма і іншае іх прыстасаванне.

Каб быць краінай, прывабнай для вандроўнікаў, трэба мець не толькі добрыя дарогі, гатэлі на ўсе густы, але яшчэ і старажытныя замкі ды саборы, захаваную прыроду і сучасную архітэктуру. І абавязкова музеі, аналагаў якім няма ў свеце. Музей Аляксандра Кішчанкі як раз з такога шэрагу. Гэта тое, што патрэбна краіне. А значыць, калі-небудзь ён з’явіцца. Пакуль жа даводзіцца канстатаваць: Аляксандр Кішчанка — забыты геній.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"