“Арт-Мінск”: традыцыя з працягам

№ 29 (1416) 20.07.2019 - 27.07.2019 г

Традыцыі мусіць папярэднічаць гісторыя. І чым глыбей тая традыцыя ўкаранёная ў часе, тым больш яна для грамады прывабная. Гэта як правіла. Але бываюць і выключэнні, калі нешта здараецца нібыта знянацку і адразу ставіцца брэндам. Як, да прыкладу, міжнародны фестываль мастацтваў “Арт-Мінск”. Ён мае кароткі жыццяпіс, ладзіцца ўсяго толькі ў другі раз. Але, беручы да ўвагі відавочны поспех леташняга і сёлетняга фэстаў, а таксама — закладзеную ў яго аснове слушную ідэю прадставіць сучаснае мастацтва гледачу ва ўсе яго разнастайнасці, можна канстатаваць, што запачаткавалася добрая традыцыя з доўгачасовай перспектывай.

/i/content/pi/cult/754/16332/15.jpgВыхад з трохкутніка

Галоўная заслуга арганізатараў фестывалю, на мой погляд, у тым, што яны здзейснілі тое, што даўно ўжо мусіла быць — аб’ядналі ў рамках аднаго праекта ўсе больш-менш значныя выставачныя пляцоўкі сталіцы і такім чынам вывелі выяўленчае ды нават увогуле візуальнае мастацтва за межы кананічнага трохкутніка “Нацыянальны мастацкі — Нацыянальны гістарычны — Палац мастацтва”. Так бы мовіць, прасунулі мастацтва ў народ, што можна ў нейкай ступені лічыць рэалізацыяй ленінскай тэзы пра тое, каму мастацтва насамрэч належыць.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, выставы сёлетняга фестывалю наведалі 23,5 тысячы гледачоў. Для Мінска гэта зусім някепскі паказчык. Пад выставы былі задзейнічаны 17 пляцовак — гэта ўжо згаданы “трохкутнік”, а таксама выставачныя залы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, галерэя “Універсітэт культуры”, культурны хаб Оk16 ды іншыя. Удакладню: тыя пляцоўкі і ў іншыя часы задзейнічаны пад экспазіцыі, але гэтым разам іх праца была скаардынаванай дзеля адзінай мэты — як мага шырэй прадставіць мінчукам і гасцям горада мастацтва, якое называецца сучасным. Досведу такой каардынацыі ў нас небагата. Акрамя фестывалю, пра які ідзе гаворка, можна згадаць хіба шэраг мастацкіх выстаў, прымеркаваных да Чэмпіянату свету па хакеі, што праходзіў у Мінску ў 2014 годзе.

/i/content/pi/cult/754/16332/16.jpgШматаблічнасць і разнастайнасць

Хоць фестываль “Арт-Мінск — 2019” і быў адным са складнікаў Культурнай праграмы Другіх Еўрапейскіх гульняў, акцэнт на спартыўную тэматыку не рабіўся. Мяркую, гэта правільна. Больш важна было давесці ўласнаму грамадству (гэта найперш!) і гасцям спартыўнага свята шматаблічнасць сучаснай беларускай культуры, яе канцэптуальную разнастайнасць і дынамічную форму. На маю думку, гэта атрымалася. З мноства экспазіцый складваўся вобраз краіны з глыбокімі гістарычнымі каранямі і грамадства, якое жыве ў адзіным рытме з Еўропай і Светам. Беларусь прадставіла на фестывалі “Арт-Мінск” мастацтва, якое ўспрымаецца годным і на постсавецкай прасторы, і на іншых тэрыторыях.

Згаданым крытэрыям адпавядаюць творы Аляксандра Шапо (выстава “а-ЭРАПЛАН № 69” у Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура), Зоі Луцэвіч (ALTA MODA, там жа), Рамана Сустава ў галерэі “Арт-порт”, Андрэя Равякава ў “Беларце”, Аляксея Кузняцова ў “ДК”…

Тыя, хто сочыць за працэсамі, што адбываюцца ў нашым выяўленчым мастацтве, могуць бачыць, што прыйшло новае пакаленне творцаў, сцвердзілася новая эстэтыка. І вяртанне да канонаў ідэалагізаванага мастацтва, якім доўгі час палохалі культурніцкую грамаду, ужо ўяўляецца немагчымым. Пры гэтым ад сапраўдных дасягненняў савецкай эпохі ніхто не адмаўляецца. Вось на гэтым фестывалі Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў прадставіла экспазіцыю па выніках пленэру “Мой горад старажытны, малады”, прысвечанага народнаму мастаку Беларусі Маю Данцыгу. Калісьці гэты творца здолеў разгледзіць у абліччы Мінска, які тады яшчэ нават не паспеў залячыць раны вайны, той горад, што мы маем сёння. Ён прадбачыў і засведчыў у сваіх палотнах вялікі лёс нашай сталіцы. Маладзейшыя калегі мэтра фактычна гавораць пра тое ж, што і ён, але сучаснай выяўленчай мовай.

Замежныя мастацкія трэнды

Фестываль трактуецца як міжнародны, але, шчыра кажучы, замежная прысутнасць як на леташнім “Арт-Мінску”, так і зараз была даволі сціплай. Гэтым разам мінчукоў і гасцей парадавалі сваім мастацтвам творцы з Сербіі, Польшчы, Латвіі і Эстоніі. Творцы з Балкан прадставілі ў галерэі “Арт-Хаос” выставачны праект “Вока сербскага мастацтва”. Аблічча сербскай культуры ў значнай ступені вызначыла геапалітычнае становішча краіны, якое часцяком прымушала народ адкладваць убок прылады мірнай працы і брацца за зброю для абароны сваёй самасці. Адсюль дух калектывізму і ўсвядомленая патрэба ў духоўным апірышчы, якім для Сербіі была і ёсць Праваслаўная царква. Вось і сучаснае мастацтва Сербіі адкрытае для эстэтычных навацый, але пры нязменнай павазе да нацыянальнай культурнай традыцыі, дзе важным чыннікам з’яўляецца рэлігія. Менавіта такое мастацтве бачылі мы на гэтай выставе.

Ад Польшчы быў спартыўны плакат. Выстава праходзіла ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”. Польская школа плаката прызнана ва ўсім свеце. Гэтае мастацтва як ніякае іншае падуладна модзе, новым стылявым павевам, радыкальным пераўтварэнням пры з’яўленні новых тэхналогій. Але пры ўсім гэтым прэстыж польскіх плакатыстаў на працягу ўжо не аднаго дзесяцігоддцзя застаецца непахісным. Выстава — яшчэ адна нагода ў гэтым пераканацца.

Эстонію на фестывалі прадстаўляла The Sed Arte Gallery, ад Латвіі — Музей прыватных калекцый. Гэта частка экспазіцыі галоўнай пляцоўкі “Арт-Мінска” — у Палацы мастацтва. Паводле прадстаўленых твораў можна меркаваць, што ў мастацтве гэтых краін адбываюцца працэсы, аналагічныя тым, што мы маем у Беларусі. Захоўваюцца традыцыі майстэрства, што склаліся ў савецкую эпоху. Але зважаюць мастакі і на попыт еўрапейскага мастацкага рынку. Можна з прыемнасцю канстатаваць, што ў гэтых краінах захавалася прывабная для беларускай аўдыторыі рэалістычная альбо блізкая да рэалізму мастацкая школа на аснове акадэмічнай традыцыі. Але, магчыма, прычына такога “рэнесансу”, здавалася б, страчаных традыцый у тым, што сёння менавіта такое мастацтва ў трэндзе. Зрэшты, гаворка пра тое, што культурніцкая грамада стамілася ад абстрактных опусаў, а ў асяродку калекцыянераў адбыўся разварот да прадметнага, сутнасна рэалістычнага мастацтва.

Люстэрка рэчаіснасці

Як і летась, сёлета Палац мастацтва быў галоўнай пляцоўкай фестывалю “Арт-Мінск”. Але частка твораў, адабраных нацыянальным журы, экспанавалася таксама ў Нацыянальнай бібліятэцы. Менавіта на гэтых пляцоўках была разгорнута асноўная дзея і прыхаваная галоўная інтрыга фэсту. Тут кожны глядач мог суаднесці сваё разуменне сучаснага мастацтва і тое, якім бачаць яго прафесіяналы. Мяркую, калі б сярод гледачоў праводзілася галасаванне на найлепшы твор і такую ж працу рабіла б адмысловае журы, прыхільнасці людзей паспалітых і прафесіяналаў былі б, хутчэй за ўсё, акрэсленыя такім жа чынам, як і на штогадовым “Восеньскім салоне з “Белгазпрамбанкам”. “Арт-Мінск”, уласна кажучы, і вырас з таго салона. І на ім было ўсяго і рознага — на выбар. Бо ў мастацтве ж усё, як і ў жыцці. Так яно і мусіць быць: нават калі мастак малюе толькі свае думкі і рэфлексіі, карціна ўсё адно становіцца люстэркам той рэчаіснасці, што за акном майстэрні.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"