Захапілі, здзівілі, перамаглі

№ 28 (1415) 13.07.2019 - 20.07.2019 г

З мэтай развіцця нацыянальнай культуры, прапаганды яе здабыткаў, збору і распаўсюджвання фальклорна-этнаграфічнай спадчыны штогод сярод публічных бібліятэк краіны праводзіцца рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” — выдатная магчымасць выявіць лепшыя ў сваёй справе бібліятэкі, стымуляваць астатніх яго ўдзельнікаў імкнуцца да вяршынь бібліятэчнага майстэрства. Агалосім вынікі гэтага года.

/i/content/pi/cult/753/16307/15.JPGЗвычайна конкурс праводзіцца ў два этапы (абласны і рэспубліканскі) па чатырох намінацыях: “За пошукавую і даследчую працу”, “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем”, “За падтрымку і развіццё чытання”, “За навацыі ў сферы бібліятэчнай справы”. Спачатку пераможцаў вызначылі па абласцях, і толькі пасля конкурсныя работы ацаніла прафесійнае журы. У яго склад увайшлі прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, абласных бібліятэк, цэнтралізаваных сістэм публічных і дзіцячых бібліятэк горада Мінска, грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд культуры”.

Сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел 38 публічных бібліятэк: 14 цэнтральных і 24 бібліятэкі-філіяла, 15 гарпасялковых і сельскіх. Члены журы адзначылі цікавае і крэатыўнае, поўнае і паслядоўнае раскрыццё заяўленых тэм удзельнікамі конкурсу. Амаль кожная работа змяшчала ўласныя распрацоўкі, рэкламную і інфармацыйную прадукцыю; суправаджалася электроннымі прэзентацыямі, відэаматэрыяламі, гульнёвымі праграмамі, сцэнарыямі і гэтак далей.

23 бібліятэкі-пераможцы і сем бібліятэк, прадстаўленых журы да заахвочвання, атрымаюць узнагароды адпаведна з загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 109 ад 6 чэрвеня 2019 г. “Аб выніках XXVII рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” — дыпломы першай, другой, трэцяй ступені і грашовыя прэміі ў памерах 50, 40 і 30 базавых велічынь адпаведна. Бібліятэкі, прадстаўленыя да заахвочвання, атрымаюць грашовыя прэміі ў памеры дзесяці базавых велічынь.

Распавядзём падрабязней пра дасягненні бібліятэк, якія занялі прызавыя месцы ў кожнай з намінацый.

Найбольшая колькасць работ была прадстаўлена “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем” і “За пошукавую і даследчую працу” — па 11 у кожнай.

/i/content/pi/cult/753/16307/16.JPGУ намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем” найлепшай сярод гарадскіх і раённых бібліятэк стала Цэнтральная раённая бібліятэка імя Аляксандра Пушкіна Мазырскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Гомельскай вобласці. Асаблівую ўвагу яна надае гістарычнаму, літаратурнаму і эстэтычнаму кірункам краязнаўчай дзейнасці, па кожным з якіх праводзіцца сістэмная праца. Так, бібліятэка паспяхова рэалізуе інтэрнэт-праект “Ні дня без думкі аб родным краі”, краязнаўчы праект “Мастацкая галерэя “Зачараваныя родным краем”. Атрымаць дадатковыя веды аб літаратуры, гісторыі, культуры і мастацтве роднага краю дапамагае дзецям і падлеткам краязнаўчая гасцёўня “Сустрэча”.

Першае месца сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк у гэтай намінацыі прысуджана Бяляеўскай сельскай бібліятэцы-клубу Чачэрскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Гомельскай вобласці за нацыянальнае адраджэнне, выхаванне любові і павагі да роднага краю, цікавасці да вывучэння гісторыі сваёй вёскі. У ёй арганізавана аматарскае аб’яднанне “Радзімічы”, члены якога вывучаюць традыцыі і звычаі роднай вёскі, шукаюць інфармацыю, даследуюць зніклыя вёскі, крыніцы, курганы, вадаёмы. Створаны міні-музей “Скарбы сялянскай хаты”, дзе знаходзяцца экспанаты сельскага побыту і вырабы мясцовых майстроў, друкаваныя выданні ўспамінаў старажылаў, дакументаў, фотаздымкі. Бібліятэкар працуе з дзецьмі і па экалагічным краязнаўстве, грамадзянска-патрыятычным выхаванні.

Другую прэмію сярод гарадскіх і раённых бібліятэк атрымала Дзіцячая бібліятэка-філіял бібліятэчнай сеткі Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці за далучэнне да чытання, прапаганду каштоўнасці чытання і кнігі, стымуляванне цікавасці да сусветнай літаратурнай спадчыны. Ёй рэалізаваны праекты “Кніжны санаторый — 2018”, “Чудесный рюкзачок”, скіраваныя на арганізацыю летняга вольнага часу праз гульню і кнігу. Фарміраванню ўстойлівай цікавасці да гісторыі малой радзімы спрыяе гісторыка-краязнаўчая праграма “Наш край, як рай” (2018 — 2020). У бібліятэцы ёсць каворкінг-зона з мяккай мэбляй яркай расфарбоўкі, настольнымі гульнямі, дзіцячымі часопісамі і кніжкамі-малышкамі; месца для работы, абсталяванае неабходнай камп’ютарнай тэхнікай, свабодным доступам да высокахуткаснага інтэрнэту; дзейнічаюць клуб займальнага чытання “Книгочей” і экалагічны клуб “Журавушка”.

Сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк другое месца заняла Сакольніцкая сельская бібліятэка бібліятэчнай сеткі Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У рамках краязнаўчага патрыятычнага праекта “Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць каго памятаць” сабраны ўнікальныя матэрыялы аб гістарычным мінулым вёскі, знакамітых земляках і воінах, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. На базе бібліятэкі створаны Пакой мужнасці і славы, дзе адлюстравана ваенная гісторыя вёскі Сакольнічы, экспануюцца матэрыялы аб героях-земляках. З мэтай фарміравання ў падрастаючага пакалення любові да сваёй малой радзімы, беларускай мовы і кнігі дзейнічае этнаграфічны куток “Я вырас тут, і край мне гэты любы”. Функцыянуе экалагічны клуб “Лесавічок”.

Дыпломам трэцяй ступені ў намінацыі “За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем” узнагароджана Мар’інагорская гарадская бібліятэка сеткі публічных бібліятэк Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці за комплексную, скаардынаваную сістэму дзеянняў па патрыятычным выхаванні дзяцей і падлеткаў. Яна ажыццяўляе праект “Кнігакампанія “Сымон і К@” у падтрымку беларускай кнігі і чытання, у межах якога юныя артысты бібліятэчнага тэатра “Усмешка” рыхтуюць тэатралізаваныя прадстаўленні па творчасці беларускіх пісьменнікаў. Асаблівую ролю ў азнаямленні дзяцей і падлеткаў з гісторыяй і прыродай роднага краю адыгрывае міні-музей “Нам засталася спадчына”. Пры бібліятэцы працуе летні клуб “Том і Джэры”, адным з кірункаў якога з’яўляецца работа па прапагандзе краязнаўчай літаратуры.

Сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк трэцяе месца ў гэтай намінацыі заняла Мельніцкая сельская бібліятэка Маларыцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Брэсцкай вобласці. Традыцыйна работа бібліятэкі вядзецца па некалькіх кірунках, але асаблівая ўвага — на патрыятычнае выхаванне і духоўную асвету падрастаючага пакалення. Для гэтага створаны электронны гісторыка-краязнаўчы рэсурс “Малая радзіма: краязнаўчы маршрут па вёсцы Мельнікі”, у якім сістэматызавана інфармацыя аб Вялікай Айчыннай вайне, па гісторыі калгаса і школы, сабраны матэрыял пра знакамітых людзей вёскі. Штогод у бібліятэцы праводзяцца летнія чытанні, розныя акцыі, конкурсы, святы. Так, у рамках свята кнігі “Па казачных сцяжынках” каля школы была арганізавана вулічная чытальная зала “Бібліядворык”. Сярод летніх чытацкіх праектаў варта прыгадаць “Наша фішка: лета+кніжка”, “ЛетоЧтение с развлечением”.

У намінацыю “За пошукавую і даследчую працу” на разгляд журы, як і ў папярэднюю намінацыю, было прадстаўлена 11 работ.

Найлепшай сярод гарадскіх і раённых бібліятэк прызнана Цэнтральная раённая бібліятэка Шаркаўшчынскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Віцебскай вобласці. Да 130-годдзя з дня нараджэння Язэпа Драздовіча супрацоўнікамі раённай бібліятэкі праведзена значная пошукава-даследчая работа па творчай спадчыне славутага земляка — жывапісца, графіка, этнографа, фалькларыста, пісьменніка Язэпа Драздовіча. Супрацоўнікі бібліятэкі вывучалі матэрыялы з фондаў Цэнтральнай раённай бібліятэкі, Мастацка-этнаграфічнага музея імя Язэпа Драздовіча, уласныя архівы мясцовых жыхароў, аўтарытэтныя матэрыялы з інтэрнэт-крыніц і ўспаміны сведкаў. Вынікам гэтай карпатлівай працы сталі бібліяграфічны дапаможнік “Вандроўнік. Доўгае вяртанне” і зборнік матэрыялаў “Адсюль твой пачатак і тут твой працяг”, якія карыстаюцца даволі значным попытам у чытачоў бібліятэкі і ўсіх тых, хто цікавіцца беларускай культурай.

Першай прэміяй сярод бібліятэк, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці, журы адзначыла Заходскую сельскую бібліятэку Цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Там праводзіцца вялікая даследчая праца па выяўленні дакументных крыніц, што ўтрымліваюць звесткі аб вёсцы Еўдакімавічы і яе жыхарах. Наладжана творчае супрацоўніцтва са Шклоўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай, Шклоўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеем, Дзяржаўным архівам Магілёўскай вобласці, Магілёўскай абласной бібліятэкай імя Уладзіміра Леніна, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. На падставе сабранага матэрыялу створаны электронны краязнаўчы рэсурс “Ад вытокаў да аграгарадка”, у якім адлюстравана гісторыя аграгарадка Еўдакімавічы ад старажытных часоў да нашых дзён. Галоўнае дасягненне шматгадовай пошукавай і даследчай дзейнасці бібліятэкара — адкрыццё этнаграфічнага музея “Беларуская хатка”, які вобразна прадстаўляе жыццё і побыт, культуру і традыцыі жыхароў вёскі.

Другое месца ў гэтай намінацыі прысуджана Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме Брэсцкай вобласці за плённую пошукавую і даследчую працу аб вывучэнні, сістэматызацыі і захаванні этнаграфічных, тапанімічных, фальклорных матэрыялаў аб Ляхавіцкім раёне. На працягу апошніх гадоў супрацоўнікамі бібліятэкі вядзецца праца па стварэнні баз даных краязнаўчага зместу. Так, электроннае выданне “Невядомае аб вядомым: цікавыя факты аб Ляхавіччыне” змяшчае ў сабе артыкулы з краязнаўчымі звесткамі аб Ляхавіцкім раёне. Гэта выданне ў выглядзе даведніка, прызначанае для шырокага кола чытачоў, запрашае больш глыбока, усебакова і ў займальнай форме пазнаёміцца з Ляхавіцкім раёнам, адчуць непарыўнасць сувязі паміж мінуўшчынай і сённяшнім днём.

Сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк дыпломам другой ступені адзначана Броненская сельская бібліятэка Рэчыцкай раённай сеткі бібліятэк Гомельскай вобласці. Аднаўленне і захаванне памяці аб сваёй малой радзіме бібліятэкар увасобіла ў “Летапісе вёскі Броннае”, створанага на падставе ўспамінаў жыхароў вёскі і звестак, атрыманых з краязнаўчых кніг аб Рэчыцкім раёне. У рамках праекта “Стужка часу” ў бібліятэцы аформлены фальклорна-этнаграфічны пакой. Тут сабраны каштоўны матэрыял па гісторыі і культуры вёсак сельскага Савета: прылады сялянскага побыту, рукатворныя вырабы мясцовых майстроў, багатая калекцыя вышыванак, сурвэтак, даматканыя посцілкі, вязаныя рэчы, сялянскае адзенне. На паглыбленне ведаў аб беларускіх і мясцовых абрадах, зберажэнне і захаванне знікаючых народных рамёстваў скіраваны праект “Ручнік — дарога чысціні”. Калекцыя бібліятэкі налічвае звыш 20 ільняных ручнікоў паўсядзённага, абрадавага і дэкаратыўнага прызначэння.

На трэцяе месца сярод гарадскіх і раённых бібліятэк намініравана Астравецкая раённая бібліятэка Гродзенскай вобласці. Вядучы кірунак яе дзейнасці — краязнаўчы. Бібліятэка арганізуе экспедыцыі, падчас якіх занатоўваюцца ўспаміны старажылаў вёсак, запісваюцца відэаматэрыялы мясцовага фальклору, ствараюцца відэапрэзентацыі і слайдшоу, якія затым выкарыстоўваюцца ў правядзенні сацыякультурных мерапрыемстваў. Супрацоўнікі Астравецкай раённай бібліятэкі за 2016 — 2018 гады здзейснілі сем краязнаўчых экспедыцый. У межах Года малой радзімы і ў сувязі з 550-годдзем Астраўца была створана самаробная кніга “Астравеччына ў легендах”. Выданне сістэматычна экспануецца на кніжных выставах і выязных мерапрыемствах з мэтай папулярызацыі краязнаўчых ведаў аб краі.

Дыпломам трэцяй ступені ў намінацыі “За пошукавую и даследчую працу” адзначана Стрыгінская сельская бібліятэка Бярозаўскай раённай бібліятэчнай сістэмы Брэсцкай вобласці за высокі ўзровень пошукавай краязнаўчай дзейнасці, вывучэнне, захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны Бярозаўшчыны. Вынікам пошукавай дзейнасці бібліятэкара стала стварэнне краязнаўча-асветніцкага цэнтра “Ведаць. Паважаць. Ганарыцца”. У цэнтры арганізаваны Куток памяці, прысвечаны землякам-удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. Куток уяўляе з сябе своеасаблівы міні-музей, які ўтрымлівае сямейныя рэліквіі ветэранаў, удзельнікаў баявых дзеянняў і родных франтавікоў, шматлікія з якіх — у арыгінале: звыш 200 фотаздымкаў ваенных часоў, узнагародныя лісты, ордэны і медалі, чырвонаармейскія кніжкі, пасведчанні да меда-
лёў, франтавыя лісты-трохвугольнікі, пісьмовыя ўспаміны і іншае.

У намінацыю “За падтрымку і развіццё чытання” было прадстаўлена дзевяць работ.

Найлепшай сярод гарадскіх і раённых бібліятэк прызнана Бярэзінская дзіцячая бібліятэка Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Мінскай вобласці за рэалізацыю літаратурна-асветніцкага праекта “Расцём разам з кнігай”. Яго галоўнай мэтай з’яўляецца фарміраванне ўстойлівай цікавасці старэйшых дашкольнікаў і малодшых школьнікаў да мастацкай літаратуры праз стварэнне адзінай сістэмы працы педа-
гогаў, супрацоўнікаў бібліятэкі і сям’і. Праект прадугледжвае штомесячнае правядзенне эксклюзіўных акцый і мерапрыемстваў літаратурна-пазнавальнага характару ў творчай садружнасці з адукацыйнымі ўстановамі горада. Пры правядзенні мерапрыемстваў ужываюцца нестандартныя формы, насычаныя выяўленчымі інавацыйна-мастацкімі і прапагандысцка-рэкламнымі прыёмамі: бібліягастролі ў дзіцячым садку, міні-тэатр казкі, бібліятэка пад адкрытым небам, літаратурны калейдаскоп, кніжны караван, літаратурны цягнічок, чытай-скверык, выязная чытальная зала, Дні рэкламы кнігі, прома-акцыі, дзень дашкольніка, флэш-бук, экскурсіі ў бібліятэку і гэтак далей.

Сярод бібліятэк, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці, на першым месцы — Баранавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Яна Чачота Баранавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Брэсцкай вобласці. Там праводзяць вялікую работу па ўшанаванні памяці нацыянальнага паэта, фалькларыста, мовазнаўцы, этнографа, публіцыста, грамадскага дзеяча Яна Чачота. Рэалізаваны праект “Наталенне Радзімай”, мэта якога — прысваенне Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Яна Чачота і збор матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць земляка. У 2018 годзе быў распрацаваны і рэалізаваны праект “Ян Чачот. NoN STOP”, скіраваны на стварэнне ўласнай прадукцыі пра пісьменніка з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Так, былі створаны закладкі з QR-кодам, пальчыкавыя гульні “Мышанка”, “Замак”, “Тэатр на стале” для дзіцячага чытача, буктрэйлер “Мышанка”, прэзентацыя ў фармаце 3D кнігі “Ян Чачот”, аднайменная база даных і гэтак далей.

Другую прэмію сярод гарадскіх і раённых бібліятэк атрымала Цэнтральная бібліятэка цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці за папулярызацыю літаратуры і актывізацыю інтарэсу да кнігі праз рэалізацыю шэрагу праектаў. Так, краязнаўчая эстафета “Беларускае! Роднае! Сваё!” скіравана на далучэнне шырокага кола чытачоў да нацыянальнай культуры і літаратуры. Адраджэнню традыцый сямейнага чытання прысвечаны праект “Сям’ю яднае мудрасць кніг”. Крэатыў-праект “Библиотека вне стен” прадугледжвае набліжэнне бібліятэчных паслуг да карыстальнікаў, правядзенне мерапрыемстваў і акцый па-за сценамі бібліятэкі. Адметны праект бібліятэкі па папулярызацыі кнігі і чытання — “Свабодная вулічная бібліятэка” (маленькая бібліятэка пад адкрытым небам).

Найлепшай сярод гарпасялковых і сельскіх бібліятэк у гэтай намінацыі стала Раклевіцкая сельская бібліятэка — цэнтр традыцыйнай культуры Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Гродзенскай вобласці. Установа развівае цікавасць да чытання праз выкарыстанне розных форм папулярызацыі кнігі, навучанне дзяцей шанаванню спадчыны, любові да роднага краю, яго гісторыі і культуры. Асаблівая ўвага надаецца прапагандзе беларускай літаратуры, культуры, творчасці беларускіх пісьменнікаў. Трэці год запар бібліятэка працуе па мэтавай праграме “Жывуць традыцыі — квітнее зямля”, мэта якой — вывучэнне гісторыі, культуры свайго краю, выхаванне павагі і любові да бацькоўскай зямлі. У межах праекта “ЛетаЧытанне”, скіраванага на арганізацыю летняга адпачынку дзяцей і падлеткаў, былі здзейснены разнастайныя акцыі і мерапрыемствы. Штогод бібліятэкар праводзіць акцыю “Расці з кнігай” сумесна з вучэбна-педагагічным комплексам “Раклевіцкі дзіцячы сад-базавая школа”.

Дыплом трэцяй ступені сярод гарадскіх і раённых бібліятэк у намінацыі “За падтрымку і развіццё чытання” атрымала Іўеўская дзіцячая бібліятэка-філіял Іўеўскай раённай бібліятэкі Гродзенскай вобласці за рэалізацыю цікавых, арыгінальных праектаў па прапагандзе кнігі і чытання сярод дзяцей і падлеткаў, фарміраванне культуры чытання падрастаючага пакалення. Так, лепшаму засваенню роднай мовы, выхаванню нацыянальнай свядомасці садзейнічае праект “Беларускі чацвер”. У рамках “Гучных чытанняў” праходзяць мерапрыемствы па прапагандзе твораў беларускай і сусветнай літаратуры. Далучэнне падрастаючага пакалення да чытання сродкамі тэатральнага мастацтва, эстэтычнае выхаванне малодшых школьнікаў, фарміраванне творчай асобы дзіцяці ўвасобілася ў праекце “Тэатр у кнізе”. Шмат выстаў арганізавана ў рамках праектаў “Через осязание к книге” і “Зазірнуць у мінулае”.

У намінацыю “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы” на разгляд журы трапіла сем работ.

Найлепшай сярод гарадскіх і раённых бібліятэк прызнана Салігорская раённая цэнтральная бібліятэка Мінскай вобласці. Сярод навацый бібліятэкі — краязнаўчая квэст-гульня “#Откройсвойгород”, віртуальны тапанімічны маршрут “ВО!Круг Солигорска”, online-віктарына “Любопытный Солигорск”. Новыя формы работы з чытачамі распрацаваны ў межах інфармацыйна-адукацыйнага краязнаўчага праекта “Культурный код Солигорска” (2016 — 2019), асноўная мэта якога — распаўсюджванне краязнаўчых ведаў сярод жыхароў і гасцей Салігоршчыны ў зручнай і сучаснай форме. Праект прадугледжвае правядзенне віктарын, конкурсаў, камандных тураў і індывідуальных перамог, квэстаў і экскурсій. У выніку выкарыстання новых форм работы павысілася якасць абслугоўвання карыстальнікаў, бібліятэкары прыцягнулі ўвагу гараджан да сваёй дзейнасці і паказалі, што з бібліятэкай цікава.

Сярод бібліятэк, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці, дыпломам першай ступені адзначана Сельская бібліятэка аграгарадка Мураваная Ашмянка Ашмянскай раённай бібліятэкі Гродзенскай вобласці. Сярод навацый установы — праект “Стварэнне клуба старастаў вёсак “КУТ” (Культура ўпраўлення тэрыторый), які фінансаваўся Еўрасаюзам у рамках праграмы міжнароднай гуманітарнай дапамогі (2017). Галоўная задача — арганізацыя інфармацыйна-культурнага абслугоўвання насельніцтва, наладжванне валанцёрскага руху, актывізацыя сацыяльных магчымасцяў сельскай бібліятэкі. У большасці члены клуба — старасты вёсак — людзі пенсійнага ўзросту, якія дапамагаюць у арганізацыі бібліятэчнага абслугоўвання жыхароў сваіх вёсак, актывізуюць мясцовае насельніцтва. Для рэалізацыі праекта пры сельскай бібліятэцы ў Мураванай Ашмянцы створаны сацыяльна-інфармацыйны цэнтр, краязнаўчы музейны пакой, працуе валанцёрская група.

Другая прэмія сярод гарадскіх і раённых бібліятэк прысуджана Бібліятэцы-філіялу № 3 Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы горада Гродна, што з’яўляецца адметнасцю горада і рэспублікі. Гэта казачнае памяшканне, дзе жывуць па суседству з кнігамі лялькі, мастацкія вырабы ў розных стылях, працуе музейны пакой “Лялечны дом” і клуб “Гродзенская лялька”. Іх калекцыя ўражвае: народныя лялькі, абярэгі, героі казак і савецкіх мультфільмаў, замежных мультсерыялаў. Лялькі зроблены з палімернай гліны, воўны, тэкстылю, саломы і іншых матэрыялаў. Клуб “Гродзенская лялька” быў утвораны ў 2014 годзе і налічваў больш за 40 жанчын, якія займаліся вырабам лялек і ўпрыгожанняў з прыродных матэрыялаў, вучыліся тэхніцы пляцення, сухога валяння, дэкупажу, скрапбукінгу і іншым уменням. Майстрыхамі клуба створана агулам каля 300 лялек.

Дыпломам другой ступені ў гэтай намінацыі адзначана Маслакоўская сельская аб’яднаная бібліятэка Горацкай раённай бібліятэчнай сеткі Магілёўскай вобласці за збор, захаванне, апрацоўку і папулярызацыю краязнаўчых матэрыялаў. Так, у краязнаўчым кутку бібліятэкі “Край, адкуль мы родам” прадстаўлены матэрыялы аб сацыяльных установах вёскі Маслакі, перадавіках сельскай гаспадаркі, героях Вялікай Айчыннай вайны. На падставе сабранага бібліятэкарам унікальнага матэрыялу, які ўключае ўспаміны відавочцаў пра перыяд Вялікай Айчыннай вайны, публікацый з прэсы, мемуарнай літаратуры, бібліяграфічных дадзеных складзены даведачна-інфармацыйнае выданне “Глазами тех, кто был в бою” і зборнік “Памятные места”. Бібліятэкар разам з юнымі чытачамі наведваюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, сем’і загінуўшых воінаў, дзяцей вайны, дастаўляюць ім кнігі і перыядычныя выданні, віншуюць са святамі, аказваюць пасільную дапамогу.

Трэцяе месца ў намінацыі “За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы” заняла Ганцавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Васіля Праскурава Ганцавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Брэсцкай вобласці за крэатыўны і наватарскі пады-
ход да рэалізацыі творчых праектаў, арганізацыю раённага конкурсу прафесійнага майстэрства па стварэнні лепшага бібліятрансформера “Новае ў бібліятэцы”. На конкурс “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры” ўстановай былі прадстаўлены бібліятрансформеры па творчасці вядомага пісьменніка Анатоля Бутэвіча (Раённая дзіцячая бібліятэка), аб жыцці і творчасці лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч (Ганцавіцкая сельская бібліятэка), па творчасці Дануты Бічэль-Загнетавай (Агарэвіцкая сельская бібліятэка). Творчыя работы ўяўляюць тэматычныя дасье, напоўненыя сцэнарнымі матэрыяламі, рэкламнымі выданнямі, фотаздымкамі, мультымедыйнымі дыскамі.

Сярод бібліятэк, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці на трэцяе месца журы вылучыла Ракаўскую сельскую бібліятэку Валожынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Мінскай вобласці. Установай распрацаваны краязнаўчы турыстычны маршрут “Ракаўскі шлях” з мэтай прыцягнення ўвагі да гісторыка-культурнай спадчыны сваёй малой радзімы, памятных месцаў Ракаўшчыны, рэкламна-інфармацыйнага забеспячэння турыстычнага патэнцыялу Валожынскага раёна. Турыстычны маршрут праходзіць па асноўных славутасцях Ракава і ўключае 15 турыстычных месцаў для наведвання экскурсантамі. З 2003 года бібліятэка працуе па мэтавай праграме “Вяртанне да вытокаў”, якая рэалізуецца і сёння. Праграма прадугледжвае пошук, збор, захаванне і прапаганду матэрыялаў, якія даюць дасканалае і шматпланавае асвятленне падзей і фактаў па гісторыі і культуры Ракаўшчыны. У рамках рэалізацыі праграмы ў бібліятэцы створаны краязнаўчы куток “Жыву і дыхаю, мой край, табой”. З 1998 года дзейнічае краязнаўчы клуб “Сузор’е”.

Якасны вынік праведзенага конкурсу — гэта пацвярджэнне выключнасці і індывідуальнасці кожнай бібліятэкі, высокага прафесійнага і творчага майстэрства бібліятэчных спецыялістаў нашай краіны. Яго ўдзельнікі зноў здзівілі, захапілі і зацікавілі членаў журы, падзяліліся сваімі перспектыўнымі напрацоўкамі і набылі каштоўны прафесійны вопыт, які спатрэбіцца ў рабоце і пры падрыхтоўцы матэрыялаў да наступнага XXVIII рэспубліканскага конкурсу.

Вольга КАКШЫНСКАЯ, галоўны бібліятэкар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі