Горад лякуецца фарбамі

№ 30 (1417) 27.07.2019 - 02.08.2019 г

Учора ў Мінск пачалі з’язджацца мастакі, архітэктары ды эколагі з розных гарадоў Беларусі і Бразіліі, бо наперадзе два тыдні фестывалю урбан-арту Vulica Brazil. Ініцыятыва, што пачыналася ў 2014 годзе толькі як спроба стварыць у нашай сталіцы першыя легальныя роспісы на будынках, за гэты час стала асобнай з’явай, аб’яднаўшай шматлікія творчыя сілы дзвюх краін. І ўсё для таго, каб праз мастацтва паказваць людзям, як змяняць да лепшага месца, дзе жывеш. Першай у Мінск прыляцела 29-гадовая мастачка з Белу-Арызончы Таіна Ліма, вядомая ў арт-асяроддзі як КРЫОЛА (CRIOLA). Яна ж увогуле яшчэ і першая ў гісторыі фестывалю дзяўчына-хэдлайнерка, якая створыць у Мінску свой вялікі мурал на вуліцы Трасцянецкай. “К” сустрэлася з госцяй з Бразіліі.

/i/content/pi/cult/755/16336/1.jpgФота Ганны ШАРКО

— Мне вельмі прыемна быць тут у такой ролі, але спадзяюся, што на наступных фестывалях дзяўчат будзе толькі больш, — кажа Крыола. — Я ўпершыню ў Беларусі, для мяне ўсё новае і незнаёмае. А сцяну для маёй работы мы канчаткова выбралі толькі два дні таму, таму мне патрэбны нейкі час, каб прыдумаць канцэпцыю. Стырт-арт і графіці я лічу лекамі для любога горада і яго жыхароў. Для мяне гэта форма самавыяўлення. Так я магу сказаць пра важнае ў маім жыцці. Таму я прцадстаўлю на сваім мурале тое, у што я веру: гэта будзе працяг маёй творчасці і расповед пра тое, кім я ёсць — афрабразільянкай. Я прыехала самая першая, у мяне ёсць час пагутарыць з усімі вамі, даведацца пра тое, хто вы — беларусы. Мне важна з вамі пазнаёміцца і знайсці тое сапраўднае, што ў вас ёсць, таму што я збіраюся дадаць гэтыя элементы ў мой мурал — каб гэта была работа, якая важная і вам, і мне. Бо яна застанецца тут.

Упершыню фестываль Vulica Brazil адбыўся ў 2014 годзе. За гэты час у Мінску з’явілася 38 арт-аб’ектаў: муралы на будынках, трамваях, вагонах метро і мастах, скульптуры і архітэктурныя канструкцыі, а вуліца Кастрычніцкая стала адным з самых вядомых і прывабных для мінчукоў і турыстаў месцаў у горадзе. Летась арганізатары вытрымалі паўзу і не праводзілі фестываль, каб пераасэнсаваць ужо зробленае, і акрэсліць кірункі, у якіх варта развівацца далей.

— Калі мы толькі пачыналі, у Мінску не было ніводнай вялікай работы стрыт-арт мастакоў, — адзначае куратар і прадзюсар фестывалю Vulica Brazil Міла Котка. — Я кажу менавіта пра той від вулічнага мастацтва, які ўзнік не так даўно і захапіў сваёй прыгажосцю і хуткасцю выканання твораў увесь свет. Таму было нялёгка, але цікава пераконваць пяць гадоў таму ўсіх, што атрымаецца файна. Для пачатку мы выбралі вуліцу Кастрычніцкую як стратэгічнае месца, каб паглядзець, што адбудзецца, калі максімальна сканцэнтраваць там творчыя сілы. Канечне, марылі пра тое, што нешта з гэтай вуліцай можа адбыцца ў будучыні, але тады нам казалі: “Маляваць на Кастрычніцкай? Дзе гэта?” Зараз жа гэта назва вуліцы — ужо слова-метафара.

Пасля перапынку ў два гады, можам дакладна сказаць, што мы вызначыліся з трыма асноўнымі кірункамі, якія падтрымліваем на фестывалі: публічнае мастацтва, урбаністыка і архітэктура, экалогія і ўстойлівае развіццё. Мы ўбачылі, што як толькі мастацтва з’яўляецца ў прасторы горада, яно на яго ўплывае і змяняе, прыцягвае да сябе людзей. А калі мы ведаем, што прыйдуць людзі, трэба загадзя падумаць, што яны будуць там рабіць, дзе змогуць прысесці і гэтак далей. Дзякуючы творам, горад ажывае ва ўсіх сэнсах.

/i/content/pi/cult/755/16336/2.JPGАдпаведна з трыма асноўнымі тэмамі і складалася праграма фестывалю: да 10 жніўня на вуліцах Мінска з’явяцца 11 муралаў і арт-аб’ектаў, асобная група пад кіраўніцтвам бразільскага архітэктара Лаўрэнса Жыменеса будзе займацца добраўпарадкаваннем вуліцы Кастрычніцкай, эколагі ж падбаюць пра яе азеляненне.

Сёлета, акрамя Крэолы, Бразілію прадстаўляюць даўнія сябры фестывалю знакамітыя браты-блізняты OsGemeos з Сан-Паулу (інтэрв’ю з імі чытайце ў № 20 “К”), якія намалююць яшчэ аднаго “Жоўтага гіганта” (адзін ужо ёсць на вуліцы Энгельса), а таксама Hyper з Белу-Арызончы і Bruno Big з Рыа-дэ-Жанэйра — яны прыедуць упершыню. Ад беларускага боку больш дзясятка мастакоў (Захар Кудзін, Андрэй Бусел, Bazinato, Караліна Палякова і іншыя) будуць не толькі распісваць будынкі, але рабіць яшчэ інсталяцыі ды фотакалажы для размяшчэння на білбордах па горадзе. Ужо з панядзелка 29 ліпеня яны пачнуць працаваць над сваімі творамі.

1 жніўня ў 19.00 на вуліцы Кастрычніцкай адбудзецца адкрытая сустрэча з усімі ўдзельнікамі, дзе можна пазнаёміцца з імі бліжэй. Там жа 10 жніўня і завершыцца Vulica Brazil — традыцыйна вялікім святочным карнавалам пад адкрытым небам: танцы, кірмашы, тэатральныя імпрэзы, кінапаказы і канцэрты будуць праходзіць з 12.00 да 24.00.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА
аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты "Культура"