Падарожжа Жанін

№ 29 (1416) 20.07.2019 - 27.07.2019 г

“А вось гэта мой любімы сабачка. Яго клічуць Трамп. А вось той чорны — Абама”, — галоўнай гераіні фільма “Жанін” гумару і жыццялюбства не займаць. 88-гадовая жанчына з прыгожым французскім імем ды польскімі каранямі мае ўнікальны лёс. Жанін Сташко — рэпатрыянтка з Францыі: яна нарадзілася ў 1930 годзе ў невялікім французскім гарадочку Лален, а ў маладосці разам з сям’ёй прыехала ў СССР. Пазнаёміцца з неўтаймаванай Жанін, а таксама гісторыямі падобных людзей дае магчымасць дакументальная стужка Уладзіміра Бокуна. Прэм’ера карціны адбылася на мінулым тыдні на канале АНТ.

/i/content/pi/cult/754/16329/12.jpg88-гадовая Жанін жыве ў невялічкай вёсцы Кодзі Гродзенскай вобласці на мяжы з Літвой. Маленькая жанчына, што гаспадарыць у прыгожым доме, аказваецца не проста тутэйшай — яна прыехала ў БССР з Францыі ў пасляваенныя гады. Яе бацькі на пачатку ХХ стагоддзя выехалі на заробкі ў французскі шахцёрскі горад Лален і ў познія саракавыя, паверыўшы савецкай прапагандзе, вырашылі рушыць дадому — у Заходнюю Беларусь.

“З намі ехалі белагвардзейцы, і як толькі яны прыбылі — іх тут жа пасадзілі ў турму”, — узнаўляе моманты вяртання гераіня. Сям’ю Жанін не кранулі, але французскія пашпарты і іншыя дакументы забралі. Шлях назад быў адрэзаны. “Сядзелі потым як мыш пад венікам”, — канстатуе далейшае становішча гераіня. Самой Жанін на час вяртання ў СССР было 17 гадоў, і рускай мовы яна не ведала.

Чалавечая гісторыя — гэта тое, што заўжды будзе прыцягваць людскую ўвагу. А тым больш такая, калі чалавек, яе носьбіт, не зламаўся пад ударамі лёсу, любіць жыццё і гатовы хоць сёння, у свае 88 гадоў, адправіцца за чатыры тысячы кіламетраў у Францыю паглядзець на дом, у якім вырас. Напачатку, калі мы толькі бачым маленькую сталую жанчыну, якая чысціць бульбу, паказвае фотаздымкі сваіх бацькоў, такое падаецца неверагодным. Але адкрываючы гераіню ўсё болей і болей — разумееш, што Жанін яшчэ і не на тое здольная.

Пазначаючы тэму рэпатрыянтаў, фільм Уладзіміра Бокуна складаецца з розных частак. Вось Жанін — адна з такіх незвычайных тутэйшых. А вось пасол Францыі ў Беларусі Дзідзье Канес прызнаецца, што не ведаў пра беларускіх французаў, пакуль... Пакуль у французскую амбсаду не прыйшоў ліст віцебляніна Івана Паўловіча з просьбай падарыць яму французскі сцяг. Мужчына, які на той час ляжаў у бальніцы, прасіў накрыць ім сваю труну ў дзень пахавання. Дзідзье Канес не здолеў пакінуць такую просьбу без адказу. Ды пазнаёміўся з мужчынам, а потым ініцыіраваў далейшы пошук французскіх рэпатрыянтаў у Беларусі.

Інверсіі і невялікія партрэты іншых герояў-рэпартрыянтаў — Сцяпана Батуры, Ігара і Алены Алешка, Людмілы Паўловіч складваюцца ў невялікі блок. І потым мы зноў вяртаемся да Жанін, каб больш пра яе даведацца і...

Прызнацца, менавіта тады, калі камера фіксуе гэту жанчыну і яе атачэнне — у фільме толькі і пачынаецца кіно.

Жанін моліцца на французскай мове, як яе гэтаму вучылі ў каталіцкай школе ў Францыі. Вось яна сустракае гасцей і паказвае сваю швейную машынку, дзякуючы якой зарабляла на жыццё ў Беларусі. “Атрымліваецца, вы куцюр’е”, — кажа хтосьці з дэлегацыі. І Жанін падхоплівае з усмешкай: “Так, куцюр’е, куцюр’е”. Вось яна ўзнаўляе адну з старых французскіх песень на вечарыне з паслом. Усе спяваюць — і Жанін таксама хоча ўспомніць любімы хіт. Ды вось яна ж з бальной нагой залазіць у машыну, каб адправіцца ў родны Лален. Жанін — вось хто “трымае” карціну Уладзіміра Бокуна, не даючы цалкам патануць у жанры тэлевізійнага нарыса.

Ды рэжысёр і сам адчувае магію яе асобы. У Францыю ён крочыць за ёй і імкнецца захапіць на камеру яе эмоцыі. (У фільме ажно чатыры аператары: Уладзімір Бокун, Максім Куроўскі, Уладзімір Каспяровіч, Васіль Раінчык.)

Жанін наведвае родную вуліцу, родны касцёл, дзе яе сустракаюць як зорку, моліцца і плача побач з французскімі прыхаджанамі — неверагодны момант, які захапіла камера, сапраўдны катарсіс карціны. Французская малітва Жанін нарэшце гучыць уголас. Гэта і ёсць для жачыны сапраўднае вяртанне — у храм свайго дзяцінства.

Жанін наведае і мэрыю, і родную школу імя Жанны Д’арк. Маленькія дзеткі падымуць над галавой літары, што складуцца ў фразу: “З вяртаннем, Жанін”. Поўная гумару і гарэзлівасці сцэна шопінгу нашай “французскі” — так называў Жанін муж, — калі жанчына выбірае парфуму і моршчыць нос. Жанін не саромеецца камеры, яна непасрэдна пражывае свой досвед і адкрыта дзеліцца ім з гледачом. Усе яе прыгоды — гэта тут і цяпер, яны сапраўды выклікаюць захапленне нашай суайчынніцай.

Ды вось яна ўжо ступае на родную зямлю — і яе радасна сустракае знаёмы нам сабачка Трамп. Падарожжа скончана. Жанін сядзіць на лавачцы ля сваго дома і глядзіць удалячынь. Пра што яна думае? Якія ўспаміны ўзняў у яе памяці візіт у Лален? Кім яна сябе адчувае — полькай, беларускай ці францужанкай? На жаль, мы пра гэта так і не даведаемся.

Здзейсніўшы свой танец вакол галоўнай гераіні — стужка, тым не менш, не спрабуе глыбока асэнсаваць драму рэпатрыянтаў. Фільм усё больш імкнецца расказаць, чым паказаць, пазначыць, чым пражыць, ды толькі ў пэўныя моманты ўступае з жыццём у непасрэдны кантакт.

Вядома, жыццялюбства і сіла Жанін не пакіне абыякавым гледача, і тое, што карціна Уладзіміра Бокуна ўздымае такую рэдкую для медыйнага поля тэму, — неацэнна. Аднак мы толькі напачатку яе асэнсавання, напачатку падарожжа, якое здзейсніла Жанін.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"