Абмяркуем па-даросламу

№ 29 (1416) 20.07.2019 - 27.07.2019 г

Дзіцячы конкурс на “Славянскім базары ў Віцебску” выйшаў у апошнія гады на вельмі высокі ўзровень. Не стала выключэннем і сёлетняе спаборніцтва. Тым больш прыемна, што наша Ксенія Галецкая атрымала Гран-пры.

/i/content/pi/cult/754/16324/7.jpgАкцэнт — на прадзюсараў

Апошнім часам дзіцячы конкурс пачалі ладзіць напярэдадні ўрачыстага адкрыцця фестывалю. Сёлета праслухоўванні завяршыліся яшчэ раней — ажно 9 ліпеня. Таму прасачыць, што і як там адбывалася, большасць журналістаў маглі хіба па тэлетрансляцыях канала БТ-3. Не спраўдзілася надзея і на тое, што практычна ўсіх удзельнікаў, як гэта было ў мінулыя гады, можна будзе пачуць хаця б з адной песняй на заключным гала-канцэрце. Яго праграма аказалася даволі сціслай: маўляў, гледачамі будуць пераважна дзеці, ім цяжка вытрымаць працяглы канцэрт. Але дзятва ў зале, мяркуючы хаця б па маіх суседзях, усё роўна пакутавала: большую частку праграмы занялі выступленні членаў журы, не надта цікавыя для юнай аўдыторыі.

Затое праблематыка дзіцячых конкурсаў была як ніколі шырока вынесена з кулуараў на адкрытае абмеркаванне. Пасля падвядзення вынікаў, але да іх публічнага абвяшчэння, прайшла прэс-канферэнцыя з чатырма замежнымі членамі журы. Пытанні далейшага развіцця дзіцячага конкурсу на “Славянскім базары ў Віцебску” былі ўзняты і на круглым стале, зладжаным Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусі (і згаданым на папярэдніх старонках гэтага нумара “К”).

Адзначым, што пры фарміраванні складу журы ХVII Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск — 2019” арганізатары сёлета зрабілі акцэнт не на спевакоў, папулярных сярод дзяцей і падлеткаў, а найперш на прадзюсараў. Гэтая акалічнасць як нельга лепей падкрэслівае даўно сфарміраваную на конкурсе тэндэнцыю — скіраванасць яго не на замілаванае дзіцячае аматарства, а на раннюю прафесійную арыентацыю. Дададзім, што такі падыход трэба лічыць не працягам традыцый замежнага шоу-бізнесу, а пераасэнсаванай праекцыяй на эстраду той сістэмы адукацыі, што была назапашана ў сферы айчыннай і, шырэй, усёй былой савецкай акадэмічнай музыкі, дзе прафесійныя навыкі фарміраваліся з самага ранняга дзяцінства.

Цяперашні конкурс, трэба спадзявацца, канчаткова давядзе, што падобныя дзіцячыя спаборніцтвы неабходныя. Бо пакуль стаўленне да іх неадназначнае. Некаторыя лічаць, што такія конкурсы — гэта дэманстрацыя педагагічнага майстэрства, задавальненне бацькоўскіх амбіцый і забеспячэнне псіхалагічных праблем ва ўдзельнікаў — ад комплексу непаўнавартасці да зорнай хваробы. Што ж, такі варыянт не выключаны, але добрыя педагогі і бацькі яго папросту не дапусцяць. Дый віцебскія арганізатары робяць усё магчымае і немагчымае, каб конкурс стаўся для дзяцей найперш святам, падарожжам у свет казачных фантазій.

Жыццё большае за конкурс

Сёлета рэжысура ўсіх этапаў спаборніцтва грунтавалася на прыгодах старога Хатабыча, статуя якога ўсталявана ў Віцебску ля Беларускага тэатра “Лялька”. Перад заключным гала-канцэртам дзятве зрабілі дзень адпачынку з экскурсіямі. Праблемы ж абмяркоўвалі — на дарослым узроўні.

На прэс-канферэнцыі члены журы заклікалі не забываць, што канкурсанты — дзеці. Так, конкурсы даюць юным спевакам добрую канцэртную практыку — на вялікай сцэне, а не ў камерных умовах, становяцца добрай пляцоўкай для далейшай “раскруткі” юных дараванняў. Але жыццё куды большае за конкурс, і трэба даводзіць ім гэта да разумення. “Нельга адразу ператвараць дзіця ў зорку, трэба дапамагаць яму развівацца і атрымліваць задавальненне ад жыцця,” — падкрэсліваў старшыня журы, спявак, музыкант і кампазітар Босан са Швецыі. Тыя ж слушныя думкі выказвалі астатнія суддзі.

Як заўважыў прафесар Міжнароднай акадэміі культуры і выканальніцкага мастацтва, дырэктар Ерэванскага дзяржаўнага каледжа культуры, спявак Врэж Кіракасян, сёлета ва ўсіх канкурсантаў былі голас, харызма, імідж. Але журы імкнулася зважаць яшчэ і на патэнцыял: ці будзе развівацца спявак надалей — ці ён паказаў максімум таго, на што здольны.

Дзень нараджэння — пад уласныя песні

Звярталася ўвага на рэпертуар. Як мяркуе тэлепрадзюсар, музыкант, дырэктар “Фабрыкі зорак”, тэлеконкурсу “Ва ўвесь голас” і іншых праектаў Ліна Арыфуліна, днём нараджэння сапраўднага артыста трэба лічыць не ягоную перамогу на якім-небудзь конкурсе, не паспяховую канцэртную дзейнасць і замілаванне публікі гэткім вундэркіндам, а з’яўленне ў рэпертуары ўласных песень. Вядома, пад уласнымі маюцца на ўвазе напісаныя не абавязкова самім спеваком, але — менавіта для яго. Ці тыя, што ўспрымаюцца не іначай, як у звязцы з імем выканаўцы.

Дарэчы, акурат такімі песнямі звычайна вылучаюцца беларускія канкурсанты. Хаця, прызнацца, песня “Грай”, створаная Настассяй Марчук і аранжыраваная кіраўніком “Песняроў” Раманам Козыравым, выклікае супярэчлівыя пачуцці. Ціхі ўступ імгненна забываецца, бо далей да самага канца ідзе няспынны не столькі рок, колькі роў, цымбалы ледзь заўважныя па тэмбры. Калі песня чымсьці і запамінаецца, дык выключна словамі: “Грай, музыка, на цымбалах, грай”. Тыя ж, у сваю чаргу, успрымаюцца не постмадэрнісцкімі пераасэнсаваннямі, а ўсяго толькі пашыранай версіяй назваў песні і альбома “Грай” нашых “Ляпісаў”, а таксама ўкраінскай песні “Грай, музыка, грай”.

Але Ксенія справілася добра, хіба дыкцыі крыху не хапала, дый падтанцоўвала яна для гэтай песні неяк дзіўна. А на другі дзень канчаткова скарыла ўсіх рок-н-рольнай кампазіцыяй з рэпертуару “Бітлоў” — “Назад у СССР”, якая, на мой погляд, куды лепей пасавала яркаму сонечнаму тэмбру салісткі. Тут былі і сапраўдны драйв, і неабходная іронія. Да таго ж, дзяўчынка спявала стабільна, што на конкурсах цэніцца асабліва высока — як сведчанне прафесіяналізму.

Асабіста мяне вельмі ўразілі Анжэла Алберцян з Арменіі (першая прэмія) і Настасся Барбэ з Малдовы, якая падзяліла другую прэмію з украінцам Артурам. У кожнай з дзяўчынак ёсць адметны тэмбр голасу з багаццем абертонаў, шыкоўная нацыянальная песня, выразнасць спеваў, уменне пабудаваць кульмінацыю. На трэцяе месца выйшлі Ганначка з Грузіі і расіянка Кіра Гагаладзе.

А колькі было спецыяльных прызоў ад асобных членаў журы: паездкі на Мальту, у Лондан, запрашэнні на фестываль Riga Symphony, прапановы аўтарскіх песень з гатовымі аранжыроўкамі. Некаторыя з такіх узнагарод ледзь не “перакрывалі” лаўрэацкія. Праз гэтыя дадатковыя знакі прызнання ў кола вылучаных журы патрапілі таксама прадстаўнікі Азербайджана, Балгарыі, Індыі, Італіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Мальты, Румыніі, Эстоніі. Павышаная колькасць імянных прызоў, заснаваных асабіста членамі журы, таксама можа лічыцца паказальнікам высокага прафесійнага ўзроўню канкурсантаў.

Прамыя трансляцыі і прыз глядацкіх сімпатый

Невыпадкова на згаданым вышэй круглым стале прагучалі прапановы, прыняцце якіх здольнае яшчэ больш павысіць і ўзровень конкурсу (бо на яго заўжды ўплываюць самі ўмовы правядзення спаборніцтва), і далейшы “пасляконкурсны” прафесіяналізм удзельнікаў. Ідэі сыходзілі ад заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Святланы Стацэнка — мастацкага кіраўніка Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна. Першая прапанова — адзін з конкурсных дзён ладзіць у Летнім амфітэатры, прывучаючы юных спевакоў да стадыённых маштабаў выступленняў. Другая — выконваць адну з песень у суправаджэнні аркестра, тым самым адкрываючы перад маленькімі артыстамі шлях далейшага цалкам “жывога” музіцыравання з усёй яго непрадказальнасцю і неабходнасцю суіснаваць у ансамблі з інструменталістамі.

Усё гэта даўно рэалізавана ў акадэмічнай музыцы. І не адно ў конкурснай, але і ў шырокай канцэртнай практыцы. Толькі замест амфітэатра — вялікая філарманічная сцэна, дзе існуюць не толькі асобныя выступленні юных салістаў ледзь не на ўсіх інструментах, але і філарманічны абанемент “Іграем з аркестрам”. Што ні кажыце, а ранняя спецыялізацыя, якую сёння следам за акадэмічнай музычнай падрыхтоўкай перажывае эстрадная, прыводзіць да добрых прафесійных вынікаў.

Іншая справа — наколькі гэты выбар і самой музыкі як прафесійнага арыенціру, і пэўнага музычнага кірунку робіцца свядома, прычым не бацькамі і выкладчыкамі, а менавіта юнымі спевакамі. Але гэта тэма — для іншых публікацый. Мы ж вернемся да конкурсу, каб узгадаць астатнія прапановы Святланы Стацэнка.

У прыватнасці, яна лічыць, што куды больш мэтазгодна весці прамыя трансляцыі дзіцячага конкурсу, чым паказваць яго праз час у запісу. Бо набыццё рэкламаваных тавараў, папулярызацыю пэўных мастацкіх кірункаў вядуць сёння пераважна дзеці. Як? Вельмі проста. Калі выступае дзіця, дык ягоныя бацькі, бабулі-дзядулі, іншыя сваякі і шматлікія сябры запісваюць гэты канцэрт, распаўсюджваюць праз сацыяльныя сеткі, тым самым папулярызуючы сам конкурс.

Нарэшце, няблага было б, на думку ўсё той жа Святланы Стацэнка, вярнуць на дзіцячы конкурс прыз глядацкіх сімпатый. Бо ён не толькі адлюстроўваў густы публікі, але і станавіўся, зноў-такі, дадатковай рэкламай і самога конкурсу, і дзіцячых эстрадных спеваў. Але і ў цяперашнім выглядзе дзіцячы конкурс сплёў-знітаваў мноства дадатковых дэталяў і нават штосьці накшталт майстар-класаў.

Адным з іх сталі пастаянныя змены іміджу артыста сталічнага ТЮГа Генадзя Гаранскага, бо ягоны Хатабыч ператвараўся ў каго заўгодна — ад Льва Талстога да крутога байкера, што выязджаў на сцэну Канцэртнай залы “Віцебск” на матацыкле. Эфектным было і з’яўленне героя з вялізнага збана, што разломліваецца на часткі.

Своеасаблівымі майстар-класамі сталі і больш сціслыя, ёмістыя “падводкі” да песень, і больш трапныя ды стыльныя падтанцоўкі, зробленыя віцебскімі харэаграфічнымі дзіцячымі калектывамі. Нарэшце, майстар-клас ветлівасці і рыцарскага стаўлення да дзяўчат і жанчын правёў старшыня журы Босан са Швецыі. У час узнагароджвання пераможцаў ён так спрытна ўставаў на адно калена, не шкадаваў слоў прызнання чарговай “юнай зорачцы”, што быццам заклікаў да гэтага астатніх.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"