Купальская цалавальніца і пошукі папараць-кветкі

№ 29 (1416) 20.07.2019 - 27.07.2019 г

У мінулым аглядзе, прысвечаным Дню Незалежнасці, нам не ўдалося згадаць пра яшчэ адно знакавае свята, што здаўна адзначаюць беларусы ў пачатку ліпеня. Гаворка, натуральна, пра Купалле. Пошук у лесе загадкавай і таямнічай папараць-кветкі, скокі дзяўчат і хлопцаў цераз вогнішча, карагод вакол агменя — усё гэта і многае іншае можна пабачыць на святочных імпрэзах, зладжаных работнікамі сферы культуры вечарам і нават ноччу з 6 на 7 ліпеня. Пра святкаванні Купалля ў розных кутках Беларусі, а таксама пра шэраг іншых нядаўніх адметных імпрэз — у нашым традыцыйным аглядзе рэдакцыйнай пошты.

/i/content/pi/cult/754/16330/13.jpgПеразагрузка Купалля

“Купальская ноч над Лужаснянкай” — менавіта пад такой назвай 6 ліпеня ў аграгарадку Мазалава, што ў Віцебскім раёне, прайшло свята народнага календара. Як піша нам Андрэй Струнчанка, намеснік дырэктара Віцебскага АМЦНТ, падчас мерапрыемства адбылося тэатралізаванае прадстаўленне “Аднойчы на Купалле”, гульнёвая праграма “Купальскі карагод”, канцэртная праграма з удзелам народнага жаночага клуба “Залаты ўзрост”. А скончылася свята пошукам папараць-кветкі і вялікім карагодам, падчас якога Купала з Купалінкай жадалі ўсім прысутным усяго самага найлепшага.

Сваё Купалле зладзілі і ў гарадскім пасёлку Ветрына Полацкага раёна пад досыць правакацыйнай назвай “Іван Купала. Перазагрузка!” Пачаліся гулянні з касцюміраванага шэсця купальскіх персанажаў, піша нам рэдактар Полацкага РЦК Кацярына Паўловіч, а потым былі карагоды каля вогнішча, купальскія вяночкі, пошук папараць-кветкі ды шмат чаго яшчэ… Разынкай свята стаўся конкурс “Купальская цалавальніца”, у якім прынялі ўдзел пяць пар закаханых. І нездарма: аказваецца, беларускае Купалле супадае з Міжнародным днём пацалункаў! Так што ў ноч на Івана Купалу можна цалавацца колькі хочаш, што, у прынцыпе, і так робяць беларусы. І, магчыма, менавіта з гэтай прычыны ў названым конкурсе так і не змаглі вызначыць пераможцаў: усе жыхары Ветрына цалавацца ўмеюць і робяць гэта з веданнем справы, так бы мовіць, на прафесійным узроўні…

А ў Ашмянскім раёне, на аграсядзібе “Вячкойні” былі свае адметнасці пры правядзенні Купалля: з традыцыйнымі ачышчальнымі варотамі, купальскім прабачальным карагодам, фаер-шоу і танцамі да самай раніцы. Добры настрой удзельнікам свята, як адзначаюць супрацоўнікі аддзела метадычнай работы Ашмянскага РЦК, падарылі вакальны гурт “Варажэя” з Іўеўшчыны, гурт “Лялькі Карпарэйшэн” з Мінска ды іншыя калектывы.

У Лідзе раённае абрадавае свята “Купалле” зладзілі каля Лідскага замка. На ім завадзілі гасцей і падымалі ім настрой Купаліна і Купала, спадарыня Зельніца і нават Вадзянік. А кульмінацыйным момантам свята, па словах супрацоўнікаў Лідскага РЦКіНТ, сталася купальскае вогнішча, каля якога ўдала ўпісалася фольк-фаер-шоу ад тэатра ангю ZHARA.

І яшчэ. Адно з найбольш маштабных святкаванняў Купалля адбылося, на мой погляд, у Вялікай Бераставіцы. Урачыстае адкрыццё свята “Бераст-Фэст. Купальская ноч запрашае!” прайшло ў летнім амфітэатры гарадскога пасёлка, дзе ўсіх гасцей свята шчыра прывіталі Бераст і Тавіца.

На працягу дня, як адзначаюць супрацоўнікі мясцовага раённага метадычнага цэнтра, удзельнікаў свята чакалі “Зёлкавы фэст”, тэатралізаваная купальская дзея “На Купалу Сонца грае, усіх на свята запрашае!” з удзелам выканаўцаў і творчых калектываў Бераставіцкага раёна, святочны канцэрт беларускіх выканаўцаў — Вольгі Плотнікавай, групы ByCity, цыганскага калектыву “Алюр” ды многіх іншых.

Вечарам арганізатары свята падрыхтавалі на беразе возера разнастайныя прыгоды і выпрабаванні, гаданні на вянках і сапраўднае купальскае вогнішча. Кульмінацыяй купальскага “Бераст-Фэсту” стаў відовішчны феерверк. Аднак свята на гэтым не завяршылася: танцавальная праграма з жывой музыкай на пляцоўцы амфітэатра працягвалася да трох гадзін ночы.

“Двубой” як сімвал вызвалення

Рэдакцыйная пошта дасюль поўніцца лістамі, дзе гаворка ідзе пра мерапрыемствы, прысвечаныя ўспамінам і памяці Вялікай Айчыннай вайны. Так, у раённым краязнаўчым музеі Асіповічы адкрылася выстава пад назвай “Супрацьстаянне,” прысвечаная 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашыстскіх захопнікаў. Тут прадстаўлены зброя, амуніцыя і рыштунак байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, а таксама аналагічная зброя і рыштунак салдат і афіцэраў з боку праціўніка.

Галоўны сімвал выставы, піша нам наш сталы аўтар Юрый Клеванец, — рэпрадукцыя карціны “Двубой”, дзе намалёваны баец-чырвонаармеец з гранатамі, які падняўся з акопа супраць нямецкага танка. Экспазіцыя падрыхтавана асіповіцкімі калекцыянерамі і рэканструктарамі Андрэем Торбіным і Аляксандрам Аляксеенкам.

У Дзятлаве, у мясцовай раённай бібліятэцы, днямі прайшоў фестываль ваеннай кнігі “У сэрцах і кнігах памяць пра вайну”. Як вядома, пра перажытае ў вайну, праявы ўздымаў і падзенняў чалавечага духу, гераічныя подзвігі і самаахвярныя ўчынкі распавядаюць не толькі ўдзельнікі тых падзей, але і кнігі. Як піша нам загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Вольга Бойка, супрацоўнікі кніжніцы пазнаёмілі чытачоў з лепшымі творамі ваеннай тэматыкі аўтарства Васіля Быкава, Івана Чыгрынава, Святланы Алексіевіч, Алеся Адамовіча і некаторых іншых пісьменнікаў.

А 10 ліпеня ў Ашмянскай раённай бібліятэцы ўвазе чытачоў была прадэманстравана літаратурна-музычная кампазіцыя “Набат вайны зноў стукае ў сэрцы”. Дзею падрыхтавалі бібліятэкары сумесна з супрацоўнікамі раённага Цэнтра культуры. Гэта было заключнае мерапрыемства ў рамках раённага бібліятэчнага конкурсу “Дарогамі славы”, прымеркаванага да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На імпрэзу, як пішуць нам супрацоўнікі кніжніцы, быў запрошаны мясцовы музыкант, кампазітар Мікалай Разенберг, дзіцячыя гады якога выпалі на гады вайны. Акрамя таго, вучні сярэдняй школы чыталі вершы на ваенную тэматыку, у выкананні супрацоўнікаў Ашмянскага РЦК прагучалі песні, а таксама ўвазе гасцей былі прадэманстраваны відэаматэрыялы ды выстава мастацкай і дакументальнай літаратуры.

Згадаю пра яшчэ адну імпрэзу, што да юбілею вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў была зладжана ў Віцебску. Выстава мастакоў-аматараў Віцебшчыны “Мая сям’я” дэманструецца ў выставачнай зале абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел 40 мастакоў-аматараў вобласці, якія прадставілі на суд гледачам больш за 100 жывапісных палотнаў, а таксама 30 драўляных скульптур і кампазіцый.

Фэсты на любы густ

І да іншых цікавостак. Як паведаміла нам вядучы рэдактар Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна Надзея Бондар, днямі ў Маладзечне прайшоў XXI рэгіянальны фестываль-конкурс выканаўцаў эстраднай песні “Адна зямля”. Музычны форум стаўся сапраўдным святам для жыхароў і гасцей горада — у культурную сталіцу Міншчыны на яго з’ехаліся 35 маладых артыстаў з сямі рэгіёнаў Беларусі.

Члены журы на чале са старшынёй Беларускага саюза кампазітараў Аленай Атрашкевіч у розных намінацыях і ўзроставых катэгорыях адзначылі прадстаўнікоў Маладзечанскага раёна. Так, у першай узроставай катэгорыі (8 — 13 гадоў) дыплом за І месца атрымала Мілана Соніч, а Дар’я Місіюк была ўдастоена прыза глядацкіх сімпатый. Яна Вяль стала найлепшай у другой узроставай групе (14 — 17 гадоў), Марыя Давідовіч адзначана дыпломам “За асаблівасць сцэнічнага вобразу”. У трэцяй узроставай катэгорыі (18 — 23 гады) Лада Лінкевіч заняла ІІІ месца, а Юлія Абрамовіч і Антаніна Галубовіч з чацвёртай групы (24 — 31 год) сталі ўладальнікамі дыплома за ІІІ месца і ў намінацыі “Творчы пошук”.

Галоўны тытул Гран-пры ХХI рэгіянальнага фестывалю-конкурсу “Адна зямля” займела таксама прадстаўніца Маладзечанскага раёна 20-гадовая Дзіяна Бажко. А фінальным акордам музычнага свята сталася перадача сімвала фестывалю “Адна зямля” суседняму Валожынскаму раёну, дзе налета пройдзе чарговы музычны форум.

І апошняе. Калі ў Маладзечне фестываль ужо прайшоў, дык у іншых кутках Беларусі да сваіх фэстаў толькі рыхтуюцца. Напрыклад, у наступную суботу, 27 ліпеня, у Свіслачы адбудзецца рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”. Мяркую, на яго варта з’ездзіць усім аматарам нацыянальных традыцый і абрадаў. Бо, як запэўніваюць арганізатары, на фестывалі будзе на што паглядзець: плануецца і конкурс фальклорнага мастацтва, і выстава-продаж вырабаў народных майстроў, і дэгустацыя традыцыйных блюд, і майстар-класы ды многае іншае. “К” абавязкова яшчэ напіша пра гэты ўнікальны абласны фестываль у наступных нумарах газеты.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"