Меней ды лепей?

№ 29 (1416) 20.07.2019 - 27.07.2019 г

Вынікі 28-га Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск — 2019” ужо добра вядомыя: Гран-пры паехаў у Казахстан, а наш Іван Зданюк стаў лаўрэатам другой прэміі. Але сапраўдныя здабыткі любога творчага спаборніцтва заключаюцца не ў тым, хто на якім месцы апынуўся, а якім быў агульны прафесійны ўзровень удзельнікаў, наколькі адэкватна ён ацэньваўся і куды рухаецца, як развіваецца дадзены конкурс.

/i/content/pi/cult/754/16325/8.JPGСуадносіны дарослага і дзіцячага конкурсу на “Славянскім базары ў Віцебску” часцяком выклікалі шкадаванне ці іронію: маўляў, куды знікаюць таленавітыя дзеці? Чаму не ператвараюцца ў такіх жа таленавітых дарослых? Але сёлета падобныя пытанні не паўставалі — і гэта пры тым, што конкурс, па задуме арганізатараў, адмовіўся ад паўфіналу, які адсейваў удзельнікаў ужо некалькі гадоў запар.

Прычыны вельмі простыя: больш карпатліва ды сур’ёзна праводзіўся сёлета сам адбор канкурсантаў. У мінулыя гады папярэднія праслухоўванні кандыдатаў праводзіла найперш Беларусь, некаторыя іншыя краіны (але нават Расія — не штогод), астатнія ж удзельнікі траплялі на конкурс праз агентаў, часам увогуле самастойна. Таму на кожным такім спаборніцтве было па некалькі выпадковых спевакоў, якія ну ніяк не ўпісваліся ў конкурсны фармат — тым больш, міжнароднага ўзроўню. Ды яшчэ такога, дзе кожны становіцца як мінімум дыпламантам. Для параўнання: на тым жа конкурсе імя Пятра Чайкоўскага, які праводзіцца ў Маскве сярод акадэмічных музыкантаў раз на чатыры гады, удзельнікі адсейваюцца ў кожным з трох тураў, і выхад у фінал яшчэ не гарантуе перамогі.

Сёлета ў Віцебску выпадковых канкурсантаў не было. Арганізатары не гналіся за колькасцю, а з самага пачатку абіралі не больш як 18 чалавек. Двое з іх, на жаль, прыехаць не змаглі — засталося 16. Абсалютна нармальная лічба для добрага ўспрымання!

Папярэднія праслухоўванні прайшлі ў большай частцы краін. У той жа Арменіі адборы ладзіліся ўжо трэці год запар. А ў Рызе такі тур адбыўся ўпершыню, прычым быў не латвійскім, а еўрапейскім, ахапіўшы адразу ажно восем краін.

Паклапаціліся арганізатары і пра відовішчнасць конкурсу, што мае значэнне для тэлетрансляцый: другі дзень выступленняў, пад фанаграму мінус 1, ішоў у суправаджэнні балета “Тодэс”. Праўда, уражанне ад карцінкі непасрэдна ў амфітэатры было супярэчлівым. Некаторыя падтанцоўкі відавочна адцягвалі ўвагу ад саліста, не заўсёды супадалі з ім па характары. Гэта быў далёка не асноўны склад знакамітага ансамбля, некаторыя танцавальныя нумары можна было ўбачыць у заключным гала-канцэрце фестывалю — вядома, з зусім іншымі песнямі, хаця і блізкімі па тэмпе і настроі. Такая “пераарыентацыя” харэаграфіі — звыклая практыка, але, шчыра кажучы, куды больш сціплыя аматарскія калектывы, задзейнічаныя ў дзіцячым конкурсе, спраўляліся сёлета з гэтым лепей. Так, у іх не было надта складаных рухаў, але “траплянне” ў песню аказвалася больш дакладным. Яны ні ў якай меры не перашкаджалі, а менавіта дапамагалі.

У дарослым жа конкурсе многія ўдзельнікі, выступаючы ў другі дзень ужо не з аркестрам, а з падтанцоўкай, паказалі сябе горш. Так што трэба аддаць належнае Нацыянальнаму акадэмічнаму канцэртнаму аркестру Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам, што іх частка конкурсу аказалася больш адрэпетаванай.

/i/content/pi/cult/754/16325/9.JPGСвоеасаблівымі “рэпетыцыямі”, прычым без аркестра і падтанцоўкі, сталіся выступленні канкурсантаў на лёсаванні, дзе ім дастаткова было праспяваць невялікі фрагмент, каб журы крыху “прыцанілася” да агульнага раскладу, і ў час экскурсіі на БелАЗ у Жодзіне, дзе яны выконвалі па адной песні.

— Імправізаваную сцэну зрабілі ў адным з цэхаў, — падзяліўся ўражаннямі дырэктар Палаца культуры БелАЗа Генадзь Смольскі. — Сабралася каля дзвюх тысяч гледачоў, прымалі канкурсантаў вельмі цёпла. І адразу вылучылі казаха Адыльхана Макіна, які потым і стаў пераможцам. Яму, дарэчы, таксама ў нас спадабалася, абяцаў нават прыехаць на Адкрыты рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні “Белазаўскі акорд”, які наша прадпрыемства ладзіць кожную восень.

Згаданы прадстаўнік Казахстана сапраўды вылучаўся багатымі прыроднымі дадзенымі і найперш вялікім дыяпазонам — ад рыкаючых басоў да фальцэту. Але калі ягонае “Возера надзеі” Ігара Нікалаева і сапраўды набыло новую энергетыку, дык на другі дзень пачуцці героя песні выглядалі штучна, у моцным голасе спевака часам праслізгвалі металічныя ноткі. Таму асабіста для мяне Гран-пры на конкурсе не здарылася, хаця ягоны ўладальнік і набраў 178 балаў са 180-ці магчымых.

Найлепшым у першы дзень для некаторых (і я не выключэнне) здаўся Георгій Путкарадзэ з Грузіі (першая прэмія). Ён свядома шукаў для конкурсу беларускамоўную кампазіцыю (“Я ж у Беларусь еду, а не ў іншую краіну!”), абраў “Небяспечна” нашага рок-гурта Nizkiz, зрабіў новую аранжыроўку і выканаў песню нават лепей за арыгінальную аўтарскую версію, бо ўнёс у яе дадатковую энергетыку і ўласную індывідуальнасць. А вось у другі дзень нечакана выйшаў з лірычным рэпертуарам, звярнуўшыся да песні “Яна” Элвіса Кастэлы. На маё пытанне, навошта было абіраць штосьці быццам “на супраціўленне” — заведама “не сваё”, неадпаведнае ні фарбам тэмбру, ні знешнасці тыповага “лірычнага героя”, спявак са здзіўленнем адказаў: “Дык гэта ж конкурс! І трэба абавязкова паказваць штосьці рознае, кантрастнае, нават супрацьлеглае”. Эх, калі б усе ўдзельнікі прытрымліваліся гэтых правілаў!

Асаблівасцю сёлетняга конкурсу стала тое, што адразу некалькі канкурсантаў атрымалі аднолькавую колькасць балаў, прычым за абодва дні. Астатнія таксама ішлі даволі шчыльна, з невялікай разбежкай. Так атрымалася з-за агульнага высокага ўзроўню. Дарэчы, сёлета самым нізкім балам у журы аказалася ў адзін дзень сем, у другі — увогуле восем з дзесяці магчымых. Усе дэманстравалі голас, энергетыку, прадуманы знешні выгляд. У тым, наколькі іх сцэнічныя строі і касметыка адпавядалі рэпертуару, канкурсанты часам давалі фору прызнаным зоркам, асабліва беларускім, за іміджам якіх, падобна на тое, ніхто не сочыць.

Улічваючы, што старшыня журы Тамара Гвердцытэлі, па ўласным прызнанні, адмовілася ад свайго права скарыстаць падвойны голас, журы давялося адысці ад арыфметыкі і вырашаць лёс спевакоў агульным абмеркаваннем і далейшым галасаваннем. Таму вельмі выразная, музычная Ілай з Ізраіля, атрымаўшы, як і грузін, 171 бал, падзяліла другую прэмію (першая, паводле ўмоў, не дзеліцца). А Лідзія Ісак з Малдовы і Паўліна з Літвы ўвогуле не сталі лаўрэатамі — толькі ўладальнікамі спецпрызоў, хаця набралі аднолькавую колькасць з украінцам Дзмітрыем Бабакам (той падзяліў трэцюю прэмію з расіянінам Іванам Дзятлавым, які з аркестрам выконваў песню Канстанціна Меладзэ, ахапіўшы ў ёй адразу некалькі выканальніцкіх стыляў). Быў закрануты і акадэмічны вакал: кітаянка Сыін Лі (142 балы) аздобіла знакамітую “Кацюшу” не толькі куплетам па-кітайску, але і выдатнай опернай кадэнцыяй.

Зразумела, мы ўсе хваляваліся за 19-гадовага студэнта БДУКіМ і выхаванца прадзюсарскага цэнтра “Спамаш” Ваню Зданюка. Ён зрабіў усё магчымае і асабліва ўразіў у першай песні. Створаная Юзары “Кучаравая” — выдатны прыклад постмадэрнісцкіх згадак “песняроўскага” рэпертуару. Гэта песня ўжо сама па сабе вылучала выканаўцу з агульнай “масоўкі”, давала магчымасць паказаць тэмбр, валоданне джаз-рокам, шалёную энергетыку, артыстызм, добрую танцавальную падрыхтоўку. У другі дзень Ваня, у адрозненне ад многіх іншых канкурсантаў, ніколькі не “згубіўся” на фоне мужскога брутальнага балета — больш за тое, аказаўся адзіным, хто намагаўся неяк узаемадзейнічаць з харэаграфічным складнікам. Але рэзкае ўзрастанне балаў тут стала, хутчэй, рэваншам за “недаацэненасць” у першы вечар. Наш спявак пачынаў конкурсныя выступленні — і на ім журы “прымервалася” да сваіх адзнак, эканомячы высокія балы: маўляў, а раптам усе далейшыя канкурсанты будуць на тры галавы вышэйшымі, што ж тады ім ставіць?

Конкурс упэўнена крочыў у бок рок-музыкі, спалучаючы яе з джазам, закранаючы сучасныя кірункі. Але пры агульнай добрай навучанасці выканаўцаў яшчэ больш важнае месца пачала займаць індывідуальнасць артыста. Без яе конкурс, як і ўсю эстраду ў цэлым, падсцерагае небяспека шараговай стандартызацыі — хай і размаітай па музычных стылях, ды не адзначанай яркімі асобамі.

Фота Сяргея СЕРАБРО

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"