Вам працаваць ці на тусоўку?

№ 28 (1415) 13.07.2019 - 20.07.2019 г

Васіль СЯНЬКОЎ — імя ў сферы нашай эстрады добра знаёмае, хаця ягоны ўладальнік і не любіць пачуваць сябе ў ролі “публічнай асобы” (пра гэта Васіль Георгіевіч гаворыць так: “Грудзі не выстаўляю, ордэны склаў у тумбачку, для мяне галоўнае — справа”). Ён выкладае вакал, займаецца з дзецьмі і больш старэйшымі вучнямі. Зусім нядаўна, 30 чэрвеня, адзначыў 40 гадоў педагагічнай дзейнасці. Пра паспяховасць ягоных методык сведчаць постаці выхаванцаў: заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева, уладальнік медаля Францыска Скарыны, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў Пётр Ялфімаў, Наталля Падольская, у якой добра склалася кар’ера ў Расіі, удзельніца дзіцячага “Еўрабачання — 2014” Надзея Місякова. Нарэшце, нядаўні пераможца расійскага тэлешоу “Бітва талентаў” Мікіта Бялько , запрошаны ў праграму Ірыны Дарафеевай “Акрыляй” на “Славянскім базары ў Віцебску”, і многія-многія іншыя.

/i/content/pi/cult/753/16309/18.JPG— Васіль Георгіевіч, як вы шукаеце для сваіх выхаванцаў адпаведныя конкурсы? Сёння рознага роду творчых спаборніцтваў стала так многа па ўсім свеце, што галоўным становіцца нават не падрыхтаваць да іх юных зорачак, а знайсці адпаведныя конкурсы, што змогуць прынесці перамогу.

— А я і не шукаю! Гэта розныя рэчы: ёсць тое, што завецца “тусоўкай”, а ёсць прафесійная зацікаўленасць. Я менавіта выкладаю, выхоўваю, сачу за станаўленнем і развіццём, але не займаюся раскруткай.

— І што, вашы вучні раскручваюцца самі?

— Для таго ж Мікіты Бялько “Бітву талентаў” угледзела “прасунутая” бабуля: знайшла ў інтэрнэце інфармацыю, што кастынг ужо завяршыўся, але ўсё ж з’явіліся два дадатковыя месцы. Вядома, яны параіліся са мной — і даслалі-такі заяўку. Усяго іх паступіла больш за сотню, але пасля праслухоўвання аўдыёзапісаў засталася роўна палова. У выніку далейшых праслухоўванняў “жыўцом” на адно з тых двух месцаў і патрапіў Мікіта.

— Вы ездзілі з ім на праслухоўванні?

— Не, мы звязваліся па скайпе. У першым туры ўсе ўдзельнікі спявалі хатнія нарыхтоўкі, а далей кожнаму прапаноўвалася тая ці іншая новая кампазіцыя, якую трэба было падрыхтаваць за тры дні. І так — чатыры туры. У кожным неабходна прыпаднесці песню так, каб яна не была падобная да арыгіналу. Апошняй Мікіце дасталася песня Дзімы Білана. Я перай-
начыў у ёй усё, што магчыма, дзесьці нават узяў лішку. Але Мікіце падказалі, што спачатку лепей нагадаць былы варыянт — і ўсё атрымалася. Асабліва прыемна, што хлопчыка вылучылі многія расійскія дзеячы эстрады, бо на кожным туры гэтага шоу было новае журы. І папярэдне не абвяшчалі, хто ўвойдзе ў яго склад, таму неяк арыентавацца на нечыя густы было немагчыма. Увогуле, таленавітых дзяцей у нас многа, трэба толькі павярнуцца да іх тварам!

— Вось адсюль, калі ласка, як мага больш падрабязней. Што вы маеце на ўвазе? Апошнім часам у галіне дзіцячых эстрадных спеваў робіцца столькі, колькі ніколі раней: безліч студый, разнастайных конкурсаў, праслухоўванняў, магчымасць канцэртных выступленняў. Незразумела толькі, куды потым гэтыя дзеці знікаюць.

— Усё менавіта так, і агульны “сярэдні” ўзровень у нас вельмі і вельмі высокі. Каго ні прывялі б займацца, педагогі з кожнага зробяць штосьці прыстойнае, знойдуць сцэнічную пляцоўку і таму падобнае. Гэта цудоўна! Але калі дзіця падрастае, аднаго толькі замілавання (маўляў, такі маленькі, а спявае) ужо недастаткова. Паўстае пытанне творчай індывідуальнасці — тут і пачынаюцца праблемы. Бо ў спевака павінны быць дзве рэчы: энэргетыка і адметны тэмбр. Гэта прадыктавана прыродай, і нічога з гэтым не зробіш. Давайце па шчырасці: ёсць нацыі спеўныя, а ёсць не вельмі. Голас — надзвычай тонкая матэрыя, і перадумовы яе стварэння заключаюцца ўжо ў самой геаграфіі, у кліматычных умовах, у звязанай з імі генетыцы. Украінцы, грузіны, казахі — гэта ўсё спеўныя нацыі. А палякі — не, тыя больш танцавальныя. У нашых спевакоў — гучанне больш “памяркоўнае”.

— Дык што з гэтым рабіць — няўжо ўвогуле не спяваць?

— Не трэба кідацца ў крайнасці. Лепей паслухаць, хто і як спявае, і далей працаваць найперш з тымі, каго прырода надарыла больш шчодра. Так, у нас пастаянна праводзяцца нейкія кастынгі, праслухоўванні, шукаюцца таленты. Але найперш сярод тых, хто сам прыйшоў ці каго бацькі прывялі. А такая самаацэнка і ацэнка збоку — розныя рэчы. Паслухайце хаця б тых жа вулічных музыкантаў! Сярод іх сустракаюцца сапраўдныя самародкі, якія самі на нейкі там адбор ніколі не пойдуць: ім гэта не трэба, ім і так добра. Бо самаацэнка і прафесійная ацэнка збоку — гэта таксама розныя рэчы. Неяк стаў нявольным сведкам размовы дзвюх матуль. Адна кажа: “У нас ужо 32 кубкі. — А ў нас — 38!” Самае страшнае — гэта бацькоўскае задавольванне сваіх уласных амбіцый. У падлеткавым узросце “ламаецца” ж не толькі голас — іншым становіцца светаўспрыманне. Дзіця падрастае і раптам разумее, што ўсе тыя ранейшыя ўзнагароды насамрэч нічога не каштуюць, што шлях, які абралі для яго бацькі, — дарога “ў нікуды”. Так рабіць нельга!

— Якое ж выйсце?

— Не буду даваць парадаў, падзялюся тым, што раблю сам. Я шмат кансультую, і, калі да мяне прыводзяць дзіця, вельмі сур’ёзна і шчыра размаўляю з бацькамі. Часцяком гавару, што лепей пашукаць іншы занятак. У гэтым сэнсе я прыхільнік некаторых замежных сістэм навучання. Увогуле, лічу, што гадоў да дзесяці дзіця павінна пераспрабаваць усё: музыку, танцы, маляванне, спорт, гурткі па хіміі, батаніцы — чым больш, тым лепей. Бацькі ж павінны назіраць, што яму падабаецца больш, дзе ў яго атрымліваецца лягчэй — не праз жудасныя намаганні, а нібы само па сабе. У той бок і трэба развіваць дзіця далей! Гэта значыць, знайсці яму добрых педагогаў, падтрымліваць, стварыць спрыяльныя ўмовы. І пачынаць уласна прафесійную падрыхтоўку, разлічваючы на цалкам свядомы выбар дзіця. Чым далей, тым больш разумею, наколькі важна гэта трыяда: педагог — вучань — бацькі. Самародкі — людзі звычайна складаныя. Талент — бы тое дзіця, прычым у любым узросце.

— Але ж і каб выкладчыкам быць — аднаго толькі дыплома недастаткова. Павінна быць прызванне?

— Памятаеце прыказку? Няма дарогі — ідзі ў педагогі. Дрэнна, калі атрымліваецца менавіта так. На маю думку, галоўны паказальнік — да гэтых людзей павінна цягнуць. Найноўшая інфармацыя, разнастайныя методыкі даў-
но перасталі быць нейкім сакрэтам, усё гэта сёння агульнадаступнае. Місія педагога — у індывідуальным падыходзе, у развіцці таго лепшага, што ёсць у чалавеку. Чую, што ёсць у дзіця хаця б дзве ноты прыгожыя, адметныя, чапляюся за іх — і ўсе астатнія “падганяю” да гэтага тэмбру. Бо ведаю, як павінна гучаць усё разам, і развіваю гэта разуменне ў вучнях. Так, ёсць розныя школы, але галоўная з іх павінна быць у галаве вучня: калі ён унутраным слыхам чуе, да чаго трэба імкнуцца, ён гэтага абавязкова дасягне. Той жа Мікіта Бялько — піяніст, вучыцца ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Усе гады свайго акадэмічнага навучання ён скіраваны на прыгажосць, выразнасць гуку і добра ведае, якім павінна быць гучанне. Гэта вельмі дапамагае — як і тое, што выкладчыкі згаданай установы з разуменнем ставяцца да яго эстрадных захапленняў, не перашкаджаюць яму развівацца ў абраны бок. Зараз у хлопчыка мутацыя, але мы заняткаў не кідаем. У яго з’яўляецца прыгожы барытон. А як што складзецца далей — паглядзім.

— Як склалася ў вас самога? Чаму сталі выкладчыкам?

— Я жыў у Магілёве, у юнацтве ў мяне было некалькі сваіх гуртоў, выступаў і ў рэстаранах. А як вярнуўся з арміі, трэба было кудысьці ўладкавацца, і мне прапанавалі пайсці ў Магілёўскі Палац піянераў: маўляў, пазаймайся з дзецьмі. Так і закруцілася. Нэлі Бардунова вяла там хор, і мы з ёй пачалі складаць з дзяцей і падлеткаў ансамблі. Усё гэта вырасла ў студыю “Вясёлка”, з якой у свой час пачынала тая ж Іна Афанасьева. Потым я выкладаў у тамтэйшым ліцэі музыкі і харэаграфіі, стварыў там студыю “Дубль W”, у складзе якой быў квартэт, дзе спявалі юныя Пётр Ялфімаў, Наталля Падольская. Шмат усяго было цікавага!

— Ведаю, ёсць у вас і багаты вопыт працы ў замежжы.

— З “Дубль W” мы шмат выступалі, у тым ліку, на Захадзе. Дзесяцігоддзе я працаваў у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Яшчэ тры гады — у Аўстрыі, дзе рыхтаваў тамтэйшы “Х-фактар”. Вярнуўшыся, выкладаў эстрадны вакал у Беларускім дзяржаўным музычным каледжы імя Глінкі (на той час мы ўжо пераехалі ў Мінск). Сярод маіх выхаванцаў — Данііл Перцаў, які пазней скончыў Лонданскую акадэмію музыкі і цяпер працуе ў Нью-Ёрку, Марыянна Шагурава, якая зараз вучыцца ў магістратуры ў Германіі. Працаваў я і ў сталічным Арт-цэнтры “Крок”. Ды толькі зразумеў, што ўсё гэта для мяне не тое, што трэба скіроўвацца выключна на індывідуальныя заняткі па індывідуальнай праграме, а не распрацаванай цэнтралізавана.

— Са сваімі дочкамі таксама ў свой час індывідуальна займаліся? Ці ўсклалі гэта на жонку-музыказнаўцу?

— Мы не жадалі сваім дочкам гэтага лёсу, бо добра разумелі, што ўяўляе з сябе жыццё музыканта. Але калі дзіця ў тры гады цягне ручкі да фартэпіяна і адлучыць ад інструмента немагчыма, дык разумееш, што гэта трэба падтрымліваць. Каця і Віта працягвалі навучанне ў Германіі, цяпер там жывуць і працуюць, склалі фартэпіянны дуэт, шмат выступаюць. А жонка дапамагае мне з маімі вучнямі, бо ў яе свая методыка сальфеджыа, выхавання абсалютнага слыху, заснаваная выключна на логіцы.

— Вы і песні самі пішаце…

— Так, у мяне былі альбомы, але ўсяму — свой час. Як сказаў калісьці Рымскі-Корсакаў, новы час — новыя песні. І я разумею, што калі буду зараз пісаць новыя песні, мяне нявольна пачне цягнуць у мінулае. Навошта? Таму супрацоўнічаю з маладымі кампазітарамі — пераважна з Прыбалтыкі, бо ў іх добры густ, яны больш “заточаны” на лепшыя еўрапейскія здабыткі. З беларускіх аўтараў найперш вылучаю Юзары: у яго вельмі цікавая і незвычайная музыка, адзначаная яго творчай індывідуальнасцю.

— Цікава, што вы пажадалі б маладым спевакам? Добрага рэпертуару? Прыязнай усмешкі фартуны?

— Вучыцца падаць. Бо без гэтага не толькі ў творчасці — ва ўсім жыцці немагчыма. Пасля любой няўдачы трэба не шукаць “чужых вінаватых”, і ўстаць, атрэсціся — і пайсці далей. Але зрабіць высновы, каб не наступаць на тыя ж самыя граблі двойчы.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"