Ён харошы. У агульным і цэлым

№ 28 (1415) 13.07.2019 - 20.07.2019 г

Часам спектакль збіраецца, бы бранзалет: замовяць бусіны з музыкі, п’есы, сцэнаграфіі, рэжысуры ды размесцяць побач. Ланцужок на першы погляд прывабны, толькі замест сінтэтычнага палатна атрымліваюцца эфектныя паасобку, аднак не з’яднаныя агульнай ідэяй лапікі. А да чаго падобны прэм’ерны “Сірожа” ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі? Аднайменную п’есу Юліі Чарняўскай паставіў мастацкі кіраўнік РТБД Аляксандр Гарцуеў.

/i/content/pi/cult/753/16315/26.JPGУ юнацтве мяне надзвычай натхняла гісторыя стварэння спектакляў у знакамітым “Ленкоме”. Рэжысёр Марк Захараў разам з драматургам Рыгорам Горыным у працэсе рэпетыцый дапрацоўвалі п’есу, адточвалі дыялогі, паглыблялі характары персанажаў, часам змянялі ключавыя сцэны. Мяркую, такая работа на жывую аднімала ў абодвух творцаў шмат высілкаў і нерваў, аднак у выніку яны стваралі надзвычай трапнае, вострае і актуальнае сцэнічнае выказванне.

Зараз для такога руплівага падыходу не ва ўсіх творцаў хапае часу, а можа і жадання. Вось і прэм’ерны спектакль Аляксандра Гарцуева “Сірожа” пакінуў менавіта адчуванне раз’яднанасці.

Сцэнограф Юрый Саламонаў відавочна кіраваўся заяўленым жанрам “жыццё ў дзвюх эпохах”. Спачатку на сцэне — пакой студэнцкага інтэрната ўзору 1980 года: жалезныя ложкі з прагнутай сеткай, тынкоўка, што настальгічна абсыпаецца на самых відавочных месцах, драўляная шыба, за якую першакурснік-філолаг Сірожа будзе вывешваць авоську з пра-
дуктамі. Спадар Саламонаў педантычна аднаўляе тагачасныя дэталі інтэр’ера: літаграфію з партрэтам Сяргея Ясеніна, якую вешалі літаральна ва ўсіх кватэрах, плакат рок-гурта Deep Purple — яго павінен быў ведаць кожны паважаючы сябе прагрэсіўны студэнт — і абавязкова дыванок з аленем, што прывозіць з сабой з вёскі галоўны герой. Для другога акта, у якім дзеянне адбываецца ў 2012-м годзе, мастак пакінуў толькі авансцэну, схаваўшы інтэрнат за сеткаватай заслонай. Тут мастацкае вырашэнне абмяжоўваецца некалькімі лавачкамі, штучным паласам-травой і мангалам з надзвычай рэалістычным шашлыком.

/i/content/pi/cult/753/16315/27.JPGУ п’есе Юліі Чарняўскай няма такой засяроджанасці на скрупулёзным аднаўленні прасторы вакол герояў. Яна спыняецца толькі на некаторых дэталях, як, напрыклад, партрэт Уладзіміра Высоцкага, каб заглыбіць характарыстыку сваіх персанажаў і патлумачыць матывы іх учынкаў. Праз яскравыя дыялогі яна раскрывае лёсы пяцярых студэнтаў, кожны з якіх імкнуўся да сваіх вяршынь.

Міша (Арцём Курэнь) быў геніем у матэматыцы, Дзіна (Ганна Семяняка) праз закаханасць марыла пра сямейнае шчасце, Гена (Максім Шышко) імкнуўся да вольнага жыцця ў краіне з адкрытымі межамі, Максім (Аляксандр Ніканенка) проста лёгка крочыў па жыцці. Засяліўшыся да іх, вясковы хлопец Сірожа (Максім Брагінец) зайздросціць іх уменням, мэтам і памкненням. Ён сам, здаецца, неблагі чалавек ды генетычна закладзенай гаспадарлівасцю можа ў нечым і дапамагчы іншым. Вось толькі яго асобу разбурае нянавісць… да сябе самога. Праз 32 гады ён прызнаецца, што ў студэнцкія часы бачыў сябе калгаснікам, дэбілам. Адчуваў, што і апрануты не так, і чытае не тое, і гаворыць непісьменна: “Навошта я сам сабе такі, Божухна?” Хтосьці праз разуменне сваёй недасканаласці пачынае шлях да самаўдасканалення. Іншы ж бачыць магчымасць узняцца толькі праз прыніжэнне блізкага. Вось і Сірожа пачаў з анёльскім выразам твару паскудзіць суседзям.

/i/content/pi/cult/753/16315/28.JPGСпадар Гарцуеў з псіхалагічнымі тонкасцямі ў характарах персанажаў абыходзіцца па-свойму: усе карціны першага акта ён перамяжае кінахронікай. Пад савецкія песенныя хіты ў перамешку з арыгінальнай музыкай кампазітара Дзмітрыя Фрыгі на панарамным экране транслююцца віды савецкага Мінска, сустрэчы з Машэравым, афганскія хронікі. Спектакль увогуле пачынаецца з зацягнутай нарэзкі з творчасці і пахавання Уладзіміра Высоцкага, што адразу змяняе сэнсавыя акцэнты пастаноўкі: глядач настройваецца не на даследаванне чалавечай прыроды, а на настальгію па далёкім мінулым.

З-за відэапаштовак першае дзеянне падалося бясконцым. І гэта пры тым, што ў спектаклі задзейнічаны амаль увесь зорны склад РТБД! Складаную псіхалагічную гульню Ганны Семянякі, Арцёма Курэня і Максіма Брагінца раз за разам перарываў залішні відэашэраг. Здавалася, выправіць справу з тэмпарытмам павінны былі выдатныя гумарыстычныя сцэны з Валянцінам Салаўёвым, Аленай Баяравай і Віктарам Багушэвічам. Аднак замест таго, каб стаць пікантнай прыправай, яны раптам пачалі замяняць асноўнае блюда. Ад таго ідэя драматурга ўсё больш патанала ў другасных дэталях.

У другой дзеі рэжысёр нарэшце адмовіўся ад відэаперабівак. Дзеянне пайшло шпарчэй, дэманструючы прорву подласці і пошласці, у якой праз 32 гады апынуўся Сірожа. У драматурга ўсё танчэй: так, былы лузер сёння на кар’ернай вяршыні, вось толькі маральнага задавальнення яму гэта не прынесла. Ён паклаў усе сілы, каб даказаць сваю важкасць, а па сутнасці застаўся адбіткам чужых эмоцый: мог павольна дыхаць толькі тады, калі сябры ім зачароўваліся ці яму зайздросцілі. Дзеля сваіх прынцыпаў ён закапаў усе свае добрыя якасці. Ды толькі ўчыненае зло не знікае бясследна.

Прываблівае, што ў спадарыні Чарняўскай няма падзелу на белых і чорных. Вось на камсамольскім зборы пасля ад’езду Мішы ў Ізраіль Сірожа назваў суседа здраднікам, а Максім і Генка слова не сказалі. Праўда, разам з усімі паднялі рукі за выключэнне сябра… Ды і яе Сірожа, у адрозненне ад рэжысёрскага вырашэння, не з’яўляецца адно гадам. Драматург не апраўдвае хлопца, аднак дае падставу для разумення яго ўчынкаў і праз Дзіну даруе яму. Бо, толькі пабачыўшы дабро ў чалавеку, мы можам дапамагчы яму паверыць у свае высакародныя якасці.

Рэжысёрскі фінал канчаткова змяшаў усе карты. На фоне песні “До свидания, наш ласковый Миша” замільгацела кінахроніка закрыцця Алімпійскіх гульняў, дакументальныя кадры ўзарванага рэактара Чарнобыльскай АЭС, мітынгаў на плошчах паміраючага Савецкага Саюза, выступлення Ельцына і стральбы з танкаў па Белым доме ў Маскве. Незразумела, навошта спатрэбіўся менавіта такі відэашэраг, бо ў драматурга відавочна не было мэты стварыць партрэт пакалення на фоне эпохі. Ды і Сірожу на шлях самаразбурэння падштурхнуў зусім не вэрхал на стыку эпох. У анатацыі да спектакля спадарыня Чарняўская піша: “Сірожа” — гэта гісторыя пра юнацтва маіх аднагодкаў — і пра іх сталасць. Пра ганенне і помсту. Пра тое, як учынкі людзей, зробленыя ў маладосці па дурасці, непрыкметна становяцца ніцямі лёсу, а дробязі ткуць непапраўнасць будучыні”. Здаецца, перад намі той прыклад, калі можна больш уважліва прыслухацца да драматурга.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"