Калі Sprava ладзіцца

№ 29 (1416) 20.07.2019 - 27.07.2019 г

Учора ў вёсцы Белая Царква Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці адкрыўся архітэктурны лагер, удзельнікі якога пабудуюць на паўвыспе ля Чарэйскага возера вежу для назірання за птушкамі, а таксама невялікія арт-аб’екты каля дрэваў. А з 25 ліпеня там запрацуе яшчэ і творчая рэзідэнцыя для падрыхтоўкі танцавальнага open-air перформансу “Птушкі. Міграцыя” (ідэя — Кацярына Аверкава, харэограф — Валерыя Хрыпач). Усё гэта робіцца да міжнароднага фестывалю месца Sprava, што адбудзецца ў Белай Царкве 2 — 4 жніўня.

/i/content/pi/cult/754/16320/5.jpgФестываль праходзіць ужо ў трэці раз. Яго амбіцыйная мэта — змяніць стаўленне беларусаў да прыроднай, культурнай і гістарычнай спадчыны краіны праз узаемадзеянне з ёй з дапамогай музыкі і сучаснага мастацтва. За мінулыя гады арганізатары разам з запрошанымі гасцямі і мясцовымі жыхарамі добраўпарадкавалі паўвыспу, пабудавалі там дзве сцэны, пляж, зрабілі анлайн-даведнік па мясцовых славутасцях (руіны Свята-Троіцкай царквы, сядзіба Мілашаў, цагляны завод, будынак пажарнай службы XIX стагоддзя і іншае). І працягваюць працаваць на карысць гэтага месца.

Што тычыцца сёлетняй музычнай праграмы Sprava, то за тры фестывальныя дні ў Белай Царкве пройдзе каля 40 канцэртаў. Port Mone Trio, Shuma, “Волкаўтрыа”, Ягор Забелаў, “НагУаль”, Shaman Jungle ды іншыя — на асноўнай сцэне. На асобнай пляцоўцы эксперыментуюць дзіджэі з Беларусі, Літвы і Аргентыны. Музыка ў акадэмічным выкананні калектыву Five Storey Ensemble, піяністкі Дашы Мороз, квартэта валторн “Золата Рэйна” і іншых гучыць на класічнай сцэне. Паміж канцэртамі гледачам прапануюцца разнастайныя майстар-класы, а таксама экскурсіі па гістарычных мясцінах і птушыных сцяжынах.

Фота Міхаіла ЛЕШЧАНКІ