“Паэзія срэбра” пра прозу мінуўшчыны

№ 29 (1416) 20.07.2019 - 27.07.2019 г

Паганскае мінулае Беларусі з яго старажытнымі рытуаламі, паданнямі і сімволікай хвалявала не адно пакаленне беларускіх жывапісцаў, графікаў і скульптараў. Яны знаходзілі ў ім бясконцую крыніцу творчай сілы і натхнення. Не засталася без увагі і вобразнага абагульнення легендарна-гістарычная тэма і ў творчасці беларускага мастака-графіка Ігара Гардзіёнка. Яго асоба шматгранная, як і яго дзейнасць. У творчым багажы мастака — узнагароды за ўдзел у конкурсах па мастацкім афармленні кніжных выданняў беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, удзел у пленэрах і выставах. Свае дасягненні і мастацкія пошукі Ігар Гардзіёнак дэманструе на персанальнай выставе “Паэзія срэбра”, што адкрылася 12 ліпеня ў сталічным Доме-музеі Ваньковічаў.

/i/content/pi/cult/754/16328/11.JPGУ экспазіцыі прадстаўлены ілюстрацыі да новага паэтычнага зборніка легенд і паданняў “Скарб бяздонны” вядомага беларускага паэта, публіцыста, перакладчыка Мікалая Мятліцкага. Выданне адзначана дыпломам першай ступені конкурсу “Мастацтва кнігі” (2016 год). Афармленне зборніка раскрывае і вобразна ўзбагачае тэкст, пашырае межы ўспрыняцця паэтычных радкоў.

Абраная для выставы назва — “Паэзія срэбра” — утойвае ў сабе падвойны сэнс. Па-першае, яно выклікае асацыяцыі з высакародным металам, каштоўным вырабам, нейкім загадкавым прадметам. Аднак, па-другое, падказвае нам пра тэхнічныя асаблівасці стварэння графічных работ. Бо на мове мастакоў-графікаў выраз “пісаць срэбрам” указвае на глыбіню нюансіроўкі, тонавыя градацыі, асаблівае майстэрства дадавання ў чорна-белую графіку срэбнага тону — як прыкметы вытанчанасці тэхнікі. Мастак сумяшчае класічныя прыёмы графікі з сучаснымі камп’ютарнымі тэхналогіямі, калі шляхам накладання на аўтарскія малюнкі, твор падпадае пад лічбавую апрацоўку. Самі ілюстрацыі выкананы ў аб’ёмна-прасторавым плане, аднак не пазбаўленыя аўтарскай стылізацыі, мастацкай перапрацоўкі выявы.

Мы бачым закаханых, легендарных каралёў з рэгаліямі ўлады, вяшчуноў-ведзьмакоў, паганскіх багоў, ваяўнічых рыцараў. Разам малюнкі складаюцца ў гістарычныя карункі, як у старажытнагрэчаскіх вяшчунак, якія пралі сваю пражу з героямі і падзеямі, якім наканавана адбыцца і ніводны сцяжок нельга змяніць… Гэта і ёсць той нематэрыяльны скарб нацыі — яе гістарычнае мінулае, старажытная памяць роду чалавечага.

Ксенія ЖУКОЎСКАЯ, куратар выставы, мастацтвазнаўца