Планы і рэчаіснасць

№ 29 (1416) 20.07.2019 - 27.07.2019 г

18 ліпеня ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь адбылося пасяджэнне, на якім абмяркоўваліся вынікі рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2016 — 2020 гады ў 2018 і першым паўгоддзі 2019-га года.

Летась у рамках Дзяржпраграмы было праведзена 47 мерапрыемстваў. Многія запланаваныя паказчыкі па розных кірунках дзейнасці былі дасягнуты.

Так, за мінулы год адрэстаўравалі ці прыстасавалі пад новыя функцыі 115 помнікаў архітэктуры. Сярод знакавых аб’ектаў — Барысаглебская (Каложская) царква ў Гродне, стадыён “Дынама” ў Мінску. Уведзены ў эксплуатацыю пасля правядзення капітальнага рамонту музей Вітольда Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве. Дзякуючы рэспубліканскім сродкам працягваюцца рэстаўрацыйныя працы ў Навагрудскім замку, былым замку Сапегаў у Гальшанах, Крэўскім замку і ў Спаса-Прэабражэнскай царкве ў Полацку.

У Мядзельскім і Вілейскім раёнах Міншчыны і ў Смаргонскім раёне Гродзеншчыны правялі інвентарызацыю матэрыяльных нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Кошт работ склаў крыху больш за сем тысяч рублёў. Усе даныя ўнесены ў Банк звестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь.

На папаўненне бібліятэчнага фонду краіны ў 2018 годзе выдаткавана каля 13 мільёнаў рублёў (планам было прадугледжана дзесяць мільёнаў рублёў). Аб’ём музейнага фонду прырос 51 тысячай прадметаў. Акрамя цікавых выстаў на тэрыторыі Беларусі, айчынныя музеі зладзілі выставы і за мяжой. Напрыклад, Нацыянальны гістарычны музей краіны прадставіў экспазіцыю, прысвечаную традыцыям ісламу ў Беларусі, у Нацыянальным музеі Султаната Аман. А Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прэзентаваў свае экспазіцыі ў кітайскіх гарадах Пекін і Нанкін.

Летась пры садзейнічанні Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур адбылося 17 мерапрыемстваў з удзелам творчых калектываў і прадстаўнікоў нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў. Яны выступалі ў замежжы, а таксама на канцэртах і фестывалях у рэгіёнах Беларусі. За кошт бюджэтных сродкаў былі зроблены нацыянальныя касцюмы, сцэнічны абутак, нацыянальныя музычныя інструменты для творчых калектываў і салістаў армянскай, грузінскай, дагестанскай, казахскай, карэйскай, малдаўскай, нямецкай, польскай, палесцінскай нацыянальна-культурных грамадскіх суполак.

У краіне з’явіліся новыя скульптуры. У Гродне ўсталяваны помнік Давыду Гарадзенскаму (аўтар Сяргей Аганаў). У Кітайскай Народнай Рэспубліцы цяпер можна фатаграфавацца на фоне бюста Якубу Коласу (аўтар Сяргей Гумілеўскі) і Янкі Купалы (аўтар Віктар Копач). Добры рэзананс атрымаў памятны знак “Мемарыял “Курапаты” ад Сяргея Аганава і Вольгі Нячай, душэўна прыняты памятны знак “Янава слова” ў Іванаве ад Аляксея Сарокіна і Ганны Багаткінай. На магіле народнага артыста Беларусі Аляксандра Ціхановіча паставілі помнік за аўтарствам Аляксандра Шапо.

У 2018 годзе тэатральна-відовішчныя і іншыя культурныя арганізацыі правялі 18 118 мерапрыемстваў, у тым ліку міжнародныя фестывалі і форумы. Клубныя арганізацыі зладзілі 599 408 культурных мерапрыемстваў.

Аднак не ўсім атрымалася дасягнуць пастаўленай мэты. Напрыклад, узніклі праблемы з пашырэннем плошчаў для захоўвання архіўных дакументаў у дзяржаўных архіўных установах на Гродзеншчыне. Як патлумачыла прадстаўнік Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Вольга Заянчкоўская, праблема ў тым, што Гродненскі абылвыканкам сёлета не выдаткаваў ні рубля, хоць па праграме было запланавана мільён трыста рублёў. Не ўсё добра і на Гомельшчыне: пры запланаваных на тую ж справу 800 тысячах рублёў на дадзены момант выдаткавана толькі 258 тысяч рублёў.

Пакуль не змаглі дабіцца прыросту аб’ёму даходаў дзяржаўныя кінапракатныя і кінавідовішчныя арганізацыі. З запланаваных 28 працэнтаў па факце ўзята планка ў 19 працэнтаў. Прычынай такога стану рэчаў кінапракатчыкі бачаць зніжэнне колькасці наведвальнікаў. Патэнцыйныя гледачы ўсё часцей выбіраюць прыватныя кінатэатры, дзе больш камфортна і вышэйшая якасць гукавога і відэа абсталявання (гэта тэндэнцыя асабліва яскрава праяўляецца ў сталіцы і Мінскай вобласці). Часта аўдыторыі пераключылася на прагляд стужак у Сеціве з выкарыстаннем сучасных мультымедыйных прыстасаванняў. Да таго нарастае канкурэнцыя з боку тэлевізійных каналаў, якія перайшлі на вяшчанне ў фармаце НD, Ultra НD і гэтак далей.

Ёсць пытанні і з рамонтам музычных інструментаў. Часам выдаткаваныя на аднаўленне сумы пераразмяркоўваюцца ўстановамі культуры на іншыя патрэбы. У некаторых арганізацый недастаткова ўласных сродкаў на неабходны рамонт.

— Усе разумеюць, што выкананне мэтавых праграмных заданняў непасрэдна ўплывае на выкананне дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”, — нагадала першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Карчэўская. — І хачу падкрэсліць, што асаблівую ўвагу трэба звярнуць на выкананне задання па экспарту паслуг у Кітайскую Народную Рэспубліку. План па экспарту паслуг для сферы культуры на гэты год павялічаны з 3,7 мільёнаў да 5 мільёнаў долараў, а на 2020 год будзе вызначаны лічбай у 6 мільёнаў долараў. Пакуль гэтыя паказчыкі выконваюцца сіламі ўстаноў адукацыі, і тое не ўсіх. Аднак нельга бясконца павялічваць колькасць кітайскіх студэнтаў. Дзякуй установам культуры за працу, аднак паказчык экспарту павінны спрабаваць выконваць усе ўстановы культуры.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"