Тэхніка — аўтарская. А ідэі?

№ 30 (1417) 27.07.2019 - 02.08.2019 г

Выстаў на “Славянскім базары ў Віцебску” стала болей. Асабліва ў параўнанні з некаторымі ранейшымі фестывалямі, калі такія праекты наўмысна скарачалі: маўляў, нерэнтабельна. Ці перайшла, паводле аднаго з законаў дыялектыкі, колькасць у якасць?

/i/content/pi/cult/755/16343/11.JPGПрызнацца, зусім мала выстаў на гэтым фестывалі не бывала ніколі. Нават калі яны не ўваходзілі ў афіцыйную праграму форуму, дык усё роўна прымяркоўваліся да фестывальных дзён — у надзеі на большую ўвагу публікі. Але наведвальнікі не заўсёды апраўдвалі спадзевы арганізатараў. А што ж сёлета? Колькасць уключаных у фестывальную праграму экспазіцый узрасла. Сказаць, што ўсе яны карысталіся ажыятажным попытам, нельга. Але арганізатары прыдумалі выйсце.

— Мы прадавалі білеты комплексна, а не на асобныя выставы, — расказала загадчыца Мастацкім музеем Віцебска Вольга Акуневіч. — У дзень прыходзіла прыблізна па 500 наведвальнікаў, і гэта добрыя лічбы.

Вядома, больш за ўсё было ахвотных паглядзець на Вялікую імператарскую карону (дакладней, на яе рэпліку, што ўяўляе не проста копію, як неаднаразова падкрэслівалася, а “сучасны погляд на рэліквію”) — тым больш, што гэта была выстава аднаго дня. Каб патрапіць у пакой, дзе дэманстравалася мастацкая каштоўнасць, ужо зранку праз увесь музей выцягнулася чарга. Але спачатку зрабілі прэзентацыю: гэтая і дзве іншыя выставы былі прымеркаваны да Дня Саюзнай дзяржавы на “Славянскім базары ў Віцебску”. Добра, што на ўрачыстасць пускалі не ўсіх, а толькі запрошаных і журналістаў, звыклых да ўсяго. Бо там можна было пачуць дыфірамбы ў гонар і першай уладальніцы кароны — Кацярыны ІІ, і самога ювелірнага вырабу, які, на думку некаторых прадстаўнікоў расійскага боку, у другой палове ХVIII стагоддзя змог “пасябраваць” беларускі народ з рускім. Пэўна, было б добра, каб расійскія музейшчыкі, рыхтуючы падобныя экспазіцыі і свае да іх прамовы, пазбаўляліся б аднабаковых поглядаў на складаныя гістарычныя падзеі, імкнуліся зразумець супрацьлеглае стаўленне да іх.

Вялікую цікавасць выклікала “Растоўская фініфць”. На прэзентацыі ўсе захапляліся дзяўчатамі, на якіх былі разнастайныя ўпрыгожванні з гэтай адмысловай мастацкай эмаллю: “Ах, якія прыгажуні прыехалі!”. А між тым, дзяўчаты былі з вядомага беларускага агенцтва Сяргея Нагорнага.

На беларускіх выставах, асабліва не ў час адкрыцця, а пазней, народу было меней. Расійскія журналісты туды ўвогуле не завітвалі. Шкада, бо там яны маглі б напоўніцу адчуць і паралелі нашага нацыянальнага мастацтва з сусветным, еўрапейскім, славянскім, і нашы асаблівасці. Тым больш, што выставы, звязаныя найперш з народнай культурай і змешчаныя ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі (асабліва “Белае, чырвонае, чорнае: сімволіка колеру ў народнай культуры”, “Беларускія музычныя інструменты”), мелі разгорнутыя, добра выкладзеныя, змястоўныя анатацыі, апісанні і “суправаджальныя запіскі” на асобных стэндах.

Сярод мноства розных экспазіцый не мог не зацікавіць Міжнародны выставачны праект майстроў па тэкстылі “Яднанне”. Назва цалкам адпавядала ўбачанаму. Па-першае, гэта было яднанне геаграфічнае: да беларускіх работ далучыліся прывезеныя з некаторых суседніх краін: Латвіі, Расіі, Украіны. Па-другое, яднанне розных тэхнік: ткацтва, роспіс па тканіне, уключаючы бацік, пляценне, валянне, габелен, разнастайныя аўтарскія тэхнікі, заснаваныя на адвольным яднанні прыёмаў. У выніку атрымлівалася яднанне розных мастацкіх поглядаў, светаўспрымання, здольнага зрабіць нашы ўяўленні пра наваколле максімальна аб’ёмнымі.

Падобныя выставы мастацкага тэкстылю ладзяцца ў Віцебску, дзе ёсць свая школа, не ўпершыню. Але штораз здзіўляюць новымі паваротамі, фарбамі, адценнямі, самімі падыходамі да ўжывання тэкстылю, якому падуладна ўсё — нават адлюстраванне “Зімы ў горадзе” (Вольга Пабярэжна з Украіны) ці “Паветра вясны” (Алена Круковіч з Брэста). Касмічная прастора раптам аказвалася ўсяго толькі “Сном гарэзлівага кацяня” (брэстчанка Антаніна Гуршчанкова). Дзіўныя старадаўнія чоўны з пунсовымі ветразямі — прарослым зернем (“Вегетацыя” Таццяны Макляцовай-Якаўлевай з Віцебска). А “Валошкі”, вырашаныя на мяжы народных і праваслаўных традыцый, набывалі сакральны сэнс (мінчанка Любоў Кірылава).

Асобная выстава на тэму валошак, што сталі адным з сімвалаў “Славянскага базару ў Віцебску”, сустракала гасцей ужо пры ўваходзе ў Мастацкі музей. Апошнім часам такія экспазіцыі сталі добрай традыцыяй фестывалю, але штогод іх начынне змяняецца. Дадаюцца і новыя работы на “зададзеную тэму”. Святлана Баранкоўская з’яднала жывапіс з ткацтвам (“Валошкі”). Уладзімір Вальноў — выявы жывой кветкі са сцэнаграфіяй у Амфітэатры (“Прырода і цывілізацыя”). А класічныя, здавалася б, “Палявыя кветкі” (1972) Генрыха Бржазоўскага — бацькі знакамітай балетнай зоркі, а цяпер педагога-рэпетытара Людмілы Бржазоўскай — літаральна патыхалі прадчуваннем імпрэсіянізму.

Што яшчэ можна прыдумаць для прыцягнення наведвальнікаў? Пэўна, шукаць нейкія новыя формы, цікавыя для моладзі. Гэта, дарэчы, сусветная тэндэнцыя: ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі і імкнення дабіцца глядацкай увагі музеі ўсё больш дбаюць не толькі пра папаўненне калекцый, але і пра сучасныя варыянты іх падачы. А тыя патрабуюць не адно тэхнічнай аснашчанасці — найперш, нешараговых ідэй.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"