“Лёгкі гук” на экспарт

№ 33 (851) 16.08.2008 - 22.08.2008 г

Звычайна першыя крокі маладога калектыву суправаджаюцца шматлікімі цяжкасцямі: пошук свайго гучання, выступленні на малых ды вялікіх пляцоўках, размаітыя ацэнкі крытыкаў, публікі і спецыялістаў у шоу-бізнесе... Поспех прыходзіць звычайна праз гады спроб і памылак. Калектыў “LiteSound” даволі хутка стаў вядомым сваім неаднаразовым удзелам у “Еўрафэсце”, музычным ролікам для аднаго з мабільных аператараў, а з нядаўняга часу — выступленнем на “Славянскім базары ў Віцебску”.

 /i/content/pi/cult/171/1633/Legki-guk.jpg

Гурт сфарміраваўся ў 2005 годзе. Мяркуючы па такім хуткім узлёце, у каманды, мусіць, ёсць свае сакрэты папулярнасці. Пра іх распавядаюць лідэры гурта — Дзмітрый Каракін (Д.), вакаліст і аўтар песень, і яго брат Уладзімір (У.), гітарыст і сааўтар.
“Хіба ў нас не беларускае аблічча?”
— “LiteSound” спявае па-англійску. Даволі нязвыкла. Ці не падаецца, што англамоўныя тэксты перашкодзяць айчынным слухачам успрымаць вашы песні?
Д.: Мы таксама думалі, што нашы песні будуць незразумелыя для многіх, і вельмі здзівіліся, калі атрымалася зусім наадварот. Цяпер выступаем па малых гарадах рэспублікі, ужо прайшло больш за дваццаць канцэртаў, і амаль на кожным людзі з захапленнем падхопліваюць як мінімум дзве песні. А пытанне выбару мовы не стаяла, паколькі пачыналі мы сваю музычную кар’еру за мяжой. Наш бацька Юрый Каракін (дырэктар гурта) быў накіраваны на працу ў Кітай, там мы і сталі выступаць, нават перамаглі ў кітайскім конкурсе “Henan Modern Rock Bands Competiton”.
У.: Дарэчы, цяпер я вучуся ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, на факультэце англійскай мовы. Мне здаецца, што лінгвістычная адукацыя для аўтара іншамоўных тэкстаў неабходная, і таму паляпшаю свае веды.
— Ці патрэбна беларускаму гурту абавязкова мець... “беларускі твар”, каб яго можна было ідэнтыфікаваць як прадстаўніка нашай краіны, нашай культуры?
Д.: Калі паглядзець на музычнае мастацтва іншых краін, то яно падзяляецца на два накірункі. Па-першае, гэта творчасць нацыянальная, якая ўключае ў сябе выкананне народных песень, музыкі на аўтэнтычных інструментах, традыцыйныя танцы. Па-другое, ёсць музыка папулярная: незалежна ад месца стварэння яна ў многім падобная ў розных краях. І я лічу, што немагчыма змешваць гэтыя два накірункі.
Вам падаецца, што ў нас слаба выяўлена “беларускае аблічча”? А мне хацелася б, каб наш гурт быў тым калектывам, які здолее прадставіць краіну за мяжой менавіта ў сучасным гучанні. Можна прывесці ў прыклад такія сусветна вядомыя калектывы з рысамі свайго менталітэту, як “Modern Talking” з Германіі або “Brainstorm” з Латвіі. Гэта гонар для дзяржавы — мець такі гурт і для ўнутранага слухача, і “на экспарт”. Спадзяёмся, здолеем адпавядаць статусу беларускага “брэнда”, да якога імкнёмся.
— Дарэчы, у вашым даробку — дуэт з народным артыстам Беларусі Анатолем Ярмоленкам і музычным брэндам рэспублікі — ансамблем “Сябры”. Раскажыце, калі ласка, пра гэты эксперымент.
У.: Ужо два разы мы спявалі разам з Анатолем Іванавічам: на канцэрце да Дня Незалежнасці і на “Славянскім базары ў Віцебску” пад час гала-канцэрта майстроў мастацтваў Беларусі. А пачалося ўсё з нашага супрацоўніцтва з кампазітарам Валерыем Галаўко, які прапанаваў напісаць песні на свае... вершы (так, ён яшчэ і тэкставік!), на што мы ахвотна пагадзіліся. А пасля ў яго адбылася размова з Анатолем Ярмоленкам, які ўпадабаў нашы песні. Яны вырашылі, што няблага нам было б выканаць разам адну кампазіцыю — ёю стаў “Гімн”. Увогуле, гэты дуэт — вялікі гонар для нас: народныя артысты ўсё ж нячаста спяваюць з маладымі выканаўцамі. Падштурхнуць прадукт
— А ўвогуле, ці складана прабівацца, набываць вядомасць? Што патрэбна рабіць для гэтага? Падзяліцеся сваім досведам.
У.: Мне падаецца, што неабходна проста рабіць цікавую добрую музыку, старацца ад душы, і час ад часу паказваць сваю творчасць, якую хтосьці абавязкова заўважыць. Калі будзеш навязваць сябе — надакучыш, будзеш раздражняць. Мы ж скіроўваем свае намаганні толькі на прадукт, а не на штурхальную сілу.
Д.: У 2002 годзе мы пачалі граць разам з Валодзем. Перамога на конкурсе ў Кітаі далася нам неяк лёгка. Праз два гады запрасілі музыкантаў і стварылі рок-праект. Цяпер, як і тады, у самым пачатку, разам з намі граюць бубнач Сяргей Гінько і бас-гітарыст Марыо Гулінскі.
Мы і ўявіць сабе не маглі, што першае наша выступленне як гурта пройдзе ў Малой зале Палаца Рэспублікі.
Гэта адбывалася ў межах канцэрта ірландскіх танцаў, якімі мы цікавімся і любім. Было яшчэ ў нас першае месца ў італьянскім конкурсе, дзе кампазіцыя “Solo Per Te” трымалася ў хіт-парадзе больш за 20 тыдняў.
— Раскажыце пра ваш удзел у “Еўрафэсце”.
Д.: На “Еўрафэсце” мы два разы атрымалі другое месца. Мне вельмі падабаецца падрыхтоўка да гэтага конкурсу. У Беларусі яму надаюць значна большую ўвагу, чым за мяжой. А што да прагнозаў наконт нас на “Еўрабачанні”, то першае месца гурт, магчыма, не заняў бы. Але гэта, як вядома, дужа непрадказальнае спаборніцтва, і невядома, як публіка ацэніць нашу музыку.
Хачу толькі дадаць, што мае погляды з ацэнкамі журы не разыходзяцца, усё тут дастаткова справядліва.
У.: Галоўнае, што “Еўрафэст” — гэта вельмі пазітыўнае свята. Для нас не так важна, ці паедзем мы на сам конкурс, — адбор выканаўцаў у Беларусі сам па сабе цікавы. Ён падабаецца нам сваім настроем.
— Вы пазіцыянуеце сябе ўсё ж як рок- ці поп-гурт? Мне здаецца, што “LiteSound” балансуе дзесьці пасярэдзіне…
Д.: Некаторыя думаюць, што да гэтай пары мы захавалі статус рок-гурта, які мелі на пачатку музычнай кар’еры. Але сёння “LiteSound” не імкнецца спяваць для вузкага кола прыхільнікаў цяжкой музыкі, мы не хочам адштурхоўваць ад сябе вялікую частку аўдыторыі. Таму цяпер нас можна лічыць поп-калектывам, магчыма, з элементамі брыт-попа, які ўключае ў сябе рытм, нескладаныя энергічныя гітарныя партыі, лёгкую акустычнасць. Нават назва наша перакладаецца з англійскай як “Лёгкі гук”. Альбом у “модным” месяцы
— Наколькі я ведаю, у вас яшчэ няма альбома?
Д.: У нас ужо запісаны амаль усе песні для яго выдання, але мы чакаем спрыяльнага моманту. Напэўна, гэта будзе верасень ці кастрычнік — самыя “модныя” месяцы для выпуску дыскаў. Назва? “Going to Hollywood” — такая крышку жартаўлівая, амбіцыйная нават, але яна, напэўна, — адзінае, што ёсць вясёлага ў гэтым альбоме. Хутка будзе і першы кліп на песню “With You”, які здымалі студэнткі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (Дарэчы, сам Дзіма вучыцца ў БДАМ, атрымлівае спецыяльнасць рэжысёра. — А.С.). Ён складаецца з пэўнай сюжэтнай лініі і фрагментаў канцэрта ў Гродне. Але не буду выдаваць усё, каб было што чакаць.
— А наколькі вы блізкія да сваіх прыхільнікаў, ці выкарыстоўваеце для кантакту Інтэрнет?
Д.: Мы пастаянна на сувязі. Па-першае, у нас суполкі ў Інтэрнеце вельмі актыўныя, адна з іх аб’ядноўвае амаль сорак пяць тысяч чалавек, і яна з’яўляецца адным з самых вялікіх музычных аб’яднанняў у расійскім Інтэрнеце. Людзі перадавалі адзін аднаму інфармацыю і музычныя файлы, рэкамендавалі нас, і атрымалася так шмат слухачоў. У сацыяльных сетках мы застаемся пад сваімі імёнамі, і нас таксама знаходзяць.
— Мне падалося, што вы гурт, хутчэй, для дзяўчат. Гэта так, на самай справе?У.: Пасля канцэртаў падыходзяць па аўтографы ў асноўным дзяўчаты. Наша музыка сентыментальная, а тэксты — пра каханне. Але нельга казаць, што мы нецікавыя хлопцам. Мы бачым і іх на сваіх канцэртах.
— Якую музыку вы можаце назвацьякаснай?
Д.: Яна пачынаецца не з добрага гуку і крутых інструментаў, як думаюць многія пачаткоўцы. Гэта нейкі ўнутраны патэнцыял, які бывае вельмі рэдка.
У.: Неабходна, каб твор кампазіцыйна быў выбудаваны гарманічна, па законах музыкі. І калі адыйсці ад гэтых правілаў, атрымаецца ўжо не музыка. Яшчэ патрэбна дакладна ведаць сваю аўдыторыю і пісацьдля яе. 

Алена САБАЛЕЎСКАЯ 

Анкета “К”
1. Колеры, якія натхняюць.
Чырвоны.
2. У якую пару года падабаецца працаваць?
Вясной і цёплай восенню.
3. Любімы мастак.
Сезан.
4. Найбольш яркі акцёр.
Юрый Нікулін.
5. Любімы літаратурны твор.
“Пакуты і радасці” Ірвіна Стоуна.
6. Што слухаеце?
Песні беларускай спявачкі Арыяны.
7. Радзіма — гэта што?
Месца, куды вяртаешся і адчуваеш, што ты — дома.
8. Любімая кветка.
Флокс.  

Бліц-апытанне
Добры слухач — гэта...
Той чалавек, які купляе альбомы ў магазіне, а не пампуе іх у Сеціве бясплатна.
Ідэальныя ўмовы для музыканта...
Калі ніхто не дыктуе, як патрэбна рабіць.
Папулярнасць — гэта...
Калі музыкант цікавы для публікі як асоба, а яго песні гучаць з мабільных тэлефонаў.
Роля музыканта?
Радаваць людзей, дарыць ім толькі светлыя пачуцці.
Чаму б вы хацелі яшчэ навучыцца?
Зразумець, як дасягнуць вяршынь шоу-бізнесу.
Ці зарабляеце вы ўжо сваёй творчасцю?
Зарабіць на жыццё творчасцю можа любы чалавек, калі ён на штосьці здатны.