Фестываль у “застольным” фармаце

№ 29 (1416) 20.07.2019 - 27.07.2019 г

У рамках “Славянскага базару ў Віцебску” ўжо не ўпершыню ладзіўся круглы стол “Культура і мастацтва як крыніца развіцця духоўна-маральных каштоўнасцяў. Роль СМІ ў фарміраванні агульнай культурнай прасторы славянскіх народаў”. Якія ж праблемы там былі закрануты?

/i/content/pi/cult/754/16321/-WPEPbWdyHM_opt.jpegАрганізатарамі выступілі два міністэрствы — інфармацыі і культуры Беларусі, а таксама Выдавецкі дом “Звязда”. Паводле запланаванага раскладу, сустрэча павінна была складацца з трох блокаў. Першыя два цалкам адпавядалі назве мерапрыемства. Трэці ж тычыўся непасрэдна віцебскага свята: “Аб ролі фестывалю “Славянскі базар” у культурнай прасторы”.

Скажам шчыра: ні фармат круглага стала, які ў адпаведнасці з абраным жанрам прадугледжвае дыскусіі, ні заяўленая тэматыка ў поўнай меры вытрыманы не былі. Адбыўся вольны абмен думкамі — дакладней, кожны гаварыў пра сваё: хто пра дасягнутае, хто пра набалелае. Калі сабраць тыя прамовы разам, карціна атрымаецца даволі пярэстай, ды не пазбаўленай пэўных дэталяў, на якія хацелася б звярнуць увагу. Бо насамрэч выступленні ў любым са згаданых блокаў у той ці іншай меры закраналі менавіта фестывальную тэматыку. Таму мы паспрабавалі зрабіць іншую рубрыкацыю — у адпаведнасці з рэальнай праблематыкай. І ў якасці дэвіза абралі радок з верша Тамары Красновай-Гусачэнка, старшыні Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, прачытанага на круглым стале: “Не придавайте пустоте значенья”.

Паміж Захадам і Усходам

Падсумоўваючы адно з выступленняў, мадэратар размовы Павел Сухарукаў, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда”, справядліва заўважыў, што віцебскі фестываль усё больш ператвараецца з забаўляльнага ў мульцікультурнае дзейства, дзе фарміруюцца падыходы да міратворчай дзейнасці. І гэта сапраўды так.

Сёлета адным з ганаровых гасцей фестывалю стаў Джамаль Мусаві, генеральны дырэктар Нацыянальнага музея Султаната Аман. Сувязі з нашай краінай у яго на генным узроўні — мае сваякоў адсюль родам. І на круглым стале, і ў час адкрыцця выставачных праектаў фестывалю ён гаварыў пра развіццё культурнага супрацоўніцтва між Аманам і Беларуссю: “У верасні адкрыецца аманская выстава ў Мінску, праз год пройдуць Дні культуры Беларусі ў Амане, з 2020 года Аман плануе ўдзельнічаць у “Славянскім базары ў Віцебску”.

Уладзімір Перцаў, дырэктар прадстаўніцтва МТРК “Мір” у Беларусі, адзначыў, што з кожным годам на “Славянскі базар у Віцебску” прыязджае ўсё больш прадстаўнікоў не славянскіх краін: “Гэта добры знак. Бо яны едуць сюды не таму, што іх хтосьці прымусіў, а па добрай волі, зацікавіўшыся такім буйным форумам. Фестываль становіцца не толькі вытокам, але і правадыром духоўна-маральных каштоўнасцяў ва ўсім свеце”.

Дзіяна Курыла, загадчык аддзелам рэдакцыі інфармацыі Тэлерадыёкампаніі “Віцебск”, прывяла статыстыку: “11 ліпеня адкрыўся фестываль, і менш як за суткі колькасць праглядаў у нас павялічылася на 45 адсоткаў. Нас глядзелі не толькі Беларусь і Расія, але і Эстонія, Францыя, Казахстан, Італія, Румынія, Балгарыя, Чэхія, Грузія, Нідэрланды, Польшча, нават ЮАР. Мы павінны памятаць, што функцыя СМІ — не толькі паведамляць, забаўляць, але і адукоўваць. Праз тую ж праграму “Час АРТ” не толькі віцябляне, але і замежныя госці далучаюцца да нашых нацыянальных здабыткаў”.

Алена Стэльмах, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, бывае на фестывалі штогод, пачынаючы з першага. А сёлета прыехала разам з дачкой, і тая ў захапленні: “Кажа, такое адчуванне, што мы не ў Беларусі, а дзесьці ў замежжы, у Еўропе”. Бо фестываль ахоплівае не толькі стацыянарныя сцэнічныя пляцоўкі, ён віруе па вуліцах. Прадстаўлена ў ім і літаратура, асабліва паэзія — зноў-такі, у максімальна дэмакратычным вулічным фармаце: “Дзеці чытаюць беларускіх класікаў. Тым самым закранаюць не толькі забаўляльную, але і патрыятычную тэму”.

Юлія Алейчанка, адказны сакратар часопіса “Полымя”, распавяла пра рубрыку “Галасы свету”, дзе друкуюцца пераклады з многіх моў на беларускую, а творы з нацыянальным каларытам даюцца з тлумачэннямі, якія дапамагаюць лепей зразумець мясцовыя рэаліі. Дарэчы, чым не паралелі з фестывалем, які таксама збірае “галасы свету”.

Кошт і каштоўнасць: дзе мяжа?

Год таму на такім жа круглым стале акцэнтавалася тэма мастацтва і камерцыі. Вядома, падкрэслівалася неабходнасць падтрымліваць мастацтва, якое, у сваю чаргу, прызвана выхоўваць высокакультурнага чалавека. Сёлета гэта праблематыка была працягнута, многія гаварылі пра неабходнасць больш шырокага звароту да класікі, немагчымасць ацэньваць культурныя падзеі адно па іх рэнтабельнасці.

Раман Козыраў, дырэктар — мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”, у якасці прыклада звярнуўся да недалёкага мінулага, якое ён заспеў хіба ў раннім дзяцінстве: “Я з вялікай павагай стаўлюся да савецкіх часоў, калі вялося мэтанакіраванае выхаванне людзей высокамастацкімі творамі. Для мяне паказчыкам паспяховасці культурнага развіцця нацыі з’яўляецца тое, колькі людзей з добрым мастацкім густам мы выхавалі, а не тое, наколькі акупіў сябе той ці іншы канцэрт, колькі прыбытку ён прынёс”.

Найбольш цікавым было разгорнутае выступленне Яўгена Сафронава (Расія), генеральнага дырэктара інфармацыйнага агенцтва Intermedia, які распавёў пра навуковы падыход да ацэнкі культурных каштоўнасцяў і самога ўнёску культуры ў развіццё грамадства. Мы працытуем яго амаль цалкам:

— Упершыню ў Расіі было праведзена комплекснае даследаванне “Культура і культурныя індустрыі ў РФ”, выдадзенае асобнай кнігай. Для гэтага была распрацавана арыгінальная метадалогія, якой няма ў свеце. У розных краінах існуюць розныя падыходы да вывучэння культурных індустрый і культуры ўвогуле, але пакуль няма адзінага падыходу. Ні ў якіх самых перадавых спецыялістаў няма яснасці, як усё гэта вывучаць, а самае галоўнае — што такое культура. Адсутнасць дакладна распрацаванай тэрміналогіі часам выклікае непаразуменні, асабліва паміж прадстаўнікамі розных краін. У такіх абставінах мы былі вымушаны ўзяць за аснову азначэнні культуры з найбольш прасунутай англа-саксонскай аналітыкі, а таксама з французскай і нямецкай.

Так, мы вызначылі цывілізацыйнае азначэнне культуры — як сукупнасці вынікаў грамадска-карыснай чалавечай дзейнасці. Гэта вельмі шырокае, як вы разумееце, паняцце, вельмі абагульненае, сыходзіць каранямі ў філасофію Арыстоцеля. Калі ж гаварыць пра культуру як пра чалавечую катэгорыю, дык культура чалавека — гэта ступень яго ўдзелу ў грамадска-карыснай дзейнасці. Калі ён у гэтым не ўдзельнічае, значыць — чалавек некультурны, і наадварот.

Тое ж самае можна сказаць пра групы людзей — напрыклад, пра грамадствы, народы, этнасы, сацыяльныя слаі і гэтак далей. Абсалютна нармальна, калі адны групы людзей валодаюць большым узроўнем культуры, іншыя — пакуль меншым. І ставіцца да гэтага трэба спакойна, з паразуменнем. Бо ўсё ў свеце развіваецца, прычым пастаянна. Просты прыклад — Паўднёвая Карэя, якая гадоў 70 таму была аграрнай непісьменнай краінай і за гэты час зрабіла неверагодны рывок наперад.

Для дзяржаўнага рэгулявання выкарыстоўваецца вузкае разу-
менне культуры. Звычайна гэта тое, што звязана з мастацтвам і вольным часам. Пры гэтым у пачатку 1990-х, калі нанова складалася расійскае заканадаўства, у ім на вольны час, не звязаны з творамі мастацтва, увогуле забыліся: самога такога азначэння не было. У выніку Міністэрства культуры займалася тым, чаго быццам бы не існавала — ці чым займацца нельга, калі яго няма ў Статуце. Паправілі гэта толькі гадоў праз дванаццать.

Сёння мы больш уважліва да ўсяго гэтага ставімся, удумваемся ў дэталі. І нягледзячы на тое, што кніга ўжо выйшла, працягваем даследаванне і асэнсаванне.

Марксісты лічылі культуру надбудовай над эканомікай. Насамрэч усё наадварот: ніякая эканоміка не можа быць пабудавана людзьмі нізкай культуры, ніякага хуткага развіцця ў такіх умовах не адбудзецца. А вось людзі высокай культуры змогуць плённа развіваць сваё грамадства. І Беларусь у параўнанні з той жа Расіяй тут выступае лідарам, бо ў нас няма такога фестывалю, як “Славянскі базар у Віцебску”. Няма падобных шырокамаштабных форумаў і ў Еўропе — ёсць хіба ў Кітаі, ЗША, іх увогуле ў свеце мала.

Разглядаючы склад культурнай галіны, можна заўважыць, што СМІ з’яўляюцца адным з яе найбольш моцных сектараў і адыгрываюць вялікую формаўтваральную ролю ў жыцці кожнай краіны. Але яны сёння знаходзяцца ў стане перабудовы, звязаным з імклівым развіццём электронных сродкаў. Змяняецца само разуменне таго, што такое СМІ, бо тыя ж сацсеткі, блогі да іх не прылічваюцца, а па сваім уздзеянні могуць перакрываць дзяржаўныя каналы распаўсюджвання інфармацыі.

Шукаць сучасныя формы

Рыгор Сітніца, старшыня Беларускага саюза мастакоў, звярнуў увагу на неабходнасць інавацый: “Праводзячы шматлікія выставы, пленэры, ладзячы разнастайныя культуралагічныя праекты, мы павінны ўсведамляць, што хутка з’явіцца пакаленне, якое нас не ўспрымае. Бо час ідзе, а формы падачы мастацтва і культуры застаюцца ўсё тымі ж. Мы павінны шукаць новыя! Як шукаць і новую музычную мову, адэкватную сучаснасці. Якой бы цудоўнай ні была ідэя, яна не спрацуе без прывабнай формы яе падачы”.

Гэтыя думкі былі працягнуты іншымі прамоўцамі. Спявак, музыкант, кампазітар, музычны прадзюсар Пётр Ялфімаў прапанаваў рабіць фестывальныя праграмы больш разнастайнымі: “Паездзіўшы па свеце, магу засведчыць, што “Славянскі базар у Віцебску” — папраўдзе самы буйны міжнародны форум. Ён будзе пашырацца і надалей, але і яго ўнутраны культурны складнік павінен быць больш цікавым”. Калі гэта фестываль мастацтваў, які яднае іх розныя віды, дык, на думку пастаяннага ўдзельніка форуму і колішняга ўладальніка Гран-пры дарослага конкурсу, той сінтэз павінен быць прадстаўлены не толькі на розных фестывальных пляцоўках, але і непасрэдна ў амфітэатры. Бо такі сінтэз мастацтваў не толькі будзе прывабным для публікі, але і дапаможа прыцягнуць дадатковыя фінансавыя рэсурсы.

Ірына Акуловіч, генеральны дырэктар Беларускага тэлеграфнага агенцтва, адзначыла, што сёння СМІ павінны не толькі адлюстроўваць падзеі, але і самастойна ствараць інфармацыйныя нагоды: “Як прыклад — БелТА выступіла арганізатарам конкурсу перакладаў вершаў Максіма Багдановіча”.

Са свайго боку, “К” таксама можа ўзгадаць, як выступіла ініцыятарам аднаўлення пасля пажару сядзібы Рэпіна ў Здраўнёве, дый многімі сваімі публікацыямі звяртае ўвагу грамадскасці і зацікаўленых структур на праблемныя кропкі нашай нацыянальнай культуры, якія пазней атрымліваюць сваё вырашэнне.

Святлана Бароўская, вядучая тэлеперадачы “Добрай раніцы, Беларусь!” на "Беларусь-1", заклікала да ўзаемапаразумення паміж рознымі фестывальнымі структурамі, увагі да жыццёвых дробязяў, якія ўплываюць на фестывальны настрой. Гэта і тыя ж лавачкі на вуліцах, дзе можна прысесці, і добразычлівасць, прычым не толькі супрацоўнікаў сервісных службаў, але і саміх артыстаў, якія часцяком забываюць, што без СМІ яны ніколі не атрымалі б той “раскруткі”, якую маюць.

Што ж, СМІ “раскручваюць” і асобных прадстаўнікоў культуры і мастацтва, і ўвесь фестываль. А той, у сваю чаргу, уплывае на развіццё нацыянальнай культуры не толькі Беларусі, але і іншых краін-удзельніц. І ўсё гэта патрабуе не адно згаданых абмеркаванняў, але і сапраўднага аналітычнага падыходу, заснаванага, у тым ліку, на найноўшых навукова-метадалагічных распрацоўках.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"