Ад Купалы да металу

№ 33 (851) 16.08.2008 - 22.08.2008 г

Пабачыўшы афішу канцэрта шведскага метал-праекта “Pain”, якая красуе сёння ў сталіцы ці не на кожнай рэкламнай тумбе, многія не давалі веры сваім вачам. Побач са змрачнаватым тварам Пітэра Тангрэна на афішы значыўся лагатып Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Што гэта? Чыйсьці жарт? Памылка друку? Або спроба знакамітай установы асвоіць новы для сябе від дзейнасці?

 /i/content/pi/cult/171/1631/Metal.jpg

Па словах генеральнага дырэктара Купалаўскага Мікалая Кірычэнкі, слушным з’яўляецца менавіта апошні варыянт: тэатр выступіў суарганізатарам канцэрта, які пройдзе, вядома, не ў яго сценах, а пад адкрытым небам.
— Новыя варункі не дазваляюць нам спаць у шапку, — кажа Мікалай Міхайлавіч. — Творчасць творчасцю, а план платных паслуг таксама трэба выконваць. Летась гэта ўдалося дзякуючы міжнароднаму фестывалю “Панарама”. Сёлета ж, калі форум не праводзіцца, а план для нас усё адно ўзрос на звыклыя 10 працэнтаў, даводзіцца шукаць іншыя спосабы.
І ў тым, што гэты спосаб такі неспадзяваны, ніякай бяды няма — наадварот. Купалаўскі прапануе на гастрольным рынку той актуальны “тавар”, якога пакуль што моцна бракуе, нягледзячы на адчувальную кан’юнктуру. І гэтую акалічнасць, дарэчы, ужо можна назваць характэрнай для ўстаноў культуры, якія вырашылі папоўніць уласны бюджэт дзякуючы зусім, здавалася б, няпрофільнай для сябе дзейнасці. Беларускі дзяржаўны цырк вызначыўся правядзеннем некалькіх канцэртаў і фэстаў з удзелам замежных зорак, прывозячы ў Мінск не “запасныя” склады “герояў мінуўшчыны”, здатных выклікаць хіба настальгію, а папраўдзе сучасны музычны прадукт.
Тое самае можна сказаць і пра “Pain” — вядома, у сваім сегменце шматаблічнай музычнай сцэны. Наведаўшы сайт праекта, можна пераканацца, што сваіх прыхільнікаў ва ўсім свеце ён мае багата.
— Натуральна, што прыхільнікам такой музыкі я не з’яўляюся, — развеяў сумневы на гэты конт Мікалай Міхайлавіч. — Але ж разумею, што пэўнай частцы моладзі яна патрэбна. А з творчасцю гэтага гурта мы, вядома ж, уважліва азнаёміліся перад тым, як прымаць рашэнне, і нічога шкоднага для грамадства ў ёй не знайшлі.
Ці атрымае гэты канцэрт працяг, пакажа час. Паколькі ініцыятыва новая, у тэатры да яе ставяцца з такім самым лёгкім трымценнем, як да тэхнічна складанай прэм’еры. Але калі “першая ластаўка” прынясе чаканыя вынікі, тэатр не будзе адмаўляцца ад магчымасці зарабіць лішнюю капейчыну.
Боязі таго, што праца на палетках сучаснай музыкі — чыя эстэтычная вартасць заўсёды будзе здавацца камусьці спрэчнай — адмоўна паўплывае на імідж легендарнага тэатра, у яго гендырэктара няма: маўляў, не трэба баяцца, што карона з галавы ўпадзе. Асабліва цяпер, калі для ўстаноў культуры маюць значэнне не толькі творчыя, але і эканамічныя паказчыкі.
Да таго ж, у тэатры цалкам могуць спадзявацца і на тое, што выпадкова “клікнуўшы” на яго банер, які красуе на інтэрнет-старонцы канцэрта, якісьці тынэйджэрскага веку прыхільнік “Pain” раптам захоча пазнаёміцца і з асноўнай дзейнасцю Купалаўскага тэатра. 

Ілля СВІРЫН